«Даволі карысна паспрабаваць сябе ў РТ». Сакрэт поспеху маларыцкай школьніцы ў ЦЭ і ЦТ

- 12:00Новости

Выпускніца сярэдняй школы № 1 Маларыты Ганна Жданюк — адна з тых, хто атрымаў на сёлетніх ЦЭ і ЦТ запаветныя 100 балаў па хіміі і біялогіі. Толькі 2 балаў не хапіла дзяўчыне да вышэйшага выніку і па рускай мове. Да таго ж у Ганны сярэдні бал атэстата — 9,9.

Учарашняя школьніца спадзяецца, што яе дзіцячая мара стаць медыкам здзейсніцца. Яна плануе падаваць дакументы на стаматалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Сакрэт поспеху ў ЦЭ і ЦТ Ганна бачыць у добрасумленных і старанных адносінах да вучобы.

— Неабходна паставіць мэту і паступова і карпатліва крочыць да яе, —лічыць дзяўчына. — Каб добра падрыхтавацца да ЦЭ і ЦТ, трэба сур’ёзна адносіцца да школьных урокаў і дамашніх заданняў. Даволі карысна паспрабаваць сябе ў рэпетыцыйных этапах тэсціравання, каб праверыць веды і даведацца пра слабыя месцы. Для гэтага добра падыходзіць і алімпіядны рух. Не адзін год удзельнічала ў раённых этапах рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі і хіміі, а сёлета абараняла гонар раёна ў абласной алімпіядзе па хіміі.

У грунтоўнай падрыхтоўцы Ганны ёсць і заслуга яе педагогаў: настаўніцы хіміі Алены Чуль, настаўніцы біялогіі Людмілы Бурштын і настаўніцы рускай мовы і літаратуры Наталлі Макушэнка. Не меншая заслуга ў стабальным выніку і настаўніцы Нэлі Шпетнай, пад кіраўніцтвам якой Ганна не толькі атрымала шмат ведаў, але і набыла практычныя навыкі на занятках міжшкольнага факультатыву па біялогіі, арганізаванага на базе Маларыцкай раённай гімназіі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара