Ціманаўская сярэдняя школа Клімавіцкага раёна на працягу шэрага гадоў з’яўляецца лідарам мясцовых рэйтынгаў практычна па ўсіх паказчыках адукацыйнай дзейнасці. Сёлета яна была прызнана лепшай сельскай установай агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўшчыны.
— Сакрэт нашага поспеху — карпатлівая камандная работа ўсіх педагогаў. Мы імкнёмся ісці ў нагу з часам, павышаць якасць адукацыі, сумяшчаць навучанне з выхаваннем, — расказвае дырэктар Пётр Шашкоў.
Па яго словах, зараз у школе вучыцца 238 хлопчыкаў і дзяўчынак. Частку з іх падвозяць з суседняй вёскі Высокае. А каля васьмідзесяці навучэнцаў прыязджаюць сюды на вучобу з райцэнтра.
— Дзеці і бацькі едуць свядома. Некаторыя мамы і таты самі вучыліся тут і ўспамінаюць той перыяд з цеплынёй. Іншыя — выбіраюць школу зыходзячы з таго, што ўмовы арганізацыі адукацыйнага працэсу ў нас не горшыя, чым у горадзе, — паведамляе Пётр Леанідавіч.
І сапраўды. У Ціманаўскай школе вельмі добрая матэрыяльная база. Тут ёсць сучасныя кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі, інфарматыкі, абсталяваныя ўсім неабходным лінгафонны клас і спартыўная зала. Але галоўны здабытак школы — настаўнікі. Амаль усе педагогі маюць вышэйшую або першую кваліфікацыйную катэгорыю, павышаюць прафесійнае майстэрства.
Вялікую ўвагу кожны настаўнік удзяляе раскрыццю талентаў і здольнасцей вучняў. Педагогі стараюцца выкладаць так, каб не толькі даць дзецям сістэму базавых ведаў, а зацікавіць іх, стымуляваць на паглыбленае вывучэнне прадметаў. Істотную дапамогу ў гэтай справе аказвае наяўнасць школьнага навукова-даследчага таварыства.
Распрацаваныя такім чынам падыходы ўжо неаднаразова даказвалі сваю выніковасць.
Чытайце матэрыял Ганны Сінькевіч у нумары ад 25 лістапада 2022 года.





