Перад беларускай медыцынай стаіць найважнейшая задача — павялічыць працягласць і павысіць якасць жыцця грамадзян. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх універсітэтаў.
“Перад айчыннай медыцынай стаіць найважнейшая задача — павялічыць працягласць і павысіць якасць жыцця нашых грамадзян. Гэта адзін з асноўных прыярытэтаў нацыянальнай палітыкі дзяржавы”, — заявіў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнія гады беларуская ахова здароўя дасягнула значных поспехаў у распрацоўцы перспектыўных метадаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння. Асвойваюцца перадавыя тэхналогіі, ствараюцца новыя лекавыя прэпараты. “За ўсімі гэтымі дасягненнямі стаяць канкрэтныя людзі. Найбольш каштоўны і значны рэсурс усёй сістэмы — медыцынскія кадры”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт перакананы, што падрыхтоўка высокакваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў — першая з найважнейшых задач айчыннай аховы здароўя. “Каб вывучыць добрага ўрача, патрэбны гады карпатлівай працы, а таксама велізарны фінансавы рэсурс і вялікая прафесарска-выкладчыцкая работа. Ды і ў далейшым у медыцыне кожны спецыяліст вучыцца авалодваць новымі навыкамі ўсё жыццё. Таму вельмі важна забяспечыць кансультаванне і падтрымку моладзі не толькі пры выбары спецыяльнасці, але і падчас станаўлення ў прафесіі”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што многія школьнікі ідуць у ВНУ за кампанію з сябрамі або па парадзе бацькоў, але пры гэтым беларускія медыцынскія ўніверсітэты выбіраюць найбольш моцныя абітурыенты. “Прахадныя балы тут штогод адны з самых высокіх у краіне. Канкурэнцыя велізарная, таму можна з упэўненасцю сказаць: паступаюць сюды лепшыя. Гэта правільна. Выпадковых людзей сярод медыкаў быць не павінна. Як бы ні было цяжка ў вучобе, працы, гэта прызванне”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Кіраўніку дзяржавы было падрабязна даложана аб сістэме медыцынскай адукацыі, міжнароднай дзейнасці і экспарце адукацыйных паслуг медыцынскіх ВНУ, іх лячэбнай, вучэбнай і навуковай дзейнасці.
У медыцынскіх універсітэтах краіны навучаюцца больш за 15,2 тысячы беларускіх студэнтаў, з якіх больш за 63 працэнты атрымліваюць адукацыю за кошт бюджэтных сродкаў. Па выніках размеркавання ў 2019 годзе працаўладкаваны 100 працэнтаў выпускнікоў бюджэтнай формы падрыхтоўкі. Пры гэтым колькасць тых, хто пакрывае ў бюджэт сродкі, затрачаныя на навучанне, з году ў год змяншаецца: з 72 чалавек у 2016 годзе да 27 у 2018 годзе. Замацаванасць кадраў на першым рабочым месцы перавышае 83 працэнты.
Замежных студэнтаў у медуніверсітэтах каля 4,3 тысячы чалавек, або больш за 28 працэнтаў ад агульнай колькасці. Толькі ў БДМУ за апошнія тры гады іх прыём павялічыўся амаль у 6 разоў і склаў у сярэднім 400—450 чалавек. Экспарт адукацыйных паслуг за апошнія 10 гадоў у ВНУ вырас з $1,5 млн у 2009 годзе да амаль $10 млн у 2019-м.
“Янеаднаразова чую пытанне пра дэфіцыт медыцынскіх кадраў у краіне. У свой час, пры іх празмернай колькасці, практычна на трэць былі скарочаны наборы ў медыцынскія ўніверсітэты. Адпаведна зменшыліся і выпускі. Сёння набор у гэтыя ВНУ павялічаны на 200 бюджэтных месцаў, дасягнуты максімальны працэнт паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Але і ў далейшым, як падкрэсліў прэзідэнт, профільным міністэрствам неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на фарміраванне колькасці месцаў для навучання па патрэбных спецыяльнасцях і прымаць рашэнне з улікам патрэбы і перспектыўнага плана развіцця кожнага рэгіёна. “І не забываць пра іншаземных грамадзян, яны хочуць у нас навучацца, — дадаў ён. — Іх дзяржавы плацяць вялізныя грошы за вучобу ў нас”.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сістэма медыцынскай адукацыі, што склалася ў Беларусі, — гэта сплаў багатых традыцый, навуковай асновы і вялізнага практычнага вопыту. Індывідуальны падыход да кожнага студэнта, высокі ўзровень выкладання, у тым ліку на замежных мовах, забяспечваюць дастойны міжнародны рэйтынг айчынных медыцынскіх універсітэтаў. Сёння ў гэтых ВНУ навучаюцца больш за 20 тысяч студэнтаў, з іх больш за 4 тысячы — грамадзяне з 71 краіны свету. “Аб’ём экспарту адукацыйных паслуг сістэмы Міністэрства аховы здароўя з году ў год расце і цяпер складае трэць ад усіх адукацыйных паслуг па краіне, — звярнуў увагу прэзідэнт. — Аднак мы не павінны самазаспакойвацца і спачываць на лаўрах. Трэба развівацца”.
Адной з асноўных праблем, пра якую гавораць і выпускнікі-медыкі, кіраўнік дзяржавы назваў высокі ўзровень тэарэтычнай падрыхтоўкі і недастатковае валоданне практычнымі навыкамі будучай прафесіі. “Я глыбока перакананы: каб падрыхтаваць дасведчанага ўрача-спецыяліста, неабходна камбінаваць класічныя выкладчыцкія методыкі і перадавыя тэхналогіі навучання”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што за апошнія гады праведзена мадэрнізацыя сістэмы медыцынскай адукацыі. Створана сістэма практыка-арыентаванага навучання. “Мы асвоілі новыя адукацыйныя і інфармацыйныя тэхналогіі: электронны журнал, які дае магчымасць выкладчыку і бацькам кантраляваць работу студэнта, сучасныя імітатары пацыентаў, камп’ютарныя праграмы і трэнажоры, з дапамогай якіх можна адпрацаваць неабходныя ўрачу навыкі. І ўсё гэта без рызыкі для жыцця канкрэтнага хворага. Такія трэнажоры-сімулятары дапамагаюць не толькі студэнтам, але і маладым практыкуючым спецыялістам хутчэй павысіць кваліфікацыю”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Таму цэнтры практычнага навучання павінны і далей аснашчацца перадавым абсталяваннем, і ў цэлым матэрыяльная база медыцынскіх ВНУ павінна быць добрая і самая сучасная.
“Я неаднаразова гаварыў пра неабходнасць інтэграцыі адукацыі, навукі і практычнай дзейнасці. За мяжой гэтая праблема вырашана стварэннем універсітэцкіх клінік. Іх высокую эфектыўнасць пацвярджае вопыт многіх заходнееўрапейскіх дзяржаў”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Цяпер Міністэрства аховы здароўя адпрацоўвае пілотны праект па стварэнні ўніверсітэцкай клінікі на базе Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы. “Мы разлічваем, што стварэнне новага фармату кааперацыі медыцынскай практыкі і адукацыі дапаможа забяспечыць больш актыўны ўдзел практыкуючых урачоў у адукацыйным працэсе і эфектыўней выкарыстоўваць патэнцыял выкладчыкаў універсітэта, — сказаў прэзідэнт. — Тут пераважаюць выкладчыкі. Я разумею, што яны ў нас свяцілы, разумныя, і нават я звяртаюся за прапановамі з іх боку і парадай. Але вы разумейце вартасць практыкуючага ўрача, які аглядае чалавека кожны дзень. А выкладчык, які пастаянна тут перад вамі выступае, можа, крыху ад гэтага адхілены. Інакш кажучы, ёсць перавагі і недахопы ў практыкуючага ўрача, тое ж самае — у выкладчыка. Аб’яднаўшы гэта, студэнт атрымае тое, што трэба”.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што першы вопыт павінен даць магчымасць айчыннай медыцынскай адукацыі не толькі пашырыць магчымасці вучэбнага працэсу, але і аб’яднаць матэрыяльныя, кадравыя і навуковыя рэсурсы. Гэта правільны шлях да павышэння выніковасці і якасці меддапамогі жыхарам усёй краіны.
Прэзідэнт у час наведвання ўніверсітэта таксама адзначыў, што аналіз сітуацыі ў такіх сферах, як адукацыя, ахова здароўя, спорт, паказаў заклапочанасць людзей жыллёвым пытаннем. “Галоўнае — гэта жыллё. Калі будзе жыллё, назаўсёды знікне праблема з адтокам кадраў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці станоўчага прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў пабудаваныя для ўрачоў дамы ў Бараўлянах, дзе нядаўна пабываў і сам прэзідэнт. “Мы нібыта намацалі той шлях, па якім можна ісці. Гэта цудоўныя дамы, асабліва для маладых людзей з вышэйшай адукацыяй, там можна жыць і да 40 гадоў”, — сказаў ён.
“Жалезабетонна трэба давесці заданне на пару-тройку гадоў і пабудаваць такія дамы, — запатрабаваў ён. — Гэта для нас амаль нічога не каштуе”. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што вырашэнне жыллёвага пытання дасць магчымасць утрымліваць кадры на месцах.
Разам з тым прэзідэнт канстатаваў адсутнасць сур’ёзнай праблемы з адтокам урачэбных кадраў з краіны. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, з пачатку гэтага года з Беларусі выехалі для работы за мяжой амаль 200 урачоў, прыехалі назад 20 чалавек. У 2018 годзе іх было 158 і 40 адпаведна.
Многія з тых, хто прыехаў, паспрабавалі працаваць за мяжой і вярнуліся назад. “Добра тое, што хутка астудзілі галовы некаторых візіцёраў, якія хочуць туды (за мяжу) паехаць і шмат зарабіць. Цяпер — у Польшчу, Літву, таму што адзіная эканамічная прастора, Еўрасаюз… З Польшчы і Літвы хлынулі людзі кудысьці зарабляць грошы. У іх утварыўся вялікі дэфіцыт. І некаторыя нашы — 100 чалавек там — ірванулі туды. Ну і што? У Літве яны што новага ўбачылі? Псіхалагічны фактар (спрацоўвае. — Заўвага БелТА.), што людзі там пабывалі, вярнуліся сюды і гавораць нашым: “Ну, давайце, паедзьце, паспрабуйце!” Гэта іх астудзіла”.
Як далажыў прэзідэнту міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, добрым стымулам для ўрачоў і для замацавання кадраў на месцах стане павышэнне заработнай платы. “Мы крыху народ разбалавалі, — адказаў на гэта кіраўнік дзяржавы. — Трэба ўпірацца, як на Захадзе, там круглыя суткі ўрач працуе. Урач агульнай практыкі — ён белага свету не бачыць, і ніхто не адмаўляецца”.
Прэзідэнт Беларусі ў час сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх ВНУ звярнуў асаблівую ўвагу на прафесійны імідж урача і ўзровень яго ўласнага фізічнага здароўя.
“Медыцынскі работнік, які ўвасабляе сваім знешнім выглядам вядомую прымаўку “шавец без ботаў”, стварае толькі дрэннае ўражанне. Урач павінен служыць прыкладам для пацыентаў. Здаровы лад жыцця павінен лічыцца базавай прафесійнай якасцю будучага медыка”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, тады і людзям будзе прасцей растлумачыць, што фізічнае здароўе трэба берагчы замалада, у тым ліку правільна харчавацца, не мець шкодных звычак, займацца фізкультурай, своечасова праходзіць абследаванні.
“Здароўе нацыі — у руках кожнага з нас, а не толькі ўрачоў. І гэта самая вялікая праблема ў ахове здароўя”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, на Захадзе людзі ўмеюць цаніць уласнае здароўе, у тым ліку таму, што гэта дорага абыходзіцца.
Таксама неабходна актыўна рэалізоўваць масавыя прафілактычныя праграмы, навучаць насельніцтва навыкам аказання першай меддапамогі. “Самі ведаеце, што прафілактыка абыходзіцца значна танней, чым лячэнне. А здольнасць своечасова і правільна аказаць першую дапамогу, пакуль едзе хуткая, часам з’яўляецца адзіным спосабам выратаваць чалавека”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На сустрэчы да кіраўніка дзяржавы звярталіся з пытаннямі, якія тычыліся розных бакоў жыцця грамадства, студэнты і выкладчыкі. Сярод пытанняў было і пытанне аб змяненні сістэмы аплаты працы ў бюджэтнай сферы, якое мае адбыцца з новага года.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў: зарплата і ў педагогаў, і ва ўрачоў будзе расці. Ён растлумачыў, што скарочана колькасць дзеючых выплат (цяпер іх больш за 50): яны аб’яднаны ў новыя найменні з адначасовым аб’яднаннем іх памераў у грашовым эквіваленце. Гэта значыць, заработная плата ў работнікаў не стане меншай з-за аптымізацыі колькасці розных даплат.
“Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў няўжо можа дзеючы прэзідэнт сабе дазволіць змяншаць заработную плату для тых, на каго ён у асноўным абапіраецца? Гэта выкладчыкі, настаўнікі, урачы — бюджэтнікі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Умова галоўная: ні ў якім выпадку рэфармаванне, мадэрнізацыя сістэмы выплаты заработнай платы бюджэтнікам не павінны зменшыць гэтую зарплату”.
Прэзідэнт прывёў разлікі: заработная плата ўрача агульнай практыкі сёння складае Br950—1470, у новых умовах яна складзе Br970—1510. “Гэта без павышэння. Проста зыходзячы з таго, што мы зменім саму сістэму”, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што ў наступным годзе зарплаты ўрачоў павінны вырасці на 20 працэнтаў, а да 2025 года яны павысяцца ў два разы.
“Калі толькі пры гэтай нагрузцы, што вы маеце, вы атрымаеце на рубель менш, я вас прашу: паведаміце мне. Я тады разбяруся з усімі, хто ўносіў гэтыя прапановы”, — паабяцаў кіраўнік дзяржавы.