Атмасфера і любоў да настаўніцтва: педагогі расказалі, чаму выбіраюць аздараўленчы лагер «Фатон»

- 12:00Репортаж

На пытанне, што прымушае кожнае лета вяртацца ў загарадны аздараўленчы лагер “Фатон” Нацыянальнай акадэміі навук і працаваць з дзецьмі некалькіх змен запар, педагогі ў адзін голас адказваюць: атмасфера і любоў да настаўніцтва. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Атмасфера тут сапраўды адметная і натхняльная. Стварае яе каманда прафесіяналаў, якой на працягу ўжо больш як 30 гадоў кіруе Валерый Куніцкі. Калі ў 1993 годзе ехаў у лагер упершыню, Валерый Васільевіч думаў, што гэта на адно лета, але памыліўся: работа з вучнямі захапляе і не адпускае яго і сёння.

Любоў да дзяцей і ўменне весці іх за сабой — менавіта на гэтыя якасці дырэктар “Фатона” звяртае ўвагу, калі да яго прыязджаюць і маладыя, і вопытныя настаўнікі. Валерый Васільевіч упэўнены: калі спецыяліст валодае адзначаным талентам, на наступны год ён абавязкова вернецца. Яскравы прыклад — старшы выхавальнік педагог спецыяльнай школы № 14 Мінска для дзяцей з парушэннямі слыху Вікторыя Піварчук. Яна прыязджае ў лагер ужо 10 гадоў.

“Мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі, асабліва летам у лагеры, — расказвае Вікторыя Сяргееўна. — Спачатку я была выхавальнікам, а сёння ўжо старшы выхавальнік. “Фатон” — гэта тое месца, дзе адпачываюць не толькі вучні, але і педагогі. Разам мы адна вялікая дружная сям’я. Кожны раз, калі заканчваецца навучальны год і пачынаецца аздараўленчая кампанія, адразу ж збіраюся і еду сюды”.

Да работы з дзецьмі Вікторыя Піварчук падыходзіць вельмі патра­бавальна і гэтага ж чакае ад калег: адразу бачна, чыя гэта школа.

“Я многаму вучылася ў Валерыя Васільевіча. Мне было важна не падвесці яго і нашых выхаванцаў, — прызнаецца В.Піварчук. — Бездакорнасць у зносінах, уменне разумець дзяцей, чуць іх і працаваць у камандзе — вось на што звяртаю ўвагу, калі да нас прыходзяць новыя выхавальнікі”.

Падбор педагагічных кадраў — гэта непасрэдны абавязак старшага выхавальніка. Вікторыя Сяргееўна ведае, што ад таго, наколькі адказна яна падыдзе да падбору спецыялістаў, будзе залежаць і настрой дзяцей, і энергетыка ў лагеры.

“Мы цесна супрацоўнічаем з БДПУ і да сябе на работу і на практыку прымаем выключна студэнтаў, якія ўваходзяць у склад педагагічных атрадаў, — адзначае педагог. — Сёлета падчас першай змены да нас прыехалі будучыя настаўнікі-філолагі, якія ўваходзяць у атрад “Шыпшына-3”. Сярод іх пяць практыкантаў, а значыць, яны ўпершыню працуюць са школьнікамі ў фармаце аздараўленчага лагера. На другую змену ў “Фатон” прыедуць студэнты, якія ўваходзяць у склад “Беларусачкі” — пед­атрада Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ. Наступныя тры змены з намі будуць педагогі, якія ўжо працуюць у школах, але раней, калі вучыліся ва ўніверсітэце, прайшлі фатонаўскую школу”.

А што рабіць з тымі, хто не ўваходзіць у склад педагагічных атрадаў, але вельмі хоча паспрабаваць сябе ў амплуа важатага? Вікторыя Піварчук расказала, што дае ім магчымасць праявіць сябе.

“З такімі студэнтамі праводжу анкетаванне, размаўляю, — тлума­чыць старшы выхавальнік. — Працаваць іх стаўлю ў каманду з вопытным педагогам, каб было ў каго павучыцца. Калі бачу, што чалавек не спраўляецца, мы з ім развітваемся. Акрамя таго, для мяне вельмі важна, каб дзеці кожнае лета вярталіся да сваіх важатых. Я ўпэўнена, што ў лагеры галоўныя менавіта выхавальнікі. Гэта яны ствараюць камфортны мікраклімат і пастаянна знаходзяцца побач з дзецьмі і на сувязі з бацькамі. За змену ў іх толькі два выхадныя дні, але многія абыхо­дзяцца без гэтага, бо работа ў “Фатоне” з атрадам — гэта лад жыцця”.

Запрашэнне вярнуцца ў каманду ад старшага выхавальніка летась атрымала студэнтка 3 курса філалагічнага факультэта БДПУ ўдзельніца пед­атрада “Шыпшына-3” Юлія Шылько. Дзяўчына прызналася: яна вельмі рада, што яе сапраўдная педагагічная дзейнасць пачалася менавіта ў “Фа­тоне”.

“У школе я яшчэ не працавала, а што тычыцца лагера, то знаходзіцца тут — адно задавальненне, — гаворыць будучы філолаг. — Дзеці, якія сюды прыязджаюць, цікаўныя, смелыя, адкрытыя. Я ўпэўнена, што размаў­ляць з імі трэба на адной мове, а яшчэ іх трэба любіць, прычым усіх аднолькава. У педагогіцы інакш быць не можа. Я ўвесь год з нецярпеннем чакала, калі пачнецца першая змена, каб сустрэцца са сваімі выхаванцамі. Мы з імі падтрымлівалі зносіны, перапісваліся. І вельмі прыемна, што сустрэліся зноў. Для таго каб прыехаць у “Фатон” у чэрвені, датэрмінова здала сесію. Гэта абавязковае правіла, яно дзейнічае для ўсіх, хто едзе працаваць у лагер”.

Правілы гульні са сваім першым атрадам Юлія Паўлаўна абмеркавала адразу. Калі паміж дзецьмі будзе ўзнікаць непаразуменне, з гэтым трэба разбірацца разам. А для таго каб навучыцца камунікаваць адно з адным, школьнікі і педагог вечарамі прыхо­дзяць “на свечку” (так называюць месца агульнай сустрэчы каманды) і размаўляюць.

“Дамовіліся, што паміж намі бу­дзе ўзаемаразуменне, што будзем супрацоўнічаць і падтрымліваць адно аднаго, — дадае Ю.Шылько. — Калі ў пэўных сітуацыях выхаванцы нам у нечым дапамагаюць, то і мы іх заах­вочваем”.

Каб гэтае лета маленькія “фатонаўцы” запомнілі на ўвесь год, старшы выхавальнік і важатыя атрадаў прыдумалі цікавую і насычаную праграму.

“Дзень у нас распісаны па мінутах, — звяртае ўвагу педагог. — У пераліку мерапрыемстваў ёсць і найбольш любімыя дзецьмі — “Міс “Фатон”, “Містар “Фатон” і “Фатонабачанне”. Мы разам рыхтуемся да ўсіх конкурсаў і пражываем з дзецьмі ўсе эмоцыі, ставім танцы і прадумваем вобразы. За час, пакуль знаходзімся разам, вельмі збліжаемся, таму расставанне — гэта заўсёды цяжка”.

Разважаючы пра сваю педагагічную будучыню, Юлія Шылько расказала, што пасля заканчэння ўніверсітэта паедзе працаваць па размеркаванні ў Мядзел, але “Фатон” — гэта назаўжды.

“Фатон” — гэта не проста каманда прафесіяналаў, гэта сям’я, — падсумоўвае выхавальнік. — Дзякуючы Валерыю Васільевічу і Вікторыі Сяргееўне, мы вучымся многаму, і гэтыя ўрокі самыя каштоўныя”.

Школьная планета

Сваю “Галактыку” стварылі ў гімназіі № 1 Валожына. Менавіта такую назву атрымаў школьны тэматычны лагер, які з чэрвеня пачаў працаваць ва ўстанове адукацыі.

Ідэя зрабіць падчас змены касмічную тэматыку ключавой належыць педагогу-арганізатару “Галактыкі” настаўніцы анг­лійскай мовы Надзеі Сухадолец. Рэалізацыю задумы педагог пачала ў мінулым годзе. Тады атрады вывучалі планеты, а сёлета — су­зор’і і галактыку ў цэлым.

“На галоўным стэндзе, які прэзентуе лагер і атрады, напісана легенда пра Агеньчыка, — расказвае пра лагер Н.Сухадолец. — Менавіта ён і стаў галоўным героем нашай змены. Навучэнцы дапамагаюць герою вывучаць космас. Кожны атрад за ўдзел і перамогі ў конкурсах, якія право­дзім, атрымлівае зорку”.

У праграме лагера не толькі школьныя спаборніцтвы, але і выязныя мерапрыемствы. Педагогі і вучні ездзяць з экскурсіямі ў аграсядзібы, на шматлікія майстар-класы.

“Хочацца, каб дзеці атрымалі як мага больш пазітыўных эмоцый, — тлума­чыць педагог. — Таму мы вельмі адказна падыходзім да арганізацыі экскурсійнай праграмы”.

Сябры лесу

Першы летні месяц навучэнцы сярэдняй школы № 1 Валожына праводзяць у лагеры працы і адпачынку “Пунсовыя ветразі”.

Установа адукацыі заключыла дагавор з Валожынскім лясгасам, што і вызначыла пералік работ для вучняў. Так, дзеці пад наглядам выхавальніка лагера настаўніцы англійскай мовы Любові Патапчанка штодзень, калі дазваляе надвор’е, выяз­джаюць на пасадку сасновага лесу.

“У лагеры адна змена, яна доўжыцца 15 дзён, — растлумачыла Л.Патапчанка. — Сёлета ў “Пунсовыя ветразі” залічаны 17 навучэнцаў 8 класа, якім ужо ёсць 14 гадоў. Менавіта з гэтага ўзросту, згодна з Працоўным кодэксам, дзеці могуць працаваць 4 гадзіны ў дзень”.

Распарадак дня ў школьнікаў, якія выбралі для сябе такі адпачынак, просты. З самай раніцы каманда едзе ў лес. Пасля таго як неабходны аб’ём работы выкананы, вучні вяртаюцца ў школу на абед. Астатні час знаходжання ў лагеры адводзіцца на спартыўныя гульні і экскурсіі.

“Мы ўжо наведалі ваенкамат, вайсковую часць, — дадала педагог. — Вельмі любім ха­дзіць у фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, а таксама ў цэнтр творчасці, дзе прымаем удзел у шматлікіх майстар-класах, кіналекторыях. Калі надвор’е дажджлівае і не дазваляе працаваць, застаёмся ў школе, гуляем у баскетбол, валейбол. Васьмікласнікі вельмі любяць гэтыя гульні. У суботу і нядзелю дзеці таксама прыходзяць у атрад, але на работу мы не выязджаем”.

Для таго каб гэтым летам арганізаваць лагер працы і адпачынку, многа часу не спат­рэбілася. Па словах педагога, жадаючых запісацца ў “Пунсовыя ветразі” было дастаткова, таму каманда сабралася вельмі хутка.

“Дзеці ведаюць, што за 15 дзён работы атрымаюць грошы, якія змогуць патра­ціць на сябе, — гаворыць Любоў Юр’еўна. — Калі разважалі наконт таго, ці падабаецца ім такі спосаб арганізацыі часу, усе адказалі станоўча. Увогуле, лагер працы і адпачынку — гэта не толькі пра работу. Сумесная дзей­насць спрыяе пашырэнню камунікацыі паміж дзецьмі, а ў іх узросце гэта вельмі важна”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА