Чым запомніўся 2023 год? Працягваем разам з сябрамі «Настаўніцкай газеты» падводзіць вынікі мінулага года

- 10:36Новости

Чым запомніўся 2023 год? Якія яркія падзеі, дасягненні, шчаслівыя моманты сталі вызначальнымі для сістэмы адукацыі раёна і асобнай установы, паслужылі штуршком для новых пачынанняў? Працягваем разам з добрымі сябрамі “Настаўніцкай газеты” падводзіць вынікі мінулага года, галоўным з якіх з’яўляецца наша гатоўнасць вучыцца, развівацца, прафесійна расці, выходзіць з зоны камфорту і зладжанай камандай працаваць па максімуме на бязмежных прасторах педагагічнай творчасці.

Па формуле поспеху

Святлана Мікалаеўна Цымбаленка, начальнік аддзела па адукацыі Баранавіцкага райвыканкама:

— Мінулы каляндарны год быў няпростым, аднак цікавым і змястоўным. Сістэма адукацыі раёна працавала ў адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі і задачамі, ёсць пэўныя дасягненні па асноўных напрамках дзейнасці.

Больш за 100 навучэнцаў сталі пераможцамі трэцяга этапу алімпіяд па вучэбных прадметах і здаровым ладзе жыцця, навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў і спаборніцтваў рознага ўзроўню. З мэтай рэалізацыі інтэлектуальнага і асобаснага патэнцыялу школьнікаў 13 навучэнцаў з сямі ўстаноў адукацыі прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку па напрамках “Машыны і рухавікі. Аўтамабілебудаванне”, “Энергетыка будучыні”, “Робататэхніка”, “Інжынерная экалогія”.

Мы клапоцімся пра тое, каб кожны навучэнец вызначыўся з прафесійным напрамкам і стаў паспяховым у жыцці. Для гэтага ў раёне ствараюцца ўсе ўмовы. Прафесійнаму самавызначэнню навучэнцаў спрыяе дзейнасць профільных класаў і груп. У раёне створаны 3 класы і 5 груп аграрнай накіраванасці для 44 навучэнцаў, 2 групы педагагічнай накіраванасці для 18 школьнікаў, 2 інжынерныя групы для 14 навучэнцаў, група ваенна-патрыятычнай накіраванасці для 7 навучэнцаў.

Вялікая ўвага ўдзяляецца прафесійнай арыентацыі навучэнцаў раёна. За мінулы год аддзелам па адукацыі праведзены 3 кірмашы мэтавай падрыхтоўкі для навучэнцаў 9—11 класаў, у якіх прыняло ўдзел 750 чалавек. У выніку сельскагаспадарчымі арганізацыямі і ўстановамі адукацыі раёна заключана 26 мэтавых дагавораў.

Па выніках рэспубліканскага конкурсу “АграНТРІ-Беларусь” у намінацыі “АграБІЯ” навучэнка 9 класа Сталовіцкай сярэдняй школы Віярыка Боб узнагароджана дыпломам II ступені, а ў намінацыі “АграРОБАТЫ” дыплома III ступені ўдастоены васьмікласнік Русіноўскай сярэдняй школы Аляксей Хандрыка.

З ліпеня ў раёне рэалізуецца цікавы праект “Формула поспеху. Адзін дзень з кіраўніком”. Пераможцы конкурсу эсэ “Калі б я быў кіраўніком…” прынялі ўдзел у тэматычным дні са старшынёй Баранавіцкага райвыканкама Сяргеем Карпенкам, дырэктарам ААТ “Агракамбінат “Мір” Віталем Крамянеўскім, з Баранавіцкім між­раённым пракурорам Аляксандрам Карлюком. Як паказвае практыка, такія сустрэчы вельмі эфектыўныя і карысныя.

У верасні 2023 года адкрыўся ваенна-патрыятычны цэнтр “Адзінства” ў Жамчужненскай сярэдняй школе сумесна з вайсковымі часцямі 7404 і 96577, у якім штомесяц задзейнічана каля 200 навучэнцаў старшых класаў з устаноў адукацыі раёна.

У 2024 годзе плануецца адкрыццё між­школьнага цэнтра дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі з добрай матэрыяль­на-тэхнічнай базай. Работа ў такім цэнтры дазволіць школьнікам вызначыцца з будучай прафесіяй, стаць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны. Вядзецца работа і падрыхтоўка адпаведнай дакументацыі па прысваенні Мірскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза Р.А.Чакмянёва.

У Год якасці хочацца, каб раён выйшаў на новы ўзровень па падрыхтоўцы высокаматываваных і адораных навучэнцаў, каб у нас былі перамогі на ўзроўні рэспублікі. Сваім калегам пажадаю здароўя, энтузіязму, незгасальнага запалу, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, каб усе задачы, якія ставяцца перад намі, вырашаліся з лёгкасцю!

Каштоўны вопыт

Ірына Мечыславаўна Вялесік, загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці:

— Калі лічыць колькасць праве­дзеных метадычных мерапрыемстваў, новыя знаёмствы, карысныя навыкі і ўдзел у конкурсах вынікамі года, то год быў больш чым плённым. У нас усё атрымалася, усё прайшло па плане, і гэты год прынёс нам каштоўны вопыт. А калі без перабольшання, год адзначаны перамогамі, дасягненнямі і назаўсёды застанецца ў гісторыі раёна як чарговая значная вяха!

Ганарымся выступленнямі нашых педагогаў на абласным і заключным этапах рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023”, які дае магчымасць раскрыць педагагічныя таленты, абагульніць вопыт і трансліра­ваць новыя практыкі. Два педагогі раё­на з сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска — настаўніца англійскай мовы Ксенія Арцюх і настаўніца пачатковых класаў Аксана Свістунова — сталі пераможцамі і прадстаўлялі вобласць на заключным этапе конкурсу! Аксана Віктараўна стала лаўрэатам конкурсу ў намінацыі “Пачатковыя класы”, і зараз у Ваўкавыскім раёне 3 крыштальныя жураўлікі. Вось і жаданне (метадычнае) пад бой курантаў: педагогі нашага раёна могуць быць пераможцамі гэтага прэстыжнага конкурсу.

Годна быў прадстаўлены раён на XX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай мола­дзі, прысвечанай Году гістарычнай памяці. Дыпломамі адзначаны 6 работ. Выніковы ўдзел педагогаў раёна ў абласным конкурсе “IT-майстар”: настаўніца матэматыкі Гнязноўскай сярэдняй школы Таццяна Чынікайла і настаўніца інфарматыкі і чарчэння гімназіі № 1 Ваўкавыска Галіна Аксаміт прызнаны пераможцамі. Больш за 40 майстар-класаў правялі нашы настаўнікі для студэнтаў і педагогаў вобласці і рэспублікі. І гэта нядзіўна, бо ў раёне 9 настаўнікаў-метадыстаў.

Ганарымся мы і дасягненнямі маладых спецыялістаў. Каманда маладых педагогаў раёна стала пераможцай абласнога фестывалю педагагічных ідэй “Прызванне — педагог” у 2023 годзе.

Выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 7 Ваўкавыска Таццяна Мелянчук стала пераможцай у намінацыі “Малады выхавальнік дашкольнай адукацыі” ў абласным этапе рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют”. 3-е месца і дыплом лаўрэата ў настаўніка гісторыі сярэдняй школы № 3 Ваўкавыска Ягора Чарапка ў абласным этапе Рэс­публіканскага конкурсу маладых работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь “ЅuреrПРОФІ-2023”.

Можна яшчэ пералічваць знамянальныя падзеі ў жыцці педагогаў, але галоўны вынік года — наша гатоўнасць вучыцца, развівацца і выходзіць з зоны камфорту. Пакуль хтосьці баіцца і сумняваецца, мы робім сваю справу і ідзём наперад.

Буду банальнай і скажу, што Новы год — новае жыццё. Я шчыра веру, што ўсё будзе добра. Трэба проста ў гэта верыць, бо думкі матэрыяльныя!

За кожным словам стаіць дзеянне

Галіна Анатольеўна Сухава, настаўнік-метадыст, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава, член клуба “Крыштальны журавель”:

— Для мяне 2023 год стаў светам, дзе кожнае слова, якое я прамаўляла, мела вагу. Лёгкія словы, як пёркі, луналі ў паветры, а цяжкія падалі на зямлю, пакідаючы сляды. І гэтае маё новае ўяўленне пра місію слова настаўніка беларускай мовы і літаратуры, настаўніка-метадыста істотна змяніла спосаб прафесійных зносін. Галоўная выснова года прысвечана значэнню слоў.

Слова “сачыненне”. Я імкнулася да таго, каб мае васьмікласнікі з натхненнем і радасцю сустракалі такую тэму ўрока. Таму аператыўна падрыхтавала спецыяльны аўтарскі курс. Гучную назву курсу так і не прыдумала, затое кожную суботу вучыла дзяцей даваць ацэнку герою толькі на аснове фактаў, а словы з прамым значэннем замяняць на метафарычныя выразы. І словы маіх вучняў загучалі, сталі лёгкімі.

Слова “пытанне”. Адным з самых складаных, а таму вельмі цікавым было такое: “Як захапіць вучняў педагагічнай дзейнасцю?” У лістападзе наша гімназія прымала рэспубліканскі семінар “Матывацыя навучэнцаў у працэсе арыентацыі на педагагічную прафесію” для ўдзельнікаў эксперыментальных пляцовак адпаведнага праекта. Мяне прывабліваюць гарманічныя рэчы, у якіх форма адпавядае зместу. Менавіта з такога боку мы раскрылі сутнасць настаўніцкай прафесіі: бязмежны прастор для творчасці, уменне складанае ра­біць простым, разуменне вялікай грамадскай ролі настаўніка.

Слова “раман”. Яно дазволіла прыняць прафесійны выклік і правесці адкрытыя ўрокі літаратуры з вялікай прозай. Гэтыя адукацыйныя падзеі праходзілі ў НДЦ “Зубраня” і Дзятлаўскай раённай гімназіі ў рамках рэспубліканскіх семінараў клуба “Крыштальны журавель”. На гэтых уроках словы Ніла Гілевіча ў рамане “Родныя дзеці”, Кузьмы Чорнага ў рамане “Пошукі будучыні” луналі высока і горда, узнімаючы чытачоў да разумення свайго месца на зямлі і свайго нацыянальнага культурнага кода.

Слова “азарт”. Яно дапамагло ­стаць чэмпіёнам спартыўнага форуму “Лучаская лыжня” — традыцыйнага спартыўнага свята, якое штогод ладзіць Першамайскі раён Віцебска. Тут словы падтрымкі каманды гімназіі дазволілі стаць крыху вышэйшай, хутчэйшай і мацнейшай за іншых.

Падзеі, дасягненні, шчаслівыя моманты мінулага года ўжо нам не належаць. Мы проста прыгадваем іх, каб беражліва перадаць наступнаму году.

Згода і дабрабыт

Уладзімір Адамавіч Грыб, начальнік аддзела адукацыі Лельчыцкага райвыканкама:

Навучэнцамі і педагогамі Лельчыцкага раёна ў мінулым годзе было заваявана 82 дыпломы на абласным і 14 дыпломаў на рэспубліканскім этапе творчых і інтэлектуальных конкурсаў. Педагогі лельчыцкага дзіцячага сада № 5 і Лельчыцкай раённай гімназіі імя І.А.Коласа сталі пераможцамі рэс­публіканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны” (дыпломы II і III ступені). Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед узнагародзіў гімназістку Уладу Казачэнка дыпломам I ступені ў маладзёжным творчым конкурсе “Памятаць. Шанаваць. Не дапусціць”. Дар’я Паповіч з Дзяржынскай сярэдняй школы заваявала дыплом I ступені ў рэс­публіканскім конкурсе “Квітней, мой лес!”. У рэс­публіканскім конкурсе “ТэхнаЁлка” Глушкавіцкая сярэдняя школа і Лельчыцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі ўдастоены дыпломаў III ступені.

Шмат увагі ўдзялялася прафарыентацыі навучэнцаў на спецыяльнасці, запатрабаваныя ў эканоміцы і сацыяльнай сферы. Працягваюць функцыянаваць аграрныя класы (групы) на базе Сіманіцкай, Ударненскай і Букчанскай сярэдніх школ, групы ваенна-патрыятычнай накіраванасці ў гімназіі і сярэдняй школе № 1 і педагагічныя групы ў гімназіі. З 2023/2024 навучальнага года ў Сіманіцкай сярэдняй школе і раённай гімназіі былі адкрыты 2 інжынерныя класы. 

У 2023 годзе рабілі ўпор і на павышэнне знач­насці вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”, прафесійную падрыхтоўку навучэнцаў. Дзякуючы мэтанакіраванай падтрымцы Міністэрства адукацыі, у 2022/2023 навучальным годзе ў Сіманіцкую і Прыбалавіцкую сярэднія школы пачалася пастаўка сучаснага абсталявання для кабінетаў працоўнага навучання, у 2023 годзе — у Мілошавіцкую сярэднюю школу. Асноўная мэта працоўнага навучання вучняў старшых класаў — прадастаўленне ім магчымасці асвоіць пэўную прафесію. Так, летась навучэнцы раёна асвойвалі такія прафесіі, як тынкоўшчык, агароднік, прадавец, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, слесар па рамонце аўтамабіляў.

У 2023 годзе ў 2 разы больш навучэнцаў далучыліся да праектаў па другаснай занятасці. 310 непаўналетніх падчас канікул змаглі папрацаваць і атры­маць заработную плату. Для 80 навучэнцаў праекты па працоўнай і другаснай занятасці былі рэалізаваны ў рамках работы ў лагерах працы і адпачынку. З мэтай прывіцця дзецям пачуцця любові да роднага горада, беражлівых і паважлівых адносін да прыродных і культурных каштоўнасцей малой радзімы ў раёне рэалізуюцца адукацыйныя праекты “Юныя сябры лесу” ў дзіцячым садзе № 5 і “Юныя патрыёты” ў дзіцячым садзе № 4.

Што тычыцца экскурсійнай дзейнасці, то за 2023 год для навучэнцаў арганізавана больш за 880 экскурсій па Лельчыцкім раёне, вобласці і рэс­публіцы. Школьныя музеі з’яўляюцца цэнтрам вывучэння і захавання гісторыі і культуры роднага краю, зберажэння гістарычнай спадчыны і самабытных традыцый беларускага народа. Ва ўстановах адукацыі раёна функцыянуюць 9 музейных пакояў і 2 музеі — гісторыка-этнаграфічны “Сялянская хатка” ў Прыбалавіцкай сярэдняй школе і гісторыка-края­знаўчы ў Сіманіцкай сярэдняй школе.

Работу па развіцці музеяў ва ўстановах адукацыі лічым прыярытэтнай у 2024 годзе. Асноўнымі задачамі на год застаюцца таксама павышэнне якасці адукацыйнага працэсу і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. 

У гэтым годзе хочацца пажадаць усім здароўя, каб родныя і блізкія радавалі сваімі поспехамі, каб і ў сям’і, і ў нашым агульным доме панавалі мір, згода і дабрабыт.

Верыць у цуды

Таццяна Юр’еўна Швяцова, загадчыца ДЦРД № 1 Магілёва:

— Мінулы год быў для нас вельмі плённым. Мы развівалі самы запатрабаваны ў сучасных дзяцей напрамак — Stem-адукацыю, эфектыўна выкарыстоўвалі ў адукацыйным працэсе канструктары новага пакалення, робататэхнічныя наборы. Новыя напрамкі работы асвойвае педагог дадатковай адукацыі Валянціна Каліноўская — малады спецыяліст, якая вырашыла застацца ў нас пасля адпрацоўкі. У 2023 годзе яна стала прызёрам (атрымала дыплом І ступені) конкурсу творчых і даследчых праектаў “Год міру і стварэння. Пабудуй горад будучыні!”, арганізаванага факультэтам дашкольнай адукацыі БДПУ.

Ва ўстанове працягвае рэалізоўвацца рэспубліканскі праект “Укараненне сеткавай мадэлі фарміравання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў: рэгіянальная мадэль”, у які ўключаны ўстановы дашкольнай адукацыі, школы і ўстановы дадатковай адукацыі ўсёй краіны. Гэты праект унікальны, бо дазваляе стварыць партнёрскія сеткі, кожная з якіх працуе над сваім інавацыйным прадуктам. Сеткавае ўзаемадзеянне — гэта прадукцыйная, эфектыўная мадэль метадычнага суправаджэння, якая дазваляе азнаёміцца з цікавым вопытам калег і прадставіць свае напрацоўкі. 

ДЦРД № 1 Магілёва з’яўляецца рэсурсным інавацыйным абласным цэнтрам па тэме “Фарміраванне сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый дзяцей дашкольнага ўзросту праз выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій”. Свае вынікі ў 2023 годзе мы прадставілі на XX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай мола­дзі, дзе заваявалі дыплом І ступені за актыўныя формы метадычнай работы з педагагічнымі работнікамі па грамадзянска-патрыя­тычным выхаванні дашкольнікаў. Акрамя таго, атрымалі дыплом І ступені за распрацоўку даведніка маршрутаў выхаднога дня па месцах баявой славы Магілёўшчыны і дыплом ІІ ступені за канспекты аўтарскіх краязнаўчых адукацыйных медыяпадарожжаў. 

Адзін з кірункаў нашай работы — удзел у адукацыйным праекце “Зялёныя школы”. Установа ў 2023 го­дзе заваявала 9 дыпломаў у розных намінацыях на гарадскім этапе рэс­публіканскага конкурсу “Энергамарафон”, на працягу многіх гадоў з’яўляецца пераможцай агляду-конкурсу па азеляненні, добраўпарадкаванні і кветкава-дэкаратыўным афармленні “Квітней, родны Магілёў”, плённа супрацоўнічае з гарадскім эколага-біялагічным цэнтрам дзяцей і моладзі. Мы распрацавалі ландшафтны праект, правялі вялікую работу па добраўпарадкаванні, азеляненні тэрыторыі, удасканалілі прадметна-прасторавае асяроддзе, метэапляцоўку, экалагічную сцежку.

Ва ўстанове працягвае функцыянаваць цэнтр ранняга развіцця “Смайлік” для дзяцей, якія не наведваюць установу дашкольнай адукацыі, і ён карыстаецца вялікай папулярнасцю. Тут створана прывабнае для малышоў развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе: мяк­кае пакрыццё сцен, сэнсарныя па­нэлі, інтэрактыўныя цацкі і розныя матэрыялы для творчасці.

Педагогі цесна судакранаюцца са светам дзяцінства, таму і да святкавання Новага года ставяцца паасабліваму. Мы ўмеем радавацца, як дзеці, верым у самае лепшае, у тое, што цуд абавязкова адбудзецца і навагодняя казка здарыцца з кожным з нас. Сваім калегам хочацца пажадаць у гэтым годзе здароўя і творчага натхнення, каб хапала душэўных і фізічных сіл для рэалізацыі прафесійных і асабістых планаў.

Да новых перамог

Святлана Уладзіміраўна Малец, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Старых Дарог:

Праводзячы 2023 год, падводзім вынікі: радуемся поспехам, будуем перспектывы, аналізуем рэаліі. Мы ўпэўнены, што дасягненні школы — гэта заслуга ўсяго калектыву, чыя творчасць і праца забяспечваюць высокі ўзровень выступлення вучняў на прадметных алімпіядах, конкурсах даследчых работ, спартыўных спаборніцтвах рознага ўзроўню.

У 2023 годзе сярэдняя школа № 2 Старых Дарог удастоена дыплома галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама за паспяховую рэалізацыю педагагічнага праекта “Развіццё прадметных кампетэнцый вучняў на аснове выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў у адукацыйным працэсе”. За час рэалізацыі праекта створана 14 электронных адукацыйных рэсурсаў. ЭАР “Дзённік падарожніка” і “130 крокаў па Беларусі”, над якімі працавалі настаўнікі інфарматыкі Людміла Рымашэўская і Аляксей Сойка, занялі 1-е і 2-е месцы ў міжнародным конкурсе педагагічных праектаў “Мая лічбавая школа”.

З мэтай прафесійнага самавызначэння навучэнцаў настаўнік інфарматыкі Аляксей Сойка распрацаваў сайт “Прафесійны выбар”, які ў 2023 годзе ў абласным конкурсе “Педагагічная IT-мазаіка” быў удастоены дыплома III ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. За 2023 год 31 педагог трансліраваў свой вопыт на 28 метадычных мерапрыемствах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Усяго яны атрымалі 31 узнагароду.

Штогод каманда навучэнцаў пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі Валянціны Іванаўны Шулікоўскай прымае ўдзел у Мінскім абласным турніры юных фізікаў. У 2023 годзе каманда адзначана дыпломам III ступені на абласным этапе і пахвальным водзывам — на рэс­публіканскім.

Дыплом III ступені на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры атрымала вучаніца 11 класа Настасся Астрэйка. Яна вучылася ў нашага выдатнага педагога Таццяны Патапені. Па выніках здачы цэнтралізаванага экзамену па беларускай мове дзяўчына атрымала 100 балаў. А Вікторыя Панкратовіч пад кіраў­ніцтвам настаўніцы геаграфіі Алены Тышкевіч стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

Дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджана вучаніца Дзіяна Дарафейская за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе па інтэр’ерным дызайне і фларыстыцы “Зялёны дом”. Над работай, прадстаўленай на спаборніцтве, дзяўчына працавала пад кіраў­ніцтвам педагога Таццяны Клімянок.

З пачатку бягучага навучальнага года з мэтай павышэння ўзроўню патрыятычнага выхавання навучэнцаў у нашай школе пачаў працаваць віртуальны музей “Старадарожчына археалагічная”. Мы ўпэўнены: не вывучаючы гісторыю роднага краю, нельга прывіць навучэнцам пачуццё любові да сваёй Радзімы.

Вынікам прызнання высокіх дасягненняў стала ўзнагароджанне настаўніцы фізікі Валянціны Іванаўны Шулякоўскай нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”.

Безумоўна, спіс мерапрыемстваў, у якіх прымалі ўдзел нашы вучні і педагогі, не абмяжоўваецца вышэйпералічанымі. Наш педагагічны калектыў імкнецца да таго, каб развіваць дзяцей у самых розных сферах. Спа­дзяёмся, што і новы, 2024 год будзе багатым на дасягненні і перамогі.

Падрыхтавалі Наталля КАЛЯДЗІЧ, Надзея ЦЕРАХАВА, Вольга ДУБОЎСКАЯ, Наталля САХНО