Чым адпачынак у летнім выхаваўча-аздараўленчым лагеры на Шуміліншчыне прываблівае дзяцей з раёна, іншых беларускіх рэгіёнаў і з Расіі, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Лагер “Пунсовы ветразь” з 2021 года знаходзіцца ў структурным падпарадкаванні Шумілінскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Гэта абумоўлівае адметны стыль і крэатыўны падыход да арганізацыі работы. Так, сёлета летнік стаў высокатэхналагічным і ловіць гравітацыйныя хвалі: усе чатыры змены з’яднаны агульнай канцэпцыяй касмічнага лета.

Лета дыктуе актыўны адпачынак, аздараўленне, таму праграма змены ў шумілінскім выхаваўча-аздараўленчым лагеры насычана як выхаваўчымі і пазнавальнымі, так і фізкультурна-спартыўнымі мерапрыемствамі.
Вакол “планетарнай базы” лагера ў вёсцы Лескавічы хвалі ветру шэпчуцца ў лясных верхавінах, сплятаючы ў адзіны ўзор зорныя і зямныя сюжэты… Дзецям цікава ўслухацца, разам з сябрамі і выхавальнікамі пастарацца расшыфраваць і, магчыма, намаляваць яго аповеды!

Кожная змена — здароўезберагальнай, патрыятычнай, экалагічнай, творчай накіраванасці — мае сваю праграму касмічных даследаванняў, таму ўсіх удзельнікаў чакае мноства адметных прыгод і адкрыццяў. Варта дадаць, што Лескавічы славяцца падзейнай амаль 500-гадовай гісторыяй. Пякучым болем страт апалены старонкі народнага подзвігу, якія пакінула ў гэтым летапісе Вялікая Айчынная вайна. Дарэчы, у лескавіцкай васьмігодцы вучыўся будучы кіраўнік Беларускага штаба партызанскага руху Пётр Калінін.
— Яшчэ трэба сказаць: у крокавай даступнасці знаходзіцца возера, дзе ў купальны сезон абсталёўваецца пляж з пастом выратавальнікаў, — адзначыла начальнік аддзела па адукацыі Шумілінскага райвыканкама Аксана Талстая. — Далёка не кожны лагер мае такі бонус!

У гэтым годзе тэрыторыя лагера прырасла больш чым у два разы за кошт зносу чатырох старых дамоў, у якіх калісьці жылі педагогі мясцовай школы-інтэрната. Знеслі і былое агароднінасховішча, дзе не было магчымасці падтрымліваць належныя тэмпературны рэжым і вільготнасць, рэгламентаваныя санітарна-гігіенічнымі нарматывамі. Па словах Аксаны Генадзьеўны, спачатку апошняе з названых збудаванняў думалі адрамантаваць, аднак было падлічана, што выдаткі яўна не апраўдаюць сябе, таму змянілі гэтыя намеры. З няпростай задачай па добраўпарадкаванні справіліся агульнымі сіламі. Даў зялёнае святло і забяспечыў матэрыяльную падтрымку райвыканкам, масава далучыліся педагагічныя калектывы, прадпрыемствы-партнёры, грамадскія арганізацыі. Характэрная дэталь: калі накіраваныя на дапамогу прадстаўнікі Башнеўскай базавай школы на свае вочы ўбачылі аб’ём работ, то наступным разам адзін з работнікаў установы адукацыі па асабістай ініцыятыве прыехаў у лагер на ўласным трактары — незапланаваны тэхнічны рэсурс аказаўся вельмі дарэчы!

Аксана Талстая, Наталля Пятроўская, Маргарыта Сілкіна
— Дзякуючы раённаму аддзяленню Беларускай партыі “Белая Русь”, у лагеры з’явілася новае вулічнае абсталяванне для дзіцячых гульняў, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” падарыла ўтульную альтанку, — праінфармавала дырэктар цэнтра дзяцей і моладзі Наталля Пятроўская. — Для гарантавання бяспекі дзяцей замянілі аўтаматычную пажарную сістэму. У сталовай устанавілі новую халадзільную камеру з манаблокам і камплектам стэлажоў, тым самым было вырашана пытанне якаснага захоўвання садавіны і агародніны. Вясной вылажылі тратуарнай пліткай дарожкі і пляцоўкі, пасадзілі хосты, разбілі прыгожыя кветнікі. Выканалі рамонт і рэканструкцыю цэнтральнага ганка і фасада будынка, таксама ўстанавілі новую ўваходную групу ў сталовую. Сярод планаў на перспектыву — абсталяванне новых гульнявых і спартыўных лакацый, бо цяпер тэрыторыя дазваляе гэта зрабіць.
Аксана ТАЛСТАЯ: Прафесійная і дружная каманда работнікаў, падрыхтаваная матэрыяльная база дазваляюць забяспечыць якасны адпачынак выхаванцаў у камфортных і бяспечных умовах.
Ключавы фактар поспеху дзіцячага летняга лагера — кадравы рэсурс. Працоўныя летнія графікі задзейнічаных педагогаў і іншых работнікаў былі складзены яшчэ ў снежні. Пасаду начальніка лагера раней перадавалі па эстафеце: кожную змену быў новы кіраўнік. Потым аддзел па адукацыі сумесна з цэнтрам дзяцей і моладзі прааналізавалі гэтую практыку і прыйшлі да высновы, што яе мэтазгодна ўдасканаліць. У выніку другі год запар лагер узначальвае Святлана Раманава. Па асноўнай рабоце яна культарганізатар ЦДіМ, па адукацыі — педагог-харэограф, а зараз набывае другую адукацыю як педагог-дэфектолаг. Паколькі на чэрвень у Святланы Юр’еўны прыпадала сесія ва ўніверсітэце, на першай змене ёй падставіла плячо і выконвае абавязкі начальніка лагера калега Маргарыта Сілкіна, яшчэ адна яркая прадстаўніца калектыву ЦДіМ. Маргарыта Альбертаўна атрымала ў БНТУ інжынерна-педагагічную спецыяльнасць і сферай дзейнасці выбрала адукацыю. Адпаведна, тэхпадтрымка касмічнага лета на старце — прафесійная!

— У чэрвені ў “Пунсовым ветразі” сабраліся выхаванцы не толькі з Шумілінскага раёна, але і з іншых беларускіх рэгіёнаў, напрыклад, з Вілейкі і Маладзечна, — расказала начальнік лагера. — Прычым звычайна тыя, хто аднойчы пабываў у нас, імкнуцца вярнуцца сюды ў наступным сезоне. Думаю, гэта красамоўны паказчык выніковасці нашай работы. Лета дыктуе актыўны адпачынак, аздараўленне, таму праграма змены насычана як выхаваўчымі і пазнавальнымі, так і фізкультурна-спартыўнымі мерапрыемствамі. Усё больш нашым лагерам цікавяцца расіяне. Так, некалькі дзяцей з суседняй краіны адпачываюць на першай змене. Амаль завершана ўзгадненне заяўкі на летні адпачынак у нашым лагеры арганізаванай дзіцячай групы з 30 чалавек. Рыхтуемся неўзабаве прыняць цэлы расійскі атрад!
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара





