Днямі на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта адбылася цырымонія закрыцця Года адукацыі Беларусі ў Кітаі. Мерапрыемства стала лагічным завяршэннем стартавай цырымоніі, якая адбылася год назад у Даляньскім універсітэце і пашырыла межы беларуска-кітайскага дыялогу ў галіне.
— Мы ўспрымаем Год беларускай адукацыі ў Кітаі не як разавае мерапрыемства, пра якое забудуць пасля правядзення, не як кропку. Гэта рэалізацыя сур’ёзных дамоўленасцей, новыя планы. Пакуль рана падагульняць: вынікі будуць прамежкавымі. Таму нашы ўзаемаадносіны, хутчэй, шматкроп’е, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Карпенка. — Каля 400 дагавораў паміж беларускімі і кітайскімі ўніверсітэтамі, сумесная падрыхтоўка па шэрагу спецыяльнасцей з выдачай двайных дыпломаў, сумесныя адукацыйныя структуры. У Кітаі функцыянуюць 11 цэнтраў беларускай мовы і культуры (калег таксама цікавяць нацыянальныя танцы, фальклор, спевы), здзейснена каля 70 візітаў двух бакоў. Усё гэта толькі некаторыя штрыхі беларуска-кітайскага дыялогу ў галіне адукацыі.
Ігар Карпенка заўважыў, што сёння завяршаецца падрыхтоўка да адкрыцця Інстытута Канфуцыя на базе Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Вядзецца таксама рэарганізацыя ў падобную ўстанову класа Канфуцыя, які дзейнічае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Міністр расказаў аб заключным этапе падрыхтоўкі падручніка беларускай мовы для кітайскіх студэнтаў (пытанне курыруе Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя). Не засталіся па-за ўвагай дасягненні ў культурнай сферы: па выніках конкурсу мастацкіх перакладаў з кітайскай мовы “Люстэрка слоў”, арганізаванага БДУ, лепшыя з іх — беларускія версіі твораў кітайскіх творцаў Ду Фу, Ван Вэя, Чжу Цзыціна — былі апублікаваны. У межах падзеі Падзяку Міністэрства адукацыі з рук міністра атрымалі рэктар МДЛУ Наталля Баранава, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка, дырэктар класа Канфуцыя БДУФК з беларускага боку Наталля Касцеева, дацэнт кафедры харавога і вакальнага мастацтва БДУКМ Ганна Нячай і дэкан факультэта кітайскай мовы і культуры МДЛУ Сяргей Алейнік. Таксама Ігар Карпенка ўручыў памятныя пано паслу Рэспублікі Беларусь у Кітаі Кірылу Рудаму і паслу КНР у Беларусі Цуй Цыміну. Цырымонія завяршылася святочным канцэртам, падрыхтаваным беларускай і кітайскай моладдзю.
— Падводзячы вынікі ініцыятывы, якая зараз жамчужына ўзаемадзеяння ў галіне адукацыі, мы можам сказаць, што рашэнне яе ажыццяўляць было, без сумненняў, правільным, і інтэнсіўнасць руху насустрач адно аднаму ў адукацыйнай сферы дасягнула небывалых вышынь, — рэзюмаваў міністр адукацыі. — У Беларусі цэняць сяброўства і павагу, якія звязваюць нашы народы. Менавіта таму побач са стварэннем умоў для далейшага супрацоўніцтва і ўзмацнення адносін адной са значных мэт для нас з’яўляецца жаданне па-новаму адкрыць для сябе Кітай, а новую Беларусь паказаць Кітаю.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.