Бібліятэкар гімназіі Шчучына Наталля Унукевіч імкнецца паказаць вучням, наколькі захапляльны свет кніг, і шукае свой шлях да кожнага дзіцячага сэрца. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Наталля Паўлаўна прыгадвае, як, будучы школьніцай, кожны перапынак спяшалася ў бібліятэку.
— Перапынкі тады былі карацейшымі, а чарга за кнігамі — велізарнай. За перапынак я часта нават не паспявала сказаць нашаму бібліятэкару з сярэдняй школы № 2 Шчучына, што хачу пачытаць: чарга да мяне не даходзіла. Сёння ўбачыць такую карціну — амаль фантастыка. Але дзяцей, якія цікавяцца літаратурай, хапае. Важна не страціць іх і прыцягнуць новых чытачоў, паказаць ім, якім захапляльным можа быць свет кніг. Як толькі дзіця пасля прачытання “сваёй” кнігі ўловіць гэтае адчуванне, літаратура яго больш не адпусціць, — упэўнена Наталля Унукевіч.
На класных гадзінах у малодшых школьнікаў і вучняў сярэдняга звяна яна часты госць. Бібліятэкар з радасцю распрацоўвае гульні і віктарыны, прыносіць на такія сустрэчы навінкі школьнай бібліятэкі. Насуперак папулярнаму меркаванню аб тым, што дзеці практычна перасталі чытаць штосьці па-за межамі школьнай праграмы, суразмоўніца запэўнівае:
— У нашых фондах ёсць кнігі, на якія фарміруецца чарга. Гэта, напрыклад, творы сучаснай пісьменніцы Каці Мацюшкінай, “Пра Веру і Анфісу” Эдуарда Успенскага і маляўнічыя энцыклапедыі. Заўсёды падтрымліваю моду на чытанне сярод дзяцей. A заканадаўцаў такой чытацкай моды стараюся зацікавіць чарговымі прапановамі. Па сарафанным радыё інфармацыя аб той ці іншай кнізе разлятаецца сярод аднагодкаў, і ў так званым топе апынаюцца новыя кнігі.
Асаблівая атмасфера
У бібліятэцы Наталля Паўлаўна імкнецца стварыць атмасферу, якая прывівае любоў да чытання. Гэта не толькі магчымасць пагартаць папулярныя кнігі з адкрытай паліцы. Тут заўсёды арганізаваны тэматычныя выставы, ёсць стэлаж з літаратурнымі каштоўнасцямі пад шклом.
— Рарытэтныя выданні Пушкіна, Шэкспіра 1940-х гадоў выпуску нібы гіперспасылка на гісторыю кнігі і сувязь напісанага з рознымі часавымі адрэзкамі, — тлумачыць цікавую задуму Наталля Паўлаўна.
Распрацавала яна і цікавы спосаб навігацыі ў свеце літаратуры. На асобным стэндзе — кішэнькі з надпісамі “Пра веру”, “Пра любоў”, “Пра надзею”, “Пра ўпэўненасць”, “Пра поспех”, “Пра сілу”.
У іх — падборкі кніг адпаведнай тэматыкі для школьнікаў 10—14 гадоў з невялікай анатацыяй і нават QR-кодам, які знаёміць з творам крыху падрабязней.
Наталля Паўлаўна пастаянна фарміруе і падборку ўспамінаў і цытат пісьменнікаў для бібліятэчнага дзённіка дня — невялікай фотарамкі з раздрукоўкамі цікавых думак:
— Бярэ вучань літаратуру па тэме ўрока і міжволі спыняецца позіркам на выбраных радках. Бывае, зацікавіцца асобай пісьменніка або творам, з якога гэтая цытата… Так і нараджаецца інтарэс. Вось, напрыклад, урывак з перапіскі Чэхава з яго братам. Наогул, тэксты асабістай перапіскі пісьменнікаў з сучаснікамі — мая асобная любоў. Тут можна многае адкрыць для сябе, нават калі ўпэўнены, што добра знаёмы з біяграфіяй пісьменніка.
Зацікавіць кнігай

Суразмоўніца пераканана, што галоўны спосаб зацікавіць чытаннем — дыялог з вучнем. Нярэдка гасцямі бібліятэкі становяцца дзеці, якія заглядваюць сюды, каб правесці час перад гурткамі пасля вучэбных заняткаў. Гэта Наталля Унукевіч успрымае як магчымасць даведацца пра дзіцячыя перавагі і падказаць юнаму чытачу кнігу, якая зробіць уражанне на яго.
— Быў у мяне ў мінулым годзе другакласнік, які ў перапынках паміж заняткамі і групай прадоўжанага дня прыходзіў пачытаць кнігу пра тое, як уладкаваны многія рэчы і з’явы ў нашым свеце. Для самастойнага чытання літаратура была не зусім па ўзросце хлопчыка, а дома аднадумцаў у яго не знайшлося. На працягу некалькіх месяцаў мы чыталі кнігу разам з ім і потым абмяркоўвалі, — успамінае Наталля Унукевіч.
Нярэдка такія знаёмствы з бібліятэкарам станавіліся заходным пунктам вялікай сумеснай работы. З адной з выпускніц гімназіі яны працавалі над праектам “Літаратурныя маршруты Беларусі”. Перагарталі нямала кніг, у якіх сустракаецца мастацкае апісанне беларускіх гарадоў. Распрацавалі інтэрактыўную карту краіны з актыўнымі спасылкамі на гарады, апісанне якіх знайшлі ў творах айчынных аўтараў. Пры навядзенні на метку ў такой інтэрактыўнай карце можна пачытаць урывак з твора са згадваннем першакрыніцы.
— Адабралі разам з дзесяцікласніцай больш за сотню кніг. На раённай навукова-практычнай канферэнцыі праект стаў дыпламантам ІІ ступені, — працягвае размову Наталля Паўлаўна.
Падручнікі яна выдае не на клас, а асабіста кожнаму гімназісту. А іх 390! Адна з прычын — пабудаваць дыялог і разгледзець захопленых чытаннем дзяцей.
Усё з той жа мэтай з вучнямі малодшых класаў на класных гадзінах Наталля Унукевіч гуляе ў літаратурныя лато і “Веру — не веру”, арганізоўвае мазгавыя штурмы, дзе дакладны адказ трэба даць на працягу некалькіх секунд. А яшчэ рыхтуе для дзяцей незвычайныя пазлы, дзе трэба скласці прадстаўленыя ў рэтраспектыве вядомыя будынкі роднага Шчучына.
Сучасны фармат
Не толькі фарматам літаратурнага інтэрактыву імкнецца захапіць вучняў Наталля Унукевіч. На працягу амаль дзесяці гадоў яна вядзе літаратурны блог. Першапачаткова давала ў ім парады бацькам, прапаноўвала падборку літаратуры для пазакласнага чытання, падказкі ў справе пошуку электронных падручнікаў і метадычных матэрыялаў для педагогаў. Пасля ў блогу ўсё часцей сталі з’яўляцца замалёўкі аб вядомых і не вельмі пісьменніках, агляды літаратурных навінак школьнай бібліятэкі. Надаць сучасную форму водзывам на кнігі нярэдка дапамагаюць навучэнцы гімназіі.
— Разам з васьмікласніцамі адзін час здымалі буктрэйлеры. Такія гісторыі публікавалі не толькі ў віртуальнай прасторы блога. Шукалі свайго гледача і ў гімназіі — ролікі трансліраваліся падчас класных гадзін. Не магу сказаць, што яны выклікалі вялікі ажыятаж, але калі пасля прагляду пацікавіцца кнігай прыходзіла хоць некалькі чалавек, гэта ўжо быў поспех ва ўмовах пастаяннай канкурэнцыі з гаджэтамі і лёгкадаступнай інфармацыяй, — гаворыць Наталля Унукевіч.
Быў у гісторыі з буктрэйлерам і нечаканы працяг. У гімназію аднойчы патэлефанавала беларуская пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая і падзякавала за ўдалую прэзентацыю свайго выдання.
— Геаграфія чытачоў нашага блога вельмі шырокая. Па каментарыях магу меркаваць, што праглядаюць яго нават за межамі Беларусі. І гэты факт дадае яму аўтарытэту сярод гімназістаў. Спасылка на блог заўсёды перад вачыма гасцей бібліятэкі. Прыемна, што аб такой форме прэзентацыі кніг расказваю дзецям усё радзей: многія даўно ведаюць пра блог, — адзначае Наталля Унукевіч.
Школьная перыёдыка і вопыт “першадрукароў”
Наталля Паўлаўна на працягу некалькіх гадоў з’яўлялася яшчэ і галоўным рэдактарам газеты “Гімназіст”, якую стварала разам з ініцыятыўнымі навучэнцамі сярэдняга звяна.
— Каб азнаёміць дзяцей з азамі журналістыкі, памятаю, і сама перачытала нямала літаратуры. З цікавасцю дзялілася з васьмікласніцамі тым, як працаваць з тэкстам, браць інтэрв’ю, ствараць дызайн газеты… Вынік работы — штомесячны выпуск газеты на 10 лістах — заўсёды радаваў і нас, і нашых чытачоў. Нават прыносіў пэўныя перамогі, дзякуючы якім удзельнікі творчай каманды з шасці чалавек ездзілі ў “Зубраня”. Але не гэта галоўнае. Стварэнне газеты, падрыхтоўка матэрыялаў для яе фарміруе ў дзяцей любоў да слова. Школьная газета — гэта не проста лісток паперы, гэта лабараторыя мыслення, кузня талентаў і масток у будучыню, — дзеліцца меркаваннем суразмоўніца.

Па дарозе ў бібліятэку немагчыма не заўважыць макет друкарскага станка.
— Ён заняў сваё месца ў гімназіі да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Настаўніца гісторыі і кіраўнік музея гімназіі Алена Лісоўская разам са святарамі раёна да значнай юбілейнай даты вырашыла ўвасобіць у жыццё ідэю стварэння такога тэматычнага інтэрактыву, — расказвае Наталля Паўлаўна.
Гэта не проста станок, а дакладная копія таго, на якім Францыск Скарына надрукаваў сваю першую Біблію, — сапраўдны цуд рамяства. Выкананы ў натуральную велічыню з дрэва, ён нібы жывая старонка мінулага.
Гімназісты даўно і з лёгкасцю авалодалі сакрэтамі старажытнага кнігадрукавання. Спрытна наносяць фарбу на аснову-адбітак, заціскаюць паперу пад прэсам, нібы чараўнікі часу. Каля дзесяці мінут неабходна для таго, каб нарадзілася адна старонка. Гэты інтэрактыў дапамагае адчуць каштоўнасць кнігі.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара





