Чакаюць каледжы, чакаюць ліцэі

- 9:05Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Гарачая і неспакойная пара наступіла для выпускнікоў — час выбіраць прафесійны шлях і сваю будучыню. 15 чэрвеня пачаўся прыём дакументаў ва ўстановы, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Прафесійныя ліцэі і прафесійна-тэхнічныя каледжы чакаюць выпускнікоў школ і прапануюць шырокі спектр рабочых прафесій. Тут робяць усё, каб ствараць моладзі магчымасці для прафесійнай самарэалізацыі і выпускаць добрых спецыялістаў, якія патрэбны эканоміцы краіны на сучасным этапе. Для гэтага ў названых установах пільна сочаць за зменамі на рынку працы і аператыўна на іх рэагуюць. Гэта робіць сістэму прафесійнай адукацыі рухомай і гнуткай — кожны год знікаюць і з’яўляюцца новыя спецыяльнасці, кваліфікацыі, набор на адны спецыяльнасці павялічваецца, на іншыя — памяншаецца. Прапануем чытачам даведацца, што прапануюць установы прафесійнай адукацыі сёлета.

Агульная карціна

У 2021 годзе ў нашай краіне выпускнікоў школ чакаюць 125 уста­ноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія прапануюць навучанне па больш чым 250 прафесіях. Акрамя таго, прыём для навучання па рабочых прафесіях будзе ажыццяўляць 41 установа адукацыі іншых узроў­няў, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Сёлета для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць 26,7 тысячы чалавек, з іх 26,6 тысячы — на бюджэтную форму навучання. Пры гэтым для атрымання адукацыі ў дзённай форме плануецца залі­чыць 25,2 тысячы чалавек, на завочную форму навучання — 425 чалавек, на вячэрнюю — 1,1 тысячы чалавек.

Кожны год праводзіцца аналіз патрэбы рэгіянальных рынкаў працы, і з улікам гэтага структура падрыхтоўкі ўдасканальваецца. Так, сёлета спынены або прыпынены прыём па 150 незапатрабаваных прафесіях і адкрыта падрыхтоўка па 135 новых для асобных устаноў прафтэхадукацыі прафесіях. Так, адзначаецца скарачэнне прыёму па такіх напрамках, як “Мастацтва і дызайн”, “Камунікацыя. Права. Эканоміка”, “Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Тэхніка і тэхналогіі”. Павялічаны прыём па напрамках “Архітэктура і будаўніцтва”, “Сельская і лясная гаспадарка”, “Садова-паркавае будаўніцтва”, “Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне”.

Рэгіянальны ракурс

Прыёмнай кампаніі заўсёды папярэднічае грунтоўная падрыхтоўчая работа, якая накіравана на вырашэнне дзвюх асноўных задач. Першая — вызначыць аптымальную колькасць месцаў ва ўстановах адукацыі, якую неабходна забяспечыць. Другая — зрабіць так, каб на гэтыя месцы прыйшлі людзі.  

Для вырашэння першай задачы праводзіцца глыбокі аналіз працэсаў, што адбываюцца ў вытворчай галіне. Для вырашэння другой арганізуецца прафарыентацыйная работа.

Установы адукацыі арыентаваны на мясцовы рынак працы і імкнуцца забяспечыць патрэбу рэгіёна ў кадрах. Так, напрыклад, на Гомельшчыне асновай для фарміравання плана прыёму з’яўляюцца заяўкі галіновых камітэтаў, упраўленняў Гомельскага аблвыканкама, дагаворы паміж навучальнымі ўстановамі і арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Фарміраванне кантрольных лічбаў прыёму ва ўстановы адукацыі аграрнага профілю ажыццяўлялася з улікам заявак камітэта па сельскай гаспадарцы і харчавання Гомельскага аблвыканкама, упраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкамаў. У выніку згодна з праектам кантрольных лічбаў прыёму падрыхтоўка рабочых кадраў будзе ажыццяўляцца па 93 кваліфікацыях.

Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама каардынуе работу па прагназаванні патрэбы рэгіёна ў рабочых кадрах. Установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі сумесна з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў штогод удакладняюць патрэбу ў рабочых, прымаюць удзел у фарміраванні заказу на наступнае пяцігоддзе.

Аналіз рынку працы і працаўладкавання выпускнікоў мінулага года паказаў незапатрабаванасць работнікаў па шэрагу кваліфікацый, і ў наступным навучальным годзе будзе закрыта падрыхтоўка па 27 кваліфікацыях, такіх як, напрыклад, праваднік пасажырскага вагона, касір білетны, электраманцёр лінейных збудаванняў электрасувязі і праваднога вяшчання, кабельшчык-спайшчык і інш.

У той жа час назіраецца большая патрэба ў кадрах па профілях “Механічная апрацоўка металу на станках і лініях”, “Грамадскае харчаванне”, “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”. Устойлівым попытам карыстаюцца выпускнікі спецыяльнасці “Гандлёвая справа”. З улікам патрэб сацыяльна-эканамічнага комплексу ў рабочых кадрах у 2021 годзе пачынаецца падрыхтоўка па 24 кваліфікацыях. Напрыклад, мантажнікаў каркасна-абшытых канструкцый сухога будаўніцтва пачнуць рыхтаваць у Мазырскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў, памочнікаў бурыльшчыка эксплуатацыйнага і разведачнага бурэння свідравін на нафту і газ — у Мазырскім дзяржаўным прафесійным ліцэі геалогіі, машыністаў цестараздзелачных машын — у Гомельскім дзяржаўным прафесійным ліцэі чыгуначнага транспарту, выканаўцаў мастацка-афарміцельскіх работ — у Рагачоўскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным кале­джы будаўнікоў.

Каб усе прапануемыя для навучання месцы былі запатрабаваны сярод выпускнікоў школ, на Гомельшчыне праводзілася маштабная прафарыентацыйная работа. Актыўна працавалі праф­арыентацыйныя агітбрыгады. Яны выступалі перад дзецьмі ў школах, перад іх бацькамі на бацькоўскіх сходах. Прычым не толькі ў Гомельскай вобласці, але і ва ўстановах адукацыі прыгранічных раёнаў Расійскай Федэрацыі. Навучэнцаў школ запрашалі на прафарыентацыйныя мерапрыемствы ў кале­джы і ліцэі.

Агітацыйныя матэрыялы размясцілі ў грамадскім транспарце, у фотавітрынах, былі аформлены альбомы аб прафесіях. На сайтах устаноў адукацыі аформлены старонкі па прафарыентацыі, якія расказваюць аб прапануемых прафесіях і перспектывах, якія яны даюць, аб умовах навучання ва ўстановах ПТА, аб магчымасцях працаўладкавання. Навучэнцаў школ у пазаўрочны час запрашалі на заняткі ў гурткі тэхнічнай і мастацкай творчасці на базе каледжаў і ліцэяў.

Аналагічная работа па падрыхтоўцы да прыёмнай кампаніі праводзілася і ў іншых рэгіёнах краіны.

Тэрміны прыёмнай кампаніі для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі

Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў дзённай форме навучання ажыццяўляецца з 15 чэрвеня па 20 жніўня.

Калі да канца тэрміну прыёму дакументаў колькасць пада­дзеных заяў на асобныя спецыяльнасці будзе меншай, чым запланаваная колькасць месцаў для прыёму, то ўстанова адукацыі па ўзгадненні з заснавальнікам можа падоўжыць тэрмін прыёму дакументаў і залічэння ў склад навучэнцаў да поўнага ўкамплектавання груп, але не пазней чым да 15 верасня бягучага года.

У гэты ж тэрмін — з 15 чэрвеня па 20 жніўня — ажыццяўляецца прыём дакументаў для навучання ў вячэрняй форме, а па спецыяльнасцях сельскагаспадарчага напрамку — з 1 кастрычніка па 20 лістапада.

На завочную форму атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі дакументы можна падаць з 1 па 10 кастрычніка.
Ад замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія паступаюць для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на платнай аснове, дакументы будуць прымацца з 15 чэрвеня па 10 верасня.

Падрабязную інфармацыю аб магчымасцях атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі можна знайсці ў Даведніку для паступаючых ва ўстановы адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў 2021 го­дзе, што размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Таксама на сайце ёсць нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць парадак і правілы правядзення ўступнай кампаніі.

Для аказання інфармацыйнай дапамогі абітурыентам і іх баць­кам у Міністэрстве адукацыі арганізавана работа гарачай лініі. Патэлефанаваць можна па нумары 8 (017) 222-43-12.

Звярніце ўвагу

Шэраг устаноў адукацыі па ўсёй краіне пачынае падрыхтоўку па новых для гэтых устаноў рабочых кваліфікацыях або аднаўляе набор па кваліфікацыях, якія на некаторы час страцілі сваю актуальнасць, а цяпер зноў запатрабаваны ў пэўным рэгіёне.

У Брэсцкай вобласці плану­юць набраць 4060 чалавек для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў вочнай форме навучання і 140 чалавек — у завочнай. Калі гаварыць аб новых кваліфікацыях, то варта адзначыць, што ў Брэсцкім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання пачнуць рыхтаваць электраманцёраў ахоўна-пажарнай сігналізацыі.

У адпаведнасці з кантрольнымі лічбамі прыёму ў Віцебскай вобласці плануецца прыняць на навучанне на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі 4090 чалавек. Новых спецыяльнасцей на гэтым узроўні адукацыі не будзе, аднак некалькі ўстаноў аднаўля­юць падрыхтоўку кадраў па некаторых кваліфікацыях. Так, сацыяльных работнікаў будуць навучаць у Аршанскім дзяржаўным прафесійным ліцэі тэкстыльшчыкаў імя Г.В.Сямёнава,слесараў-рамонтнікаў (рамонт швейнага абсталявання) — у Віцебскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці, аператараў камп’ютарнай графікі — у Віцеб­скім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 5 прыборабудавання.

На Гродзеншчыне ў гэтым го­дзе ўстановы прафтэхадукацыі адкрываюць набор па дзвюх новых для рэгіёна кваліфікацыях. Так, у Слонімскім прафесійна-тэхнічным каледжы сельскагаспадарчай вытворчасці цяпер можна атрымаць прафесію кулінара мучных вырабаў, у Лідскім ліцэі меліярацыйнага будаўніцтва — візажыста.

Увогуле ў вобласці рабочыя прафесіі можна атрымаць у 22 уста­новах прафтэхадукацыі, дзе адкрыты набор па 72 кваліфікацыях. Традыцыйна самымі запатрабаванымі прафесіямі з’яўляюцца такія, як цырульнік, кухар, кандытар, абліцоўшчык-плітачнік, слесар па рамонце аўтамабіляў, аператар паштовай сувязі, страхавы агент. Усяго сёлета плануецца прыняць 2638 чалавек.

У 2021 годзе ва ўстановах прафесійнай адукацыі Магілёўскай вобласці плануецца ажыццявіць прыём на навучанне 2701 чалавека для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Задачу па забеспячэнні эканомікі Магілёў­шчыны кваліфікаванымі кадрамі ў наступным навучальным годзе будуць вырашаць 25 устаноў прафесійнай адукацыі, якія знахо­дзяцца ў ведамасным падпарадкаванні галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. У іх плануецца ажыццяўляць падрыхтоўку па 39 спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Што тычыцца новаўвядзенняў гэтага года, то варта адзначыць, што адновіцца набор па 7 кваліфікацыях, такіх як “агент па забеспячэнні”, “электрамеханік па ліфтах”, “кантралёр якасці”, “дарожны рабочы”, “слесар па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў”, “вальшчык лесу”, “агент рэкламны”.

У Мінскай вобласці на ўзроў­ні ПТА пачнуць рыхтаваць токараў і слесараў-рамонтнікаў у Любанскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі, мантажнікаў каркасна-абшытых канструкцый сухога будаўніцтва — у Маладзечанскім дзяржаўным каледжы. Гэтыя кваліфікацыі — новыя для названых устаноў адукацыі. Усяго ў вобласці ва ўстановы ПТА плануецца набраць 3080 юнакоў і дзяўчат, з іх 30 — на завочную форму навучання.

У Мінску ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў гэтым го­дзе запрашаюць 4356 навучэнцаў: 3066 уладальнікаў агульнай базавай, 1254 — агульнай сярэдняй і 36 — спецыяльнай адукацыі.

Кваліфікацыйная структура прадугледжвае падрыхтоўку навучэнцаў па 49 спецыяльнасцях на ўзроўні ПТА, якія ўключаюць 114 кваліфікацый. У сталіцы пачаты набор па 3 новых для ўстаноў адукацыі кваліфікацыях. Так, слесараў-электрыкаў па рамонце электраабсталявання будуць рыхтаваць у Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 9 аўтамабілебудавання, памочнікаў машыніста дызель-цягніка і складальніка цягнікоў — у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы чыгуначнага транспарту імя Я.П.Юшкевіча.  

Таксама ва ўстановах адукацыі сталіцы адноўлена падрыхтоўка па шэрагу кваліфікацый. Напрыклад, сёлета Мінскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж набірае дазіроўшчыкаў медыцынскіх прэпаратаў і апаратчыкаў шырокага профілю, а Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў будзе рыхта­ваць страхароў па рулонных дахах і дахах з адзінкавых матэрыялаў.

Шырокі выбар спецыяльнасцей, што прапануюць установы прафесійнай адукацыі, дазволіць кожнаму знайсці сваю прафесійную сцяжыну.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.