Вынікі ХХХІ абласнога конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ школьнікаў падвялі ў Брэсце, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
— Спаборніцтва, у якім удзельнічалі 53 вучні 8—11-х класаў, праводзілася з мэтай павышэння цікавасці дзяцей да прыродазнаўчанавуковых прадметаў, далучэння іх да даследчай, эксперыментальнай і практычнай дзейнасці ў галіне біялогіі і экалогіі, выяўлення адораных школьнікаў і іх далейшага прафесійнага самавызначэння, — расказала метадыст аддзела экалагічнай работы Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Наталля Лысенка. — На конкурс прымаліся арыгінальныя даследаванні, тэматыка якіх тычылася вывучэння і захавання біялагічнай разнастайнасці, прыродных біяцэнозаў, вырашэння лакальных і рэгіянальных экалагічных праблем, распрацоўкі і ўкаранення перспектыўных біялагічных і экалагічных тэхналогій, а таксама актуальных праблем сучаснай біялогіі і экалогіі.
Школьнікі абаранялі работы ў 6 секцыях: «Эксперыментальная біялогія (лабараторны і палявы эксперымент)», «Экалогія раслін і біяіндыкацыя якасці прыроднага асяроддзя», «Экалогія жывёл і выкарыстанне рэсурсаў жывёльнага свету», «Аграэкалогія і захаванне глебавых рэсурсаў», «Экалогія ўрбанізаваных тэрыторый і зялёная эканоміка, устойлівае развіццё і рацыянальнае прыродакарыстанне», «Водныя экасістэмы і рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў, паветранае асяроддзе і змяненне клімату».
Журы конкурсу з ліку выкладчыкаў БрДУ імя А.С. Пушкіна і БрДТУ, навуковых супрацоўнікаў Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі пры ацэньванні работ улічвала іх навуковасць, арыгінальнасць, навізну, практычную значнасць і інш.
Дыпломы І ступені атрымалі Канстанцін Жуковін з Высокаўскай сярэдняй школы імя Дняпроўскай флатыліі Пінскага раёна («Уплыў дыгестату і метанавага эфлюенту, атрыманых у біягазавым рэактары ЗАТ «Парахонскае БІЯГАЗ», на рост і ўраджайнасць садавіны і агародніны»), Яраслаў Рак з Вістыцкай сярэдняй школы Брэсцкага раёна («Краязнаўчы патэнцыял ландшафтнага заказніка мясцовага значэння «Бугскі»), Софія Жуковіч з сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М. Карбышава Брэста («Штучная асветленасць скрыжаванняў Брэста ў цёмны час сутак»), Дар’я Ігнатовіч з Навалышчыцкай сярэдняй школы Брэсцкага раёна («Атрыманне ядомых плёнак на аснове кампазіцый поліцукрыдаў і бялкоў і вывучэнне іх уласцівасцей»), Руслана Каласоўская з сярэдняй школы № 18 Баранавіч («Эколага-фаўністычны аналіз і зоагеаграфічная характарыстыка стракоз (Odonata) Баранавіч і Баранавіцкага раёна»), Хрысціна Акостка з Сямігосціцкай сярэдняй школы Столінскага раёна («Роля трансфармаваных вадаёмаў у захаванні і аднаўленні біялагічнай разнастайнасці пазваночных жывёл на землях сельскіх населеных пунктаў цэнтральнай часткі Прыпяцкага Палесся») і Таццяна Юрашкевіч з сярэдняй школы № 2 Лунінца («Ачыстка вады ад нітратаў прыроднымі сарбентамі цэаліт і шунгіт»).
Падводзячы вынікі конкурсу, дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Дзмітрый Гумянюк з радасцю адзначыў, што з году ў год якасць вучнёўскіх даследчых работ няўхільна павышаецца, а цікавасць школьнікаў да навуковых пошукаў у галіне біялогіі і экалогіі не зніжаецца. Пра гэта красамоўна сведчаць поспехі юных даследчыкаў Брэстчыны ў адпаведных спаборніцтвах рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўню.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара