Усё для людзей

- 14:59Віцебшчына

На ўскрайку нашай краіны, у цудоўным кутку Браслаўшчыны, дзе азёры сарамліва хаваюцца ў гушчары лесу, знаходзіцца мястэчка Відзы. За размераным жыццём гэтага невялічкага населенага пункта назірае з узвышша прыгожы Касцёл Нараджэння Дзевы Марыі, які з’яўляецца адной са славутасцей Відзаў. Яшчэ адна славутасць мястэчка — каледж. Яго называюць ні больш ні менш горадаўтваральнай установай. Каледж сапраўды многа значыць і многа робіць для мясцовых жыхароў, сваімі ініцыятывамі мяняючы жыццё да лепшага, сваім прыкладам прымушаючы ўсіх развівацца.

Завітаўшы ў Відзаўскі прафесійна-­тэхнічны каледж, першымі сустракаем хлопчыкаў гадоў 7—8, якія некуды спяшаюцца. Незвычайны кантынгент для ўстановы прафесійнай адукацыі. Дырэктар Міхаіл Уладзіміравіч Смірноў тлумачыць: на базе каледжа для мясцовых школьнікаў арганізавана работа спартыўных секцый. У каледжа цудоўная спартыўная зала. Чаму б не прадаставіць дзецям магчымасць тут займацца? Вядуць заняткі педагогі каледжа. Дзеці за­ахвочваюцца спортам, а таксама знаёмяцца з установай. Атрымліваецца, што каледж так ці інакш ахоплівае людзей практычна любога ўзросту: самыя маленькія прыходзяць у спарт­залу, для старэйшых школьнікаў арганізавана прафесійная падрыхтоўка, юнакі і дзяўчаты вучацца ў каледжы, дарослыя праходзяць перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі, мясцовыя жыхары з задавальненнем карыстаюцца паслугамі, што аказвае каледж. Вось такая ўстанова для ўсіх.

Вялікая гаспадарка

Каб добра пазнаёміцца з Відзаўскім каледжам, спатрэбіцца вельмі многа часу. Толькі ў самім мястэчку Відзы каледж займае 10 гектараў зямлі і мае каля 30 будынкаў. А яшчэ ёсць вучэбная гаспадарка — дзве тысячы гектараў. Зразумела, ёсць ворныя землі. Таксама займаюцца тут жывёлагадоўляй: у гаспадарцы ёсць свой статак буйной рагатай жывёлы — каля 200 галоў, а яшчэ элітная трусаферма і вальеры, дзе вырошчва­юць страусаў. Арганізавана работа вучэбнага лясніцтва, якое, дарэчы, з’явілася адным з першых у нашай краіне. А яшчэ ёсць інтэрнат, майстэрні, лабараторыі, гаражы, кафэ… Усё нават складана пералічыць. Канечне, кіраваць такой вялікай гаспадаркай няпроста, прызнаецца дырэктар, аднак дзякуючы ўсім гэтым аб’ектам у навучэнцаў кале­джа ёсць унікальныя ўмовы для навучання, набыцця практычнага вопыту. Яны паглыбля­юцца ў сапраўдную работу, уцягнуты ў рэальныя справы, кожны працэс могуць вывучыць дэталёва. Навучэнцы ўсведамляюць адказнасць сваёй работы, разумеюць кошт кожнага заробленага рубля. Так выхоўва­юць не проста кваліфікаваных спецыялістаў, а сапраўдных гаспадароў.

Новыя аб’екты не перастаюць з’яўляцца на тэрыторыі каледжа. Так, нядаўна пабудаваны вучэбна­вытворчы комплекс грамадскага харчавання — у яго склад уваходзяць сталовая для навучэнцаў, кафэ “Традыцыя 1803”, кандытарскі цэх па выпуску хлебабулачных вырабаў. На гэтай базе будучыя кухары, пекары, афіцыянты адпрацоўваюць набытыя ўменні. Адначасова кафэ “Традыцыя 1803” стала любімым месцам адпачынку жыхароў і гасцей Відзаў.

У планах — стварыць цэлы турыстычны комплекс. У Браслаўшчыны — невычэрпны турыстычны патэнцыял. Комплекс мог бы прымаць гасцей і адначасова быць адукацыйнай пляцоўкай па падрыхтоўцы спецыялістаў для сферы турызму.

На стварэнні спрыяльных умоў для дзяцей, развіцці матэрыяльна­тэхнічнай базы робіцца значны акцэнт у рабоце. Для паспяховай арганізацыі адукацыйнага працэсу вучэбныя кабінеты абсталяваны ў адпаведнасці з адукацыйнымі стандартамі, у вучэбна­вытворчых майстэрнях працоўныя месцы арганізаваны ў адпаведнасці з пералікам неабходнага абсталявання, прыстасаванняў і інструментаў. Забяспечана метадычная падтрымка: распрацаваны новыя адукацыйныя праграмы, электронныя падручнікі; праводзяцца семінары, кансультацыі, назапашаны нарматыўныя, метадычныя, інфармацыйныя рэсурсы; створаны каталог электронных матэрыялаў.

Ёсць усё неабходнае і для правядзення практычных заняткаў:  сельскагаспадарчая тэхніка, інструменты, інструктыўна­тэхналагічныя карты. Для адпрацоўкі індывідуальных заняткаў па ваджэнні трактароў і камбайнаў працуе трактарадром. Вытворчая практыка арганізоўваецца ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах рэгіёна.         

 Каб навучэнцы маглі асвойваць новую сучасную тэхніку і тэхналогіі, наладжана супрацоўніцтва з ААТ “МТЗ”. Прадпрыемства прадастаўляе каледжу для вывучэння новыя мадэлі трактароў.

Заключаны дагаворы з вучэбна­кансультацыйным цэнтрам і  прадстаўніцтвам кампаніі Bosch у Беларусі для вывучэння сучаснага дыягнастычнага абсталявання кампаніі. Навучэнцы каледжа разам з дыпломам атрымліваюць міжнародны сертыфікат на права працаваць з дыягнастычнымі прыборамі гэтай кампаніі. Пры рэалізацыі праграм дадатковай адукацыі дарослых каледж ажыццяўляе павышэнне кваліфікацыі, навучанне рабочых і спецыялістаў Браслаўскага, Мёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў.

У Відзаўскім ПТК падрыхтоўка ажыццяўляецца па спецыяльнасцях “Рамонтна­абслугоўваючая вытворчасць у сельскай гаспадарцы”, “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, “Лясная гаспадарка”, “Грамадскае харчаванне”. Па сямі кваліфікацыях у каледжы можна атрымаць прафесійна­тэхнічную адукацыю. Па адной — сярэднюю спецыяльную.

Усё зрабілі самі

Праводзячы экскурсію для журналістаў па ўстанове, дырэктар паказвае новыя або адрамантаваныя аб’екты і падкрэслівае: практычна ўсё зрабілі самі — сваімі рукамі і за ўласныя сродкі. Гэта магчыма дзякуючы паспяхова наладжанай пазабюджэтнай дзейнасці. Грошы прыносіць вучэбная гаспадарка — рэалізоўваецца сельскагаспадарчая прадукцыя і прадукцыя жывёлагадоўлі. Гаспадарка хоць і вучэбная, прадукты выпускае высокай якасці. На абласных сельскагаспадарчых кірмашах да гандлёвага павільёна Відзаўскага каледжа выстройваецца чарга.

Насельніцтву прапаноўваюць паслугі па апрацоўцы прысядзібных участкаў — узворванне, абмалот збожжавых, сенакос. Карыстаюцца попытам вырабы з дрэва, якія выпускаюць у каледжы. Гэта як піламатэрыялы — дошка, вагонка, штыкетнік, так і сталярныя вырабы — садовая мэбля, альтанкі, скрыні для агародніны і садавіны.

У каледжы нават наладзілі выпуск бетонных вырабаў — тратуарнай пліткі, бардзюраў. Уласнымі вырабамі замасцілі тэрыторыю ля будынкаў каледжа, таксама яны ідуць на продаж. Вырабы з металу — навесы, сметніцы, лаўкі, зробленыя ў каледжы, упрыгожваюць не адну сядзібу ў Відзах. А малыя архітэктурныя формы становяцца аздабленнем населеных пунктаў.

Яшчэ адна прыбытковая справа — вучэбна­вытворчы комплекс грамадскага харчавання: свежая выпечка палюбілася спажыўцам, як і смачныя стравы ў кафэ.

Важна, што работа кожнага аб’екта арганізавана такім чынам, што ён дае магчымасць дзецям вучыцца, набываць і адпрацоўваць навыкі, а таксама прыносіць установе прыбытак.

Шэдэўры нараджаюцца ў ангары

Адзін з напрамкаў дзейнасці кале­джа, які немагчыма абмінуць увагай, — вынаходніцкая і рацыяналізатарская дзейнасць. Абмінуць літаральна немагчыма: у холе галоўнага адміністрацыйнага будынка наведвальнікаў сустракае матацыкл, які сабралі ў каледжы. Аб’яднанні па інтарэсах тэхнічнай творчасці карыстаюцца попытам у навучэнцаў, а вынікі іх работы ўпрыгожвалі не адну рэспубліканскую выставу. Так, ужо больш за 10 гадоў назад навучэнцы разам з педагогамі сабралі комплекс экалагічнага маніторынгу. У яго склад уваходзяць пазадарожнік “Алігатар” і катар “Касатка”, якія станавіліся гваздом праграмы на мерапрыемствах любога маштабу. Навучэнцы і выкладчыкі каледжа стварылі таксама снегаход, прагулачны электрамабіль, распрацавалі шэраг мадэлей міні­трактароў, шматфункцыянальныя прычэпы для легкавых аўтамабіляў і шмат чаго яшчэ.

Па­рацыяналізатарску аднесліся і да арганізацыі прасторы, дзе ствараюць шэдэўры тэхнічнай творчасці. Вучэбна­лабараторны комплекс размясціўся ў вялікім ангары, які дагэтуль 17 гадоў не выкарыстоўваўся і быў у запусценні. 15 гадоў назад яго прывялі ў парадак, як заўсёды, сваімі сіламі: адрамантавалі, уцяплілі, прадумалі выкарыстанне. Атрымалася лабараторыя­трансформер — памяшканне можна пры неабходнасці вызваліць або замяніць адно неабходнае для заняткаў абсталяванне на іншае пры дапамозе маніпулятараў. Тут знаходзяцца ўсе вузлы, патрэбныя для вывучэння ўстройства трактароў і машын, станочнае і сталярнае абсталяванне.  

У ангары стаіць стары аўтобус — зараз “тэхнічная думка” скіравана на яго. Гэты транспартны сродак шмат гадоў падвозіў навучэнцаў каледжа, сваё ад’ездзіў, і яго павінны былі спісаць і адправіць на металалом. Аднак наватары і рацыяналізатары замест гэтага вырашылі даць яму новае жыццё — зрабіць з яго новы турыстычны аўтобус.

За поспехі ў тэхнічнай творчасці выкладчык Франц Францавіч Дуброўскі і шасцёра навучэнцаў каледжа былі ўнесены ў банк даных адоранай і таленавітай моладзі і сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў i студэнтаў. Дапамагаюць навучэнцам рэалізоўваць свае таленты ў гэтым кірунку творчасці Эдвард Уладзіміравіч Стацэвіч, Антон Антонавіч Жалубоўскі.

Ва ўстанове дзейнічае гісторыка­края­знаўчы музей “Вытокі”, у якім сабраны ўнікальныя матэрыялы. Экспазіцыі расказваюць аб археалогіі, гісторыі і паходжанні назвы мястэчка Відзы, гісторыі мясцовых рамёстваў. Ёсць экспазіцыя, прысвечаныя Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнам. Расказвае музей і аб багатай гісторыі каледжа. Навучэнцы каледжа займаюцца даследчай і пошукавай дзейнасцю: пры музеі створаны пошукавы клуб “Патрыёт”. Кіраўнік музея — Ала Браніславаўна Кажанеўская.

Погляд у будучыню

Калі падчас экскурсіі па каледжы пачынае здавацца, што здзівіць яшчэ чымсьці ўжо немагчыма, раптам заўважаеш на даху інтэрната сонечныя батарэі. Аказваецца, што, акрамя іх, на тэрыторыі вучэбнай гаспадаркі ўсталяваны яшчэ і ветрагенератар. Усё гэта — вынікі інавацыйнай дзейнасці, якая тут актыўна вядзецца.

З 2010 года каледж ладзіць супрацоўніцтва з ПРААН/ГЭФ па выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі. У 2010—2011 гадах быў рэалізаваны сумесны праект “Чысты свет” — так з’явілася ветраэлектрастанцыя ў вучэбнай гаспадарцы магутнасцю 5 кВт і геліясістэма магутнасцю 15 кВт. Цяпер у інтэрнаце навучэнцы забяспечаны цёплай вадой, якую награвае сонца.  

Праз некалькі гадоў наспеў яшчэ адзін праект — “Погляд у будучыню”, дзякуючы якому была ўведзена ў эксплуатацыю другая чарга геліясістэмы. Таксама з’явілася станцыя водападрыхтоўкі — цяпер вада, якую выкарыстоўваюць ва ўстанове, праходзіць папярэдне працэс абезжалезвання. Чыстай вадой каледж забяспечвае і частку Відзаў. Пазней замянілі катлы ў кацельнях вучэбных рамонтных майстэрняў на энергаэфектыўныя, якія працуюць на мясцовых відах паліва.

Работа ў кірунку энергаэфектыўнасці і энергазберажэння з кожным годам станавілася ўсё больш актыўнай. Каледж далучыўся да руху па рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця і стаў членам асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”. З гэтага года ва ўстанове рэалізоўваецца інавацыйны праект па тэме “Укараненне мадэлі фарміравання ключавых кампетэнцый у галіне ўстойлівага развіцця навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі”.

 — Наша задача — выхоўваць новае пакаленне ў сугуччы з ідэямі, актуальнымі для сучаснага свету, і інавацыйная дзей­насць установы гэтаму, безумоўна, спрыяе, — лічыць Людміла Мікалаеўна Капуста, намеснік ды­рэктара па вучэбна­вытворчай рабоце. 

Тэматыка ўстойлівага развіцця знаходзіць адлюстраванне практычна ва ўсіх відах дзейнасці навучэнцаў. У адукацыйны працэс уводзіцца інфармацыя аб экаінавацыях і новых экалагічна абгрунтаваных тэхналогіях. У змест дыпломных праектаў уключаюцца раздзелы па экалогіі і рэсурсазберажэнні. Распрацоўваюцца і ўкараняюцца факультатыўныя заняткі па тэматыцы ўстойлівага развіцця, праводзяцца майстар­класы, тэматычныя тыдні.

Цяпер у каледжы гатовы выходзіць на новы ўзровень: стаіць мэта быць пляцоўкай для фарміравання ідэй устойлівага развіцця не толькі ў навучэнцаў, але і ва ўсіх мясцовых жыхароў. Ствараецца грамадскі адукацыйны цэнтр для работы з насельніцтвам. Тут кожны жадаючы зможа атры­маць актуальныя веды аб энергаэфектыўнасці,  энергазберажэнні, адказным спажыванні. Для цэнтра выдзелена памяшканне, зараз у ім заканчваецца рамонт. Хутка ён пачне работу.

Шчыра кажучы, павучыцца ў Відзаўскім каледжы было б нядрэнна кожнаму. Нават калі адукацыя ўжо ёсць, павучыцца можна, напрыклад, зарабляць грошы, мысліць маштабна і перспектыўна, ставіць вялікія мэты і дасягаць іх і яшчэ многаму іншаму.

Дар’я РЭВА.