Чым Гродзенскі каледж галіновых тэхналогій дапамагае ўстановам вобласці, дзе вядзецца падрыхтоўка па сумежных спецыяльнасцях 

- 12:02Гродненская область, Образование

Гродзенскі дзяржаўны каледж галіновых тэхналогій не толькі рыхтуе кухараў і кандытараў, але і дапамагае іншым установам вобласці, дзе вядзецца падрыхтоўка па сумежных спецыяльнасцях. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На базе каледжа працуе абласны цэнтр кампетэнцый па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне”. Навучэнцы ўстаноў адукацыі з усёй Гродзеншчыны разам з майстрамі вытворчага навучання займаюцца на базе цэнтра кампетэнцый і жывуць у інтэрнаце каледжа. Прычым яны могуць вучыцца па індывідуальных, складзеных для кожнага праграмах. Наладжана супрацоўніцтва і з ГрДУ імя Янкі Купалы, дзе рыхту­юць інжынераў-тэхнолагаў грамадскага харчавання.

— Цэнтр кампетэнцый быў створаны ў 2019 годзе, ён укамплектаваны самым сучасным абсталяваннем, інструментамі, што дазваляе забяспечыць якасную падрыхтоўку і перападрыхтоўку навучэнцаў, — расказаў дырэктар каледжа Алег Пятровіч Сяргей. — У Гродзенскай вобласці 7 каледжаў ажыццяўляюць пад­рыхтоўку кухара і кандытара. У нас яны маюць магчымасць адпрацаваць прафесійныя навыкі на сучасным абсталяванні, якое ёсць далёка не ва ўсіх установах адукацыі і нават не заўсёды на прадпрыемствах грамадскага харчавання. Таксама на базе цэнтра кампетэнцый арганізавана дадатковая адукацыя дарослых па запытах арганізацый — заказчыкаў кадраў. Цэнтр занятасці накіроўвае да нас беспрацоўных для атрымання спецыяльнасці кухара.

Цэнтр кампетэнцый запатрабаваны. За мінулы год тут прайшлі навучанне каля 180 чалавек з іншых каледжаў. Практычна ў дзве змены задзейнічаны абе­дзве майстэрні: кухарская і кандытарская. Многае залежыць ад педагогаў. Цэнтр укамплектаваны высокакваліфікаванымі кадрамі. Узначальвае яго Алена Міхайлаўна Чайко. Заняткі для майстроў вытворчага навучання іншых каледжаў праводзіць майстар вытворчага навучання дасведчаны педагог Лізавета Пятроўна Гарбачова.

— Навучэнцы іншых устаноў займаюцца ў нашым цэнтры кампетэнцый на працягу аднаго-двух тыдняў, таму мы імкнёмся так арганізаваць працэс навучання, каб яны атрымалі як мага больш карысці, — падкрэсліла загадчыца цэнтра кампетэнцый Алена Чайко. — Прапаноўваем ім такія заданні, каб была задзейнічана ўся лінейка абсталявання для гатавання сучасных страў, незвычайных, нават звыш праграмы. Стараемся ўключыць тэхналогію су-від — гатаванне страў у вакууме пры нізкіх тэмпературах. У нас маладыя людзі вучацца гатаваць пасту, піцы, мусы, мерэнгі, тарталеткі. Для гэтага ёсць усё неабходнае абсталяванне. Яны гатуюць, а потым самі і дэгустуюць. На майстар-класы запрашаем сваіх выпускнікоў і знакамітых кухараў.

Сёлета Гродзенскі дзяржаўны каледж галіновых тэхналогій на базе прафесійна-тэхнічнай адукацыі набірае 250 чалавек, на базе сярэдняй спецыяльнай — 54. Сярод іх 33 мэтавікі, з іх у галіне грамадскага харчавання — 21.

— Асноўны наш заказчык кад­раў — дзяржаўнае прадпрыемства “Азбука харчавання”, у гэтым годзе ў іх 17 мэтавых заявак. Рыхтуем для іх кухараў, якія затым працуюць у школах Гродна. Увогуле, ва ўстановы адукацыі размяркоўваем мінімум 30 працэнтаў выпускнікоў. І колькасць заявак звычайна ўдвая большая, чым выпускнікоў. Таму кожны год павялічваем набор. Арганізацыі — заказчыкі кадраў таксама прымаюць удзел у распрацоўцы вучэбных праграм. Зыходзячы з іх пажаданняў, будуем адукацыйную траекторыю такім чынам, каб працаваць прыйшлі запатрабаваныя спецыялісты, — расказаў ­А.П.Сяргей.

З 1 верасня для арганізацыі вытворчага навучання для навучэнцаў 2—3 курсаў адкрываецца новая вучэбна-вытворчая лабараторыя па гатаванні ежы ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім каледжы. Навучэнцы пад наглядам майстроў вытворчага навучання будуць рыхта­ваць стравы, а потым рэалізоў­ваць прадукцыю праз буфет.

Такую форму работы гродзенцы запазычылі ў калег з Віцебскай вобласці, дзе пабывалі на стажыроўцы. У такім выпадку можна адначасова наладзіць навучанне цэлай групы пад наглядам майстроў, што цяжка ажыццявіць, калі навучэнцы размеркаваны па розных прадпрыемствах горада.

Дадаткова ў гэтым годзе ў каледжы будзе абсталявана лабараторыя для навучэнцаў новай спецыяльнасці вытворцы мясных паўфабрыкатаў, складальніка фаршу, жылоўшчыка мяса і субпрадуктаў. У дадатак да існуючых адкрываюцца яшчэ 2 буфеты — у Гродзенскім каледжы эканомікі і кіравання Белкаапсаюза і ў політэхнічным каледжы. Там будзе рэалізоўвацца прадукцыя ўласнай вытворчасці, згатаваная на базе лабараторыі і цэнтра кампетэнцый у рамках вытворчага навучання.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі