Беларускі народ выбраў шлях сацыяльнага дыялогу, і ў краіне не раз пераконваліся ў яго разумнасці і перспектыўнасці. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 лютага на VIII з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі мэты дзяржаўнага развіцця і інтарэсы народа супадаюць. Ён заўважыў, што, дзякуючы гэтаму адзінству, гісторыя суверэннай Беларусі не ведала масавых зацяжных супрацьстаянняў і “паказальных” выступленняў грамадскіх арганізацый, прыклады якіх так часта з’яўляюцца ў міжнародных навінах.
“Беларускі народ выбраў шлях сацыяльнага дыялогу, і мы не раз пераконваліся ў яго разумнасці і перспектыўнасці”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Цяперашняе мерапрыемства прэзідэнт назваў значнай падзеяй у грамадскім і палітычным жыцці краіны, якая адлюстроўвае інтарэсы і запатрабаванні ўсіх працаздольных грамадзян. “Мы маем усе падставы сцвярджаць, што ў нашай найноўшай гісторыі прафсаюзны рух з’яўляецца паўнапраўным удзельнікам будаўніцтва краіны. Мы стварылі дзяржаву, галоўнымі каштоўнасцямі якой з’яўляюцца людзі і справядлівае стаўленне да іх. Гэты выбар прадвызначыў далейшае развіццё партнёрскага ўзаемадзеяння паміж уладай і грамадскімі арганізацыямі”, — заявіў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ўсе — мясцовыя Саветы дэпутатаў, аб’яднанні моладзі, жанчын і ветэранаў, прафсаюзы, РГА “Белая Русь” — працуюць на стварэнне, забяспечваюць грамадзянскую кансалідацыю. Кіраўнік дзяржавы лічыць гэта адным з галоўных дасягненняў. “Як і тое, што абарона правоў працоўных з’яўляецца прыярытэтным напрамкам развіцця дзяржавы, — дадаў ён. — У Беларусі тыя, хто працуе, абаронены як ні ў якой іншай краіне — ад Канстытуцыі да зусім нядаўна прынятага ўказа па датэрміновых прафесійных пенсіях”.
У цэнтры найважнейшых эканамічных і палітычных падзей заўсёды былі прафсаюзы, звярнуў увагу прэзідэнт. Паводле яго слоў, яны з’яўляюцца сапраўды народнай арганізацыяй — тым неабходным фундаментам, на якім трымаецца баланс у грамадстве.
“Я заўсёды адводзіў вам асаблівую ролю”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу на тое, што работа з людзьмі, у працоўных калектывах ніколі не была простай. “А з улікам усіх эканамічных і грамадскіх выклікаў — тым больш. Яна патрабуе ўмення разумець людзей, дамаўляцца, аналізаваць і дзейнічаць на перспектыву”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў пытанне ўдзелу прафсаюзаў у праведзеных парламенцкіх выбарах. Ён звярнуў увагу на тое, што ў складзе парламента прадстаўлены зрэз нашага грамадства, у тым ліку ўсе пакаленні.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў прафсаюзам за падтрымку і ўдзел у важных дзяржаўных ініцыятывах, у тым ліку ў мерапрыемствах да Года малой радзімы, 75-годдзя Вялікай Перамогі. “Помніце, што цяперашняя Беларусь — гэта жывы помнік той вайне”, — заўважыў ён.
У сваім выступленні прэзідэнт адзначыў важнасць таго, што прафсаюзы працуюць спакойна, без шуміхі і прыцягнення асаблівай увагі. “Усё гэта не дзеля піяру, а дзеля высакароднай мэты”, — адзначыў беларускі лідар.
“Федэрацыя сёння — магутная структура, якая не толькі праяўляе клопат аб чалавеку на вытворчасці, але і вырашае задачы глабальнага маштабу, у тым ліку палітычныя, — прадоўжыў прэзідэнт. — Пачынаючы ад аднаўлення гістарычнай памяці аб нашых продках, выхавання падрастаючага пакалення ў духу пераемнасці традыцыйных каштоўнасцей, клопату аб культуры, вольным часе і здароўі нацыі і заканчваючы фарміраваннем грамадзянскай пазіцыі народа”.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ліку пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі прафсаюзаў, — рост і своечасовая выплата заработнай платы, забеспячэнне поўнай і прадукцыйнай занятасці, падтрымка сацыяльна слабаабароненых катэгорый работнікаў, паляпшэнне ўмоў працы, кантроль выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, павышэнне прадукцыйнасці працы і якасці прадукцыі, якая выпускаецца.
“Але ёсць вынікі, пра якія можна гаварыць ужо сёння. Гэта макраэканамічная стабільнасць і зніжэнне інфляцыі. Задача захаваць інфляцыю на ўзроўні не вышэй за 5 працэнтаў выконваецца, нягледзячы на вельмі моцны знешні націск. Вы самі бачыце, як складваюцца адносіны з нашымі асноўнымі партнёрамі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Разам з тым ёсць напрамкі, дзе мы, мякка кажучы, недапрацавалі”, — лічыць прэзідэнт. Да такіх ён аднёс эфектыўнасць сельскагаспадарчага комплексу, асобныя праекты па мадэрнізацыі прамысловасці, развіццё адукацыі і навукі.
“Гэта тыя напрамкі, якія нам трэба будзе дэталёва прааналізаваць разам з эканамічным блокам краіны, — дадаў беларускі лідар. — Трэба, чаго б гэта ні каштавала, захаваць вытворчасці i працоўныя калектывы. Мы гэта рабілі заўсёды, нават у самыя складаныя часы. Людзей на вуліцу не выкідвалі. Зарплату, няхай і не самую высокую, плацілі”.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў “выпальваць гарачым жалезам” факты несвоечасовай выплаты зарплаты. “Тое, што чалавек зарабіў, павінна быць яму выплачана безагаворачна”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што, як яго інфармавалі прафсаюзы, найбольшую занепакоенасць выклікаюць факты несвоечасовай выплаты. “Вось гэта трэба выпальваць гарачым жалезам. Адказнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў павінна быць адназначная. Зарплату, кроў з носа, плаціць трэба”, — падкрэсліў беларускі лідар.
“Я не раз паўтараў, што своечасовая выплата заработнай платы — адзін з найважнейшых паказчыкаў эфектыўнасці работы кіраўніцтва. Праца павінна быць аплачана. Прычым своечасова!” — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на VIII з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, падкрэсліў важнасць надзейнай абароны тых, хто добрасумленна працуе на прадпрыемствах і ў арганізацыях, але адначасова нагадаў аб ролі прафсаюзаў у супрацьдзеянні адваротным фактам.
“Трэба варушыцца для таго, каб нармальна жыць. І ў нас шмат такіх людзей. Дзякуй богу, Беларусь яшчэ не разленавалася настолькі, каб не разумець: больш працуеш — больш зарабляеш. І вось такіх людзей мы павінны падтрымліваць. Гэта мая палітыка — палітыка справядлівасці. Так, пра зарплату шмат гаворым, але гэта не “дармаплата”, а зарплата, якую трэба зарабіць. І на гэта трэба работнікаў настройваць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Калі хочаш жыць лепш, працаваць трэба больш. Мы захацелі рынку, уступілі ў яго, а гэта канкурэнцыя, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння працоўныя месцы ёсць. Так, можна сказаць, што гэта не тыя працоўныя месцы (размова пра невысокую зарплату. — Заўвага БелТА.). Але каб мець тое працоўнае месца, на рынку трэба канкурыраваць. Пачынаючы ад адукацыі і заканчваючы тым ладам жыцця, якім ты сёння жывеш. Гэта рэальнасць. І такая рэальнасць справядлівая, каб не было ўраўнілаўкі”.
Прэзідэнт падкрэсліў, што асабліва неабходна падтрымліваць людзей працы, якія ствараюць даброты. “Але давайце гаварыць шчыра. Цяжка, напэўна, працэнт падлічыць. А колькі гультаёў і прыліпал, як іх раней называлі?” — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён станоўча ацаніў той факт, што на цяперашнім этапе прафсаюзы не займаюць пазіцыю нейкага крытыканства, а пачынаюць канкрэтна разбірацца з наймальнікамі і кіраўнікамі, хто працуе, а хто не. “І гэтая тэндэнцыя ў будучыні будзе толькі ўзмоцнена”, — падкрэсліў беларускі лідар.
“Мы не павінны агулам усіх абараняць. Мы павінны забяспечыць абарону тым, хто працуе. Хто не хоча, таго трэба навучыць або прымусіць працаваць. Трэба дыферэнцыравацца ў працоўных калектывах”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
“Чалавек-працаўнік павінен быць абаронены. Грошай шкадаваць для такіх людзей не трэба. А вось тых, хто сёння не працуе, не трэба прафсаюзам баяцца прымусіць працаваць, — яшчэ раз падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Вы (прафсаюзы. — Заўвага БелТА.) дзяржаўнікі. І мы ўсе ў гэты складаны час для нашай краіны з вамі разам у адным шэрагу павінны вырашаць гэтыя праблемы, ні на каго не спіхваючы іх. Браць і вырашаць”.
Федэрацыя прафсаюзаў выступае за ўнясенне змяненняў у пенсіённае заканадаўства. Паводле слоў прэзідэнта, іх ініцыятыва заслугоўвае асаблівай увагі. “Пенсіённая сістэма ў тым выглядзе, у якім мы яе сёння бачым, назіраем і выкарыстоўваем, сябе зжыла. Нам пасля прэзідэнцкіх выбараў (я буду або хто-небудзь з вас, або нехта іншы) усё роўна давядзецца гэтым займацца. Калі мы прадоўжым працаваць у такім жа складзе, у бягучым жа годзе (у канцы года) пачнём гэтую работу. Трэба зрабіць так, каб чалавек, працуючы, разумеў: буду лепш працаваць, больш зарабляць — на пенсіі будзе лепш. Ураўнілаўкі быць не павінна!” — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў прэзідэнта, вырашыць гэтае пытанне Беларусі будзе нескладана, краіна вывучае вопыт іншых краін, у тым ліку ў Расіі. “Я з Уладзімірам Пуціным вельмі шмат на гэтую тэму размаўляў. Але мы яшчэ параімся з тымі, хто ўкараняў накапляльныя і іншыя віды пенсій, якія не прайшлі, не адбыліся: загуляліся ў рынак і гэтак далей. З улікам іх вопыту і тых сістэм, якія ёсць у свеце, мы створым у Беларусі лепшую сістэму пенсіённага забеспячэння. З улікам нашых магчымасцей. Лепшую — гэта не значыць, што ўсіх завалім вялікімі пенсіямі, але гэта будзе справядлівая і добрая сістэма”, — запэўніў беларускі лідар.
Ён дадаў, што абарона інтарэсаў пенсіянераў з’яўляецца найважнейшым прыярытэтам для дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў чыноўнікаў аб недапушчальнасці праблем пры пераходзе на новую сістэму аплаты працы ў бюджэтнай сферы.
“Цяпер людзі атрымалі зарплату за студзень. І з’явіліся пытанні, з якімі трэба будзе сур’ёзна разабрацца”, — сказаў прэзідэнт.
Паводле яго слоў, Камітэт дзяржкантролю, адпаведныя міністэрствы, прафсаюзы займаюцца ўдакладненнем сітуацыі. “Мне яшчэ падагульняючага даклада няма. Але камусьці мала не падасца. Калі нехта не растлумачыў. Але справа не ў тлумачэнні. Вы што, на месцах не можаце налічыць няшчасную заработную плату? Гэта што, складанае нейкае гандлёвае, прамысловае, сельскагаспадарчае прадпрыемства, дзе трэба вылічваць нормы, выпрацоўку…” — абурыўся Аляксандр Лукашэнка.
“Гэта ж самая элементарная бухгалтэрыя — у бюджэтнай сферы налічыць заработную плату. Чаму гэтага не адбылося… Я думаю, урад і Камітэт дзяржкантролю, калі трэба — і пракуратура, даложаць, што там адбылося. Вы проста падстаўляеце і мяне. Я ж публічна сказаў, што ніхто не павінен пацярпець”, — дадаў беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама пацвердзіў задачу па росце зарплат настаўнікаў і ўрачоў адпаведна да 100 і 150 працэнтаў ад сярэдняй па краіне.
“У чацвёртым квартале мінулага года мы дасягнулі ўзроўню зарплаты бюджэтнікаў не ніжэйшага за 80 працэнтаў ад узроўню зарплаты па краіне. На 2020 год пастаўлена дакладная задача — захаваць гэтыя паказчыкі. Нядаўна мне дакладваў міністр фінансаў — у нас не проста ёсць надзея, мы абавязкова гэты ўзровень захаваем. Для гэтага ёсць адпаведныя сродкі. Зарплата настаўніка павінна дасягнуць 100 працэнтаў ад сярэдняй па краіне, а ўрача — 150 працэнтаў”, — сказаў беларускі лідар.
“Думаю, калі мы выведзем настаўніка на 100 працэнтаў, а ўрача на 150 працэнтаў, гэта будзе каласальнай перамогай. І пры тых ільготах, якія ў нас існуюць у грамадстве, пачынаючы ад камуналкі, мы не самыя горшыя”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў меркаванне, што ў пытанні павышэння зарплат трэба апасацца разбалансіроўкі сістэмы, калі рабіць гэта за адзін раз. “Будзем гэта рабіць спакойна (павышаць зарплаты. — Заўвага
БелТА.). Нават калі будзе шмат грошай, усё роўна трэба рабіць спакойна. Нельга імгненна ўкідваць грошы ў вялікіх аб’ёмах, — лічыць беларускі лідар. — Трэба рабіць, як заўсёды ў жыцці — ціха, спакойна (грошы не любяць шуму і гвалту). І мы гэта будзем рабіць”.
Гаворачы аб заработнай плаце работнікаў бюджэтных арганізацый, прэзідэнт згадаў пра новыя падыходы да яе налічэння, якія былі нядаўна ўведзены. “Задача новаўвядзення — зрабіць сістэму больш празрыстай і зразумелай. Пры гэтым маім патрабаваннем, якое я агучыў публічна, было не дапусціць зніжэння зарплат ні на капейку. Лепш 10 капеек дабавіць да таго, што было. Каб не было размоў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заявіў, што ў цэлым прафсаюзам сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны трэба ўзяць на кантроль тыя арганізацыі, дзе ўзровень зарплаты ніжэйшы за Br500. “А ўраду пастаўлена год назад задача — нам трэба цяпер паглядзець на зарплату, дзе яна ніжэйшая за $500”, — дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка на з’ездзе ФПБ закрануў і сітуацыю з каранавірусам у краіне. Ён адзначыў, што ў курсе сітуацыі з каранавірусам і лічыць усе меры, якія прымаюцца ў краіне, правільнымі. “Нашым урачам трэба дзякуй сказаць. Ні граніцы не закрываюць, ні гвалтам не крычаць, ні шуму, ні пылу. Хоць робім усё тое, што робяць нават у Кітаі”, — адзначыў ён. Людзі ў краіне таксама спакойна ставяцца да мер, якія прымаюцца. “Людзі нармальна да гэтага ставяцца. Ціха, спакойна, без гвалту, без шуму, але робім тое, што робяць усе”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым закрыццё граніц, на яго думку, не з’яўляецца эфектыўным сродкам стрымлівання віруса. “Ну закрыеце граніцы, і што? Граніцы былі закрыты, але сёння ўвесь свет захварэў на каранавірус. Пры такіх глабальных зносінах гэта пустое. Трэба на месцы спакойна працаваць па ўсіх напрамках”, — перакананы ён.
Урачы, якія кантактуюць з тымі, хто заразіўся, вядома, павінны паводзіць сябе так, каб звесці рызыку захворвання да мінімуму. “Працуйце ціха, як вы цяпер змагаецеся з гэтым няшчасным вірусам”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Вірус атрымаў шырокае распаўсюджанне ў розных краінах свету. Ужо ідзе размова пра тое, каб перанесці на год правядзенне Алімпійскіх гульняў. У такой сітуацыі важна не дапусціць панікі сярод насельніцтва. Няправільныя паводзіны ўрачоў могуць справакаваць яе. “Пачняце крычаць, шумець — як мінімум, маскі ў аптэках закончацца або падаражэюць у сто разоў. Мы, вядома, гэтага не дапусцім, — адзначыў прэзідэнт. — Людзі пойдуць і лякарствы парасхопліваюць, нехта ад гэтых лякарстваў хутчэй атруціцца, чым ад віруса. Трэба працаваць спакойна, на апярэджанне, але працаваць акуратна, тлумачачы людзям”, — адзначыў прэзідэнт.
“Вы сябе паводзьце акуратней, беражыце дзяцей. Праўда, кажуць, дзякуй богу, на дзяцей гэтая зараза не распаўсюджваецца”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Па матэрыялах БелТА.