Маладыя спецыялісты, якія ў сталіцы выкладаюць тэхнічную працу, пераймаюць вопыт у педагога з дваццацігадовым стажам і кваліфікацыйнай катэгорыяй “настаўнік-метадыст” гімназіі № 6 Мінска Дзяніса Валер’евіча Царэні. Сустрэчы адбываюцца ў рамках гарадской школы пачынаючага настаўніка працоўнага навучання. На працягу навучальнага года ладзілася некалькі пасяджэнняў, дзе крок за крокам навічкі разабраліся ў хвалюючых пытаннях і ўзялі на ўзбраенне мноства ідэй.
На апошнім пасяджэнні былі падведзены вынікі работы за год. Прычым маладыя спецыялісты прыйшлі на яго не з пустымі рукамі, а з выкананым дамашнім заданнем — аб’ектамі працы, якія яны зрабілі разам са сваімі навучэнцамі. На працягу года стаўка рабілася менавіта на практыка-арыентаванае навучанне, таму пасля кожнай падобнай сустрэчы маладыя настаўнікі вярталіся ў свае ўстановы адукацыі з канкрэтнымі парадамі і напрацоўкамі для будучых урокаў.
Дзяніс Валер’евіч Царэня працуе настаўнікам тэхнічнай працы і чарчэння ў мінскай гімназіі № 6 ужо 21 год. Прычым у яго працоўнай кніжцы толькі адзін запіс. Неаднаразова Дзяніс Валер’евіч быў узнагароджаны прэміямі Мінгарвыканкама і спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. З’яўляецца пераможцай гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” 2014 і 2020 гадоў. Прымаў удзел у распрацоўцы вучэбных праграм па працоўным навучанні, суаўтар падручнікаў па тэхнічнай працы для 5 і 8 класаў і па чарчэнні для 10 класа. Стаў першым у сталіцы настаўнікам тэхнічнай працы, якому прысвоена катэгорыя “настаўнік-метадыст”. Цікава, што ў свой час Дзяніс Валер’евіч скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і набыў двайную інжынерна-педагагічную спецыяльнасць.
У той час у перспектыве бачыў сябе хутчэй інжынерам, чым педагогам, але прыняў рашэнне ўсё ж узяць час на абдумванне, адпрацаваць два гады ў сферы адукацыі, а пасля зрабіць высновы і вызначацца з будучыняй. Адразу быў накіраваны ў гімназію № 6 Мінска, дзе і працуе да гэтага часу. Работа ва ўстанове адукацыі аказалася цікавай і прыйшлася даспадобы, да таго ж дазваляла не стаяць на месцы, а ўвесь час развівацца, быць у пошуку і асвойваць нешта новае. На першапачатковым этапе вялікую ролю ў замацаванні Дзяніса Валер’евіча ў прафесіі і гімназіі, якая за гады стала роднай, адыграў вопытны педагог тэхнічнага навучання, заслужаны настаўнік Беларусі Васіль Iльіч Баран, які працаваў ва ўстанове ў той час. Зараз Дзяніс Валер’віч адносіцца да шчаслівых людзей, якія займаюцца любімай справай. Напэўна, таму яму і спадарожнічае поспех: ёсць і цікавасць вучняў да прадмета, і штогадовыя дасягненні — асабістыя і гімназістаў.
— Я выдатна разумею, як важна, каб было на каго раўняцца ў прафесіі, з каго браць прыклад, — адзначае Д.В.Царэня. — У свой час я таксама пераймаў вопыт, наведваў урокі настаўніка, за якім быў замацаваны як малады спецыяліст. Васіль Iльіч арганізоўваў работу так, што яго хацелася слухаць гадзінамі. Вельмі ўдзячны яму за ўвагу, якой ён мяне акружыў з першых дзён маёй работы, падрабязна ўсё тлумачыў, паказваў, падтрымліваў, калі часам нешта не атрымлівалася. У выніку мне так спадабалася педагогіка, што не было ўжо жадання мяняць ні прафесію, ні ўстанову адукацыі! І ў мяне, і ў вучняў Васіль Iльіч выхоўваў асаблівыя адносіны да ўрокаў і да абсталявання, інструментаў, якія ён захоўваў у ідэальным парадку. Сёння я таксама вучу юнакоў адносіцца да ўсяго беражліва і ва ўсім стараюся падтрымліваць такі ж стан.
Між іншым абсталяванне ў кабінеце тэхнічнай працы гімназіі № 6 захавалася з 80-х гадоў менавіта дзякуючы Васілю Iльічу Барану і яго пераемніку. Дзяніс Валер’евіч матэрыяльна-тэхнічнай базай кабінета задаволены: маецца ўсё неабходнае, а старыя станкі, зробленыя на стагоддзі, дадуць фору сучасным, якія нярэдка маюць патрэбу ў дапрацоўцы, наладцы. Не ўсім педагогам па сілах справіцца з такімі задачамі, патрэбны прафесіяналы-наладчыкі. Так што альтэрнатывы свайму абсталяванню настаўнік пакуль не шукае.
Дзяніс Валер’евіч перакананы: маладым педагогам важна першапачаткова адчуваць матывацыю да работы. Чаму, па сутнасці, вучыць дзяцей настаўнік працоўнага навучання? Калі задумацца, на ім ляжыць вялікая адказнасць: ён дае вучням канкрэтныя веды, якія абавязкова рана ці позна спатрэбяцца ім у жыцці, прычым многім — у найбліжэйшай будучыні. Хочацца, каб праз гады вучні ўспаміналі педагога не з крыўдай, а з падзякай за тое, што яны могуць справіцца са многімі штодзённымі задачамі. Хтосьці зможа самастойна адрамантаваць табурэт дома, а нехта палюбіць працаваць рукамі і паспрабуе сябе ў будаўнічай спецыяльнасці. Бясспрэчна, урокі працы могуць стаць і карыснымі, і цікавымі, і любімымі для дзяцей. Для гэтага ў арсенале вопытнага педагога нямала сакрэтаў. Напрыклад, ён увесь час сочыць за інтарэсамі сваіх вучняў розных класаў: якія фільмы яны глядзяць, якую музыку слухаюць, якім гульням аддаюць перавагу. Гэта дапамагае, што называецца, трапляць у кропку і даваць вучням заданні, звязанныя з іх захапленнямі. І тады яны, вядома ж, працуюць з асаблівым натхненнем.
Дзяніс Валер’евіч прыводзіць некалькі прыкладаў з уласнага педагагічнага вопыту. Многія з вучняў, якія праяўлялі асаблівую цікавасць да прадмета, зараз атрымліваюць прэстыжныя спецыяльнасці ў вядучых УВА краіны ці ўжо іх скончылі. Гэта маладыя людзі, якія ўмеюць рашаць складаныя матэматычныя задачы і добра працаваць рукамі. Сярод выпускнікоў нямала маладых спецыялістаў з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй, прадпрымальнікаў, якія адкрылі сваю справу. Жыццё паказвае: веды, якія атрымліваюць вучні, як зерне, з якога вырастаюць будучыя творцы, навукоўцы, вынаходнікі. На ўроках працы педагог працуе з моладдзю ў праграмах па 3D-мадэляванні, прычым 3D-прынтар і фрэзерны станок з лічбавым праграмным кіраваннем яны стварылі самі.
— Не толькі я вучу гімназістаў, але і сам пастаянна нечаму вучуся ў іх, бо маладзёжнае асяроддзе не дае засядзецца на адным месцы, — гаворыць Д.В.Царэня. — Асабліва цікава працаваць з высокаматываванымі вучнямі. Часам яны натхняюць на тое, каб самому ўзяцца за штосьці абсалютна новае. Так, калі толькі пачалі з’яўляцца 3D-прынтары, адзін навучэнец выказаў прапанову зрабіць свой. На той момант я абсалютна не ўяўляў, з чаго пачынаць такую справу, аднак не падтрымаць цікавую ініцыятыву, вядома ж, не мог. Пачаў разбірацца, і за летнія канікулы мы сабралі нармальны, працуючы 3D-прынтар. Зрабілі самі і фрэзерны станок з лічбавым праграмным кіраваннем.
Пасля такі вопыт з 3D-прынтарам удала паўтарыў адзін з вучняў, але ўжо цалкам самастойна. А іншы здольны гімназіст змог сам сабраць віртуальны шлем. Для Дзяніса Валер’евіча гэта лепшы паказчык таго, што яго настаўніцкія намаганні не дарэмныя. Ён не сумняваецца: такія веды дакладна спатрэбяцца, у жыцці іх, як кажуць, за плячамі не насіць. Настаўнік жартуе на гэты конт, маўляў, ні разу яшчэ не чуў, каб дзеці скардзіліся: “Навучыліся рабіць 3D-прынтар і не ведаем, што рабіць з гэтымі ведамі і ўменнямі”.
Сёння на ўроках працы новыя тэхналогіі спалучаюцца з практычнымі базавымі навыкамі, без гэтага ніяк. Настаўнік актыўна выкарыстоўвае ў сваёй рабоце відэадапаможнікі — распрацоўвае іх сам і знаходзіць падыходзячыя ў інтэрнэце, дэманструе іх на занятках. Вельмі выручаюць і сучасныя камп’ютарныя праграмы: “Компас 3D”, Fusion 360, AutoCAD, SolidWorks, Tinkercad. Аднак логіку, вынаходлівасць выдатна развівае і звычайная ручная праца.
— У рабоце з маладымі калегамі Дзяніс Валер’евіч таксама стараецца сумяшчаць самыя розныя формы дзейнасці, — адзначыла метадыст упраўлення каардынацыі метадычнай работы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Алена Іванаўна Бадранкова. — Мэтай заняткаў гарадской школы пачынаючага настаўніка працоўнага навучання з’яўляецца аказанне дапамогі ў павышэнні ўзроўню прафесійнай кампетэнцыі, развіцці асобасна-прафесійных якасцей педагогаў. Пастаўлены шэраг важных задач: паскорыць працэс адаптацыі ў прафесіі, навучыць сучасным адукацыйным тэхналогіям і метадам педагагічнай дзейнасці, пазнаёміць з эфектыўнымі спосабамі павышэння прафесійнага майстэрства. Важна таксама развіць творчыя навыкі настаўнікаў падчас зносін і абмену вопытам, забяспечыць інфармацыйную прастору для бесперапыннай адукацыі, самастойнага авалодвання якаснымі прафесійнымі ведамі, стымуляваць выкарыстанне ў навучанні сучасных інфармацыйных рэсурсаў, анлайн-узаемадзеяння, дыстанцыйнага навучання і вучэбных інтэрнэт-рэсурсаў
Чарговае пасяджэнне атрымалася змястоўным. Атмасфера была нязмушаная і творчая, кожны меў магчымасць выказацца. Заключная сустрэча была прысвечана тэме “Педагагічныя ўменні настаўніка і шляхі іх далейшага развіцця”. На пасяджэнні прайшоў круглы стол, падчас якога адбыўся абмен меркаваннямі па тэмах “Якасці, неабходныя настаўнікам”, “Прафесійная кампетэнтнасць”.
На пытанне “Якім жа павінен быць сучасны настаўнік?” гучалі розныя адказы: творчым, цярплівым, з фантазіяй… Гаварылі, што важна ведаць, як матываваць дзяцей, каб яны маглі не разава прымяняць набытыя навыкі, а ўмець пераносіць іх у штодзённае жыццё. Дзяніс Валер’евіч дадаў: “А яшчэ сучасны настаўнік тэхнічнай працы павінен пастаянна знаходзіць новыя аб’екты працы, каб вучням было цікава вырабляць іх. Педагог увесь час акцэнтаваў увагу на тым, як многа залежыць ад правільна выбраных заданняў, пры выкананні якіх вучань зможа асвоіць ці ўдасканаліць некалькі навыкаў, папрацаваць з рознымі інструментамі.
— Я раблю стаўку на тыя аб’екты працы, для выканання якіх не патрабуецца шмат матэрыялу і вялікай колькасці інструментаў, — звярнуў ўвагу Д.В.Царэня. — У такім выпадку маім маладым калегам будзе проста наладзіць аналагічную работу ў любых умовах.
На кожным пасяджэнні абавязкова расказваю пра тое, якія заданні даваў сваім вучням, каб яны маглі ўзяць сабе гэтую інфармацыю на ўзбраенне.
Не стаў выключэннем і гэты раз. Дзяніс Валер’евіч не абмежаваўся словамі. Ён падрыхтаваў маляўнічую, яркую прэзентацыю з апошнімі аб’ектамі працы, якія рабіў ён сам ці яго вучні. Падрабязна расказаў аб асаблівасцях кожнага вырабу. Цікавым і яркім момантам сталі творчыя справаздачы саміх маладых педагогаў. У руках кожнага з іх былі ўнікальныя рэчы, якія паказвалі калегам і дэталёва апісвалі, як вялася работа. Дзяніс Валер’евіч пры неабходнасці рабіў некаторыя ўдакладненні і даваў парады. У выніку кожны мог запісаць сабе ў нататнік варыянты аб’ектаў працы, якія можна зрабіць у розных класах у наступным навучальным годзе. Маладыя спецыялісты парадавалі самымі разнастайнымі, прыгожымі рэчамі, пацвярджаючы сваю крэатыўнасць.
Былі арганізаваны практычныя заняткі, падчас якіх прысутныя адшліфавалі навыкі работы з металам. Кожнаму быў дадзены невялікі кусок матэрыялу, з якога неабходна было вырабіць бірульку. Работа ішла так спраўна, што адчувалася: такая справа ўсім па душы. Вырабы атрымаліся самыя разнастайныя: у форме першай літары імя, сэрцайка, матылька, зоркі і г.д. У будучыні такое ж заданне маладыя педагогі могуць даць сваім вучням.
— Я заўсёды прадастаўляю дзецям магчымасць праявіць фантазію, творчасць і самастойнасць, — тлумачыць Д.В.Царэня. — Такі давер яны цэняць, працуюць з большай цікавасцю, чым над канкрэтным, стандартным для ўсіх аб’ектам працы. Напрыклад, прапаноўваю ўсім аднолькавы матэрыял пэўнага памеру і даю заданне: зрабіць кухонную лапатку, бірульку ці нешта іншае. Удакладняю, што вырабы не павінны быць аднолькавымі, у кожнага будзе свая ўнікальная рэч, якой больш ні ў кога няма. Дзеці з задавальненнем спачатку прыдумваюць ідэю і робяць эскізы, а пасля выразаюць, шліфуюць, адным словам, праводзяць шэраг неабходных аперацый. У выніку яны паказваюць свае аб’екты працы, пры выкананні якіх праявілі творчасць і самастойнасць.
Цікава было паслухаць меркаванні маладых настаўнікаў. Ангеліна Мікалаеўна Абрамчук выкладае чарчэнне і тэхнічную працу ў гімназіі № 146 Мінска. Працаваць яна пачала яшчэ падчас вучобы на апошнім курсе Мінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа. Гэта дазволіла адчуць сябе больш упэўнена пасля атрымання дыплома. Таксама выручае тое, што яна, як і раіць Д.В.Царэня, не пакідае без увагі інтарэсы сваіх навучэнцаў. Ім больш за ўсё падабаецца вырабляць тое, што звязана з іх захапленнямі і мае практычнае прымяненне. Рабілі анімэ-малюнкі пры дапамозе выпальвання па дрэве. Дзевяцікласнікі з ахвотай стваралі кармушкі для птушак. Сёлета цікава было ўпершыню правесці ўрокі працоўнага навучання ў дзяўчынак. Ангеліне Мікалаеўне прыйшлося даспадобы такое новаўвядзенне. У дзяўчат таксама засталіся добрыя ўражанні і жаданне ў наступным годзе зноў наведаць урокі тэхнічнага навучання.
За плячыма Ганны Аляксееўны Гародняй першы навучальны год у сярэдняй школе № 86 Мінска. Дзяўчына адзначае: нягледзячы на стэрэатып, што настаўнік тэхнічнай працы — не жаночая прафесія, вырашыла звязаць з ёй сваё жыццё і не шкадуе аб гэтым.
— Спецыяльнасць прывабіла мяне тым, што непасрэдна звязана з творчасцю і магчымасцю самавыяўлення. Знайсці агульную мову з вучнямі-хлопчыкамі розных класаў было нескладана. Розніца ва ўзросце невялікая, таму даволі проста разумець іх інтарэсы і жаданні, — расказвае Ганна Аляксееўна.
Настаўніца ладзіць работу так, каб дзеці працавалі не толькі індывідуальна, але і ў парах, што іх ядняе.
Таццяна ШЫМКО.
Фота аўтара.