Больш за 30 гадоў Анжэла Івановіч з задавальненнем адчыняе раніцай у гімназіі Ляхавіч дзверы бібліятэкі, дзе руплівымі рукамі яе гаспадыні створаны ўтульны кніжны свет, напоўнены прыгажосцю і гармоніяй. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Душ человеческих добрые лекари,
Чувств и поступков библиотекари…
Кто мы без вас? Заплутавшие в замети
Люди без завтра и люди без памяти.
Лев ОШАНИН.
Стаць бібліятэкарам, ды яшчэ школьным, Анжэла Тадэвушаўна не планавала. Але ні разу не пашкадавала пра свой выбар. Выпускніца тагачаснага Баранавіцкага педагагічнага каледжа працавала ў гімназіі спачатку настаўніцай малявання, потым важатай і бібліятэкарам, аддаўшы ўрэшце перавагу апошняй прафесіі. Пачынаць было цяжкавата, але ўсяму навучыла вопытная калега.

— На першы погляд, бібліятэчная справа здаецца сумнай і манатоннай, а таму не зусім цікавай, — гаворыць Анжэла Івановіч, якая з гэтым катэгарычна не згодна. — У гімназіі мяне акружаюць людзі, улюбёныя ў сваю прафесію не менш, чым я. Гэта вельмі натхняе, прыносіць вялікую радасць, прымушае не спыняцца на дасягнутым і пастаянна развівацца.
Анжэла Тадэвушаўна любіць усіх чытачоў — ад маленькіх да вялікіх, добра ведае іх інтарэсы і кожную кнігу ў бібліятэцы. Асабліва падабаецца жанчыне назіраць за дзецьмі збоку.
— Імкнуся да таго, каб бібліятэка стала сапраўднай аптэкай для душы, бо сюды прыходзяць не толькі па кнігу, але і па параду, дапамогу, — заўважае Анжэла Івановіч, якая параўноўвае выхаванне чытацкай культуры з вырошчваннем пшаніцы. — Дзіцячыя душы — вельмі ўрадлівая глеба. Нездарма кажуць: што пасееш, тое і пажнеш. Працуючы школьным бібліятэкарам, стараюся на лепшых літаратурных узорах абагачаць неакрэплыя душы дзяцей любоўю, міласэрнасцю і мужнасцю. Кнігі — найлепшыя дарадчыкі і памочнікі ў гэтай справе. Прыемна чуць ад наведвальнікаў: “Тут добра і ўтульна, мы абавязкова прыйдзем і заўтра”.
У сваёй рабоце бібліятэкар аддае перавагу тэматычным выставам-інсталяцыям (“Гісторыя гімназіі”, “У сэрцах і кнігах памяць пра вайну”, “Мужнасць. Адвага. Гонар. Доблесць”, “Я люблю Беларусь”), літаратурным гадзінам і гутаркам, тэатралізаваным чытанням і розным акцыям (“За мірны дом, за свет, дзе мы жывём”, “Кніжны свет праваслаўнай кнігі”).
Ствараць утульную і прыцягальную атмасферу ў бібліятэцы дапамагаюць шматлікія хатнія расліны, якія Анжэла Тадэвушаўна старанна даглядае і з якімі любіць пагаварыць. Але адной кніжніцы для гэтага ёй аказалася мала, таму бібліятэкар перанесла сваё захапленне і ў гімназічны двор. Тут жанчына адчувае сябе мастаком, які стварае разнастайныя карціны ў любую пару года.
— Кожнаму чалавеку патрабуюцца зносіны з прыродай, асабліва гарадскому жыхару, — лічыць Анжэла Івановіч. — Гэта робіць яго больш добрым, спакойным і радасным, развівае розум і фантазію, паляпшае здароўе і ўзнімае настрой. А пачаць можна са школьнага двара. Дзякуючы ведам, працы, фантазіі і часцінцы душы, навакольны свет становіцца лепшым. Канечне, навучыць іншых думаць не толькі пра сябе, але і пра яго — задача не з простых, але цалкам вырашальная пры ўмелым падыходзе.
Ужо з першымі вясеннімі промнямі сонца Анжэла Тадэвушаўна разам з педагогамі будуе планы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Сумесная праца дазваляе падлеткам адчуць сваю значнасць, далучыцца да важных і карысных спраў, парадавацца вынікам зробленага ўласнымі рукамі.
— Гімназія — наш агульны дом. Мы яго любім і хочам бачыць прыгожым. Можна цэлы дзень прысвяціць таму, каб разглядваць кветкі і захапляцца імі, асабліва ў цёплы сонечны дзень, — заўважае Анжэла Івановіч.
Нядзіўна, што на тэрыторыі гімназіі шмат кветнікаў. Тут і ружы, і лілеі, і касачы, і хрызантэмы, і півоні, і флёксы, і петуніі, і шыпшына… Не застаюцца без увагі і малыя архітэктурныя формы: альтанкі з падвеснымі кашпо, горка з машынкай, аркі з пляцістымі ружамі, а таксама рамантычны матылёк і маляўнічая эмблема ўстановы “У будучыню — разам”. Добра ўпісваюцца ў ландшафт два штучныя вадаёмы з дэкаратыўнымі элементамі і безліч хвойнікаў (лістоўніцы, туі, ядлоўцы, сосны, яліны), якія, дзякуючы спецыяльнай стрыжцы, штогод набываюць новыя формы.
Асаблівая гордасць — яблыневы сад. Вясной ён радуе пышным цвіценнем, а восенню — багатым ураджаем. Склалася добрая традыцыя чытаць у квітнеючым садзе вершы і спяваць.
На працягу многіх гадоў гімназія ўдзельнічае ў гарадскім аглядзе-конкурсе на лепшую ўстанову па добраўпарадкаванні і з’яўляецца яго нязменнай пераможцай. На рахунку гімназіі дыпломы рознай вартасці, атрыманыя па выніках раённых і абласных аглядаў-конкурсаў па навядзенні парадку і азеляненні школьных тэрыторый “Цудоўней стане Брэстчына мая”.
— Прыемна, калі людзям падабаецца тое, што робіш. Задавальненне ад атрыманых вынікаў прымушае працаваць лепш і прыносіць радасць людзям, — падагульняе Анжэла Івановіч.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота з архіва гімназіі








