У Цэнтры дзіцячай творчасці Лунінца не знайсці больш утульную майстэрню, чым кабінет педагога дадатковай адукацыі Наталлі Каховіч. Яго запаўняе сонечнымі блікамі самы цёплы матэрыял для творчасці — саломка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Наталля Каховіч упершыню ўзяла ў рукі саламяныя вырабы ў 25 гадоў (на той момант яна толькі атрымала першую адукацыю — сельскагаспадарчую). А прапанавала ёй паспрабаваць сябе ў саломапляценні яе мама, якая ў свой час скончыла інстытут культуры, але дачыненне да творчай сферы мела ўскоснае: усё жыццё працуе галоўным бухгалтарам у цэнтры рамёстваў Нароўлі. І тым самым жанчына змяніла прафесійны шлях дачкі.
— Нездарма Вольга Лабачэўская, доктар мастацтвазнаўства, культуролаг, этнолаг, напісала ў сваёй кнізе: “Калі ты хоць раз сагнеш у руках саломінкі, то назаўсёды станеш іх прыхільнікам”. Так атрымалася і ў мяне, а гэтая кніга стала маёй настольнай. Ужо праз паўгода мяне ўзялі на работу ў цэнтр рамёстваў метадыстам-майстрам у роднай Нароўлі. А калі ў 2005 годзе я пераехала ў Лунінец, адразу прыйшла ў цэнтр творчасці, каб займацца з дзецьмі саломапляценнем і аплікацыяй, — гаворыць Наталля Васільеўна.
Педагог выхавала ўжо сотні юных аматараў гэтага прыроднага матэрыялу. І тут яна мае свае прафесійныя сакрэты:
— Каб работа з саломкай была ў радасць, я прыкладаю вельмі шмат сіл. Нарыхтоўваць самы якасны матэрыял езджу да мамы пад Нароўлю. Калі дзеці толькі вучацца плесці, самае галоўнае для іх — сітуацыя поспеху. Я не берагу самую лепшую салому для конкурсных работ — мне куды важней аддаць яе навічкам. Калі першыя работы ў маленькага дзіцяці атрымаліся, то я дакладна ведаю, што яно палюбіць гэты матэрыял і не пакіне заняткаў да выпуску і нават пасля яго. Напрыклад, мае выпускнікі ўжо без маёй дапамогі ездзяць праводзіць уласныя майстар-класы на “Радавод” і вяртаюцца з конкурсаў з перамогамі. Сітуацыю поспеху важна стварыць, і падбіраючы ідэі саміх работ. Кожная з іх павінна быць дзіцяці па сілах. Вельмі складаны эскіз браць небяспечна — гэтая работа зацягнецца, дзіцяці стане сумна, і можа здарыцца, што дзіця яе кіне не скончыўшы.
Цікава, што большасць аматараў саломапляцення — хлопчыкі. Каб зацікавіць іх, педагог у дзень адкрытых дзвярэй дэманструе не толькі дзявочыя вырабы (кветкі, лялькі, абручы і г.д.), але і хлапчуковыя (куфэркі, шкатулкі, караблікі, абярэгі). Прывабліваюць дзяцей і аплікацыі арнаменту, буквіцы ў беларускай стылістыцы, вышыўка саломкай і традыцыйныя сувеніры ў беларускай каларыстыцы. Цяпер дзеці пад кіраўніцтвам свайго педагога асвойваюць самы аўтэнтычны від пляцення — спіральны (пучок саломы перавязваецца льнянымі ніткамі).
— Саломка не толькі дазваляе дзецям атрымаць эстэтычную асалоду, але і вучыць іх уседлівасці, развівае дробную маторыку. А гэта важна для пэўных прафесій, напрыклад, хірургаў. Акрамя таго, праз рамяство стараюся захапляць дзяцей нашай прыродай, культурай і ўласна саломкай. Гэта падаецца, што яна крохкая. Насамрэч з яе можна вузельчыкі вязаць і нават ёй вышываць. Я асвоіла многія матэрыялы ў творчасці (ад лазы да бяросты), але толькі салома так запала мне ў душу. І гэтаму матэрыялу я ніколі не здраджу, — прызнаецца Наталля Каховіч.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара