Будаўнікі перамог

- 12:16Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Бадай што кожны будаўнік ведае выраз “Бог стварыў зямлю, усё астатняе на зямлі створана будаўнікамі”. І кожны раз хочацца прадоўжыць гэты выраз словамі “… а будаўнікоў ствараюць установы адукацыі”. Менавіта ў прафесійных каледжах і ліцэях закладваецца падмурак прафесійнага майстэрства будучых будаўнікоў. Тут яны набываюць веды і ўменні, якія ў далейшым дазваляюць ім развіваць будаўнічую галіну. Адна з такіх устаноў — Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля, пераможца конкурсу “На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь”.

Гісторыя з’яўлення гэтай установы адукацыі бярэ пачатак у нялёгкі пасляваенны час. Краіна ляжала ў руінах. Гарады і вёскі неабходна было будаваць нанава, і для гэтага патрабаваліся адпаведныя спецыялісты. У 1947 годзе стварылі школу фабрычна-завадскога навучання № 95, задачай якой было рыхтаваць будаўнікоў для аднаўлення сталіцы. Задача ва ўмовах, калі жыццё толькі пачало наладжвацца, няпростая. З таго часу і да сёння ва ўстанове не баяцца складаных задач і новых выклікаў, тут прывыклі працаваць для людзей і рабіць гэта сумленна і аддана. І такі падыход дае вынікі: ліцэй ганарыцца мноствам дасягненняў. Навучэнцы і супрацоўнікі ўстановы штогод паспяхова выступаюць у творчых, спартыўных, інтэлектуальных, даследчых, прафесійных конкурсах. Ліцэй  не раз трапляў у спіс лепшых устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі сталіцы. І ў конкурсе “На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь” ліцэй меў поспехі не раз. Дарэчы, установа пачала ўдзельнічаць у гэтым конкурсе ў 2006 годзе, калі яшчэ была прафесійна-тэхнічным вучылішчам № 52.

— Усе нашы дасягненні з’явіліся дзякуючы таму, што калектыў ліцэя працуе на вынік. Ад кожнага работніка — ад майстра да адміністрацыі — залежыць, які выпускнік, чалавек прыйдзе працаваць на будаўніцтва. Таму кожны працуе з максімальнай аддачай і робіць свой уклад у поспехі ўстановы і кожнага яе выпускніка, — падкрэслівае дырэктар ліцэя Анатоль Паўлавіч Непачаловіч. — Адзначу, што поспехам у конкурсах прафесійнага напрамку, такіх як конкурс на лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне, спрыяе і тое, што ўстанова адукацыі напрамую працуе з базавым прадпрыемствам — Будтрэстам № 4, а гэта асноўны заказчык кадраў.

Спецыяльнасці, якія атрымліваюць навучэнцы, вельмі запатрабаваныя на будаўніцтве. У ліцэі рыхтуюць тынкоўшчыкаў, маляроў, абліцоўшчыкаў-плітачнікаў, цесляроў-бетоншчыкаў, станочнікаў дрэваапрацоўчых станкоў, муляраў, цесляроў, мастоўшчыкаў, электрагазазваршчыкаў. Установа запрашае на навучанне ўладальнікаў базавай і агульнай сярэдняй адукацыі.

Навучэнцы атрымліваюць у ліцэі адразу некалькі інтэграваных кваліфікацый — пашырэнне профілю ведаў і ўменняў дазваляе выпускнікам быць больш канкурэнтаздольнымі на рынку працы. Працуючы ў цесным кантакце з заказчыкамі кадраў, у ліцэі адаптуюць набор у адпаведнасці з запытам на будаўнічых прадпрыемствах. Колькасць месцаў на кожную прафесію залежыць ад запатрабаванасці канкрэтных рабочых у работадаўцаў. Усе выпускнікі забяспечваюцца першым рабочым месцам.

Працэс навучання адбываецца ў камфортных умовах. Для гэтага ва ўстанове ёсць усё неабходнае: сучасныя вучэбныя кабінеты, 13 вучэбна-вытворчых майстэрняў па 5-ці спецыяльнасцях і 10-ці кваліфікацыях, спартыўная зала, бібліятэка, інтэрнат. Дарэчы, інтэрнат ліцэя не раз станавіўся пераможцам раённых і гарадскіх конкурсаў на званне “Лепшы інтэрнат”.

Важнай часткай падрыхтоўкі выпускнікоў з’яўляецца вытворчае навучанне. У ліцэі для першакурснікаў вытворчае навучанне ла­дзіцца ў вучэбных майстэрнях, дзе фарміруюцца першапачатковыя практычныя ўменні і навыкі. А на 2 і 3 курсе яны адпраўляюцца на будаўнічыя аб’екты базавых арганізацый, дзе гэтыя навыкі замацоўваюцца і ўдасканальваюцца. Арганізацыя вытворчага навучання ў будаўнічых арганізацыях ажыццяўляецца на аснове дагавораў з базавымі арганізацыямі. Вытворчую практыку навучэнцы прахо­дзяць на аплатных рабочых месцах. На вытворчасці з імі працуюць лінейныя рабочыя, якія вучаць прафесіі і кантралююць якасць работ, якія выконваюцца. Праходзячы навучанне ва ўмовах рэальнай працоўнай сітуацыі, будучыя будаўнікі назапашваюць вытворчы вопыт, развіваюць прафесійную самастой­насць, знаёмяцца з актуальнымі тэхналогіямі і тэхналагічнымі сродкамі.

У ліцэі ўвесь час працуюць над пошукам і ўкараненнем новых тэхналогій у навучанне, каб выхаванцы атрымлівалі веды, актуальныя для будаўнічай галіны на сучасным этапе. Дапамагаюць у гэтым сацыяльныя партнёры. Так, з 2007 года ўстанова адукацыі супрацоўнічае з кампаніяй “Хенкель Баўтэхнік”. У партнёрстве з гэтай кампаніяй на базе ліцэя была адкрыта вучэбна-вытворчая майстэрня Cersit. Майстэрня пашырыла магчымасці прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў — тут праходзяць навучанне будучыя маляры і тынкоўшчыкі, знаёмячыся з усімі навінкамі, якія прымяняюцца ў аддзелачных работах. Акрамя таго, тут павышаюць прафесійны ўзровень выкладчыкі і майстры вытворчага навучання, праходзячы павышэнне кваліфікацыі. Таксама ў майстэрні ладзяцца падрыхтоўка і перападрыхтоўка дарослага насельніцтва: штогод 15—20 чалавек праходзяць падрыхтоўку па спецыяльнасці “Аддзелачныя будаўнічыя работы”.

Механізм узаемадзеяння з кампаніяй уключае ў сябе і сумесную прафарыентацыйную работу. Падчас правядзення дзён адкрытых дзвярэй у ліцэі будучыя абітурыенты наведваюць вучэбна-вытворчую майстэрню Cersit, дзе для іх ладзяцца майстар-класы. Так, за апошні год у рамках прафарыентацыйнай работы цэнтр наведалі каля 450 школьнікаў з Мінска і Мінскага раёна.

Кампанія “Хенкель Баўтэхнік” штомесяц праводзіць на базе ліцэя бясплатныя семінары-дэманстрацыі па правільным выбары матэрыялаў, практычныя кансультацыі па тэхналогіі выканання работ на будаўнічых пляцоўках.

З 2018 года ў ліцэі пачалі работу па асваенні сучасных тэхналогій маналітнага будаўніцтва пры арганізацыі навучання па спецыяльнасці “Вытворчасць будаўніча-мантажных і рамонтных работ”. На базе другога корпуса ўстановы адукацыі створана сучасная вучэбна-вытворчая майстэрня бетонных работ. Практычнае навучанне па кваліфікацыі “бетоншчык” тут вядзецца на абсталяванні фірмы Doka. Таксама ў майстэрні рыхтуюцца ўдзельнікі конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills па кампетэнцыі “Бетонныя работы”.

Важным для эфектыўнай работы з’яўляецца тое, што ліцэй працуе ў цеснай звязцы з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. На працягу шэрага гадоў установа супрацоўнічае з Будтрэстам № 4, спецыялізаванымі будаўнічымі ўпраўленнямі №№ 3 і 4 Упраўлення дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання Мінгарвыканкама. Заказчыкі кадраў падключаюцца на этапе набору навучэнцаў. Як ужо згадвалася вышэй, з базавымі арганізацыямі штогод узгадняюцца лічбы прыёму і пералік спецыяльнасцей і кваліфікацый, па якіх ён будзе праводзіцца. Сацыяльныя партнёры дапамагаюць ствараць аптымальныя ўмовы для навучання — штогод бязвыплатна выдзяляюць будаўнічыя матэрыялы для рамонтных работ і падрыхтоўкі ліцэя да новага навучальнага года.

Разам з партнёрамі працуюць і над павышэннем якасці падрыхтоўкі будучых рабочых. З базавымі прадпрыемствамі ўзгадняецца вучэбна-вытворчая дакументацыя, яны ўдзельнічаюць у экспертнай ацэнцы вучэбных праграм, уваходзяць у склад савета ліцэя. Штогод фарміруюцца дзве незалежныя камісіі з ліку прадстаўнікоў арганізацый — заказчыкаў кадраў для правядзення кваліфікацыйных і выпускных экзаменаў, размеркавання выпускнікоў.

З удзелам прадстаўнікоў базавых прадпрыемстваў ладзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства, традыцыяй сталі экскурсіі на будаўнічыя аб’екты, правядзенне першых урокаў азнаямлення з асновамі будаўнічых прафесій на будаўнічых пляцоўках. Таксама педагагічныя работнікі ліцэя праходзяць стажыроўку на аб’ектах базавых прадпрыемстваў для павышэння свайго прафесійнага ўзроўню.

У ліцэі не баяцца брацца за новыя задачы. Так, 3 гады назад тут пачалі працаваць над дапрафесійнай падрыхтоўкай школьнікаў.

1 верасня 2018 года было адкрыта аддзяленне дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў. У гэтым навучальным годзе ў ліцэі першыя прафесійныя навыкі атрымлівалі 939 хлопцаў і дзяўчат, якія вучацца ў 21 установе агульнай сярэдняй адукацыі Маскоўскага раёна Мінска.

Аддзяленне дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі прапануе школьнікам шырокі выбар прафесій, у якіх можна сябе паспрабаваць, — іх 18. Гэта такія прафесіі, як маляр, тынкоўшчык, бармен, афіцыянт, прадавец, камплектоўшчык тавараў, вытворца мастацкіх вырабаў з лазы, візажыст, цырульнік, прадавец, слесар па рамонце аўтамабіляў і іншыя. Тэарэтычнае навучанне ажыццяўляецца на базе 12 вучэбных кабінетаў аддзялення. Вытворчае навучанне рэалізуецца як на базе вучэбных майстэрняў, так і на базе прадпрыемстваў і арганізацый, з якімі былі заключаны адпаведныя дагаворы.

Месяц назад у аддзяленні пачаліся выпускныя кваліфікацыйныя экзамены. Навучэнцы 11-х класаў прайшлі першы этап іспыту — здалі кваліфікацыйныя пробныя работы. Першы этап паспяхова прайшлі 100% вучняў, дапушчаных да іспыту.

Можна вызначыць многа паказчыкаў эфектыўнасці работы ўстановы, і перамогі ў конкурсах — адзін з іх. Аднак самы галоўны паказчык — гэта тое, што кожны год з ліцэя на будаўніцтва прыходзяць добра падрыхтаваныя работнікі, якімі задаволены работадаўцы.

Рэспубліканскі конкурс “На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь” вызначае лідараў сярод арганізацый, дзякуючы якім з’яўляюцца і рэалізуюцца шматлікія будаўнічыя праекты. Штогод конкурс арганізоўваюць Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, Саюз будаўнікоў, Рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў.

Удзел у конкурсе дае магчымасць розным арганізацыям прадэманстраваць свае дасягненні і развіццё. Прафесійнае спаборніцтва праводзіцца па некалькіх намінацыях: “Арганізацыя года”, “Кіраўнік года”, “Аб’ект года”, “Тэхналогія года” і іншых. Арганізатары запрашаюць да ўдзелу ў конкурсе і ўстановы адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў для будаўнічай галіны, падкрэсліваючы тым самым вялікі ўклад, які ўстановы ўносяць у развіццё галіны.

У гэтым годзе ў намінацыі “Арганізацыя года” дыпломы пераможцаў конкурсу “На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне ў Рэспубліцы Беларусь за 2020 год” прысуджаны дзвюм установам адукацыі: Мінскаму дзяржаўнаму прафесійнаму ліцэю № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля і Салігорскаму дзяржаўнаму каледжу. Таксама журы адзначыла дасягненні Дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава, Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа, Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя, Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя. Гэтыя навучальныя ўстановы ўзнагароджаны дыпломамі лаўрэата конкурсу.

У намінацыі “Кіраўнік года” дыпломы пераможцы ўручаны Аляксандру Міхайлавічу Ласякіну, дырэктару Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, і ­Сяргею Мікалаевічу Шыловічу, які ўзначальвае Слуцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй. Лаўрэатамі конкурсу ў гэтай намінацыі сталі Канстацін Андрэевіч Башаркін, дырэктар архітэктурна-будаўнічага каледжа ў складзе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, і Ігар Міхайлавіч Зелянко, дырэктар Абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя. Адзначым, што ўсе ўстановы і асобы, адзначаныя ўзнагародамі ў гэтым годзе, — пастаянныя ўдзельнікі конкурсу, якія штогод пацвярджаюць перамогамі свой высокі ўзровень работы.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.