Як не спыняцца на дасягнутым і рухацца наперад, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў дырэктар сярэдняй школы № 2 Жыткавіч Аляксандр Некрашэвіч.
Раўненне на папярэднікаў
— Аляксандр Фёдаравіч, вы з дзяцінства ўсвядомілі цяжкасці педагагічнай прафесіі і, тым не менш, выбралі менавіта яе…
— Я родам з дынастыі, заснаванай двума роднымі братамі майго прадзеда — даваеннымі настаўнікамі. Дарэчы, адзін з іх — Аляксандр Андрэевіч — быў першым настаўнікам савецкай школы ў вёсцы Кольна. Трое дзяцей майго дзеда Васіля — таксама педагогі. Дзед па лініі маці Рыгор Міронавіч Касцянка — былы партызан, настаўнік рускай мовы і літаратуры. Мая цётка Надзея Васільеўна працавала настаўніцай пачатковых класаў, выхавальніцай у Жыткавіцкай школе-інтэрнаце. Мой дзядзька Міхаіл Васільевіч і яго жонка Любоў Аляксандраўна Некрашэвічы прысвяцілі працоўнае жыццё Людзяневіцкай школе. Ён выкладаў фізічную культуру, а яна — хімію. Гэта быў цікавы, моцны дуэт. Міхаіл Васільевіч Некрашэвіч удастоены звання “Заслужаны настаўнік БССР”, меў мноства ўзнагарод ад савецкай дзяржавы. Між іншым летапіс дынастыі працягнула нявестка Аксана Міхайлаўна, настаўніца фізічнай культуры сярэдняй школы № 3 Жыткавіч.
І гэта ніякім чынам не падведзеная рыса. Мой бацька Фёдар Васільевіч Некрашэвіч 40 гадоў працаваў настаўнікам фізкультуры ў сярэдняй школе № 1 Жыткавіч. Яго заслугі і дасягненні таксама высока адзначаны
на розных узроўнях. Маці Тамара Рыгораўна 34 гады выкладала рускую мову і літаратуру, была намеснікам дырэктара сярэдняй школы № 1 Жыткавіч. Ці мог у мяне быць іншы шлях? Таму і працягнулася ўжо ў трэцім пакаленні дынастыя Некрашэвічаў, агульны педагагічны стаж якой складае 375 гадоў. Як па мне, статус прадаўжальніка дынастыі да многага абавязвае. Трымаю раўненне на папярэднікаў!
Я скончыў тую ж УВА, што і мае бацькі. Адвучыўшыся на факультэце фізвыхавання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны, працаваў трэнерам-выкладчыкам. З удзячнасцю прыгадваю часы работы галоўным спецыялістам аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Жыткавіцкага райвыканкама. Быў варатаром раённай футбольнай каманды “Ніва”, якая стала двухразовым чэмпіёнам Гомельскай вобласці. Жаданне дзяліцца тым, што ведаю і ўмею, прывяло мяне ў сярэднюю школу № 2 Жыткавіч, дзе восем гадоў выкладаў хлопчыкам і дзяўчынкам фізічную культуру. Ужо на працягу 16 гадоў сумяшчаю дырэктарскую работу з трэніроўкамі юных спартсменаў. Тры гады назад узяў пад сваё трэнерскае крыло баскетбольную каманду дзяўчынак “Кветачкі”.
— Якую галоўную задачу ставілі перад сабой, заняўшы пасаду дырэктара школы?
— Мне трэба было стварыць дружную і зладжаную каманду, здольную дзейнічаць разам у любой сітуацыі. У нас для гэтага было і ёсць самае галоўнае — кадры. У школе каля 80% педагогаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Дарэчы, 34% настаўнікаў з’яўляюцца нашымі выпускнікамі. Гэта спрыяе згуртаванасці. Першараднай задачай было стварэнне бяспечнай, камфортнай і сучаснай адукацыйнай прасторы, умоў, у якіх дзеці могуць усебакова развівацца, раскрываць свае таленты, а настаўнікі — працаваць з агеньчыкам.
З абласнога бюджэту былі выдзелены сродкі, і ў школе 1959 года пабудовы прайшла рэканструкцыя з мадэрнізацыяй. Два гады мы працавалі ў рэжыме аператыўнага кіравання. У новым корпусе заняткі працягваліся, а большую частку школьнікаў прынялі іншыя ўстановы адукацыі горада. Трэба аддаць належнае калегам: якасна спрацавалі ўсе. Было складана, але справіліся. Мы атрымалі амаль што новы будынак з сучасным абсталяваннем для эфектыўнага навучання дзяцей.
Акрамя таго, актыўна развіваем спартыўную інфраструктуру, што дазваляе нашым вучням паспяхова займацца фізічнай культурай і спортам. Упор робім на інтэлектуальнае і духоўна-маральнае развіццё, грамадзянскае, ваенна-патрыятычнае выхаванне вучняў, арганізацыю профільнага і дапрофільнага навучання і, вядома ж, на захаванне школьных традыцый, якія былі закладзены маімі папярэднікамі. Дарэчы, за ўсю гісторыю нашай школы яе кіраўнікамі былі выключна мужчыны. У іх ліку падпольшчык, партызан, першы пасляваенны кіраўнік райана Аляксандр Уладзіміравіч Галавач. У цяжкіх умовах 1944-га ён арганізаваў пачатак навучальнага года, аднавіўшы сетку школ і дашкольных устаноў у раёне. Ён узначальваў школу з 1969 па 1978 год. Вось такая ў нас склалася традыцыя — мужчынскае дырэктарства.
Пераадольваць і перамагаць
— Якія традыцыі школы вы лічыце самымі важнымі?
— Мы захоўваем і прымнажаем традыцыі піянерыі. Школьнікі займаюцца валанцёрствам, клапоцяцца аб прыродзе нашага краю. Піянерская дружына імя Гагарына — адно з самых шматлікіх дзіцячых аб’яднанняў у школе.
Заўважу, што ўсе нашы традыцыі важныя, у тым ліку штомесячныя дні здароўя, сустрэчы са знакамітымі людзьмі, творчыя вечарыны, КВЗ, конкурс “Міс школы”, навагодні баль-маскарад, працоўныя і экалагічныя акцыі. Да таго ж любім падарожнічаць.
За апошнія два гады мы арганізавалі 48 выязных экскурсій па роднай краіне. Дарэчы, гэта на 18 паездак больш у параўнанні з папярэднім такім перыядам. Трапятліва ставімся да назапашанага вопыту, шануем настаўніцтва, ганарымся перамогамі і дасягненнямі настаўнікаў і вучняў. Асаблівая гордасць — нашы выпускнікі. Яны вяртаюцца ў родную школу ў статусе бацькоў, педагогаў. Многія прыходзяць, каб выказаць падзяку, зрабіць карысную справу. Прыемна, што знаходзіць час завітаць у родную школу былы выпускнік старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Мікалай Мікалаевіч П’яўко, для якога пытанні адукацыі заўсёды ў прыярытэце.
Ёсць у нас цікавая традыцыя пераемнасці пакаленняў выпускнікоў. У дзень сустрэчы ўжо трэці год запар праходзіць турнір па баскетболе сярод дзяўчат, прысвечаны памяці настаўніка і трэнера Уладзіміра Пракаповіча. Гэты таленавіты педагог выхаваў віцэ-чэмпіёна свету па штурханні ядра Яўгена Брыгі, бронзавага прызёра чэмпіянату Еўропы ў стаерскім бегу Сяргея Краўчэню і цэлую плеяду юнакоў і дзяўчат, якія назаўсёды пасябравалі са спортам. Дзякуючы пераемнасці ў рабоце нам удалося 23 гады запар утрымліваць лідарства па баскетболе ў раёне і паспяхова выходзіць на абласны і рэспубліканскі ўзроўні. У гэтым вялізная заслуга Уладзіміра Пракаповіча. Мы заснавалі ў памяць аб ім медаль і ўзнагароджваем ім навучэнцаў, якія дасягнулі высокіх спартыўных вынікаў.
— Якія дасягненні навучэнцаў і педагогаў лічыце самымі значнымі?
— Тыя, што задаюць планку памкненняў. На высокім узроўні нашы выпускнікі здалі ЦЭ па рускай мове, матэматыцы, гісторыі Беларусі, біялогіі. Парадавалі дыпломы вучняў на абласным этапе алімпіяды. На ўсю краіну праславіла нашу школу васьмікласніца Дар’я Мадах, удзельніца суперфіналу тэлепраекта “Я ведаю”.
Педагогі і вучні школы ўмеюць працаваць на вынік. Толькі за два апошнія гады нашы спартсмены заваявалі 39 дыпломаў на раённых спаборніцтвах, 18 дыпломаў на абласных і 6 — на рэспубліканскіх стартах.
На абласных спаборніцтвах па стрытболе “Аранжавы мяч” перамагла каманда “Кветачкі”. Як трэнер ганаруся сваімі выхаванкамі. Другое месца ў юнакоў — таксама добры вынік. У спаборніцтвах па баскетболе 3 х 3 (“Фестываль школьнага спорту”) нашы дзяўчаты перамаглі на вобласці і годна прадставілі Гомельшчыну на рэспубліцы. Галоўнае — не спыняцца на дасягнутым, а працягваць рухацца наперад.
— Многія лічаць, што вырашэнне гаспадарчых праблем ці не самае галоўнае ў рабоце дырэктара…
— Ад вырашэння гэтых пытанняў залежаць бяспека і якасць усіх працэсаў у школе. Але я не лічу гэта галоўным фактарам эфектыўнага кіравання. Работа дырэктара школы — гэта пастаяннае ўзаемадзеянне з людзьмі. Кіраўніку трэба разгледзець магчымасці кожнага работніка і стварыць умовы для іх максімальнай рэалізацыі. Перакананы, што дырэктар павінен умець захоўваць пазітыўны настрой, каб перадаваць яго калектыву. Адным з галоўных фактараў паспяховасці лічу здароўе школьнікаў і педагогаў. Нашы настаўнікі актыўна ўдзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах, спартакіядах. Мы ўмеем пераадольваць цяжкасці і перамагаць.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі