Аршанская школа № 16 стала ўзорнай у краіне па выкладанні кітайскай мовы

- 11:16Образование: Беларусь — Китай

Аршанская школа № 16 стала ўзорнай у краіне па выкладанні кітайскай мовы. Як дасягнуць такога выніку, сакрэтамі поспеху з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзялілася дырэктар установы адукацыі Галіна Кабешава.

Ад гуртка па інтарэсах да кабінета Канфуцыя

Ганаровае званне “Узорная ўстанова сярэдняй адукацыі па выкладанні кітайскай мовы 2023 года” было прысвоена школе паслом Кітая ў Рэс­пуб­ліцы Беларусь напрыканцы мінулага года. Каб быць удастоенай такой высокай адзнакі, спатрэбілася амаль 10 гадоў, насычаных плённай працай. Сёння школа з’яўляецца структурным падраздзяленнем Рэс­пуб­ліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, цесна ўзаемадзейнічае з Пасольствам Кітая. Тут ёсць кабінет Канфуцыя, праводзіцца шмат мерапрыемстваў, прысвечаных культуры і гісторыі Паднябеснай, а кітайская мова з’яўляецца асноўнай замежнай. Але аб усім па парадку.

Глабальныя змены пачаліся ў 2014 годзе, калі на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў было падпісана пагадненне “Аб супрацоўніцтве ў гуманітарнай сферы” паміж Рэспублікай Беларусь і Кітаем. Яны пацягнулі за сабой і лакальныя: дэлегацыя Пасольства Кітая наведала Оршу з мэтай наладзіць сувязі ў эканамічнай сферы. У ліку высокапастаўленых гасцей быў спадар Ван Дацзюн, які курыраваў пытанні адукацыі і культуры. 

— Менавіта ён пасадзейнічаў таму, каб у наш горад “прыляцела” першая кітайcкая птушачка — валанцёр Лі Сюе. Яна была накіравана да нас дзяржаўнай канцылярыяй Кітая Ханьбань, якая займаецца распаўсюджваннем кітайскай мовы і культуры ва ўсім свеце. Напярэдадні ўпраўленне па адукацыі Аршанскага райвыканкама правяло апытанне, мэтай якога было высветліць, колькі ў кожнай школе Оршы ёсць жадаючых выву­чаць кітайскую мову. І мы аказаліся ў лідарах — 63 вучні. Крыху менш было ў школе № 3 і ў гімназіі № 2. У кожнай установе адукацыі сфарміравалі аб’яднанні па інтарэсах, заняткі ў якіх праводзіліся бясплатна. І наша Лі Сюе, мы называлі яе Наташа, адказна прыступіла да выканання сваіх абавязкаў адразу ў трох месцах, — расказвае Галіна Кабешава.

Галіна Кабешава і Крысціна Астапенка

Затым дырэктар школы № 16 у складзе дэлегацыі ад РІКК БДУ адправілася ў Кітай.

— Мы сустрэліся з прадстаўнікамі адукацыі горада Далянь, школы міжнароднай адукацыі Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта (ДПУ), упраўлення інстытутаў Канфуцыя ДПУ. Наведалі Ліцэй ДПУ. І былі вельмі ўражаны! А ў лютым у нашай школе ўпершыню адбыўся фестываль дыялогу культур Беларусі і Кітая — “Вясна з вясной сустрэліся”, на які мы запрасілі прадстаўнікоў Пасольства Кітая ў Беларусі і РІКК БДУ. Тады ж было падпісана пагадненне аб стварэнні цэнтра па вывучэнні кітайскай мовы і культуры ў  нашай установе адукацыі, — узгадвае Галіна Кабешава.

На працягу 2017 года На­дзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі  спадар Цуй Цымін
тройчы наведваў Оршу з афіцыйным візітам. І кожны раз не пакідаў без увагі школу № 16. Тут з яго ўдзелам быў закладзены сад камянёў, пасол пасадзіў дрэва ў школьным парку. Падчас трэцяга візіту была дасягнута дамоўленасць аб стварэнні кабінета Канфуцыя.

— Наступная знакавая па­дзея — адкрыццё лінгафоннага кабінета, якое адбылося 1 красавіка 2017 года пры са­дзе­ян­ні Пасольства Кітая. Яно закупіла неабходнае абсталяванне і перадало яго ў дар: сучасныя камп’ютары, мультыборд, мэбля, інтэрактыўная дошка, мультымедыйныя ўстаноўкі. Такі крок стаў высокай адзнакай дзейнасці нашай установы адукацыі па распаўсюджванні ведаў аб кітайскай культуры. А таксама дазволіў школьнікам вывучаць мову на больш высокім узроўні. Нашы вучні становяцца актыўнымі ўдзель­нікамі мерапрыемстваў, якія арганізуе РІКК БДУ: Міжнародны дзень інстытутаў Канфуцыя, рэспубліканскі музычны фестываль “Свята ліхтароў”, міжнародны конкурс “Мост кітайскай мовы”, — распавядае дырэктар.

Не менш значным падарункам для школы стала бібліятэка “Зорка кітайскай мовы”, у якой больш за паўтары тысячы кніг. У асноўным гэта вучэбна-метадычная літаратура, відэа- і аўдыяматэрыялы, якія можна выкарыстоўваць на занятках па кітайскай мове.

— Маючы такія матэрыяльныя рэсурсы, мы замахнуліся на тое, каб зрабіць яе асноўнай замежнай мовай, — працягвае Галіна Кабешава. — Заставалася вырашыць пытанне з настаўнікамі. На базе школы мы арганізавалі адпаведны факультатыў для педагогаў. Адным з яго слухачоў была настаўніца англійскай мовы Крысціна Астапенка, а калі РІКК БДУ пачаў праводзіць перапад­рыхтоўку, яна з радасцю пага­дзілася атрымаць кваліфікацыю “выкладчык кітайскай мовы”. Пакуль яна вучылася два гады, праходзіла стажыроку ў Кітаі, з першай групай вучняў займаўся спецыяліст, якога да нас накіраваў РІКК БДУ. Калі Крысціна Ула­дзі­міраўна атрымала дыплом, адразу пачала выкладаць, і вельмі паспяхова, улічваючы, што яе вучні займаюць прызавыя месцы на абласным і рэспубліканскім этапе алімпіяды па кітайскай мове, — з гонарам падкрэслівае суразмоўніца. 

У 2020 годзе ў школе пачаў дзейнічаць кабінет Канфуцыя. Гэта сучасны адукацыйны цэнтр, дзе можна праводзіць анлайн-навучанне з носьбітамі мовы. Кітайскім бокам было выдзелена каля 30 тысяч долараў на яго абсталяванне, таксама штогод пераліч­ваюцца дадатковыя сродкі на яго функцыянаванне. Не дзіва, што ў школы з’явіліся новыя планы — тут разглядаюць магчымасць выкладаць кітайскую мову дарослым жыхарам Оршы. Кіраўніцтва ўстановы адукацыі ўпэўнена: выдатную базу неабходна задзейнічаць па максімуме.

Чым больш практыкі — тым лепшы вынік

Зараз у школе кітайскую мову як асноўную замежную вывуча­юць 118  дзяцей з 3 па 8 клас. У іх тры ўрокі ў тыдзень. Ёсць групы ў 6 і 8 класах, дзе школьнікі авалодваюць мовай Паднябеснай паглыблена — для іх у раскла­дзе заняткі кожны дзень. Яшчэ 102 вучні наведваюць адпаведныя факультатывы.

Установа адукацыі па-ранейшаму супрацоўнічае з валанцёрамі. Яны праводзяць факультатывы, удзельнічаюць у школьных мерапрыемствах, прысвечаных кітайскай культуры.

Валанцёр Джао Давэй і вучаніца 11-га класа Дар’я Красоўская

— Адзін з нашых памочнікаў Джао Давэй вельмі творчы чалавек. Ён спявае, ведае шмат перакладзеных на кітайскую мову нашых папулярных песень, валодае мастацтвам каліграфіі, а Цзю ­Кайюе, яго мы называем Канстанцін, вучыць дзяцей па-майстэрску плесці кітайскія вузлы, — дзеліцца Галіна Кабешава. — Але ён плануе пераехаць да жонкі ў Мінск. Таму мы ўжо адправілі заяўку ў РІКК БДУ, каб нас забяспечылі іншым добраахвотнікам. Таксама зрабілі запыт на настаўніка кітайскай мовы, бо колькасць груп павялічваецца, праблем з наборам жадаючых вывучаць гэты прадмет у нас няма.

У мінулым годзе адбыўся першы выпуск школьнікаў, якія вывучалі кітайскую мову факультатыўна. Трэба адзначыць, што яшчэ падчас вучобы трое з іх — браты Ілья і Уладзіслаў Рубаньковы і Насця Гурчанка, будучы сямікласнікамі,  сталі стыпендыятамі Пасольства Кітая. Зараз маладыя людзі паспяхова вучацца ў сталічных УВА, і ніхто з іх не шкадуе, што асвойвалі кітайскую мову. Сучаснае пакаленне вучняў таксама радуе зацікаўленасцю і адказным стаўленнем да гэтага прадмета.

Іх настаўніца Крысціна Астапенка мае сертыфікат міжнароднага ўзору HSK-4. Праводзіць майстар-класы для педагогаў раёна, дзеліцца вопытам выкладання кітайскай мовы. Рыхтуе навучэнцаў да паспяховай здачы міжнароднага экзамену HSK-3. Прымае актыўны ўдзел у анлайн-курсах для беларускіх выкладчыкаў кітайскай мовы, якія арганізуе ДПУ. З’яўляецца арганізатарам удзе­лу школьнікаў у міжнародным эканамічным форуме “Аршанскія традыцыі”. Право­дзіць штогадовы фестываль “Вясна з вясной сустрэліся”, які становіцца фінальным акордам Тыдня кітайскай мовы і культуры ў школе. Яе запрашаюць у якасці перакладчыка на мерапрыемствы горада, на якіх абмяркоўваюцца пытанні супрацоўніцтва з прадстаўнікамі бізнесу КНР.

— Вывучэнне кітайскай мовы ў школьнікаў пачынаецца з асноўных элементаў — піньінь (фанетычнай сістэмы), знаёмства з правіламі вымаўлення  і тонаў, затым базавыя словы і фразы, граматыка. Лічыцца, што самай складанай з’яўляецца іерагліфічная сістэма, а менавіта запамінанне вялікай колькасці іерогліфаў, іх нюансаў і значэнняў. Коль­касць іерогліфаў, неабходная для пачатку чытання, розная і залежыць ад мэты вывучэння мовы. Аднак каб засвоіць базавы ўзровень чытання, як правіла, неабходна ведаць каля тысячы іерогліфаў. Для паўнавартаснага чытання і разу­мення кітайскай мовы іх коль­касць значна большая, — тлумачыць настаўніца.

Маргарыта Жаўнерава вучаніца 8 класа:

— Ёсць моманты, якія лёгка даюцца, а ёсць — наадварот. Для мяне гэта — вымаўленне і граматыка. Аднак я пераканана, галоўнае — паставіць перад сабой мэту, і поспех не прымусіць доўга чакаць. Не так даўно атрымала сертыфікат міжнароднага ўзору HSK-3, прымаю ўдзел у алімпіядах. У гэтым годзе на абласным узроўні атрымала дыплом ІІІ ступені. У будучым планую стаць перакладчыкам і паехаць у Кітай. Таму ўжо зараз шмат размаўляю з носьбітамі мовы ў інтэрнэце, старанна вывучаю іерогліфы.

Мар’я Шурава, вучаніца 8 класа:

— Мне падабаецца ву­чыць кітайскую мову. Я развіваюся, паляпшаецца памяць, павышаецца сама­ацэнка. Мару атрымаць прафесію маркетолага ў адным з універсітэтаў Кітая. Але жыць там не планую — радзіма даражэй!  У мяне яшчэ шмат часу, каб удасканаліць свае веды. Пачынала знаёмства з мовай у 3 класе. З 5-га маёй настаўніцай з’яўляецца Крысціна Уладзіміраўна. Таксама прымаю ўдзел у алімпіядах, спаборнічаем з вучнямі 10—11 класаў. Напачатку часцей за ўсё прывозіла дыпломы ІІІ ступені абласнога этапу, у гэтым годзе атрымала дыплом І ступені. Затым паеду на рэспубліку. Ганаруся, што здала міжнародны экзамен на трэці ўзровень вельмі добра, прычым не толькі вусны, але і пісьмовы. Набрала 244 балы з 300. Самы высокі паказчык для нашай школы. 

Дар’я Красоўская, вучаніца 11 класа:

— Вывучаю мову тры гады. Зараз ужо не так складана, як у першы год. Самая вялікая цяжкасць для мяне — напісанне і запамінанне іерогліфаў. Іх так шмат, і адрозніваюцца яны часам толькі адной-дзвюма рысачкамі. Аднак не трэба баяцца. Чым больш практыкі — тым лепшы вынік. Галоўнае — не апускаць рукі. У планах паступленне на спецыяль­насць перакладчыка кітайскай мовы.

Моўны анлайн-лагер

Не першы год моўны анлайн-лагер дае магчы­масць вучням аршанскай школы № 16 атрымаць урокі ад сапраўдных кітайскіх выкладчыкаў. Дапамагае яго арганізоўваць РІКК БДУ. Пачынаюцца заняткі ў школьнікаў традыцыйна пасля зімовых канікул. На працягу двух тыдняў вучні пасля асноўных урокаў зай­маюцца на анлайн-занятках з выкладчыкамі кітайскіх універсітэтаў. У гэтым го­дзе ўдзел у такім лагеры прынялі 45 школьнікаў. Кожны з іх меў цудоўную магчымасць размаўляць і паляпшаць камунікатыўныя навыкі. Таксама выкладчыкі прадастаўля­юць шмат відэаматэрыялаў па культуры і гісторыі Кітая. Дзеці пры жаданні могуць спампа­ваць такія фільмы і паглядзець іх дома з баць­камі.

Сумесныя праекты з кітайскімі гарадамі-пабрацімамі

“Крылы сяброўства”

У сакавіку 2023 года Аршанская школа падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з Наньчанскай школай замежных моў. Адпраўной кропкай узаемадзеяння стаў кранальны сумесны праект “Крылы сяброўства”.

— Дыпламатычнай поштай мы адправілі ў Наньчань сувенір — бусліка. Ён будзе лятаць па-над рысавымі палеткамі, будзе наведваць славутасці, рабіць фотаздымкі, відэа. А потым дасылаць нашым школьнікам. У адказ да нас з Кітая прыляцелі два журавы. Яны ўжо пабывалі ў Хатыні, у музеі Вялікай Айчыннай вайны, на выпускным вечары. Такім чынам нашы дзеці больш даведаюцца пра Кітай, а кітайскія дзеці пра нашу краіну, — растлумачыла Галіна Якаўлеўна.

“Калейдаскоп добрых спраў для планеты Зямля”

Плануецца абмен відэаролікамі ці нават фільмамі аб тым, што робяць дзеці для планеты, як клапоцяцца пра экалогію на сваёй Ра­дзіме.

Марына ЖДАНАВА
Фота аўтара