Ужо роўна месяц праляцеў з таго моманту, як у нашай краіне прайшло маштабнае мерапрыемства — нацыянальны чэмпіянат прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020. Яшчэ не ўлегліся эмоцыі, у памяці свежыя ўспаміны, хочацца яшчэ і яшчэ раз вяртацца да гэтай падзеі. Але жыццё закруцілася на новы віток, чэмпіянат прааналізаваны з усіх бакоў, падведзены вынікі выступленняў удзельнікаў, пачынаецца падрыхтоўка да міжнароднага чэмпіянату WorldSkills. Аб усім гэтым нашай газеце расказала Н.М.ШАЎЧЭНКА-САЎЛАКОВА, начальнік цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва РІПА, менеджар па развіцці руху WorldSkills у Беларусі.
— Наталля Міхайлаўна, нацыянальны чэмпіянат WorldSkills Belarus — 2020 ператварыўся ў грандыёзнае свята, пра якое яшчэ доўга будуць успамінаць яго ўдзельнікі і госці. Сёння рух WorldSkills можна назваць своеасаблівым брэндам у развіцці прафесійнай адукацыі нашай краіны. Раскажыце, калі ласка, наколькі ён вырас і ўзмужнеў у параўнанні з мінулымі гадамі.
— У рамках выканання дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” і еўрапейскага праекта “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі” адной з глабальных задач руху WorldSkills з’яўляецца павышэнне дасведчанасці маладых людзей аб прафесійнай адукацыі, узняцце яе іміджу, зацікаўленасці моладзі рабочымі прафесіямі, іх папулярызацыя ў грамадстве, павышэнне статусу рабочага чалавека і матываванага прафесійнага выбару школьнікамі. Таму сярод задач руху WorldSkills мы бачым далучэнне як мага большай колькасці навучальных устаноў прафесійнай адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый, навучэнцаў і маладых рабочых да ўдзелу ў гэтым руху. Мяркуючы па колькасці навучальных устаноў у рэгіёнах краіны, якія ўключыліся ў рух, па колькасці ўдзельнікаў адборачных тураў, можна ўпэўнена сказаць, што рух істотна пашырыў свае межы. І сёння няма ніводнай установы прафесійнай адукацыі, якая б прама ці ўскосна не прымала ўдзелу ў WorldSkills. Чым больш устаноў адукацыі ўключаецца на этапах пярвічных і рэгіянальных адбораў, тым больш істотна ўзрастае колькасць удзельнікаў WorldSkills у Беларусі, што і было пацверджана на сёлетнім рэспубліканскім конкурсе. 47 прафесійных кампетэнцый былі прадстаўлены на чэмпіянаце, у якіх спаборнічала 325 канкурсантаў, што прадстаўлялі ўсе ўзроўні адукацыі, пачынаючы ад прафесійна-тэхнічнай і заканчваючы вышэйшай. У іх ліку — 22 маладыя рабочыя, якія ў нядаўнім часе скончылі навучальныя ўстановы і сёння працуюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Акрамя таго, амаль 150 юніёраў — навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў — прынялі ўдзел у сёлетнім чэмпіянаце.
Па традыцыі мы ўключаем у нацыянальны чэмпіянат тыя кампетэнцыі, якія не ўваходзяць у лінейку міжнароднага чэмпіянату, але ў іх зацікаўлены сацыяльна-эканамічны комплекс нашай краіны. У ліку такіх кампетэнцый знаходзяцца “Аграномія”, “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын”, сфера адукацыі. Дарэчы, адукацыйная галіна была прадстаўлена ў руху WorldSkills у большай меры, чым раней, і на сёлетнім чэмпіянаце навучэнцы ўстаноў педагагічнага профілю выступілі ў дзвюх кампетэнцыях — “Дашкольная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя”. Сёлета Беларусь падтрымала ідэю міжнароднага руху WorldSkills International, і ў лінейку чэмпіянату былі ўключаны так званыя прафесіі будучыні. Мы ўпершыню выступілі ў спаборніцтве Future Skills на міжнародным чэмпіянаце ў Казані ў мінулым годзе. Прафесіі будучыні пакуль не так грунтоўна заяўляюць пра сябе на рынку працы, толькі-толькі ўваходзяць у нашу інавацыйную эканоміку, але, улічваючы іх значнасць, сёння вядзецца апераджальная падрыхтоўка па перспектыўных напрамках. На гэтым чэмпіянаце былі прадстаўлены кампетэнцыі будучыні, сярод якіх — “Тэхналогія праектавання збудаванняў (БІМ)”, “Прамысловы дызайн”, “Полімеханіка і аўтаматызацыя”, “Распрацоўка мабільных дадаткаў”. Гэта тыя кампетэнцыі, якія сёння знаходзяцца на піку развіцця інавацыйных тэхналогій.
— Як вам падалася новая пляцоўка чэмпіянату?
— Упершыню чэмпіянат прайшоў на велізарных плошчах гандлёва-выставачнага цэнтра Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. Хто наведваў чэмпіянат, той адразу адчуў маштабнасць мерапрыемства і ў той жа час камфортную атмасферу без мітусні і залішняй скампанаванасці. Было добра відаць самі пляцоўкі па ўсіх кампетэнцыях, кожнага ўдзельніка, у дэталях можна было разгледзець, як ён выконвае заданне. Як потым расказвалі канкурсанты, такое прасторнае асяроддзе спрыяла раскамплексаванасці, зніжала хваляванне, падтрымка балельшчыкаў мацавала байцоўскі дух. На чэмпіянаце можна было ўбачыць шмат школьнікаў, іх бацькоў, педагогаў навучальных устаноў, якія з цікавасцю назіралі за ўдзельнікамі спаборніцтва, за кожным іх рухам пры выкананні задання, знаёміліся з новымі прафесіямі. Экскурсіі па пляцоўцы конкурсу праводзілі валанцёры з валанцёрскага цэнтра студэнцкай вёскі, студэнты нашых УВА, што яшчэ раз пацвердзіла пераемнасць усіх узроўняў адукацыі.
— Наталля Міхайлаўна, з улікам рэалій наколькі сёлета на чэмпіянаце быў прыменены дыстанцыйны фармат?
— Раней на чэмпіянаце дыстанцыйна мы праводзілі спаборніцтва толькі па кампетэнцыях “Кузаўны рамонт” і “Хлебапячэнне”. Гэтым разам па вядомых прычынах мы больш шырока выкарыстоўвалі такі фармат. Згодна з рэкамендацыямі WorldSkills International, мы апрабавалі дыстанцыйны фармат у час правядзення спаборніцтва ў некалькіх кампетэнцыях: “Фларыстыка”, “Хлебапячэнне”, “Інфармацыйна-кабельныя сеткі”, “Кузаўны рамонт”. Таксама ў напрамку Inclusive Skills дыстанцыйна выступалі канкурсанты з асаблівасцямі развіцця па прафесійнай кампетэнцыі “Графічны дызайн”. Конкурсныя заданні яны выконвалі дома. Тыя інфармацыйныя тэхналогіі, якія прымяняюцца пры дыстанцыйным рэжыме, дазваляюць у поўным маштабе раскрыць магчымасці канкурсантаў пры выкананні заданняў, а таксама паўнавартасна ацаніць іх выкананне. Заўважу, што колькасць канкурсантаў з асаблівасцямі развіцця значна павялічылася на гэтым чэмпіянаце. Усе яны праявілі актыўнасць, захопленасць, камунікатыўнасць і высокае прафесійнае майстэрства.
Гаворачы пра дыстанцыйны фармат, адзначу, што мы яго прымянялі пры арганізацыі яшчэ аднаго мерапрыемства. На працягу ліпеня — верасня беларускія канкурсанты і эксперты ўдзельнічалі ў дыстанцыйным трэнінгу разам з камандамі Расіі і іншых краін. Ініцыятыва належала прадстаўнікам WorldSkills Russia, якія арганізавалі ў дыстанцыйным фармаце Skill Camp (летні лагер). На першым этапе міжнародныя эксперты абмяркоўвалі прынцыпы пабудовы конкурсных заданняў, судзейства, а каманда канкурсантаў з Беларусі выступала па 11 кампетэнцыях. На другім этапе гэтага мерапрыемства канкурсанты трэніравалаліся ў выкананні конкурсных заданняў, разбіралі свае памылкі і прыёмы выканання конкурсных заданняў на рэальных прыкладах. На трэцім этапе нашы канкурсанты прынялі ўдзел у дыстанцыйным еўразійскім чэмпіянаце, дзе разам з імі выступалі каманды Расіі і Казахстана. У 4 кампетэнцыях наша каманда заваявала прызавыя месцы.
— Якія праекты сталі спадарожнікамі чэмпіянату? Хто ствараў атмасферу поспеху па-за межамі спаборніцтва?
— Такія праекты ўзніклі напярэдадні чэмпіянату, а потым уліліся ў адну плынь з рухам WorldSkills Belarus. Упершыню быў праведзены ProfiEnergy, які, безумоўна, замацуецца ў асяроддзі навучэнцаў на доўгі час і будзе радаваць удзельнікаў наступных чэмпіянатаў. Мэтай праекта стала згуртаванне навучэнцаў на прыкладзе супольнасці экспертаў WorldSkills. Яго ўдзельнікі аб’яднаны адной ідэяй — ствараць станоўчы імідж сістэмы прафесійнай адукацыі, расказваць пра сваю навучальную ўстанову, педагогаў, равеснікаў, сваю прафесію, пра падрыхтоўку да конкурсу праз фотаздымкі, відэаролікі, стрымы і сторысы ў інтэрнэце. Такім чынам, новыя формы ІТ дазволілі наладзіць зносіны паміж канкурсантамі па-за конкурснай пляцоўкай яшчэ задоўга да пачатку чэмпіянату. У далейшым віртуальнае знаёмства моладзі плаўна перацякло ў рэальнае на самім чэмпіянаце, у маладзёжным лагеры “Зубраня”, дзе пражывалі канкурсанты. Лепшыя, самыя крэатыўныя работы ўдзельнікаў ProfiEnergy ўпрыгожылі пляцоўку чэмпіянату і маладзёжнага лагера. Арганізаваныя там выхаваўчыя і забаўляльныя мерапрыемствы, прадстаўленне намінацый праекта не толькі стваралі камфортную, добразычлівую атмасферу, але і фарміравалі навучэнскае супольніцтва. Самых актыўных удзельнікаў праекта ўзнагародзілі дыпломамі і падарункамі. Нашы канкурсанты не толькі могуць шыць, варыць, працаваць на станках рознай мадыфікацыі, будаваць, быць цырульнікамі і мастакамі, але і выдатна спяваюць, танцуюць, пішуць вершы, што было яскрава прадэманстравана ў час правядзення гэтага мерапрыемства. На фоне руху WorldSkills Belarus мы ствараем своеасаблівую атмасферу, тую незвычайную аўру, дзе аб’ядноўваюцца творчыя, крэатыўныя, няўрымслівыя маладыя людзі.
— Як праявілі сябе на конкурсе маладыя спецыялісты?
— Ва ўжо названай кампетэнцыі “Тэхналогія праектавання збудаванняў (БІМ)” сярод канкурсантаў было шмат маладых спецыялістаў. Прадпрыемствы і арганізацыі прадстаўляюць на чэмпіянаце свае кадры ў высокатэхналагічных напрамках і тым самым пацвярджаюць сваю зацікаўленасць у падрыхтоўцы кадраў, выступаюць у ролі работадаўцаў для вытворчасці з інавацыйнымі тэхналогіямі. Конкурс наведалі прадстаўнікі галіновых міністэрстваў і ведамстваў, у тым ліку тых, што ўваходзяць у склад рэспубліканскага аргкамітэта, а гэта міністэрствы прамысловасці, транспарту, канцэрны “Беллегпрам”, “Белхарчпрам” і інш. Усе яны — нашы сацыяльныя партнёры, дапамагаюць сістэме прафесійнай адукацыі ў аснашчэнні вучэбна-матэрыяльнай базы, у закупцы абсталявання, матэрыялаў, інструментаў, прадастаўляюць свае вытворчыя пляцоўкі для прафесійнай падрыхтоўкі канкурсантаў.
Калі прадоўжыць размову пра кампетэнцыю “Тэхналогія праектавання збудаванняў (БІМ)”, то яна стала пацвярджэннем таго, што такія тэхналогіі выступаюць у ролі крытэрыю ацэнкі прафесіяналізму спецыялістаў. Калі мы пачыналі падрыхтоўку па гэтай кампетэнцыі і планавалі на чэмпіянаце прадставіць яе ў якасці дэманстрацыйнай, а потым анансаваць яе за кошт 2—3 каманд, то атрымалася, што ажно 7 каманд выказалі жаданне паўдзельнічаць у саміх спаборніцтвах, і ў рэшце рэшт кампетэнцыя стала дзеючай.
З кожным годам становіцца шмат маладых рабочых і спецыялістаў, былых удзельнікаў WorldSkills, якія цяпер выступаюць у ролі экспертаў. Гэта адзін з паказчыкаў значнасці WorldSkills у развіцці прафесійнага майстэрства, дэманстрацыі прафесійнага росту ўдзельнікаў гэтага руху. Напрыклад, па кампетэнцыі “Электроніка” ўсе былыя канкурсанты мінулых сезонаў у складзе экспертнай групы рыхтавалі змест задання па гэтай кампетэнцыі і на працягу ўсяго перадконкурснага перыяду яго ўдзельнікаў і экспертаў. І такая тэндэнцыя перадачы эстафеты назіраецца па многіх кампетэнцыях.
— Наталля Міхайлаўна, якой была дзелавая праграма пад эгідай чэмпіянату?
— Дзелавая праграма была прадстаўлена двума мерапрыемствамі — гэта круглы стол, дзе прысутнічалі супрацоўнікі РІПА, сацыяльныя партнёры, у асноўным прадстаўнікі арганізацый — рэзідэнтаў Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. На круглым стале асноўнай тэмай стала абмеркаванне падрыхтоўкі кадраў для інавацыйных вытворчасцей. Таксама быў праведзены вэбінар, у ходзе якога з пляцовак рэспубліканскага конкурсу ў анлайн-фармаце для нашых партнёраў з іншых краін трансліраваўся наш вопыт правядзення і арганізацыі чэмпіянату. Была дадзена высокая ацэнка руху WorldSkills у нашай краіне і з боку прадстаўніцтва WorldSkills International, што дае нам добры стымул для далейшай работы.
— Якія ўражанні засталіся ад выступлення канкурсантаў?
— На сёлетнім чэмпіянаце мы былі прыемна ўражаны, наколькі падраслі нашы канкурсанты і тыя навучальныя ўстановы, якія іх рыхтавалі. Мы ўбачылі высокаматываваных удзельнікаў, творчых, ініцыятыўных, удумлівых навучэнцаў, для якіх спаборніцтва WorldSkills — пляцоўка, дзе можна сябе праявіць і зарэкамендаваць для далейшай прафесійнай кар’еры, убачыць іншыя гарызонты, быць настойлівым, мэтанакіраваным, зацікаўленым у тым, каб стаць прафесіяналам. У большасці кампетэнцый канкурсанты ішлі нага ў нагу, разрыў у балах складаў амаль сотую долю. У многіх кампетэнцыях эксперты былі прыемна ўражаны тэмпам і якасцю зробленых вырабаў. Былі і такія кампетэнцыі, дзе лідары істотна адарваліся ад асноўнай колькасці ўдзельнікаў. І мы будзем рабіць адпаведныя высновы. Увогуле для нас паказчыкі чэмпіянату — яскравы зрэз прафесійнага ўзроўню навучэнцаў. Нам бачна, дзе трэба яшчэ паднаціснуць, узмацніць падрыхтоўку, задзейнічаць новыя формы і метады работы. Пасля чэмпіянату мы скрупулёзна аналізуем вынікі конкурсу на нарадах, сустрэчах з экспертамі, выкладчыкамі і майстрамі вытворчага навучання, уносім у змест прафесійнай адукацыі змяненні з улікам міжнародных стандартаў, новых тэхналогій, праводзім павышэнне кваліфікацыі складу педагогаў. Як і ў мінулых сезонах, некаторыя кампетэнцыі знойдуць адлюстраванне ў новых прафесіях, якія будуць уключацца ў пералік прафесійнай падрыхтоўкі ва ўстановах адукацыі. Мы вельмі спадзяёмся, што парасткі тых прафесій, якія былі заяўлены ў праекце Future Skills і ўпершыню былі прэзентаваны на беларускім чэмпіянаце, прарастуць у сістэме падрыхтоўкі кадраў нашай краіны.
— Наталля Міхайлаўна, якія планы ў вас на будучыню?
— У кастрычніку адбудзецца Генеральная асамблея WorldSkills International у фармаце відэаканферэнцыі, на якой будуць прыняты магчымыя змяненні ў арганізацыі і правядзенні міжнародных чэмпіянатаў, у правілах спаборніцтва, зацвердзіцца пералік прафесійных кампетэнцый, якія будуць прадстаўлены на міжнародным чэмпіянаце ў Шанхаі-2021. Тэхнічныя дэлегаты гэтага руху, іншыя афіцыйныя прадстаўнікі будуць абмяркоўваць стратэгічныя пытанні развіцця WorldSkills і падрыхтоўкі да новага спаборніцтва. 22 верасня наша краіна прайшла папярэднюю рэгістрацыю да ўдзелу ў шанхайскім чэмпіянаце (звычайна яна праходзіць за год да пачатку чэмпіянату). Мы прадставілі спіс з больш чым 30 кампетэнцый, а ўжо апошні варыянт пададзім вясной. Цяпер будзе пачынацца падрыхтоўка патэнцыяльных удзельнікаў нацыянальнай зборнай з ліку прызёраў сёлетняга чэмпіянату. Усе яны ўвайшлі ў фонд падтрымкі адоранай моладзі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Плануем да канца года канчаткова сфарміраваць склад нацыянальнай зборнай для ўдзелу ў міжнародным чэмпіянаце. Пасля гэтага пачнецца напружаная падрыхтоўка канкурсантаў. Еўрапейскі праект “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі” прадаставіў магчымасць канкурсантам міжнародых чэмпіянатаў стаць удзельнікамі сацыяльнай рэкламы, прысвечанай прафесійнай адукацыі. На білбордах праз асоб — удзельнікаў WorldSkills будуць прадстаўлены поспехі нашай сістэмы прафесійнай адукацыі, і такім чынам будзе весціся прафарыентацыя і папулярызацыя рабочых прафесій і самога спаборніцтва WorldSkills.
Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.