Андрэй Стрыгельскі: «Заставайцеся такімі ж мэтанакіраванымі і паспяховымі…»

- 9:39Актуально

У сталіцы ўганаравалі лепшых выпускнікоў школ і гімназій. Цырымонія праводзілася ўпершыню па ініцыя­тыве Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Пачалося мерапрыемства з урачыстага шэсця лепшых выпускнікоў, якіх віталі бацькі, педагогі і жыхары Мінска.

У 2024 годзе 241 установа агульнай сярэдняй адукацыі і 19 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі выпускаюць больш за 11,5 тысячы юных мінчан. Атрыманне сярэдняй адукацыі ў школьнікаў спалучаецца з прафесійнай падрыхтоўкай, удзелам у грамадскіх аб’яднаннях і розных формах сацыяльнай актыўнасці, з удзелам у конкурсах, фестывалях, алімпіядах, са спартыўнымі дасягненнямі. Па-ранейшаму прыярытэтам для сістэмы сталічнай адукацыі з’яўляецца яе высокая якасць і павышэнне эфектыўнасці ў адпаведнасці з перспектыўнымі патрэбамі сталіцы. У мінулым навучальным годзе мінскія школьнікі сталі паспяховымі ўдзельнікамі алімпіяд рознага ўзроўню.

У мінулым годзе акцэнт у сталіцы быў зроблены на развіцці сеткі профільных класаў. Задача такіх класаў — задаволіць кадравую патрэбу горада і краіны. Так, у 194 школах і гімназіях адкрыты 577 профільных класаў: педагагічных, інжынерных, ваенна-патрыятычных, чыгуначных, аграрных і інш. Дарэчы, педагагічных класаў адкрыта на 100 больш, чым у папярэднія гады. Працягвае развівацца сетка ваен­на-патрыятычных класаў. Сёння іх у горадзе 84. У 2023/2024 навучальным годзе працягвалася падтрымка і развіццё тэхнічнай творчасці моладзі, што з’яўляецца неабходным звяном у працэсе прыцягнення выпускнікоў да тэхнічных і інжынерных спецыяльнасцей.

160 мінскіх школьнікаў, якія сталі пераможцамі рэс­публіканскай і міжнародных алімпіяд, рэспубліканскага конкурсу даследчых работ навучэнцаў, турніраў і іншых адукацыйных мерапрыемстваў, спартыўных спаборніцтваў, якія маюць творчыя дасягненні ў розных галінах культуры і мастацтва, былі адзначаны на цырымоніі падзячнымі лістамі і памятнымі падарункамі.

—    Перамога не даецца проста так. Для гэтага патрэбны цярпенне, працавітасць, уменне сканцэнтравацца — і паказаць вынік. Мы ўганароўваем маладых людзей, якія ў такім раннім узросце даказалі, што яны вартыя называцца пераможцамі, — адзначыў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, уручаю­чы падзякі школьнікам.

Сярод узнагароджаных — навучэнцы гімназіі № 41: Сцяпан Архіпенка, уладальнік бронзавага медаля ХХ Жаўтыкаўскай алімпіяды па фізіцы, Міхаіл Хурсін, уладальнік залатога медаля Першай Беларускай фізічнай алімпіяды, Міхаіл Курс, уладальнік сярэбранага медаля ХХ Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы. Юнакі ўжо з’яўляюцца студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Па словах адзінаццацікласнікаў, да поспеху іх прывялі высокапрафесійныя настаўнікі, працаві­тасць і ўдача.

—    Трэба, каб заняткі па тым альбо іншым прадмеце сталі хобі і прыносілі сапраўднае задавальненне, тады і будзе высокі вынік, — мяркуюць выпускнікі. — Вялікі дзякуй хочацца сказаць настаўніцы фізікі Юліі Пятроўне Брэль, настаўнікам матэматыкі Леа­ніду Іванавічу Лаўрыновічу, Барысу Барысавічу Камракову, усім нашым настаўнікам і адміністрацыі гімназіі.

Са змешанымі пачуццямі выпускнікі пакідаюць гімназію: з сумам з-за таго, што прыйдзецца развітвацца з любімымі педагогамі, аднакласнікамі, і ў той жа час з надзеяй на шчаслівую будучыню, з прагай новых уражанняў і адкрыццяў.

—    У гэтай зале сабралася эліта нашага горада, інтэлектуальная, творчая, спартыўная, вучні, якія сваёй працай, дасягненнямі праславілі нашу сталіцу, — звярнуўся да прысутных старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі. — Для нашых выпускнікоў у мяне ўсяго два пажаданні: па-першае, заставайцеся на працягу жыцця такімі ж мэтанакіраванымі і паспяховымі, і па-другое, з улікам важнасці моманту, бо для вас зараз адказны і напружаны перыяд жыцця, хачу пажадаць вам стаць студэнтамі і 1 верасня, атрымаўшы запаветны студэнцкі білет, не забыць забегчы ў сваю школу ці гімназію, пахваліцца ім перад педагогамі і па­дзякаваць ім за тое, якімі яны вас вырасцілі.

Падчас урачыстай цырымоніі былі ўручаны падзячныя лісты законным прадстаўнікам навучэнцаў і педагогам, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сталічнай адукацыі. Сярод узнагароджаных — настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 33 Таццяна Белагаловая, якая падрыхтавала пераможцу конкурсу “Расія і Беларусь — гістарычная і культурная еднасць”, настаўніца тэатральных дысцыплін кіраўнік школьнага тэатра сярэдняй школы № 53 Таццяна Багаткевіч (яе вучні з’яўляюцца прызёрамі і лаўрэатамі конкурсаў рознага ўзроўню), дырэктар сярэдняй школы № 5 імя герояў сустрэчы на Эльбе Жанна Гвозд, якая на працягу шэрага гадоў рыхтуе пераможцаў рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 44 Наталля Ляхновіч, якая падрыхтавала пераможцу Рэс­пуб­ліканскай алімпіяды па матэматыцы.

 Наталля КАЛЯДЗІЧ
 Фота аўтара