Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Найбольш каштоўны і значны рэсурс усёй сістэмы — медыцынскія кадры”

- 10:43Інфармацыйная гадзіна

Перад беларускай медыцынай стаіць найважнейшая задача — павялічыць працягласць і павысіць якасць жыцця грамадзян. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх універсітэтаў.

“Перад айчыннай медыцынай стаіць найважнейшая задача — павялічыць працягласць і павысіць якасць жыцця нашых грама­дзян. Гэта адзін з асноўных прыярытэтаў нацыянальнай палітыкі дзяржавы”, — заявіў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнія гады беларуская ахова здароўя дасягнула значных поспехаў у распрацоўцы перспектыўных метадаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння. Асвойваюцца перадавыя тэхналогіі, ствараюцца новыя лекавыя прэпараты. “За ўсімі гэтымі дасягненнямі стаяць канкрэтныя людзі. Найбольш каштоўны і значны рэсурс усёй сістэмы — медыцынскія кадры”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт перакананы, што падрыхтоўка высокакваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў — першая з найважнейшых задач айчыннай аховы здароўя. “Каб вывучыць добрага ўрача, патрэбны гады карпатлівай працы, а таксама велізарны фінансавы рэсурс і вялікая прафесарска-выкладчыцкая работа. Ды і ў далейшым у медыцыне кожны спецыяліст вучыцца авалодваць новымі навыкамі ўсё жыццё. Таму вельмі важна забяспечыць кансультаванне і падтрымку моладзі не толькі пры выбары спецыяльнасці, але і падчас станаўлення ў прафесіі”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што многія школьнікі ідуць у ВНУ за кампанію з сябрамі або па парадзе бацькоў, але пры гэтым беларускія медыцынскія ўніверсітэты выбіраюць найбольш моцныя абітурыенты. “Прахадныя балы тут штогод адны з самых высокіх у краіне. Канкурэнцыя велізарная, таму можна з упэўненасцю сказаць: паступаюць сюды лепшыя. Гэта правільна. Выпадковых людзей сярод медыкаў быць не павінна. Як бы ні было цяжка ў вучобе, працы, гэта прызванне”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы было падрабязна даложана аб сістэме медыцынскай адукацыі, міжнароднай дзейнасці і экспарце адукацыйных паслуг медыцынскіх ВНУ, іх лячэбнай, вучэбнай і навуковай дзейнасці.

У медыцынскіх універсітэтах краіны навучаюцца больш за 15,2 тысячы беларускіх студэнтаў, з якіх больш за 63 працэнты атрымліваюць адукацыю за кошт бюджэтных сродкаў. Па выніках размеркавання ў 2019 годзе працаўладкаваны 100 працэнтаў выпускнікоў бю­джэтнай формы падрыхтоўкі. Пры гэтым колькасць тых, хто пакрывае ў бюджэт сродкі, затрачаныя на навучанне, з году ў год змяншаецца: з 72 чалавек у 2016 годзе да 27 у 2018 годзе. Замацаванасць кадраў на першым рабочым месцы перавышае 83 працэнты.

Замежных студэнтаў у медуніверсітэтах каля 4,3 тысячы чалавек, або больш за 28 працэнтаў ад агульнай колькасці. Толькі ў БДМУ за апошнія тры гады іх прыём павялічыўся амаль у 6 разоў і склаў у сярэднім 400—450 чалавек. Экспарт адукацыйных паслуг за апошнія 10 гадоў у ВНУ вырас з $1,5 млн у 2009 годзе да амаль $10 млн у 2019-м.

“Янеаднаразова чую пытанне пра дэфіцыт медыцынскіх кадраў у краіне. У свой час, пры іх празмернай колькасці, практычна на трэць былі скарочаны наборы ў медыцынскія ўніверсітэты. Адпаведна зменшыліся і выпускі. Сёння набор у гэтыя ВНУ павялічаны на 200 бюджэтных месцаў, дасягнуты максімальны працэнт паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Але і ў далейшым, як падкрэсліў прэзідэнт, профільным міністэрствам неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на фарміраванне колькасці месцаў для навучання па патрэбных спецыяльнасцях і прымаць рашэнне з улікам патрэбы і перспектыўнага плана развіцця кожнага рэгіёна. “І не забываць пра іншаземных грамадзян, яны хочуць у нас навучацца, — дадаў ён. — Іх дзяржавы плацяць вялізныя грошы за вучобу ў нас”.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сістэма медыцынскай адукацыі, што склалася ў Беларусі, — гэта сплаў багатых традыцый, навуковай асновы і вялізнага практычнага вопыту. Індывідуальны падыход да кожнага студэнта, высокі ўзровень выкладання, у тым ліку на замежных мовах, забяспечваюць дастойны міжнародны рэйтынг айчынных медыцынскіх універсітэтаў. Сёння ў гэтых ВНУ навучаюцца больш за 20 тысяч студэнтаў, з іх больш за 4 тысячы — грамадзяне з 71 краіны свету. “Аб’ём экспарту адукацыйных паслуг сістэмы Міністэрства аховы здароўя з году ў год расце і цяпер складае трэць ад усіх адукацыйных паслуг па краіне, — звярнуў увагу прэзідэнт. — Аднак мы не павінны самазаспакойвацца і спачываць на лаўрах. Трэба развівацца”.

Адной з асноўных праблем, пра якую гавораць і выпускнікі-медыкі, кіраўнік дзяржавы назваў высокі ўзровень тэарэтычнай падрыхтоўкі і недастатковае валоданне практычнымі навыкамі будучай прафесіі. “Я глыбока перакананы: каб падрыхтаваць дасведчанага ўрача-спецыяліста, неабходна камбінаваць класічныя выкладчыцкія методыкі і перадавыя тэхналогіі навучання”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што за апошнія гады праведзена мадэрнізацыя сістэмы медыцынскай адукацыі. Створана сістэма практыка-арыентаванага навучання. “Мы асвоілі новыя адукацыйныя і інфармацыйныя тэхналогіі: электронны журнал, які дае магчымасць выкладчыку і бацькам кантраляваць работу студэнта, сучасныя імітатары пацыентаў, камп’ютарныя праграмы і трэнажоры, з дапамогай якіх можна адпрацаваць неабходныя ўрачу навыкі. І ўсё гэта без рызыкі для жыцця канкрэтнага хворага. Такія трэнажоры-сімулятары дапамагаюць не толькі студэнтам, але і маладым практыкуючым спецыялістам хутчэй павысіць кваліфікацыю”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Таму цэнтры практычнага навучання павінны і далей аснашчацца перадавым абсталяваннем, і ў цэлым матэрыяльная база медыцынскіх ВНУ павінна быць добрая і самая сучасная.

“Я неаднаразова гаварыў пра неабходнасць інтэграцыі адукацыі, навукі і практычнай дзейнасці. За мяжой гэтая праблема вырашана стварэннем універсітэцкіх клінік. Іх высокую эфектыўнасць пацвярджае вопыт многіх заходне­еўрапейскіх дзяржаў”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Цяпер Міністэрства аховы здароўя адпрацоўвае пілотны праект па стварэнні ўніверсітэцкай клінікі на базе Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы. “Мы разлічваем, што стварэнне новага фармату кааперацыі медыцынскай практыкі і адукацыі дапаможа забяспечыць больш актыўны ўдзел практыкуючых урачоў у адукацыйным працэсе і эфектыўней выкарыстоўваць патэнцыял выкладчыкаў універсітэта, — сказаў прэзідэнт. — Тут пераважаюць выкладчыкі. Я разумею, што яны ў нас свяцілы, разумныя, і нават я звяртаюся за прапановамі з іх боку і парадай. Але вы разумейце вартасць практыкуючага ўрача, які аглядае чалавека кожны дзень. А выкладчык, які пастаянна тут перад вамі выступае, можа, крыху ад гэтага адхілены. Інакш кажучы, ёсць перавагі і недахопы ў практыкуючага ўрача, тое ж самае — у выкладчыка. Аб’яднаўшы гэта, студэнт атрымае тое, што трэба”.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што першы вопыт павінен даць магчымасць айчыннай медыцынскай адукацыі не толькі пашырыць магчымасці вучэбнага працэсу, але і аб’яднаць матэрыяльныя, кадравыя і навуковыя рэсурсы. Гэта правільны шлях да павышэння выніковасці і якасці меддапамогі жыхарам усёй краіны.

Прэзідэнт у час наведвання ўніверсітэта таксама адзначыў, што аналіз сітуацыі ў такіх сферах, як адукацыя, ахова здароўя, спорт, паказаў заклапочанасць людзей жыллёвым пытаннем. “Галоўнае — гэта жыллё. Калі будзе жыллё, назаўсёды знікне праблема з адтокам кадраў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці станоўчага прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў пабудаваныя для ўрачоў дамы ў Бараўлянах, дзе нядаўна пабываў і сам прэзідэнт. “Мы нібыта намацалі той шлях, па якім можна ісці. Гэта цудоўныя дамы, асабліва для маладых людзей з вышэйшай адукацыяй, там можна жыць і да 40 гадоў”, — сказаў ён.

“Жалезабетонна трэба давесці заданне на пару-тройку гадоў і пабудаваць такія дамы, — запатрабаваў ён. — Гэта для нас амаль нічога не каштуе”. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што вырашэнне жыллёвага пытання дасць магчымасць утрымліваць кадры на месцах.

Разам з тым прэзідэнт канстатаваў адсутнасць сур’ёзнай праблемы з адтокам урачэбных кадраў з краіны. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, з пачатку гэтага года з Беларусі выехалі для работы за мяжой амаль 200 урачоў, прыехалі назад 20 чалавек. У 2018 годзе іх было 158 і 40 адпаведна.

Многія з тых, хто прыехаў, паспрабавалі працаваць за мяжой і вярнуліся назад. “Добра тое, што хутка асту­дзілі галовы некаторых візіцёраў, якія хочуць туды (за мяжу) паехаць і шмат зарабіць. Цяпер — у Польшчу, Літву, таму што адзіная эканамічная прастора, Еўрасаюз… З Польшчы і Літвы хлынулі людзі кудысьці зарабляць грошы. У іх утварыўся вялікі дэфіцыт. І некаторыя нашы — 100 чалавек там — ірванулі туды. Ну і што? У Літве яны што новага ўбачылі? Псіхалагічны фактар (спрацоўвае. — Заўвага БелТА.), што людзі там пабывалі, вярнуліся сюды і гавораць нашым: “Ну, давайце, паедзьце, паспрабуйце!” Гэта іх астудзіла”.

Як далажыў прэзідэнту міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, добрым стымулам для ўрачоў і для замацавання кадраў на месцах стане павышэнне заработнай платы. “Мы крыху народ разбалавалі, — адказаў на гэта кіраўнік дзяржавы. — Трэба ўпірацца, як на Захадзе, там круглыя суткі ўрач працуе. Урач агульнай практыкі — ён белага свету не бачыць, і ніхто не адмаўляецца”.

Прэзідэнт Беларусі ў час сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх ВНУ звярнуў асаблівую ўвагу на прафесійны імідж урача і ўзровень яго ўласнага фізічнага здароўя.

“Медыцынскі работнік, які ўвасабляе сваім знешнім выглядам вядомую прымаўку “шавец без ботаў”, стварае толькі дрэннае ўражанне. Урач павінен слу­жыць прыкладам для пацыентаў. Здаровы лад жыцця павінен лічыцца базавай прафесійнай якасцю будучага медыка”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, тады і людзям бу­дзе прасцей растлумачыць, што фізічнае здароўе трэба берагчы замалада, у тым ліку правільна харчавацца, не мець шкодных звычак, займацца фізкультурай, своечасова праходзіць абследаванні.

“Здароўе нацыі — у руках кожнага з нас, а не толькі ўрачоў. І гэта самая вялікая праблема ў ахове здароўя”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, на Захадзе людзі ўмеюць цаніць уласнае здароўе, у тым ліку таму, што гэта дорага абыходзіцца.

Таксама неабходна актыўна рэалізоўваць масавыя прафілактычныя праграмы, навучаць насельніцтва навыкам аказання першай меддапамогі. “Самі ведаеце, што прафілактыка абыхо­дзіцца значна танней, чым лячэнне. А здольнасць своечасова і правільна аказаць першую дапамогу, пакуль едзе хуткая, часам з’яўляецца адзіным спосабам выратаваць чалавека”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На сустрэчы да кіраўніка дзяржавы звярталіся з пытаннямі, якія тычыліся розных бакоў жыцця грамадства, студэнты і выкладчыкі. Сярод пытанняў было і пытанне аб змяненні сістэмы аплаты працы ў бю­джэтнай сферы, якое мае адбыцца з новага года.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў: зар­плата і ў педагогаў, і ва ўрачоў бу­дзе расці. Ён растлумачыў, што скарочана колькасць дзеючых выплат (цяпер іх больш за 50): яны аб’яднаны ў новыя найменні з адначасовым аб’яднаннем іх памераў у грашовым эквіваленце. Гэта значыць, заработная плата ў работнікаў не стане меншай з-за аптымізацыі колькасці розных даплат.

“Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў няўжо можа дзеючы прэзідэнт сабе дазволіць змяншаць заработную плату для тых, на каго ён у асноўным абапіраецца? Гэта выкладчыкі, настаўнікі, урачы — бюджэтнікі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Умова галоўная: ні ў якім выпадку рэфармаванне, мадэрнізацыя сістэмы выплаты заработнай платы бюджэтнікам не павінны зменшыць гэтую зарплату”.

Прэзідэнт прывёў разлікі: заработная плата ўрача агульнай практыкі сёння складае Br950—1470, у новых умовах яна складзе Br970—1510. “Гэта без павышэння. Проста зыходзячы з таго, што мы зменім саму сістэму”, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што ў наступным годзе зарплаты ўрачоў павінны вырасці на 20 працэнтаў, а да 2025 года яны павысяцца ў два разы.

“Калі толькі пры гэтай нагрузцы, што вы маеце, вы атрымаеце на рубель менш, я вас прашу: паведаміце мне. Я тады разбяруся з усімі, хто ўносіў гэтыя прапановы”, — паабяцаў кіраўнік дзяржавы.