Музыка… Чараўнiцтва, якое ёсць у свеце. Цуд, без якога нельга ўявiць жыцця. Музыка гучыць, калі нам радасна і бесклапотна, але таксама падзяляе з намi хвiлiны роспачы i смутку, суцяшае i падтрымлiвае.
Той, хто займаўся музыкай прафесiйна, спасцігаў асновы музычнага майстэрства, ведае, што, якім бы прывабным ні было выкананне, чараўніцтва на сцэне патрабуе вялікай працы, стараннасці і працавітасці. I гэта ўжо іншая, вялікая гісторыя ахвярнасці дзеля мастацтва.
Але ўсё пачынаецца з малога: з першага ўрока, які камусьці можа даць мацi, а хтосьці атрымае яго на занятках у музычнай школе. У месцы, дзе хлопчыкi i дзяўчынкі спасцігаюць вялiкае мастацтва, знаёмяцца з яго асновамі і правіламі, робяць першыя творчыя крокі. А потым — стосы нот па спецыяльнасці, заданнi па сальфеджыа, футарал скрыпкі, штодзённыя заняткі, рэпетыцыі, конкурсы i выступленнi, стомленасць — i гордасць у вачах бацькоў, якія сачылі за кожным тваім маленькім крокам, а цяпер бачаць цябе на вялікай сцэне. І ўсё гэта становіцца неад’емнай часткай жыцця на сем ці нават больш гадоў.
Канечне, не ўсе могуць вытрымаць такi няпросты рытм жыцця, бо пасля вучобы ў агульнаадукацыйнай школе дзяцей зноў чакае праца. І адбываецца цуд: праз некалькі хвілін распяванняў або разыгрыванняў стомленасць адыходзіць на другі план, дрэнныя адзнакі і непадрыхтаваныя ўрокі забываюцца, наступаюць хвіліны творчасцi і натхнення — гучыць музыка. Вядома, у гэтым працэсе вучням заўсёды дапамагаюць іх настаўнікі. Яны, як капітаны, вядуць карабель у адкрытае мора — мора творчасці і выдатных музычных твораў.
Заўсёды чакае на заняткi сваіх вучняў Ірына Мілічэнка, настаўніца спеваў дзіцячай школы мастацтваў № 1 Мінска. Ірына Іванаўна таксама і кіраўнік узорнага аматарскага хору “Ветрык”. Калектыў часта выступае на школьных мерапрыемствах, прымае ўдзел у гарадскіх і рэспубліканскіх канцэртах.
Так, у пачатку года “Ветрык” у складзе хораў сталіцы выступіў у Палацы Рэспублікi. Гэта быў вельмі хвалюючы, але такі каштоўны, цiкавы і натхняльны вопыт. Такія падзеі запамінаюцца надоўга і становяцца стымулам для далейшых творчых перамог. Безумоўна, поспехі патрабуюць штодзённай працы, аддачы дзяцей і падтрымкі і дапамогі з боку бацькоў. Усё гэта ў калектыве ёсць.
Без музыкі не праходзіць ні дня. А некаторыя з нас прыходзяць на сустрэчу з музыкай у канцэртную залу, жадаючы ацанiць усю веліч і прыгажосць вялiкага мастацтва, наблізіцца да натхнення і магіі.
Сваю гісторыю “Ветрык” пачаў у 1982 годзе. Першым кіраўніком калектыву была Вера Іванаўна Дабравольская. У 1999 годзе хор атрымаў званне ўзорнага і чатыры разы пацвярджаў і яго, і высокі прафесійны ўзровень. Сёння рэпертуар “Ветрыку” ўключае творы розных жанраў, стыляў і эпох: ад Баха да сучасных кампазітараў. Асаблівае месца ў праграмах займае музыка беларускіх аўтараў, творы, прысвечаныя трагедыі беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сачыненнi, накіраваныя на выхаванне патрыятызму ў падрастаючага пакалення. Усе выступленнi “Ветрыку” пакідаюць моцнае ўражанне і выклікаюць жаданне слухаць і слухаць. Часам здаецца амаль нерэальным, што такія складаныя i дарослыя творы выконваюць юныя спевакі. Выконваюць з такім разуменнем матэрыялу і пранікненнем у сутнасць музыкi i паэзii… У гэтым, бясспрэчна, вялікая заслуга кіраўніка калектыву Ірыны Мілічэнка з яе працавітасцю, прафесіяналізмам і вялікай любоўю да сваёй справы.
Свае першыя крокі ў музыцы Ірына Іванаўна ўспамінае з цеплынёй і любоўю: “Першым настаўнікам музыкі для мяне быў бацька: ваенны дырыжор, служыў у вайсковай часці, выступаў з салдатамі. Я спявала з дзяцінства. Аднойчы заслужаны артыст Беларусі Барыс Іпалітавіч Райскі, пачуўшы мае спевы, прапанаваў паўдзельнічаць у здымках на тэлебачаннi, выступiць з аркестрам. І ў гадоў пяць я выканала песні “Конік” і “Блакітны вагон”. Пасля гэтага ўдзельнічала ў дзіцяча-юнацкім конкурсе “Чырвоныя гваздзiкі”, на якiм стала дыпламанткай. Мне прапанавалі паступіць у каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка. Паспрабавала — i паступіла. У каледжы пад кіраўніцтвам любімай выкладчыцы Галіны Цітовай рабіла першыя крокі ў прафесіі. Мы, навучэнцы, любілі Галіну Рыгораўну, стараліся быць падобнымі да яе. Пасля заканчэння каледжа паступіла ва ўніверсітэт культуры. На маім жыццёвым шляху сустракаліся добрыя выкладчыкі: Валянціна Пятроўна Маеўская, Яўген Мікалаевіч Рэўтовіч, Альбiна Васільеўна Пякуцька, Уладзімір Аляксеевіч Сінельнік. Было вельмі цікава і каштоўна вучыцца ў іх, браць ад кожнага нешта сваё. Мы палюбілі прафесію”.
Ірына Іванаўна Мілічэнка з актыўнай удзельніцай хору Дар’яй Стэльмах рыхтуюцца да адказнага выступлення на радыё
Ірына Іванаўна адзначае: нягледзячы на тое, што не ўсе выхаванцы хору і выпускнікі музычных школ у далейшым зробяць музыку сваёй прафесіяй, заняткі мастацтвам пашыраюць кругагляд, узбагачаюць душу і выхоўваюць пачуцці. А сумесныя ўрокі, зносіны з аднагодкамі, цікавыя мерапрыемствы, паездкі, перамогi будуць успамінацца з вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю. Многiя падчас вучобы набудуць сяброў і аднадумцаў, з якімі далей будуць ісці па жыцці.
Без сумненняў можна сказаць, што Ірына Іванаўна ўлюбляе ў музыку і спевы сваіх вучняў гэтак жа, як яе калісьці натхнялi выдатныя настаўнікi. А гэта і ёсць прызванне педагога. Жадаем узорнаму хору “Ветрык” і яго кіраўніку прыгожай музыкi, новых творчых адкрыццяў, любові да мастацтва і адкрытых сэрцаў слухачоў!
Таццяна ПЛЮШЧАЙ,
канцэртмайстар і настаўніца
па класе фартэпіяна дзіцячай школы мастацтваў № 1 Мінска