Школа сацыяльнага поспеху

Сярэдняя школа № 2 Талачына пазіцыянуе сябе як школа сацыяльнага поспеху, дзе адкрытую адукацыйную прастору выкарыстоўваюць для аб’яднання ўсіх напрамкаў адукацыі з сацыяльнай накіраванасцю. У навучальнай установе дзейнічае рэсурсны цэнтр па суправаджэнні рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне сацыяльна-кіраўніцкага механізма ў працэсе мадэлявання адукацыйнай прасторы ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі”.

Матэматык Т.А.Атрошкіна.

У рамках інавацыйнага праекта актывізавалася дзейнасць па фарміраванні здаровага ладу жыцця ў школьнікаў, у выхаваўчую прастору ўстановы адукацыі ўкараняюцца новыя сацыяльныя практыкі і міні-праекты, накіраваныя на выхаванне каштоўнасцей здаровага ладу жыцця, рэалізоўваецца праект арганізацыі шостага школьнага дня “Школа — тэрыторыя здаровага ладу жыцця”.

У рамках праекта была адкрыта “Кніга спартыўных рэкордаў сярэдняй школы № 2”. У шосты школьны дзень кожнага месяца навучэнцы ўдзельнічаюць у спаборніцтвах на выяўленне рэкардсменаў у розных відах фізічных практыкаванняў. Так “Кніга спартыўных рэкордаў сярэдняй школы № 2” папаўняецца новымі рэкордамі.

У шосты школьны дзень 2-й талачынскай школы рэалізоўваецца міні-праект “Спартыўны калідор”, які спрыяе актыўнаму прыцягненню ўсіх навучэнцаў школы да выканання фізічных практыкаванняў. У суботу адзін з калідораў школы становіцца спартыўным, таму прайсці па ім можна, толькі выканаўшы пэўныя фізічныя практыкаванні. Ходзяць па гэтым калідоры ўсе, таму практыкаванні выконваюць як дзеці, так і педагогі. І ніякіх патуранняў!

На павышэнне сацыяльнай актыўнасці і матывацыі ўздзейнічае візуалізацыя вучнёўскіх дасягненняў на спецыяльным экране, у кнізе і на  дрэве славы. Гордасць школы — пераможца рэспубліканскага тэлевізійнага праекта “Я ведаю” Цімафей Спаткай. Дзякуючы Цімафею, школа ў падарунак атрымала мультыборд. 

Дырэктар школы Тамара Сушкова пазнаёміла нас з асноўнымі кірункамі развіцця навучальнай установы. У рамках інавацыйнага праекта актывізавана работа па 5 асноўных напрамках дзейнасці, якія спрыяюць развіццю сацыяльнай актыўнасці і паспяховасці навучэнцаў, сацыяльнай творчасці і развіццю сацыяльнага інтэлекту. У рабоце выкарыстоўваюць дзейнасны падыход. Адзін з напрамкаў інавацыйнай дзейнасці — укараненне ў выхаваўчы працэс новых сацыяльных практык.

“У школе распрацаваны і запушчаны праекты “Самы здаровы клас”, “Клас года”, праводзіцца адкрыты бацькоўскі дзень, працуе “Пошта даверу”. У пачатку і канцы навучальнага года міні-марафоны “Здаровы старт”, “Прасоўванне руху” аб’ядноўваюць не толькі навучэнцаў i педагогаў, але і бацькоў школьнікаў. Другі напрамак інавацыйнай работы — “Школа — сацыяльны цэнтр прафарыентацыйнай работы”.

Дырэктар Т.К.Сушкова.

Наша ўстанова цесна супрацоўнічае з сельскагаспадарчымі ВНУ краіны. Заключаны дагавор і наладжана ўзаемадзеянне агракласаў з Віцебскай дзяржаўнай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны, супрацоўніцтва з Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чыр­вонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміяй.

Дзякуючы перамозе ў першым конкурсе мясцовых ініцыятыў, які праводзіцца ЕС/ПРААН, на прышкольным участку створана вучэбна-развіццёвая школьная аграэкасядзіба як цэнтр падрыхтоўкі навучэнцаў да работы ў сельскагаспадарчых галінах раёна. Падчас работы ў школьным садзе, на агародзе, кветніках выкарыстоўваем прынцыпы экалагічнага земляробства, праводзім работу, накіраваную на свядомы выбар будучай прафесіі.

Трэці кірунак інавацыйнай работы ў школе — наладжванне сацыяльнага партнёрства пры рэалізацыі праектнай і даследчай дзейнасці навучэнцаў. У ходзе праектна-даследчай работы навучэнцы супрацоўнічаюць і абменьваюцца адукацыйнымі рэсурсамі з сацыяльнымі партнёрамі —  Талачынскім лясгасам, Талачынскім гісторыка-краязнаўчым музеем, Домам рамёстваў і інш.

Асобна хочацца сказаць пра сацыяльныя праекты, якія мы запусцілі з мінулага навучальнага года, па афармленні прасторава-развіццёвага асяроддзя вучэбных кабінетаў і школьных калідораў. Гэтую дзейнасць мы ажыццяўляем разам з навучэнцамі, іх бацькамі і педагогамі школы”, — расказала Тамара Станіславаўна і запрасіла пагля­дзець на тую частку школы, дзе адпаведная работа ўжо зроблена.


Адукацыйнае асяроддзе ў кабінеце геаграфіі прадстаўлена максімальнай візуалізацыяй. Можна ўбачыць, напрыклад, прадстаўнікоў жывёльнага свету або вялікіх падарожнікаў. Асобнае месца займае карта Талачынскага раёна, якая дапамагае фарміраваць картаграфічную пільнасць, развіваць веды па краязнаўстве.

Кабінет гісторыі прэзентаваў настаўнік гісторыі Юрый Ула­дзіміравіч Павадыроў, які адразу звярнуў нашу ўвагу на сцяну з намаляванымі гістарычнымі пабудовамі Талачынскага раёна. “У нашым раёне налічваецца больш за 30 гістарычных аб’ектаў, з якіх 10 вы можаце ўбачыць на нашай сцяне. Дзецям прасцей запамінаць не толькі назвы, але і выгляд нашых гістарычных помнікаў: Друцк, касцёл, Спаса-Пакроўская царква, сядзіба ў Галошаве, вадзяны млын і інш.”, — адзначыў Юрый Ула­дзіміравіч.

Школьныя лідары.

Свае знешнія (захоўваюцца прадметы побыту сялянскай хаты) і змястоўныя (шматлікая літаратура мастацкага і метадычнага зместу) адметнасці мае і кабінет беларускай мовы і літаратуры, дзе прахо­дзяць не толькі ўрокі, але і ладзяцца святы. Кабінетнае асяроддзе спланавана так, каб матываваць дзяцей да вывучэння роднай мовы і спасціжэння культурных традыцый беларускага народа. Другі кабінет беларускай мовы плануецца аздобіць вышыўкай, у прыватнасці, вышытымі крылатымі выслоўямі. А ў перспектыве ў школе плануецца стварыць музей вышыўкі. Ужо цяпер сцены навучальнай установы аздабляюць вышытыя настаўнікамі і дзецьмі карціны.

Кабінет астраноміі — проста космас, прычым як у прамым, так і пераносным значэнні. Тут на сценах і на столі — галактыка. Вельмі эфектна.

Далей настаўніца матэматыкі Таццяна Атрошкіна расказала пра адметнасці работы з высокаматываванымі дзецьмі, што з’яўляецца яшчэ адным напрамкам работы педагагічнага калектыву ў межах інавацыйнага праекта. “Лічбавыя тэхналогіі могуць актывізаваць і разнастаіць усе віды вучэбнай дзейнасці, яны дазваля­юць настаўніку зрабіць адукацыйны працэс цікавым для навучэнцаў. Існуе мноства розных адукацыйных рэсурсаў і платформ. У сваёй рабоце на ўроках матэматыкі і ў пазаўрочнай дзейнасці па прадмеце я выкарыстоўваю інтэрактыўны дадатак LearningApps, электронна-адукацыйны рэсурс “ЯКлас” і дадатак SMART Notebook.

Пры рабоце з LearningApps зручна тое, што настаўнік можа самастойна распрацоўваць заданні ці выкарыстоўваць ужо гатовыя. Асабіста я карыстаюся і адным, і другім варыянтам.

На этапе актуалізацыі ведаў, пры правядзенні вуснага лічэння выкарыстоўваю такія шаблоны, як “Знайсці пару” — устанаўленне адпаведнікаў паміж карцінкай, тэкставым запісам; “Класіфікацыя” — размеркаванне графічных і тэкставых элементаў на адпаведныя групы; “Просты парадак” — размяшчэнне тэкставых, графічных элементаў у патрэбным парадку (у правільнай паслядоўнасці).

У ходзе замацавання вучэбнага матэрыялу навучэнцам падабаецца дэманстраваць свае веды, выконваючы практыкаванні “Віктарына з выбарам правільнага адказу”, “Увод тэксту”, “Запоўніць пропускі”, “Хто хоча стаць мільянерам?”.

LearningApps таксама дазваляе зарэгістраваць настаўніку цэлы клас ці  некалькі навучэнцаў, арганізаваць дыстанцыйнае ўзаема­дзеянне настаўнік — вучань, сістэматычна абнаўляючы прыклады, якія кожны навучэнец павінен выканац­ь. Пры гэтым настаўнік кантралюе працэс дыстанцыйнага навучання з дапамогай функцыі “Статыстыка”, выяўляючы і аналізуючы цяжкасці навучэнцаў, арганізоўвае неабходную карэкцыю ведаў. У пазаўрочны час школьнікі самастойна выконваюць заданні ў якасці трэнажора для замацавання ведаў.

Гісторык Ю.У.Павадыроў.

Рэсурс “ЯКлас” часцей за ўсё выкарыстоўваю для праверкі ведаў вучняў, звяртаючыся да праверачных работ, размешчаных на самім сайце. Але існуе магчымасц­ь і самому распрацоўваць праверачныя работы. Гэты рэсурс мае перавагу ў параўнанні з сэрвісам LearningApps у тым плане, што настаўнік бачыць кожную памылку, дапушчаную навучэнцам, што важна пры аналізе і карэкцыі ведаў.

Акрамя таго, што выкарыстанне інтэрактыўных дадаткаў дазваляе павысіць цікавасць вучняў да прадмета, які вывучаецца, пашырыць разнастайнасць відаў і форм дзейнасці, паскорыць працэс кантролю сфарміраванасці ведаў, уменняў і навыкаў, гэта яшчэ і добрая магчымасць для настаўніка раскрыць свой творчы патэн­цыял”, — падзялілася Таццяна Аляксандраўна.


З 2015 года сярэдняя школа № 2 Талачына далучылася да праек­та па маладзёжным лідарстве. Спачатку былі створаны чатыры маладзёжныя ініцыятыўныя групы. Яны зарэгістраваны ва “УКантакце” і аб’ядноўваюць вакол сябе вялікую колькасць дзяцей. На цяперашні момант у школе дзейнічае сем такіх ініцыятыўных груп.

Усе яны падрыхтавалі для нас невялікія самапрэзентацыі. Адна з груп займаецца прасоўваннем праекта “Школа — тэрыторыя здаровага ладу жыцця”, пра які ішла гаворка ў пачатку матэрыялу.

Ініцыятыўная група “Фотабёрдынг: талачынская пташка” аб’ядноўвае аматараў птушак. Штотыдзень у школу прыходзяць навіны з грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Школа прымае ўдзел у міжнародных акцыях, арганізоўвае мерапрыемствы па ахове птушак Талачыншчыны. Школьнікі зрабілі каля 500 сінічнікаў для мясцовага лясгаса, стварылі птушыную сталоўку на тэрыторыі школьнай аграэкасядзібы, вырабляюць дызайнерскія шпакоўні.

Ініцыятыўная група “Місія выканальная: расЧытаем любога” накіравана на далучэнне да кнігі. Праводзяцца чытацкія канферэнцыі, літаратурныя гасцёўні, батлы чытальнікаў, гадзіны паэзіі, ёсць буккросінг.

Лідары ініцыятыўнай групы “Планета гульняў сярэдняй школы № 2” арганізоўваюць гульнявыя перапынкі для навучэнцаў пад дэвізам “Не гуляй у віртуальнасці, гуляй у рэальнасці”. Гульні право­дзяцца ў розных відах: настольныя, інтэлектуальныя, ролевыя. Праверана: такая дзейнасць дапамага­е знайсці новых сяброў.

Ініцыятыўная суполка “Я сапраўдны беларус, сваёй мовай ганаруся” папулярызуе сярод вучняў беларускую мову. Яе лідары праводзяць такія гульні, як “Знаўцы беларускай мовы”, здымаюць відэаролікі, робяць буктрэйлеры на кнігі беларускіх пісьменнікаў.

Ініцыятыўная група “Экапатруль” актыўна ўдзельнічае ў міжнародных экалагічных акцыях. Правялі акцыі “Чысты лес”, “Зарыбленне ракі Друць”, “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”. З гэтага года талачынскія школьнікі далучыліся да міжнароднай акцыі “Плогінг” і паспяхова праводзяць забегі па зборы смецця ў сваім горадзе.

Дзякуючы ініцыятыўным настаўнікам, актыўным бацькам і творчым дзецям, сярэдняя школа № 2 Талачына дынамічна рушыц­ь наперад. І планы на будучыню не дазволяць нават прыпыніцца. Агучваючы перспектывы работы, дырэктар школы адзначыла, што яны будуць займацца фарміраваннем камунікатыўных кампетэнцый, прафесійным самавызначэннем навучэнцаў праз арганізацыю прафесійных і сацыяльных практык (актывізацыя дзён самакіравання, прафесійныя пробы, якія дазваляюць папрацаваць настаўнікам, бібліятэкарам, вядучым).

У планах — арганізацыя са­цыяль­ных практык для навучэнцаў з далучэннем бацькоў — прафесіяналаў сваёй справы, якія не толькі раскажуць, але і пакажуць, як і дзе яны працуюць. У школе будуць разві­ваць дыстанцыйнае навучанне здольных і адораных дзяцей. Бу­дзе развівацца і праектна-даследчая работа, прынцыповым адрозненнем якой у гэтай школе з’яўляецца ўзаемадзеянне з сацыяльнымі парт­нёрамі, напрыклад, з лясгасам. Такая практыка вучыць дзяцей супрацоўнічаць з дарослымі, шукаць шляхі практычнай рэалізацыі сваіх праектаў. Вось такая сацыялізацыя.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Ірыны ІВАШКА.