Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 97 Гродна сумесна з дзіцячым садам № 85 Томска пачалі рэалізацыю праекта “Расія і Беларусь вачыма дзяцей”.
Ідэя праекта ўзнікла яшчэ падчас візіту ў наш горад дэлегацыі кіраўнікоў дашкольных адукацыйных арганізацый Томскай вобласці восенню 2023 года. Менавіта тады на дыялогавых пляцоўках, якія актыўна працавалі на працягу пяці дзён у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі і ў некалькіх гарадскіх дашкольных установах, было вырашана аб’яднаць намаганні педагогаў абедзвюх краін, каб дасягнуць стабільнага поспеху ў справе навучання і выхавання нашых маленькіх грамадзян.
Загадчыца дзіцячага сада № 85 Томска Галіна Іванаўна Гіль адна з першых падхапіла гэтую ідэю і прапанавала супрацоўніцтва ў напрамку грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Так, паміж Гроднам і Томскам быў наладжаны кантакт, які сёння імкліва перарастае не толькі ў плённае супрацоўніцтва педагогаў двух гарадоў, але і ў сяброўства маленькіх беларусаў са сваімі аднагодкамі з Сібіры.
Каб пазнаёміць дзяцей адно з адным, паміж Гроднам і Томскам наладзілі тэлемост. Да гэтай відэасустрэчы абодва бакі рыхтаваліся загадзя: педагогі працавалі над стварэннем відэавізітовак, у якіх цікава і даступна расказалі дзецям пра сваю краіну, яе дзяржаўную сімволіку, пра родны горад і свой дзіцячы сад, а дзеці ў гэты час вучылі вершы, песні і танцы пра родны край.
Тэлемост прайшоў у цёплай, сяброўскай атмасферы. Беларускія дашкольнікі прывіталі дзяцей з Томска песняй на роднай мове, у якой звярнуліся да аднагодак з заклікам “сябраваць, разам мір будаваць, разам марыць і вучыцца”. Потым расказалі пра любімыя мясціны ў Гродне і танцам пад музычную кампазіцыю “Хлеб-соль” запрасілі сібіракоў да сябе ў госці. У адказ на прывітанне беларусаў дашкольнікі з Томска праз вершы і песні прадставілі сваю Радзіму.
Потым дзеці наперабой расказвалі пра свае дзіцячыя сады, любімыя заняткі, задавалі пытанні. Дзяцей з Томска, напрыклад, пасля прагляду відэафільма пра гродзенскі дашкольны цэнтр № 97 вельмі цікавіла, адкуль тут пальмы і ці ёсць яны ў іншых садах горада. Нашы выхаванцы з гордасцю адказвалі, што такіх экзатычных раслін няма больш нідзе ў горадзе, а ў іх дашкольным цэнтры ўжо 30 гадоў існуе ўнікальны зімовы сад.
Праект “Расія і Беларусь вачыма дзяцей” яшчэ толькі пачаўся, а ўжо так шмат зроблена для яго паспяховай рэалізацыі.
Пытанняў было так многа, што ў нейкі момант вырашылі прапанаваць дзецям напісаць новым сябрам пісьмы з малюнкамі свайго горада і пытаннямі. Думка пра падарункі ад сяброў, якія прыйдуць па пошце, натхніла нашых выхаванцаў на творчую дзейнасць: у групах дашкольнага цэнтра закіпела работа па стварэнні сувеніраў для сібіракоў. Дзеці вельмі стараліся, каб іх вырабы атрымаліся незвычайнымі, арыгінальнымі і ў той жа час маглі шмат цікавага расказаць пра Беларусь.
З Гродна ў Томск адправілася пасылка для выхаванцаў і педагогаў дзіцячага сада № 85 са сцягам і гербам краіны, выкананымі ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мініяцюры прыродных сімвалаў Беларусі (зубр, бусел, валошкі), а таксама лялькі ў нацыянальным адзенні.
Таццяна ЖЫЛУК,
загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 97 Гродна