Напярэдадні Дня настаўніка ў Мінску прайшоў конкурс юных фларыстаў краіны на лепшы кветкавы прэзент. Пераможцамі сталі каманды з Віцебска і Мастоўскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Кветкавыя віншаванні сваім педагогам навучэнцы стваралі ў межах рэспубліканскага конкурсу доследных і даследчых работ “Юны натураліст”. Тэматычная намінацыя “Падарунак настаўніку” мела два кірункі — “Букет настаўніку” і “Настольная кампазіцыя”. Прапануем пазнаёміцца з пераможцамі абодвух кірункаў.
Букет з характарам для фізіка
Каманда Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна — гэта дзевяцікласніца Ксенія Сурмач і яе педагог дырэктар установы Кацярына Рэкуць. Перамога ў намінацыі “Букет настаўніку” ўжо не першы раз адправілася ў Масты. У мінулым годзе яе атрымала іншая навучэнка Кацярыны Юр’еўны — Дар’я Собаль. Кожны год юныя фларысты з Мастоўскага раёна прыносяць у скарбонку свайго цэнтра каля дзесяці дыпломаў Міністэрства адукацыі.
Трымаць такую высокую планку, а тым больш узнімаць яе яшчэ вышэй няпроста, адзначае Кацярына Рэкуць. Для гэтага яна і яе калегі бесперапынна вучацца фларыстычнай справе. Не для таго, каб паўтараць іншых майстроў, а каб знайсці ўласны стыль. Такую ж патрэбу маюць і іх навучэнцы. Многія з іх займаюцца па індывідуальнай праграме як адораныя навучэнцы. У іх ліку і Ксенія Сурмач.
Ксенія Сурмач
Укладваючы дакладнымі рухамі ў свой букет духмяныя архідэі (дарэчы, з уласнай калекцыі), пушыстыя хрызантэмы і рознага памеру гваздзікі, наносячы, быццам пэндзлем, фінальныя мазкі пузыраплоднікам і скумпіяй, Ксенія расказвае:
— У маім букеце галоўнае — пер’е паўліна. Гэтых птушак мы не так даўно пачалі вырошчваць дома. Яны ў нас маладыя, прыгожыя — самец і тры самкі, а сёлета вылупіліся і птушаняты. І другі год пад восень наш прыгажун паўлін скідвае пер’е, каб замяніць яго на новае. Якраз гэтым пёрам я і знайшла прымяненне. Я адразу вызначылася, што букет буду рабіць для мужчыны — нашага настаўніка фізікі Ягора Паўлавіча Фёдарава. Ён малады, вясёлы, яркі, з характарам, але спакойны. Як і гэтая птушка.
Юная фларыстка ведала, што яе букет застанецца пасля конкурсу ў Мінску, таму спецыяльна зрабіла адразу два каркасы, каб пасля вяртання можна было скласці букет для свайго настаўніка.
Галоўнымі ў камандах былі юныя фларысты. Настаўнікі ж былі толькі іх асістэнтамі.
— Ксенія з бацькамі жыве ў аграгарадку Пацэвічы. У сям’і вялікая птушыная гаспадарка — паўліны, цацаркі, фазаны, галубы, куры розных парод і інш. Па птушкаводстве з Ксеніяй можна праводзіць цэлае даследаванне (мы пра гэта яшчэ падумаем), — дапаўняе Кацярына Юр’еўна. — Пацэвічы знаходзяцца за 10 кіламетраў ад нашага цэнтра. І мама на кожныя заняткі прывозіць дачку да нас. Дзяўчынка займаецца ў нашых аб’яднаннях па інтарэсах з 1 класа, а апошні год захапілася фларыстыкай. Ксенія — пераможца мноства конкурсаў, у тым ліку і рэспубліканскіх.
Віцебская фішка — мясцовыя расліны
Настасся Цюкавіна
Лепшую настольную кампазіцыю, па меркаванні журы, стварыла Настасся Цюкавіна, навучэнка ўзорнай студыі “Эка-прастор” Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, пад кіраўніцтвам Людмілы Карчміт. Дзяўчынка займаецца ў студыі толькі з мая бягучага года, але педагог палічыла, што яна ўжо гатова прадэманстраваць сваё майстэрства журы. І нездарма: конкурсны дэбют Насці адразу ж стаў пераможным! Дарэчы, за час удзелу выхаванак студыі ў гэтым конкурсе сёлетняя перамога — ужо чацвёртая па ліку.
Людміла Анатольеўна адзначае:
— У фларыстыцы можна ўдасканальвацца бясконца. Калі гаварыць пра тэхнікі, прыёмы, матэрыялы, то мы ахвотна эксперыментуем, ні ад чаго не адмаўляемся, але пры гэтым аддаём перавагу нашым, беларускім, кветкам. Хочацца, каб людзі, якія прыязджаюць да нас на экскурсіі, у тым ліку і з іншых краін, бачылі, якую прыгажосць можна стварыць з тых раслін, якія сустракаюцца паўсюдна на нашых вуліцах і палях, ці то каласок пшаніцы, ці то галінка куста. Заўважаць гэтую прыгажосць мы вучым дзяцей і дарослых у тым ліку на майстар-класах, якія праводзім на базе нашага палаца другі год запар. Стараюся фарміраваць групы так, каб на заняткі траплялі дзеці са сваімі мамамі і татамі. Гэта мая мара — каб не толькі ў маім жыцці, але і ў жыцці маіх навучэнцаў і ўсіх жадаючых заўсёды знаходзілася месца кветкам. Складанне фларыстычных кампазіцый мяняе адносіны да жыцця, да ўсяго, што нас акружае, упрыгожвае наш побыт. Дзеці мяняюцца да лепшага, бо калі ты ствараеш прыгажосць з кветак, то не здольны рабіць дрэнныя ўчынкі.
Мы стараемся не шкодзіць прыродзе, выкарыстоўваць мясцовыя расліны і падаваць іх максімальна цікава, нечакана.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота Кацярыны РЭКУЦЬ і Гражыны МАМАЙКА