Двухразовая чэмпіёнка свету па шашках 64 сярод жанчын, міжнародны гросмайстар, шматразовы прызёр маладзёжных чэмпіянатаў Еўропы і свету — менавіта так можна было б прадставіць другакурсніцу факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Яну Якубовіч. Аднак гэта толькі маленькая частка вялікага ўнутранага сусвету дзяўчыны.
Зусім нядаўна Яна стала чэмпіёнкай Беларусі сярод дзяўчат па шашках-100. За гэтай перамогай крыецца доўгая гісторыя, якая пачалася амаль 12 гадоў назад — у першым класе. Тады трэнер па шашках Васіль Полубатонаў прапанаваў дзяўчынцы прыйсці на заняткі. Яна апынулася на сваёй першай трэніроўцы, якая яе зачапіла. Праз некаторы час школьніца вырашыла зрабіць перапынак: хацелася атрымліваць добрыя адзнакі, а для гэтага патрэбен быў час, які забіралі шашкі. Максімум, якога тады дасягнула Яна, — 5-е месца на чэмпіянаце Беларусі.
— Праз год мне патэлефанаваў іншы трэнер — Ігар Вячаслававіч Церашко, які шукаў чалавека да сябе ў групу. Ён спытаў, ці хацела б я зноў займацца. Я вельмі хацела, бо паспела засумаваць без трэніровак. Тады ж цвёрда вырашыла ўзяцца за трэніроўкі сур’ёзна: займацца без выніку была не гатова, — расказвае другакурсніца.
Свой першы чэмпіянат Беларусі Яна выйграла ў 13 гадоў: даказала сабе, што можа перамагаць. Гэты турнір, па словах дзяўчыны, стаў зыходным пунктам да яе будучай перамогі на чэмпіянаце свету. У падобных спаборніцтвах студэнтка ўдзельнічае штогод. Падрыхтоўка да іх звычайна ўключае 3—4 гадзіны заняткаў з трэнерам раніцай і некалькі гадзін увечары штодня. Тое, што прыходзіцца шмат трэніравацца, якраз і імпануе дзяўчыне.
— Я ведаю шмат людзей, якія гуляюць не дзеля перамог, а дзеля вясёлага баўлення часу на турніры разам з сябрамі, — расказвае Яна. — У мяне не так: я люблю перамагаць. І перамога на чэмпіянаце свету — толькі пачатак майго шляху. У планах — новыя прыступкі і ўдасканаленне свайго ўзроўню гульні да недасягальнага ідэалу.
Яна прызнаецца, што ў яе практыцы было шмат складаных партый. Аднак самая эмацыянальна напружаная была на чэмпіянаце свету ў маланкавай праграме, у вырашальнай партыі.
— Мы гулялі мікраматч (дзве партыі: адну — за белы колер, другую — за чорны). Па выніках, каб стаць чэмпіёнкай, мне дастаткова было нічыёй (або калі абедзве партыі згулялі б у нічыю, або калі адна партыя была выйграна, а другая — прайграна). Мы сядаем, і першую партыю я здаю: у гэты момант цяжка сабрацца і не раскіснуць. Але ў другой я перамагла і стала чэмпіёнкай, — расказвае студэнтка. — Час ад часу бываюць сітуацыі, калі не ведаеш, што рабіць. Гульня ў шашкі грунтуецца на пабудове лагічных ланцужкоў паміж тваімі хадамі і хадамі саперніка. Але вельмі рэдка можна пралічыць цалкам усё: у гульні прысутнічаюць чалавечы фактар і такія рэчы, як стомленасць ці страта канцэнтрацыі. І калі сапернік робіць ход, на які ты ўвогуле не звяртаў увагі, у галаве з’яўляецца панічная думка: “Што рабіць?”
Яна гаворыць, што прымхі (або іх ігнараванне) у спартсменаў залежаць ад поглядаў на жыццё канкрэтнага чалавека. Так, некаторыя запісваюць партыі адной ручкай на працягу ўсяго турніра або апранаюць адно і тое ж адзенне, бо лічаць яго шчаслівым. Сама ж дзяўчына ў прымхі не верыць.
— Калі я гляджу на шашачную дошку, бачу зусім не вывучаны мной свет, у які хочацца паглыбляцца зноў і зноў, — адзначае спартсменка. — А натхняе ўсведамленне таго, што будучыня залежыць толькі ад мяне. Я разумею, што, прыкладваючы намаганні і дзейнічаючы, ствараю сваю будучыню.
Акрамя шашак у дзяўчыны шмат іншых інтарэсаў. Яна чытае “абсалютна ўсё”, але, калі хоча адпачыць, гартае фэнтэзі. Калі-нікалі піша сама: дзяўчыне падабаецца, калі выява з галавы трапляе на паперу. Таксама яна любіць бегаць, плаваць, катацца на веласіпедзе і роліках. Студэнтка гаворыць, што хоча калі-небудзь паўдзельнічаць у марафоне. Таксама другакурсніца ведае, як з вялікай колькасці неапрацаванага матэрыялу зрабіць нешта дастойнае, бо займаецца відэамантажом.
— Зараз сур’ёзна занялася вывучэннем моў. Пакуль вучу іспанскую і англійскую, у планах — кітайская, — дзеліцца Яна. — Вучоба шашкам не перашкаджае. У мяне добрая памяць, таму матэрыял засвойваю хутка. Да таго ж, калі знаходжуся ва ўніверсітэце, стараюся не адседжвацца на задняй парце, а адказваць, камунікаваць з выкладчыкам. Маё ўніверсітэцкае жыццё пачынаецца і заканчваецца вучобай. Вядома, хочацца ўдзельнічаць у імпрэзах і навуковых канферэнцыях, але ўсяго не ахапіць. Трэніроўкі для мяне важнейшыя, аднак час ва ўніверсітэце — гэта новыя эмоцыі і ўспаміны на ўсё жыццё.
Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва Яны Якубовіч.