Для будучых абаронцаў Айчыны з сярэдняй школы № 7 Віцебска працавала выстава спецадзення «ВаенLook»

- 17:05Новости, Шестой день

Прымераць ваенную форму, адчуць сябе кінолагам, паспаборнічаць у спартзале і на сцэне… У сярэдняй школе № 7 Віцебска да Дня абаронцаў Айчыны быў прымеркаваны цэлы тэматычны месяц. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Наталля Сяргееўна Ананенка, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, дзеліцца:

— Месячнік грамадзянска-патрыятычнага выхавання “Абаронца Айчыны” ў нас праходзіў з 23 студзеня па 23 лютага. Ён напоўнены шэрагам мерапрыемстваў, якія дазваляюць кожнаму навучэнцу адчуць спецыфіку святочнай даты. Так, у нас ужо сталі традыцыйнымі акцыя “Клопат”, выстава ў бібліятэцы “Кнігі пра вайну”, праект “Шлях да абеліска”, урокі памяці “Піянеры ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, урокі мужнасці “Жывая памяць”, конкурсы малюнкаў і сачыненняў, канцэртныя і спартыўныя праграмы. Ярка прайшоў конкурс песень ваенных гадоў, а ў межах конкурснай праграмы “Аты-баты” з песнямі перамяжоўваліся спартыўныя эстафеты і віктарыны. Эмацыянальнымі атрымаліся дзіцячыя работы ў межах конкурсу сачыненняў “Ліст ветэрану”, у якім дзеці выказвалі словы па­дзякі былым салдатам за муж­насць і адвагу, за вернасць Радзіме. Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў нашым раёне, на жаль, ужо няма, таму апошнім часам да нас у школу на гутаркі і класныя гадзіны прыхо­дзяць толькі ветэраны вайны ў Афганістане, ходзім да іх у госці з віншаваннямі і мы.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Мікалаеўна Сушко дадае:

— У межах месячніка, прысвечанага 23 лютага, мы праводзілі ўнікальную выставу спецадзення ўсіх падраздзяленняў прававой накіраванасці “ВаенLook”. Тут у нас касцюмы маракоў, пагранічнікаў, ваенных ратавальнікаў і інш. Старшакласнікі і самі прадстаўнікі прафесіі расказвалі малодшым дзецям пра кожны з касцюмаў, тыя іх могуць прымераць, каб ад­чуць сябе прадстаўнікамі аховы права ў пэўным кірунку. Калекцыя папаўняецца і за кошт падарункаў ад бацькоў школьнікаў — шмат хто з іх працуе ваеннымі, а навучэнцы прававога класа ў будучыні таксама арыентаваны пайсці іх шляхам.

Па словах педагога, выстава ў першую чаргу мела праф­арыентацыйны характар — на базе школы з гэтага навучальнага года функцыянуе прававы клас. Яго навучэнцы (па 12 дзяўчат і 12 юнакоў) вывучаюць правазнаўства, удзельнічаюць у прафілактычных і спартыўных мерапрыемствах, адкрытых дыялогах і профільных квізах. Атрыманыя веды яны прымяня­юць на практыцы пад кіраўніцтвам старэйшых калег, а пасля выпуску змогуць працягнуць адукацыю ў профільных УВА.

У школе дзейнічаюць інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе дзеці даведваюцца пра прафесіі прававой накіраванасці. Тут жа праводзяцца інтэрактыўныя гульні, распрацаваныя навучэнцамі школы. Іх тры, яны разлічаны на розныя ўзроставыя групы і дазваляюць удзельнікам азнаёміцца з адметнасцямі прафесій.

Адчуць сябе ў бацькоўскай прафесіі дапамагалі і школьная фотавыстава “Мой тата — салдат”, і конкурс фота, дзе ў аднолькавай форме здымаліся тата і сын. Навучэнцы 2 класа прыносілі фота сваіх дзядуляў, прадзядуляў, герояў Вялікай Айчыннай вайны і расказвалі пра іх мужнасць, адказнасць, гераізм.

Да школьных падзей далучыліся і прадстаўнікі дэпартамента чыгуначнай аховы. У межах дагавора аб супрацоўніцтве са школай яны ўзялі на патранат 7-класнікаў, праводзяць з імі прафарыентацыйныя сустрэчы. Днямі супрацоўнікі завіталі ў школу са службовым сабакам. Той паказаў, якія каманды ўмее выконваць і як выконвае тыя задачы, на якія не здольны чалавек. Дзеці прымералі на сябе амуніцыю, пабывалі ў спецыяльнай машыне ахоўнікаў.

Супрацоўнічае школа і з абласным упраўленнем ДАІ: у 2 класе на пастаяннай аснове, а падчас месячніка да 23 лютага мерапрыемствы па правілах дарожнага руху праходзяць і з навучэнцамі 10—11 класаў. Потым старшакласнікі ўжо самастойна праводзяць заняткі з малодшымі школьнікамі.

Самых спрытных і вынослівых школьнікаў аб’яднаў Дзень здароўя, спорту і турызму, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. А ў студзені навучэнцы прымалі ­ўдзел у абласным конкурсе “Гатовы Радзіме служыць!” і занялі 5-е месца сярод мацнейшых каманд Віцебшчыны.

У адну з субот у школе разгарнуўся вусны часопіс “Па старонках кнігі “Генацыд беларускага народа”. Чытаючы вытрымкі з кнігі, дзеці з педагогамі абмяркоўвалі факты пра мільёны загубленых фашыстамі і іх памагатымі мірных жыхароў, пра антычалавечую жорст­касць. 2-класнікі паразважалі пра ролю дзяцей у Перамозе падчас класнай га­дзі­ны “Дзень юнага героя-антыфашыста”. У 5 класе прайшла інфармацыйная гадзіна “Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў”. Для 10—11 класаў, якія далучыліся да Рэспубліканскай га­дзіны памяці, правялі пісьмовы ўрок “Каханне і подзвіг”, прысвечаны героям Вялікай Айчыннай вайны Зінаідзе Тусналобавай ­і Іосіфу Марчанку. Вучні даведаліся не толькі пра подзвіг 3.Тусналобавай, але і абмеркавалі тэмы кахання на вайне, подзвіг у каханні, сучасныя адносіны мужчыны і жанчыны. Вынікам гадзіны памяці былі пісьмовыя адказы на прапанаваныя пытанні. Лепшыя адказы будуць адпраўлены ў Беларускае таварыства памяці воінаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Навучэнцы школы прынялі ­ўдзел у гарадскім квесце “Віцебск гераічны”, прысвечаным 80-го­ддзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, далучыліся да агульнанацыянальнай акцыі “Дзеці Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням”. У фае школы ўстанавілі скрыню, куды кожны мог укінуць сваю манету або манету ад сям’і. Па задумцы арганізатараў гэтая манета сімвалізуе падзяку ваеннаму пакаленню, памяць пра яго подзвіг у гады Вялікай Айчыннай вайны, а сам праект накіраваны на тое, каб кожная сям’я, дзеці і будучыя пакаленні, ведаючы пра асабісты ўклад, ганарыліся сваім мінулым і памяталі пра важнасць адзінства.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены школай