У Маладзечанскім раёне прафесійная арыентацыя пачынаецца ўжо з дашкольнага ўзросту. Па ініцыятыве раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму ў дашкольных установах распачалася работа па працоўным выхаванні дзяцей, якая скіравана на фарміраванне ў іх першасных прафесійных навыкаў, павагі да рабочай прафесіі і павышэнне да яе інтарэсу. Вось і нядаўна ў раёне быў рэалізаваны праект, накіраваны на ўдасканаленне працоўнага выхавання ў дзяцей ясляў-сада № 24 Маладзечна. Разам з калектывам навучэнцаў і педагогаў Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа ў гэтай установе быў праведзены Тыдзень прафесійнага майстэрства.
— У праекце па прафесійнай арыентацыі арганізатары мерапрыемства разам з традыцыйнымі ўніверсальнымі механізмамі з улікам узросту яго ўдзельнікаў і для большай даступнасці інфармацыі па прафарыентацыі выкарыстоўвалі прафарыентацыйную гульню, — расказвае метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама А.А.Кізіцкая. — Галоўнае было ў тым, што на працягу ўсяго тыдня навучальную ўстанову наведалі цэлыя сем’і: бацькі дашкольнікаў, іх старэйшыя браты і сёстры, якім прафесійная інфармацыя па вызначэнні свайго далейшага шляху была вельмі злабадзённай і якія, магчыма, вызначыліся ў тыя дні ў выбары сваёй будучай прафесіі.
На працягу ўсяго Тыдня прафесійнага майстэрства выхаванцы дашкольнай установы атрымлівалі практычныя навыкі ў кулінарным і кухарскім майстэрстве, слясарнай і сталярнай справе, швейнай вытворчасці. Так, у прыватнасці, выхаванцы атрымалі першыя навыкі ў прафесіях кухара і афіцыянта, навучыліся гатаваць з садавіны карысны “Вітамінны салат”, забаўных вожыкаў на пожагах, практыкаваліся ў дэкаратыўным афармленні “Сонечнага кураняці” з адварной агародніны, гатавалі “Вясёлы бутэрброд” з крэкера і каўбасы. Дзякуючы гэтаму майстар-класу дзеці замацавалі навыкі карыстання сталовымі прыборамі, навучыліся ўпрыгожваць і падаваць стравы, сервіраваць стол.
У другі дзень Тыдня прафесійнага майстэрства навучэнцы каледжа вучылі выхаванцаў дашкольнай установы першым працоўным навыкам слясарнай справы і разам з дзецьмі стваралі вырабы з металу. Выхаванцы дашкольнай установы пад кіраўніцтвам сяброў з каледжа набылі элементарныя практычныя навыкі працы з дротам. Дзеці з цікавасцю і захапленнем стварылі з дроту і кавалачкаў паркалёвай тканіны кветкі, з якіх склалі прыгожую кампазіцыю. Прыемна, што гэты занятак спадабаўся і дзяўчынкам, і хлопчыкам. Не меншае захапленне ў дашкольнікаў выклікалі заняткі па швейным майстэрстве. Дзеці з задавальненнем прыдумвалі мадэлі адзення для сваіх ляляк, а потым самі шылі ім убранні. Больш за ўсё прыцягнуў увагу дзяцей майстар-клас па вырабе ўпрыгожанняў для адзення, якія ствараліся з дапамагой звычайнага відэльца. Па сутнасці, гэты занятак прадставіў дзецям першыя навыкі па габеленапляценні. Дзіцячай радасці не было межаў, калі навучэнцы каледжа падарылі дашкольнікам шырму для сюжэтна-ролевай гульні “Атэлье”, якую вырабілі ўласнаручна.
Адным з яркіх і запамінальных для выхаванцаў стаў дзень сталяра. Дзеці прымалі ўдзел у рабоце з дрэвам, вучыліся карыстацца малатком, шрубавёртам, дапамагалі старэйшым удзельнікам у вырабе арэляў для лялек, мальбертаў для малюнкаў, драўляных цацак. Дзякуючы дзіцячай фантазіі, нарыхтоўкі з дрэва ператвараліся ў конікаў, зебраў, жыраф. Дзеці засталіся вельмі задаволеныя, таму што ўсе гэтыя вырабы дасталіся ім у падарунак. За Тыдзень прафесійнага майстэрства выхаванцы дашкольнай установы і навучэнцы каледжа па-сапраўднаму пасябравалі. Сумеснымі намаганнямі была падрыхтавана канцэртная праграма, дзе ўсе ўдзельнікі разам спявалі і танцавалі. А малюнкі на тэму “Кім я стану, калі вырасту?”, якія намалявалі дашкольнікі, будуць размешчаны ў каледжы на выставачным стэндзе. У сваю чаргу навучэнцы каледжа прадэманстравалі дзецям сваё акцёрскае майстэрства праз крэатыўную прэзентацыю сваіх прафесій.
— Усе ўдзельнікі Тыдня прафесійнага майстэрства засталіся ў абсалютным захапленні ад сумеснай дзейнасці ў гэтым праекце, — адзначыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Софія Пятроўна Філістовіч. — Менавіта такі праект, на наш погляд, зможа павысіць прэстыж рабочых прафесій і дазволіць прыцягнуць моладзь для паступлення ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што будзе спрыяць папаўненню працоўнымі рэсурсамі эканамічнай сферы нашага раёна.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.