«Добрая кніга. Добрае кіно»: бібліятэкар сярэдняй школы № 24 Барысава Святлана Яўнішкене прапануе цікавы праект

- 13:25Школьный библиотекарь

У сучаснай адукацыйнай прасторы школьная бібліятэка — гэта дынамічны цэнтр, дзе навацыі пераплятаюцца з традыцыямі, а крэатыўныя праекты нараджаюцца з простых ідэй. Яскравы прыклад такой дзейнасці — работа загадчыцы школьнай бібліятэкі “Чытай­-Град” сярэдняй школы № 24 Барысава Святланы Яўнішкене.

Віртуальнае падарожжа

“Чытай-Град” — гэта не проста бібліятэка. Яе праекты выходзяць за межы звыклых уяўленняў пра адпаведную дзейнасць. А яе гаспадыня Святлана Аляксееўна — не проста захавальнік кніжнага фонду, а наватар, які актыўна ўдзельнічае ў раённых, абласных і рэспубліканскіх акцыях, конкурсах, семінарах.

— З кожным годам роля школьнай бібліятэкі і бібліятэкара ўзрастае, — упэўнена Святлана Яўнішкене. — З развіццём інфармацыйных тэхналогій бібліятэка набыла шэраг новых функцый, а школьны бібліятэкар стаў кампетэнтным спецыялістам па рабоце з інфармацыяй. Наш “Чытай-Град” — не толькі сховішча кніг, але і крыніца інфармацыі, месца для вучобы, свабоднага часу і зносін для навучэнцаў і настаўнікаў.

Каб выхаваць у дзяцей цікавасць да чытання, Святлана Аляксееўна прымяняе розныя формы і метады работы, сярод якіх віртуальныя падарожжы, квесты, піяр-кампаніі, экаакцыі і інш.

На пытанне, што чыталі дзеці раней і якім творам аддаюць перавагу сёння, бібліятэкар сказала: “Сучасны свет імкліва мяняецца, і разам з ім трансфармуецца стаўленне дзяцей да чытання”. Калі раней кніга была крыніцай ведаў і адкрыццяў, то сёння яна вымушана канкурыраваць з яркімі экранамі тэлефонаў і іншых гаджэтаў.

— Кнігамі больш даражылі, бацькі перадавалі іх сваім дзецям, — працягвае гаспадыня бібліятэкі. — Сённяшнія вучні жывуць у свеце празмернай інфармацыі і забаў. Яны візуалы. Іх увага рассеяная, а звычка хутка ўспрымаць кантэнт робіць чытанне доўгіх тэкстаў больш складаным.

Па назіраннях Святланы Яўнішкене, замест аб’ёмных твораў вучні аддаюць перавагу коміксам і графічным раманам. Візуальны складнік, дынамічны сюжэт і кароткія дыялогі робяць іх прывабнымі для юных чытачоў. Фэнтэзі і прыгодніцкая літаратура таксама ў топе.

— Разам з тым перавага аддаецца больш дынамічным і менш складаным сюжэтам, — працягвае бібліятэкар. — Прыемна, што дзеці актыўна шукаюць кнігі, звязаныя з іх хобі-гульнямі, фільмамі, навукай, жывёламі. Гэта могуць быць энцыклапедыі, даведнікі, кнігі з фактамі і ілюстрацыямі. Электронныя і аўдыякнігі — сучасны фармат знаёмства з літаратурай. Яны зручныя, даступныя і часта прапануюць інтэрактыўныя элементы. Нягледзячы на гэтыя змяненні, нельга сказаць, што дзеці зусім перасталі чытаць. Хутчэй, змяніліся іх перавагі і спосабы атрымання інфармацыі. Важна разумець, што чытанне — гэта не толькі папяровыя кнігі, але і любая форма работы з тэкстам, якая развівае мысленне і ўяўленне.

Ажывіць класіку

Калі чытач бярэ ў рукі папяровае выданне, гартае старонкі, яго ўвага пераключаецца: важным застаецца толькі тое, пра што напісана ў творы. Гэта ў тым ліку адрознівае сапраўдную кнігу ад той, што чытаецца з тэлефона. Любое паведамленне, званок пазбаўляюць засяроджанасці і ўвагі. Як вярнуць дзецям цікавасць да класічнай кнігі? Святлана Яўнішкене ўпэўнена: гэта комплексная задача, якая патрабуе намаганняў з боку сям’і, школы і бібліятэкі.

— Але ў першую чаргу ўсё залежыць ад сям’і, — гаворыць школьны бібліятэкар. — Дома бацькі павінны паказваць асабісты прыклад: дзеці паўтараюць паводзіны дарослых. Калі мама ці тата чытаюць, абмяркоўваюць прачытанае, то і дзіця з большай верагоднасцю зацікавіцца кнігамі. Я пераканана ў тым, што ў кожнага павінна быць дамашняя бібліятэка. Не менш важна стварыць чытаючую атмасферу. З вопыту работы скажу, што кнігі павінны быць даступнымі і прывабнымі, знаходзіцца ў полі зроку дзіцяці. Для гэтага трэба размясціць іх на паліцах, у дзіцячым пакоі, у гасцінай. У нашай школьнай бібліятэцы адкрыты доступ да кніжнага фонду, працуюць сучасныя і крэатыўныя выставы, экспазіцыі, якія могуць задаволіць густы школьнікаў. З дапамогай буккросінгу кнігі можна пагля­дзець, пагартаць, самастойна памяняць на іншыя.

Чытаць кнігі — гэта пра ўтульнасць. Нават дарослыя любяць уладкавацца з кнігай там, дзе ім камфортна і нічога не перашка­джае, не адцягвае ўвагу.

Дзеці таксама ацэняць такі падыход, таму, рэкамендуе Святлана Аляксееўна, трэба арганізаваць для іх зручнае крэсла, пакласці ў яго падушкі, прасачыць, каб асвятленне было добрым. Гэта дапаможа дзіцяці спакойна пагрузіцца ў чытанне.

— У бібліятэцы “Чытай-Град” ёсць канапы, зацішныя месцы для спакойнага і індывідуальнага чытання, — пацвярджае загадчыца бібліятэкі. — У нас заўсёды працуе чытальная зала, куды можна прыйсці, зрабіць урокі, а пасля пагартаць дадатковую літаратуру.

Сумеснае чытанне Святлана Яўнішкене называе дзейсным сродкам прывіцця цікавасці да кнігі і рэкамендуе рабіць гэта ра­зам з дзіцем, нават калі яно само ўжо ведае літары:

— Гэта ўмацоўвае сувязь і стварае прыемныя рытуалы. У нашай школе практыкуюцца чытанні ўголас невялікіх твораў, вершаў, казак па ролях. Гэта адзін з любімых заняткаў малодшых школьнікаў.

Старэйшыя школьнікі — асаблівыя дзеці, да іх нават у камунікацыі патрэбен індывідуальны падыход, часта нестандартны. Калі гаварыць пра выхаванне цікавасці ў падлеткаў да кнігі, то тут неабходна інтэграваць чытанне ў вучэбны працэс.

Прадуманыя, творчыя ўрокі літаратуры — першы крок да таго, каб паказаць, што чытанне нічым не саступае сацыяльным сеткам і перапісцы ў месенджарах.

— Настаўнікі павінны ўмець ажывіць класіку, паказаць яе актуальнасць для сучасных дзяцей, — запэўнівае С.Яўнішкене. — Таксама раю выкарыстоўваць сучасныя формы прыцягнення ўвагі да чытання і кнігі.

У першую чаргу трэба развіваць праектную дзейнасць, праводзіць інтэрактыўныя мерапрыемствы. На мой погляд, самая эфектыўная форма адраджэння цікавасці да чытання — заданні, звязаныя з даследаваннем крыніц, стварэннем ілюстрацый, розных вырабаў, праходжанне квестаў, касплэй і г.д. Гэта зробіць праект цікавым для вучняў і выкліча інтарэс.

Суразмоўніца ўпэўнена, што сучасны бібліятэкар павінен развіваць шэраг кампетэнцый. Гэта не толькі патрабаванне часу, але і магчымасць для асабістага і прафесійнага росту. Ён павінен быць дасведчаным, бездакорна валодаць шматлікімі тэхналогіямі, камунікатыўнымі навыкамі. Таксама важна ўмець эфектыўна будаваць зносіны з карыстальнікамі розных узростаў і сацыяльных груп, слухаць, разумець патрэбы, даваць кансультацыі. Арганізатарскія і праектныя навыкі таксама на карысць: уменне планаваць і праводзіць мерапрыемствы, кіраваць праектамі, дзейнічаць у камандзе абавязкова спатрэбяцца.

Кніга ці кіно?

Развівацца прафесійна і пашыраць кампетэнцыі Святлане Аляксееўне дапамагае работа над аўтарскімі методыкамі, праектамі і распрацоўкамі. Вучням і педагогам сярэдняй школы № 24 Барысава пашанцавала: іх творчы і крэатыўны бібліятэкар заўсёды ведае, чым здзівіць і як аб’яднаць настаўнікаў і навучэнцаў.

— Асаблівае месца ў маёй рабоце зай­маюць сацыяльна значныя бібліятэчныя праекты, прысвечаныя адной з самых трагічных старонак гісторыі Беларусі — генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — знаёміць з распрацоўкамі Святлана Яўнішкене. — Мае ідэі — гэта не проста мерапрыемствы, а пагружэнне ў гісторыю.

Адзін з самых значных і дзейсных праектаў, якія любяць і вучні, і настаўнікі, — “Добрая кніга. Добрае кіно”. Гэта не проста чарговае школьнае мерапрыемства, а творчыя прыгоды, якія дапамогуць школьнікам глыбей спазнаць свет літаратуры і кінематографа, раскрыць свой творчы патэнцыял і яшчэ больш палюбіць чытанне.

“Добрая кніга. Добрае кіно” — комплексны аўтарскі праект, у якім аб’яднаны два выдатныя віды мастацтва. Загадчыца бібліятэкі верыць, што кожная добрая гісторыя, расказаная на старонках кнігі, можа атрымаць новае жыццё на экране, а прагляд фільма здольны натхніць школьнікаў на новыя літаратурныя адкрыцці.

Праект складаецца з некалькіх этапаў. На першым дзеці разам са Святланай Аляксееўнай чытаюць кнігі, якія яна выбірае, — у далейшым яны стануць асновай праекта. Наступны крок — прагляд фільма, знятага па друкаванай крыніцы. Гэта дазваляе параўнаць уяўленні ад прачытанага з бачаннем рэжысёра, прасачыць, як ажываюць любімыя персанажы, ацаніць, наколькі дакладна кінастужка перадае атмасферу твора. Завяршэннем ідэі становіцца творчая работа: школьнікі выказваюць свае эмоцыі і ўражанні праз маляванне партрэта любімага героя ці ілюстрацыю самага яскравага, запамінальнага моманту, праз аб’ёмныя вырабы, макеты, аплікацыі, звязаныя з сюжэтам.

Наталля САХНО
Фота аўтара