“Арт-вакацыі”: творчасць — працы дапамога

- 14:29Культура

6 красавіка канцэртам у Мінску быў дадзены старт рэспубліканскаму фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “Арт-вакацыі”. На працягу двух тыдняў фестываль закружыць у творчай каруселі ўсю краіну.

 

Па рашэнні арганізатараў — Міністэрства адукацыі і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі — у сёлетнім фестывалі прымаюць удзел творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гала-канцэрт пераможцаў абласнога этапу “Арт-вакацый” 9 красавіка прайшоў у Брэсце, 10 красавіка — у Гомелі, сёння праходзіць у Магілёве, заўтра — у Віцебску, 16 красавіка — у Салігорску (Мінская вобласць) і 17 красавіка — у Лідзе (Гродзенская вобласць).

Ансамбль "Братка беларус" Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №10 будаўніцтва імя І.М. Жыжаля.На канцэртных пляцоўках навучэнцы прадставяць усе кірункі мастацкай творчасці: інструментальны, вакальна-харавы, фальклорна-этнаграфічны, харэаграфічны, тэатральны, літаратурны, арыгінальны жанр і інш. Лепшыя творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы прымуць удзел у заключным гала-канцэрце рэспубліканскага фестывалю “Арт-вакацыі” ў маі 2013 года ў Магілёве.
Вызначаць удзельнікаў гала-канцэрта, лепшых з лепшых, будуць члены рэспубліканскага журы: старшыня — мастацкі кіраўнік фальклорнага ансамбля “Бяседа” народны артыст Беларусі Леанід Канстанцінавіч Захлеўны; загадчыца аддзела сацыёкультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Сяргееўна Лаўрыновіч; намеснік начальніка Цэнтра метадычна-навуковага забеспячэння выхаваўчай работы рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Святлана Рычардаўна Бутрым; загадчык мастацка-пастановачнай часткі рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Іванавіч Бабошын; балетмайстар заслужанага аматарскага калектыву ансамбля танца “Белая Русь” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Віталь Леанідавіч Ганчароў; выкладчык кафедры мастацтва эстрады факультэта музычнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вольга Уладзіміраўна Петрусенка; метадыст вышэйшай катэгорыі аддзела сацыёкультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Таццяна Валер’еўна Грышукевіч.

Чым жа адзначыўся і чым запомніўся гала-канцэрт у Мінску?
У гала-канцэрце ў Мінску прыняў удзел 21 творчы калектыў і індывідуальны выканаўца. Ганаровая місія пачынаць не толькі сталічную праграму, але і ўвесь рэспубліканскі творчы марафон выпала аркестру народных інструментаў “Музыкі” і фальклорнай вакальнай групе “Пралескі” Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі. “Хлеб ды соль” у іх выкананні задала тон суботняму вечару. Вельмі ўпэўнена трымалася на сцэне і, як кажуць, сэрцам выканала песню “Васільковае неба” навучэнка Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Маргарыта Герасімёнак. Калектыў эстраднага танца “Рускія ўзоры” Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа нагадаў многім казачныя навагоднія карагоды. Гонар гэтай жа навучальнай установы вельмі пяшчотна і трапятліва абараняла Дар’я Каліта з песняй “Сінякрылы матылёк”. Парадаваў усіх і вакальны ансамбль “Братка беларус” Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №10 будаўніцтва з папуры беларускіх народных песень. Гэта якраз той выпадак, калі і знешні выгляд, і ўнутраны настрой адпавядаюць таму, пра што спяваеш.

— Сёлета праявілася некалькі цікавых тэндэнцый. Усё больш жадаючых выконваць не чыесьці творы, а свае аўтарскія песні і інструментальныя кампазіцыі. У параўнанні з мінулымі гадамі сёлета было і больш чытальнікаў. Усё больш сярод калектываў вылучаюцца яскравыя індывідуальнасці, — гаворыць арганізатар мінскага гарадскога этапу загадчыца аддзела мастацкай творчасці Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Люцына Чаславаўна Канановіч. — Усе ўдзельнікі мінскага гала-канцэрта яркія і вельмі творчыя асобы, якія хочуць быцьубачанымі, пачутымі і заўважанымі. Яны хочуць выдзяляцца. І калі яны бачаць, што магчымасць паказаць і праявіць сябе ім прада-стаўляецца, то вельмі стараюцца зрабіць гэта як мага лепш. Навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — людзі працы, але тым не менш яны вельмі творчыя. Да ўдзельнікаў сёлетніх “Арт-вакацый” падыходзіць вядомы выраз, што таленавітыя людзі — таленавітыя ва ўсім: і ў працы, і ў творчасці, і ў зносінах. Яны ўсе крэатыўныя і вельмі камунікабельныя. Што наконт пажаданняў, то вельмі хацелася б параіць кіраўнікам навучальных устаноў не пакідаць без увагі творчых навучэнцаў, падтрымліваць іх. Гэта не будзе адцягваць іх увагу ад вучобы ці работы, наадварот, творчасць — працы толькі дапамога. Потым гэтыя ж навучэнцы будуць абараняць гонар вашай навучальнай установы на ўсемагчымых конкурсах, у тым ліку “Арт-вакацыях”. А ўсебакова развітыя і таленавітыя ў розных справах людзі вельмі падкупляюць.

Высокая мэта сёлетніх “Арт-вакацый” — павысіць цікавасць моладзі да прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, папулярызаваць працоўныя прафесіі. Як гэта можа зрабіць мастацкая творчасць? Адказ на гэтае пытанне падчас мінскага гала-канцэрта даў вакальна-інструментальны ансамбль “Бліскавіца” Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа чыгуначнага транспарту, які выканаў усім вядомую песню “Люди встречаются”. Памятаеце радкі “В свой вагон вошла она. Улыбнулась из окна…”? А цяпер уявіце, што спяваюць іх не ВІА “Весёлые ребята”, а юнакі і дзяўчаты ў форме праваднікоў чыгункі. Вось і адказ.

Ганна Кастыка з Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №1 машынабудавання.Яшчэ адно выступленне, якое не пакінула нікога абыякавым, належыць навучэнцы Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва Ксеніі Буза. Нягледзячы на высокую тэмпературу напярэдадні гала-канцэрта, Ксенія ўсё роўна выйшла на сцэну, каб бездакорна “душой” прачытать “Адно жыццё Дашратха Манджхі”. Арганізатары кажуць, што і без гэтага выхаду Ксенія ўжо была ўладальніцай дыплома І ступені мінскага гарадскога этапу “Арт-вакацый”, аднак яшчэ раз выйшла на сцэну. Выйшла і прачытала так, што ўся зала затаіла дыханне. Атмасферу затоенасці дыхання падтрымала Кацярына Дзядзечкіна з Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 6 прыборабудавання яшчэ адной усім добра вядомай песняй “Нежность” з ужо, здаецца, вечнымі словамі “Опустела без тебя земля”. А вось Ганна Кастыка з Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №1 машынабудавання стала адзіным аўтарам-выканаўцай уласнай песні “Думкі”.

Адзіным у сваім кірунку мастацкай творчасці стаў таксама зводны(!) танцавальны калектыў “Эспада” навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі і Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі, якія танцуюць брэйк-данс. Адзіны цыркавы нумар выканала навучэнка МДПТК лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва Вераніка Рыбчонак. І адзіным тэатрам моды падчас мінскага гала-канцэрта стаў “Дэфіле” МДПТК лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва з калекцыяй “Флірт”. Вельмі арыгінальна ў сваім кірунку выглядаў калектыў сучаснага танца “Бурлеск” МДПТК дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ці трапяць танцуючыя лялькі на рэспубліканскі гала-канцэрт, вызначыць журы, якое ў найбліжэйшыя два тыдні ўбачыць яшчэ вельмі многа выдатных выступленняў.

— Чаканні ад гала-канцэртаў у Мінску і абласцях як звычайна вельмі высокія — хочацца хутчэй убачыць і пазнаёміцца з лепшымі, — гаворыць нязменны старшыня журы рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Арт-вакацыі” Леанід Канстанцінавіч Захлеўны. — Мне падабаюцца “Арт-вакацыі” сваім дыяпазонам кірункаў творчасці, у якіх моладзі прапаноўваецца праявіць сябе. Мне здаецца, што з кожным годам да гэтага фестывалю студэнты і навучэнцы рыхтуюцца ўсё больш адказна і сур’ёзна і ад гэтага “Арт-вакацыі” толькі выйграюць. Ці можна праз такі фестываль папулярызаваць працоўныя спецыяльнасці? Канечне! Чаму не? Людміла Зыкіна, напрыклад, выйшла з самадзейнасці, удзельнічала ва ўсемагчымых конкурсах і стала сусветнай зоркай. Наша ж задача — дапамагчы моладзі праявіць сябе і даць магчымасць выйсці на сцэну, нават калі іх спецыяльнасць не звязана з мастацтвам. Для мяне самае дзіўнае ва ўсім гэтым, наколькі людзі, чыя адукацыя далёкая ад прафесійнага мастацтва, адказна ставяцца да кожнага свайго выхаду, цалкам аддаюцца любімай справе, не скупяцца на эмоцыі на сцэне. І гэта цудоўна, таму што творчыя людзі — творчыя ва ўсім, і будуць такімі ў сваіх працоўных спецыяльнасцях. Удзельнікі сёлетніх “Арт-вакацый” — людзі працы. Я ўпэўнены, што сярод залатых рук абавязкова знойдуцца і залатыя галасы, залатыя ногі і залатыя душы.

Марына ПЫРКОВА.

pyrkova@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.