Надзея ШВЕД, намеснік начальніка ўпраўлення метадалогіі абароны персанальных даных Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт.
Прыводзім тыповыя парушэнні Закона аб абароне персанальных даных пры выбары прававой падставы апрацоўкі (на прыкладзе згоды).
Згода суб’екта персанальных даных уяўляе сабой самастойную прававую падставу апрацоўкі персанальных даных, аднак не з’яўляецца ўніверсальнай ці абавязковай умовай для апрацоўкі персанальных даных. Апрацоўка персанальных даных ажыццяўляецца без згоды суб’екта персанальных даных у выпадках, прадугледжаных артыкуламі 6 і 8 Закона Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2021 г. № 99-З “Аб абароне персанальных даных” (далей — Закон). Такім чынам, Закон прадугледжвае значную колькасць выпадкаў, калі згода суб’екта персанальных даных не патрабуецца.
Аналіз правапрымяняльнай практыкі, зваротаў, якія паступаюць у Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных, выбарачны маніторынг сайтаў устаноў адукацыі паказалі, што ва ўстановах адукацыі існуюць сур’ёзныя праблемы, звязаныя з выбарам прававой падставы для апрацоўкі персанальных даных для тых ці іншых мэт. Пры гэтым аналіз форм згоды, напрыклад, аднаго з бацькоў (законнага прадстаўніка) на апрацоўку персанальных даных непаўналетняга, якія прапануюцца да падпісання ўстановамі адукацыі, паказаў, што прававая падстава не адпавядае патрабаванням Закона ні па форме, ні па змесце.
У большасці выпадкаў пытанні, звязаныя з арганізацыяй навучання, забеспячэннем адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў і дзейнасцю яго ўдзельнікаў, урэгуляваны ў Кодэксе аб адукацыі і прынятых на яго падставе іншых нарматыўных прававых актах. Таму апрацоўка персанальных даных у такіх выпадках будзе ажыццяўляцца на падставе абзаца 20-га артыкула 6 Закона або абзаца 17-га пункта 2 артыкула 8 Закона, і згода суб’екта персанальных даных (яго прадстаўнікоў) не патрабуецца.