“Амаль сур’ёзна” пра Юрыя Нікуліна

- 12:44Культура

Беларускі дзяржаўны цырк і Маскоўскі цырк Нікуліна на Цвятным бульвары 15 мая прадставілі сумесную праграму “Амаль сур’ёзна”, прымеркаваную да 100­-годдзя з дня нараджэння народнага артыста СССР Юрыя Нікуліна.

18 снежня 2021 года знакамітаму савецкаму і расійскаму артыс­-ту і рэжысёру цырка, кінаакцёру, тэлевядучаму і ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны Юрыю Нікуліну споўнілася б 100 гадоў. Да гэтай юбілейнай даты будзе прымеркавана мноства мерапрыемстваў, але пачынае іх менавіта Белдзяржцырк. Намеснік генеральнага дырэктара Маскоўскага цырка Нікуліна Аляксандр Агурцоў расказаў, што планавалася ўвесь год прысвяціць юбілею Юрыя Уладзіміравіча, але перашкодзіла эпідэмічнае становішча: “У нашым цырку ў Маскве гэтая праграма пачнецца з 12 лютага наступнага года. У сувязі з гэтым хацелася б падзякаваць Белдзяржцырку, што ён першым пачаў нам дапама­-гаць адзначаць гэтую дату. Беларусь стала першай краінай у шэрагу нашых юбілейных мерапрыемстваў”.

Мастацкі кіраўнік Бел­-дзяржцырка Вітаўтас Грыгалюнас падрыхтаваў цікавую праграму, прысвечаную знакамітаму артысту.

— Мы рады, што першымі пачынаем прадстаў­-ляць гэтую праграму сумесна з цыркам, якім кіраваў Юрый Нікулін, зрабіўшы яго па­-сапраўднаму папулярным і вядомым ва ўсім свеце. Адна з галоўных задач гэтай праграмы — расказаць пра Юрыя Нікуліна тым, хто, магчыма, сёння пра яго нічога не ведае. Хочацца, каб яны адчулі моц гэтага чалавека, — падкрэс­-ліў Вітаўтас Альгердавіч. — Наша праграма складаецца ў асноўным з нумароў маскоўскіх артыстаў. Мяне радуе, што яны не проста цыркавыя, а і пранізаны вобразамі, неверагодным артыстызмам і харэаграфіяй — усё прадумана да дробязей. Спадчына гэтага вялікага артыста ўвасабляецца ў гэтых нумарах. Са свайго боку мы падрыхтавалі прыгожы відэарад і тэкставы сюжэт: падабралі гісторыі і выказванні з жыцця народнага артыста, пачуць якія можна будзе перад кожным нумарам. Акрамя таго, на манеж вый­-дуць беларускі балет і некаторыя артыс­-ты, у тым ліку Сяргей Прычыніч і яго дрэсіраваныя мядзведзі.

Таксама гледачы змогуць пабачыць дрэсіраваных сабачак і коней, атрымаць асалоду ад выступлення жанглёраў, акрабатаў на мачце і на палотнах, эквілібрыстаў на канаце. А яшчэ будуць уражаны бразільскімі колам смеласці і мотакаскадзёрамі, якія на высокіх хуткасцях пракоцяцца ў спецыяльным шары. Акрамя таго, на працягу ўсёй праграмы вядучы нагадае элементы біяграфіі вялікага клоўна і цікавыя выпадкі з яго акцёрскага і цыркавога жыцця, раскажа яго любімыя анекдоты, якіх Нікулін, дарэчы, ведаў некалькі тысяч.

Ад душы пасмяяцца, а часам і з заміраннем сэрца паглядзець неверагодныя трукі без страхоўкі, зможаце і вы, наведаўшы цыркавое шоу “Амаль сур’ёзна” да 1 жніўня.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.