«Даць вучню максімальную самастойнасць у рашэнні задач». Уладзімір Зылевіч – пра падрыхтоўку да алімпіяды

- 9:00Главная, Образование, Портфолио

Пра Мікашэвіцкую гімназію імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна можна пачуць на самым высокім узроўні. Немалая заслуга ў гэтым належыць настаўніку фізікі і астраноміі выдатніку адукацыі Уладзіміру Зылевічу, чые вучні атрымліваюць узнагароды на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах. Сам педагог сёлета быў адзначаны Падзякай кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Матывацыя на поспех

Уладзімір Зылевіч скончыў Любанскую сярэднюю школу Лунінецкага раёна, а затым фізічны факультэт БДУ. Цікавасць да фізікі і астраноміі сфарміравалася ў яго дзякуючы школьнаму настаўніку Мікалаю Булатоўскаму.

— Каб дасягнуць поспехаў па фізіцы, школьніку неабходна шмат займацца, прычым пачы­наць з першых урокаў па прадмеце ў 7 класе, — расказвае педагог. — Дзяцей, якія праяўляюць здольнасці, трэба зацікаўліваць, зыходзячы з таго, што ім больш падабаецца: тэорыя, эксперыменты, рашэнне задач. Ра­зам з вучнямі мы распрацоўваем вучэбна-пазнавальныя праекты “Жыццё лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі”, “Сучасная фізіка”, “Фізікі жартуюць” і г.д. Для сямікласнікаў кожны год праводжу ўрок “Фізіка ў простых доследах”. Важна не проста даваць гатовыя веды, а ствараць сітуацыі, у якіх дзіця будзе развівацца, выказваць сваё меркаванне, удзельнічаць у дыскусіях, абмяркоўваць праблемныя тэмы, напрыклад, “Святло — гэта хваля або часціца?”, “Атамная энергетыка. За і супраць” і інш.

Уладзімір Зылевіч удала спалучае ўрочную і пазаўрочную дзейнасць. Практыкуе ўрокі-адкрыцці, урокі-даследаванні, лекцыі, урокі-гутаркі, заняткі, прысвечаныя рашэнню задач, эксперыментам, а таксама індывідуальнай рабоце вучняў з камп’ютарнымі мадэлямі, камп’ютарнаму тэсціраванню і інш. Веды дзяцей педагог правярае не толькі падчас самастойных і кантрольных работ, але і ў форме тэстаў і тэарэтычных залікаў з выкарыстаннем камп’ютарных праграм і электронных сродкаў навучання. Свой падыход у педагога і да дамашніх заданняў. Сумарны аб’ём задач, якія ён прапануе вучням разаб­раць у класе і дома за тыдзень, вар’іруецца ў межах 10—15. Калі не хапае часу на ўроку або знаёмства з задачай патрабуе дыферэнцыраванага падыходу, то яна выносіцца на практычныя заняткі. Вучні часта займаюцца па падгрупах. Тыя, каму не патрэбны дадатковыя тлумачэнні, атрымліва­юць больш складаныя задачы. Гэта дазваляе ўдзяліць больш увагі астатнім.

Рыхтуемся да алімпіяды

Уладзімір Зылевіч з’яўляецца кіраўніком зборнай каманды Брэсцкай вобласці па падрыхтоўцы вучняў да заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі. За сваю педагагічную кар’еру ў гімназіі ён падрыхтаваў 14 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскіх алімпіяд і больш за сто дыпламантаў алімпіяд раённага і абласнога ўзроўню па фізіцы і астраноміі. Першы пераможца рэспубліканскага ўзроўню ў настаўніка з’явіўся ў 2011 годзе. На рэспубліканскім этапе алімпіяды па астраноміі перамаглі сыны Уладзіміра Зылевіча — Уладзімір і Алег (у 2013 і 2018 гадах адпаведна).

Сёлета яго вучаніца, а зараз студэнтка ФПМІ БДУ Аляксандра Юрчанка заваявала залаты медаль на III Адкрытай міжнароднай астранамічнай алімпіядзе. Здольнасці Аляксандры Уладзімір Уладзіміравіч заўважыў, калі яна вучылася ў 8 класе. Неверагодная працавітасць і ўменне правільна размяркоўваць час дазволілі ёй дасягнуць вялікіх поспехаў. У 9 і 10 класах Саша атрымала дыпломы на Рэспубліканскай алімпіядзе па фізіцы. У далейшым пераключылася на астраномію. У гэтым годзе на заключным этапе алімпіяды па астраноміі перамагла яшчэ адна вучаніца гімназіі — Варвара Дземідовіч.  

— Работа з адоранымі дзецьмі — гэта вялікая творчая праца настаўніка, своеасаблівы іспыт для яго, — лічыць Уладзі­мір Ула­дзіміравіч. — У выпадку поспеху гэта дае магчымасць пера­жыць кропку росту, прайсці далей на шляху прафесійнага і асобаснага станаўлення. Педагогу неабходна адсочваць інавацыі алімпіяднага руху, займацца самаадукацыяй, збіраць алімпіядныя заданні ад школьнага да міжнароднага ўзроў­ню. У гэтай рабоце ідзе пастаяннае паглыб­ленне, удакладненне і пашырэнне існуючага запасу ведаў, таму важна разбіраць заданні мінулых гадоў і прытрымлівацца прынцыпу апераджальнага ўзроўню складанасці.

Мая роля заключаецца ў тым, каб разглядзець і раскрыць талент вучня, выявіць яго здольнасці да рашэння творчых заданняў павышанага ўзроўню. У аснове методыкі — упор на індывідуальную работу. Трэба даць вучню максімальную самастойнасць у рашэнні задач, бо самыя трывалыя веды здабываюцца ўласнымі намаганнямі. Пры гэтым прадугледжваецца тактоўны кантроль з боку настаўніка, калектыўны разбор і аналіз выкананых заданняў.

Уладзімір Зылевіч вядзе факультатыў па падрыхтоўцы да алімпіяд па фізіцы і астраноміі: “Простыя рашэнні складаных задач” у 9 класе, “Рашэнне творчых задач” у 10 класе, “Паўтараючы фізіку, правяраю сябе” і “Фізіка космасу” ў 11 класе. Такія заняткі праходзяць у творчай нязмушанай атмасферы. На іх настаўнік часта выкарыстоўвае задачы, якія прыдумвае сам. З часам не лічыцца, колькі трэба, столькі і займаецца. Запрашае на факультатывы адначасова вучняў з розных класаў: і малодшых, і старшых. Так кожны зможа ўдзяліць больш увагі любімаму прадмету.

— Першы этап алімпіяды — гімназічны. Перад ім я праводжу завочныя выпрабаванні, калі вучні могуць рашаць заданні ў зручны для іх час і ў менш жорсткія, чым на вочным туры, часавыя рамкі, — адзначае настаўнік. — Практыкую складанне алімпіядных заданняў самімі дзецьмі. Колькасць заданняў у гімназічным туры можа быць большай, чым на іншых этапах (больш за шэсць). Узровень іх складанасці даступны для большасці, але ад заданняў у кантрольнай рабоце яны адрозніваюцца незвычайнасцю пастаноўкі пытання, носяць
займальны характар, для іх рашэння мяркуецца прымяненне нестандартных прыёмаў.

Псіхалагічная падтрымка

— На апошніх перад спаборніцтвамі занятках неабходна пагаварыць з вучнямі аб тактыцы выканання заданняў і падтрымаць псіхалагічна, — гаво­рыць Ула­дзімір Уладзіміравіч. — За два-тры дні лепш адмовіцца ад рашэння задач, каб не было перанапружання. Падчас гэтай паўзы назапашваюцца рэзервы і жаданне дасягнуць поспеху. Тут варта нагадаць пра прынцып ненасілля над псіхікай. Нельга ставіць за мэту толькі перамогу і тым больш прымушаць да ўдзелу ў алімпія­дзе. Ва ўсім павінна быць залатая сярэ­дзіна, каб не адбіць у вучня жадання займацца. Ды і нао­гул трэба пазбягаць крайнасцей: з аднаго боку, узвядзення дзіцяці на п’едэстал, падкрэсліваючы асаблівыя правы, а з другога — прыніжэння яго вартасцей і ігнаравання поспехаў па прад­меце.

Для правядзення псіхалагічных трэнінгаў з удзельнікамі алімпіяды Уладзімір Зылевіч запрашае псіхолага гімназіі, які асаб­лівую ўвагу ўдзяляе ўменню вучняў канцэнтравацца на галоўным і не зацыклівацца на няўдачах. І пасля заканчэння алімпіяды пры неабходнасці псіхолаг тактоўна аказвае дапамогу дзіцяці. 

На базе Мікашэвіцкай гімназіі для дзесяцікласнікаў арганізуецца летні профільны лагер з цыклам лекцый і семінараў, куды запрашаюць выкладчыкаў УВА. Некаторыя вучні прыма­юць удзел ва ўніверсітэцкіх алімпіядах. Сёлета выпускнік гімназіі Кірыл Лышчанка па выніках такой алімпіяды па фізіцы стаў студэнтам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Выпускнікі Уладзіміра Зылевіча, як правіла, паступаюць у вядучыя ўніверсітэты краіны (БДУ, БДУІР, БНТУ) і становяцца запатрабаванымі спецыялістамі: інжынерамі, эканамістамі, працуюць у сферы ІТ. Некаторыя працягва­юць навучанне ў аспірантуры і магістратуры. Ёсць і тыя, хто звязаў сваё жыццё з навукай. Падобныя прыклады натхняюць сённяшніх гімназістаў, усяляюць веру ў тое, што можна дасягнуць вялікага поспеху, калі прыкласці шмат намаганняў, упарта вучыцца і праца­ваць над сабой.

Парады ад Уладзіміра Зылевіча

Як знайсці агульную мову з дзецьмі?

  1. Будзьце ўпэўненымі ў сабе. 2. Захоўвайце спакой у любых сітуацыях. 3. Стаўцеся да ўсіх аднолькава (не стварайце любімчыкаў і ізгояў). 4. Трэба мець зносіны з вучнямі на роўных (ні перад кім не апускаць галаву і нікому не дазваляць апусціць галаву перад табой). 5. Рабіце не вучням лепш, а вучняў лепшымі.

Як матываваць школьнікаў?

  1. Адзначайце поспех вучняў нават у дробязях, але не звяртайце ўвагі на іх няўдачы. 2. Выкарыстоўвайце для матывацыі сувязь з жыццём і з лю­дзьмі. 3. Прыслухоўвайцеся да ідэй вучняў і па магчымасці спасылайцеся на іх. 4. Дакладна арганізуйце работу. 5. Паказвайце на прыкладах, што веды забяспечваюць будучыню любога чалавека.

***

Аўтарскія задачы У.У.Зылевіча па астраноміі для падрыхтоўкі да раённага этапу алімпіяды. 

  1. У некаторым пункце зямной паверхні назіраюць зорку падчас яе верхняй і ніжняй кульмінацыі. Вышыня яе ў верхняй кульмінацыі 60°, а ў ніжняй 30°. Знайсці скланенне зоркі і шырыню месца назірання.
  2. Астэроід рухаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце, вялікая паўвось якой 10 а.а., а эксцэнтрысітэт 0,8. Знайсці: 1) перыгелійную і афелійную адлегласці; 2) малую паўвось і перыяд абароту астэроіда па арбіце; 3) сінадычны перыяд абароту астэроіда; 4) сярэднюю хуткасць руху па арбіце, а таксама хуткасці ў перыгеліі і афеліі арбіты; 5)час руху астэроіда ад кропкі перыгелія да кропкі з сапраўднай анамаліяй 120°, а таксама хуткасць, радыус-вектар, вугал паміж хуткасцю і радыус-вектарам у гэтай кропцы.
  3. У некаторы момант геліяцэнтрычная даўгата Венеры складае 48°, а Зямлі 350°. Праз які прамежак часу пасля гэтага наступяць: 1) супрацьстаянне; 2) верхняе злучэнне; 3) усходняя элангацыя; 4) заходняя элангацыя?
  4. Перыяд абароту некаторай экзапланеты вакол цэнтральнай зоркі складае 100 зямных сутак, а перыяд кручэння вакол сваёй восі складае 10 зямных сутак. Вызначыць працягласць “сонечных сутак” на гэтай планеце, калі кірунак кручэнняў вакол сваёй восі, плоскасці арбіт і плоскасць кручэння супадаюць.
  5. Сінадычны перыяд абароту некаторай планеты складае 398 сутак. Вызначыць: 1) сідэрычны перыяд абароту гэтай планеты; 2) вялікую паўвось яе арбіты; 3) сярэднюю хуткасць руху па арбіце; 4) разлічыце па атрыманых параметрах масу Сонца.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА