Дарагі сэрцу куточак… Летапіс роднай вёскі Прыбалавічы складаюць юныя краязнаўцы

- 16:30Новости

У кожнага чалавека ёсць куточак, куды заўсёды хочацца вяртацца. Гэта тое месца, дзе ты нарадзіўся, вырас. Яно самае лепшае на зямлі.

Чароўнае месца

Родная вёсачка! Яна ў любую пару года па-свойму чароўная. Месца, дзе з маленства ўсё знаёмае: луг каля ракі, поле, на якім працуюць бацькі, сцежка, што вядзе ў лес. Асабліва прыгожыя лясы, што акружаюць яе з усіх бакоў. Кожнаму з нас падабаецца хадзіць туды адпачываць, слухаць спеў птушак, назіраць за мурашамі-працаўнікамі, збіраць ягады і грыбы…

Калі ў сваіх навучэнцаў спыта­ла, што яны ведаюць пра мінулае вёскі Прыбалавічы, што могуць расказаць пра гістарычныя помнікі, назвы мясцін, чым славяцца аднавяскоўцы, то адказаў было вельмі мала. Таму мая прапанова даследаваць мясцовасць не пакінула юных краязнаўцаў абыякавымі. Крапатлівая праца навучэнцаў цягнулася не адзін год. У выніку на нашым рахунку з’явіліся чатыры навукова-даследчыя работы, якія сталі прызёрамі раённай і абласной канферэнцыі даследчых работ.

Першая работа — “З гісторыі вёскі Прыбалавічы”. Над ёй юныя краязнаўцы працавалі амаль год. Мы ўстанавілі, што Прыбалавічы вядомы з 1451 года як прыватнае сяло. Навучэнцы даведаліся пра ўсе этапы развіцця вёскі ад мінулага да сённяшняга дня.

Крывавая расправа

Самыя моцныя ўражанні апанавалі дапытлівых хлопчыкаў і дзяўчынак, калі былі сабраны звесткі пра вёску перыяду Вялікай Айчыннай вайны. 22 снежня 1942 года карнікі ўварваліся ў вёску і адразу ж узяліся за крывавую расправу. Старажыл Васілій Іванавіч Акуліч пра гэтую падзею ўспамінае так: “Нямецкія акупанты прыехалі да нас на машынах. Лаючыся, яны пачалі зганяць лю­дзей у цэнтр вёскі. Уцячы было немагчыма. Хто з жыхароў не хацеў ісці, таго забівалі на месцы. Не звярталі ўвагі ні на малых, ні на старых. Сагналі ўсіх у магазін і спалілі. Усе 72 мірныя жыхары згарэлі ў той дзень, акрамя адной жанчыны, якую прывалілі трупы, таму яна засталася жывая. Пяцёра дзяцей згарэлі, а яна засталася”.

У мяне і маіх вучняў на вачах слёзы… Засталася адна, чым зай­малася, як жыла ў мірны час? Так захацелася паглядзець у вочы гэтай жанчыне. Але дзе? Ні ў летапісе, ні ў кнізе “Памяць” ніякіх звестак пра яе. Пошукі працягнуліся тым, што былі ўстаноўлены сусе­дзі, якія жылі побач. Так, у Козенках Мазырскага раёна мы знайшлі Кацярыну Парфілаўну Рудзінскую, якая з вялікай павагай і любоўю расказала нам пра гэтую моцную духам жанчыну. А яшчэ падарыла фотаздымак Хівані Калеснай, якім будзе дапоўнены летапіс вёскі Прыбалавічы.

Сёння на месцы, дзе ў агні загінулі 72 мірныя жыхары, брацкая магіла, якая нагадвае пра мінулае, якое мы павінны ведаць і памятаць.

Карнікам гэтага было мала. Пасля таго як спалілі мірных жыхароў у вёсцы, яны падаліся ў лес. Вось што ўдалося запісаць ад Ганны Іванаўны Акуліч: “Мне было больш за 10 гадоў, калі пачалася Вялікай Айчынная вайна. Зімой 1942 года ў вёску ўварваліся карнікі, многія аднавяскоўцы пачалі ўцякаць у лес. Мая сям’я таксама шукала там ціхага прыстанішча. Зрабілі курэнь, каб перачакаць небяспеку. Немцаў да нас прывялі паліцаі. Калі пачалі страляць, усе разбегліся. Я несла маленькага браціка на плячах і вельмі плакала ад страху. Праз нейкі час зразумела, што бяспека мінула, і толькі тады ўбачыла, што з намі няма матулі і яе сястры”.

Кожны, хто сёння праходзіць праз гэтае месца, натыкаецца на дзве магілкі, якія адзінока ста­яць сярод высокага хвойнага лесу. Яны заўсёды дагледжаныя. Цяпер гэта справа нашых юных края­знаўцаў.

Утульны храм

Пасля таго як былі сабраны звесткі з гісторыі роднай вёскі, юныя даследчыкі працягнулі работу. Ім захацелася даведацца пра гістарычны помнік, які знаходзіцца ў нашай мясцовасці. Так узнікла тэма навукова-даследчай работы “Роля царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы як гістарычнага помніка XVIII стагоддзя ў жыцці маіх аднавяскоўцаў”. Навучэнцы неаднаразова сустракаліся са старажыламі вёскі, якія расказвалі тое, чаго мы не маглі знайсці ні ў адным выданні.

Ад Т.У.Андрыкавец дапытлівыя хлопчыкі і дзяўчынкі запісалі наступныя звесткі: “Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўцалеў, хоць знаходзіўся побач з магазінам, дзе былі спалены нашы аднавяскоўцы. Нямецкія акупанты зрабілі ў ім склад зброі. У савецкі час царква была адрамантавана вернікамі, але неаднаразова былі спробы знішчыць святыню. Аднак землякі яе абаранілі”.

Сёння ў велічным храме па-хатняму ўтульна. І гэта ўсё дзякуючы нашым аднавяскоўцам. Настаяцель гаворыць: “Царква — гэта вялікая майстэрня, у якой Гасподзь сваёй любоўю ўсталёўвае тую прыга­жосць, дзеля якой быў створаны чалавек. Яна намолена вернікамі і знаходзіцца пад абаронай Прасвятой Багародзіцы”. Храм часта наведваюць вучні нашай школы. Яны з маленства вучацца адно аднаму дараваць, дапамагаць і спачуваць.

Працяг даследавання

Кожны куток нашай мясцовасці мае даўнюю гісторыю і назву. Вучням вельмі захацелася даведацца пра ўзнікненне і паходжанне гэтых назваў. Так узнікла тэма “Тапанімічныя назвы вёскі Прыбалавічы”. Навучэнцы знайшлі звесткі аб узнікненні тапонімаў, назваў урочышчаў Сцёпкі, Язвін, Красная Ляда, працавалі з картамі і архіўнымі дакументамі, стварылі слоўнік тапанімічных назваў вёскі Прыбалавічы. Яны апытвалі старажылаў і запісалі іх успаміны, зрабілі шмат фотаздымкаў, якімі будзе папоўнены летапіс вёскі.

На гэтым можна было б спыніцца, каб не пытанні хлопчыка Васілька: “А чаму маё і ваша прозвішча аднолькава пішацца, мы ж не родзічы, а старажылы вёскі, якіх мы наведалі, таксама Акулічы?” З пытанняў юных края­знаўцаў узнікла наступная тэма: “Паходжанне прозвішча Акуліч”. Мы даведаліся пра паходжанне гэтага прозвішча і нават падлічылі, колькі Акулічаў пражывае ў Прыбалавічах, — 250 чалавек. Пазнаёміліся з самым маленькім жыхаром, а таксама высветлілі, што самай старэйшай на момант даследавання з’яўляецца Зінаіда Дзмітрыеўна Акуліч. Ёй больш за 90 гадоў. Мудрая і працавітая бабуля расказала маленькім краязнаўцам шмат цікавага. А галоўнае — засяродзіла ўвагу на тым, што кожны чалавек павінен ведаць сваю гісторыю, памятаць карані і любіць святую зямлю, на якой мы нарадзіліся і жывём.

Святлана АКУЛІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Прыбалавіцкай сярэдняй школы Лельчыцкага раёна
Фота аўтара