Праект па стварэнні на Віцебшчыне рэсурсных адукацыйных цэнтраў “Школы будучыні” працягвае планамерна пашырацца. У школах будучыні канцэнтруюцца перадавыя тэхналогіі, сучасныя сродкі навучання і найноўшае абсталяванне. Гэта цэнтры прасоўвання інавацый у адукацыі, развіцця талентаў і здольнасцей дзяцей. Разам з тым, па словах начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрыя Хомы, ключавым у вырашэнні пастаўленых перад сістэмай адукацыі задач застаецца чалавечы фактар. Педагагічныя калектывы атрымліваюць усю неабходную матэрыяльна-тэхнічную і вучэбна-метадычную падтрымку. Вобразна кажучы, кожнаму з іх даецца высокатэхналагічная “вудачка”, але ці ўдасца злавіць на яе “залатую рыбку”, залежыць ад саміх кіраўнікоў і настаўнікаў. Сёлета праект рэалізаваны ў браслаўскай сярэдняй школе № 2, у якую мы завіталі ў рамках прэс-туру.
Сустракаюць па вопратцы
Маштаб змяненняў можна ацаніць ужо на прышкольнай тэрыторыі. Радуюць вока тры новыя спартыўныя пляцоўкі: многафункцыянальная для гульні ў міні-футбол, баскетбол, стрыт-бол і валейбол, трэнажорная для спартсменаў з розным узроўнем падрыхтоўкі, пляцоўка для варкаўта — такія і ў сталіцы яшчэ трэба добра пашукаць. Не менш прывабна і сучасна выглядаюць размешчаныя непадалёк аўтагарадок па вывучэнні правіл дарожнага руху, мясцовы стадыён са штучным пакрыццём, зручныя і бяспечныя дзіцячыя пляцоўкі. Фактычна цяпер побач са школай раскінуўся вялікі развіццёва-спартыўны гарадок, ад якога ў захапленні не толькі навучэнцы і педагогі, але і мясцовыя жыхары, госці горада. Устаноўленая па перыметры вулічнага комплексу сістэма відэаназірання сярод наведвальнікаў даволі часта фіксуе спецыялістаў аддзела па адукацыі райвыканкама, што знаходзіцца ў крокавай даступнасці ад школы. У вольны ад работы час яны ўласным прыкладам пацвярджаюць: спорту і здароваму ладу жыцця ўсе ўзросты і пасады пакорныя.
— У Браславе гэта цяпер ці не самае папулярнае месца, людзей сюды як магнітам прыцягвае, — адзначае дырэктар установы адукацыі Анатоль Невярковіч. — На працягу дня і ўвечары ў нас звіняць дзіцячыя галасы. Пасля вучэбных заняткаў пляцоўкі запатрабаваны групамі прадоўжанага дня, якія наведваюць амаль 150 нашых навучэнцаў. У шосты школьны дзень, па нядзелях тут калі не трэніроўка, то спаборніцтва, спартыўнае свята. Прыходзяць на пляцоўкі сем’ямі, групамі сяброў.
Пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй да непазнавальнасці змяніўся школьны будынак. Ад старога, узведзенага ў 1986 годзе, засталіся хіба што сцены (ды і тыя адрамантавалі, пафарбавалі) і асобныя, найбольш удалыя элементы афармлення. Новыя і сучасныя дах, фасад, інжынерна-тэхнічныя камунікацыі, мэбля, абсталяванне — поўны пералік абнаўленняў велізарны. Калектыў пад кіраўніцтвам Анатоля Вадзімавіча немалы: 533 навучэнцы і 50 педагогаў, а таксама тэхнічны персанал. Немалая і школьная гаспадарка, якая, між іншым, уключае сад і агарод у вёсцы Урбаны. У мінулым годзе тут сабралі рэкордны ўраджай — 6 тон яблыкаў, якія загрузілі на захоўванне, і да сакавіка ў школьным меню была свежая садавіна. Агарод забяспечвае сталовую ўстановы адукацыі морквай, буракамі і цыбуляй. Колькі слоў пра харчаванне: пра асобнае за кошт бюджэту і з аплатай ніколі размовы не ішло, меню адзінае. Больш за тое, па заяўках бацькоў арганізавана двухразовае гарачае харчаванне, а для тых, хто застаецца ў групах прадоўжанага дня, трохразовае. Сапраўдным падарункам для работнікаў сталовай і ўсёй школы стала новае абсталяванне з параканвектаматам і сучаснымі плітамі. Вяртаючыся да вітаміннага царства: яго даглядаюць навучэнцы разам з настаўнікамі. Дарэчы, з гэтага навучальнага года ў школе адкрыты аграклас. Тое, што яе гаспадары шануюць біялогію з экалогіяй, бачна адразу. Кабінеты, калідоры і фае ўпрыгожваюць разнастайныя хатнія расліны. Эколага-метадычны кабінет больш правільна называць аранжарэяй: на параўнальна малой плошчы выдатна сябе адчуваюць некалькі дзясяткаў відаў раслін, нават экзатычны інжыр тут расце. Квітнеючая зялёная раскоша — плён калектыўнай працы. Асабліва пашчыравалі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Струкава і яе вучні.
Галоўнае багацце школы
Канечне, найперш гэта людзі і іх справы. На жаль, пра ўсё ў адной публікацыі расказаць немагчыма, таму спынюся на некалькіх яскравых прыкладах. Паколькі вышэй распачалі гаворку пра эколага-біялагічны напрамак, нельга не згадаць пра дзвюх выдатных настаўніц біялогіі — Тэрэсу Міцкевіч і Ірыну Канопліч. Вучні Тэрэсы Баляславаўны — актыўныя ўдзельнікі, неаднаразовыя пераможцы і прызёры раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў экалагічных праектаў. Ірына Францаўна кіруе работай школьнага лясніцтва “Лясная акадэмія”, каардынуе супрацоўніцтва ўстановы адукацыі з Нацыянальным паркам “Браслаўскія азёры”. У распараджэнні школьнага лясніцтва 280 гектараў лесу. Педагогі разам з вучнёўскім актывам стварылі праект экалагічнай сцежкі ў Рацкім бары (зараз пачалі яе абсталёўваць), вывучаюць арэалы вырастання рэдкіх раслін і чырванакніжнікаў, працуюць у гадавальніку, удзельнічаюць ва ўсіх экалагічных акцыях, па суботах на школьным аўтобусе выязджаюць на даследаванні і ачыстку лесу. У планах — набыццё і ўстаноўка метэастанцыі, праект па ландшафтным дызайне (афармленне прышкольнай тэрыторыі), стварэнне фітазоны з лекавымі і карыснымі раслінамі, ІТ-праект па экаманіторынгу. Біялогія ў школе — адзін з профільных прадметаў. Акрамя таго, на павышаным узроўні ў старшых класах вывучаюць матэматыку, хімію, грамадазнаўства, англійскую мову, гісторыю Беларусі.
Яшчэ адно масавае захапленне — ІТ. Безумоўна, гэтаму садзейнічае сур’ёзнае тэхнічнае забеспячэнне. На першым паверсе замест прывычных насценных інфармацыйных стэндаў устаноўлены ад зін электронны: тут змешчана актуальная для навучэнцаў і іх бацькоў інфармацыя, якая пастаянна абнаўляецца і папаўняецца. Акрамя ўласных сайтаў, установа адукацыі мае сваю старонку ў сацыяльных сетках; асобныя старонкі ёсць у настаўнікаў-прадметнікаў і школьных аб’яднанняў па розных напрамках дзейнасці — напрыклад, у піянерскай дружыны імя Зінаіды Партновай, валанцёраў, пярвічкі БРСМ, класаў МНС, клуба юных алімпійцаў. Выкарыстанне інтэрактыўных вучэбных комплексаў, мультымедыйнай тэхнікі, электронных мікраскопаў, камп’ютараў, сучаснага лінгафоннага абсталявання, запаўненне электронных журналаў у рэжыме анлайн, пункты доступу ў інтэрнэт па ўсёй школе — штодзённая вучэбная практыка. Адных толькі мультыбордаў у адукацыйным працэсе задзейнічана адзінаццаць. Асновы праграмавання і канструявання аўтаматызаваных камп’ютарных сістэм дзеці вывучаюць пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі Уладзіміра Скіндзерскага. Педагог супрацоўнічае з Паркам высокіх тэхналогій, яго вучні радуюць поспехамі. Так, летась васьмікласнік Андрэй Чыкалка прадэманстраваў пяты вынік сярод 500 удзельнікаў Рэспубліканскага конкурсу па праграмаванні ў асяроддзі Scratch, арганізаванага ПВТ і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Зараз вучні Уладзіміра Уладзіміравіча актыўна асвойваюць робататэхніку: у пачатковай школе працуюць з наборамі Lego, старшакласнікі на больш высокім узроўні неўзабаве пазнаёмяцца з Аrduino — якраз нядаўна паступіла новая тэхніка.
Прастора росту і творчага развіцця
— Кожны клас у нас мае пэўную прафілізацыю, — працягвае знаёмства са школай Анатоль Невярковіч. — Дзейнічаюць клас юных інспектараў дарожнага руху, два класы МНС, 7-я класы — спартыўны і турысцкі, на базе 9 — практычна пагранклас. Мы даўно сябруем з пагранічнікамі. Побач знаходзіцца пункт пропуску “Урбаны”, ваенныя праводзяць у нас паказальныя выступленні (незабыўныя ўражанні ў дзяцей заўсёды застаюцца пасля сустрэч з кінолагамі), заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы. У сваю чаргу мы да іх выязджаем з канцэртамі, запрашаем салдат на школьныя дыскатэкі для старшакласнікаў. Разам з цэнтральнай раённай бальніцай і раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі рэалізоўваем праект “Здаровы клас”. У рамках сацыяльнага праекта валанцёрскай накіраванасці патрануем аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў раённага ТЦСАН у вёсцы Баруны: дапамагаем па магчымасці, віншуем са святамі, ладзім канцэрты. Ёсць сумесны праект з праваслаўным манастыром. У нас дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры “Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”, па энерга- і рэсурсазберажэнні, па інтэграцыі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Паколькі на базе нашай установы дзейнічае раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, школа атрымала статус апорнай, і мы з гэтага года пачалі актыўна працаваць у адзначаным напрамку. У студзені адкрыем раённы цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, усім неабходным абсталяваннем мы ўкамплектаваны.
Акрамя вучэбных заняткаў, арганізавана работа 40 факультатываў і дзясяткаў гурткоў, сфарміравана эфектыўная сістэма дадатковых і стымулюючых заняткаў. Станоўчая дынаміка сёння відавочная. Пераканаўчы паказчык даверу з боку дзяцей і бацькоў: амаль спыніўся адток лепшых навучэнцаў у раённую гімназію, на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прадстаўнікі школы № 2 сталі галоўнымі канкурэнтамі гімназістам, у мінулым годзе атрыманы два дыпломы на абласным этапе. Сёлета Кірыл Ракіцкі (настаўніца Вольга Шчадрова) на раённым этапе набраў 92 працэнты па матэматыцы і 76 па фізіцы. Цікава, што таленавіты вучань разам са сваёй настаўніцай яшчэ і заняткі па інтарэсах праводзяць — у шахматным гуртку для 4—5 класаў. На рахунку вучняў настаўніцы музыкі Аксаны Дзярук — яркія перамогі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах і цвёрды намер заваяваць міжнародныя дыпломы. Настаўнік фізічнай культуры Аляксей Салак — мясцовая легенда, на ім трымаецца раённы біятлон (прадстаўнікі раёна нярэдка аспрэчваюць лідарства ў рэспубліканскіх спаборніцтвах). Пры гэтым выключна лыжамі спартыўныя інтарэсы педагога не абмяжоўваюцца: так, у 4-х, 5-х і 6-х класах Аляксей Войцехавіч вядзе гурткі па самба.
Пасля рамонту ў школе з’явіліся інтэрактыўны цір, залы рытмікі і адзінаборстваў, у музычным класе ўстаноўлена новая апаратура, поўнасцю забяспечаны сучасным абсталяваннем і інвентаром спартыўная і актавая залы. Апошнія дзве — увасоблены будаўнікамі сумесны аўтарскі праект педагогаў-прадметнікаў і выпускніка Віцебскага мастацка-графічнага факультэта настаўніка працоўнага навучання Аляксандра Сіпко. Дзякуючы таленту і майстэрству Аляксандра Адамавіча, школа набыла яркае, нестандартнае аблічча. Яго мастацкія работы ўпрыгожваюць кабінеты музыкі, біялогіі, абслуговай працы, гісторыі, турысцкай дзейнасці, беларускай мовы і літаратуры, вестыбюлі і фае. Вучні Аляксандра Сіпко — дыпламанты і пераможцы шматлікіх абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, аглядаў, выстаў, уключаючы папулярныя “Калядную зорку” і “Тэхнаёлку”. Педагог вядзе гурткі мяккай цацкі і выяўленчага мастацтва “Чароўная палітра” (для якога нядаўна набылі 20 мальбертаў), заняткі па прафесійнай падрыхтоўцы ў 11 класе для рэзчыкаў па дрэве. У школьных майстэрнях устаноўлена новае швейнае абсталяванне, такарныя, свідравальны і фугавальна-круглапільны станкі, камбінаваны варштат і электрафікаваны інструмент, фрэзерна- і лазерна-гравіравальны станкі з лічбава-праграмным кіраваннем, 3D-прынтар.
На гуртку “Чароўны свет кулінарыі” разам з педагогам Алай Пучынскай навучэнцы спрабуюць свае сілы ў асваенні цікавых рэцэптаў. Зусім нядаўна ў шосты школьны дзень у школу запрасілі бацькоў (удзел татаў і мам у падобных мерапрыемствах — традыцыя ўстановы адукацыі) і правялі “battle кекс vs мафін”. У Сусветны дзень пошты ў моладзі з’явілася ідэя павіншаваць герояў свята: у падарунак работнікам гарадскога аддзялення пошты прынеслі ўласнаручна створаныя сувеніры. Дробязь, а прыемна…
— Калі такія “дробязі” здараюцца не спантанна, а дасягаюцца сістэмнай работай усёй школы, то эфектыўнасць адукацыйнага працэсу, педагагічнай дзейнасці ў цэлым на парадак павышаецца, — падсумоўвае дырэктар. — Важныя выхаваўчы і прафарыентацыйны моманты, але расце і рэйтынг установы адукацыі, аўтарытэт настаўнікаў і педагагічных спецыяльнасцей сярод навучэнцаў. Патэнцыял у нашага калектыву вялікі, разам з матывацыяй да паспяховай работы і жаданнем павышаць свой прафесійны ўзровень гэта дае адпаведны вынік.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Ірыны ІВАШКА.