З 18 па 20 верасня прайшлі спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні ў межах Рэспубліканскай спартакіяды сярод дзяцей і моладзі. Каля 300 удзельнікаў сабраліся ў вёсцы Вязынка Маладзечанскага раёна. Форма спаборніцтваў — асабіста-камандная. За перамогу змагаліся хлопчыкі і дзяўчынкі 2008—2009 г.н., юнакі і дзяўчаты 2006—2007, 2004—2005, 2002—2003 і 2000—2001 г.н.
Урачыстае адкрыццё адбылося 19 верасня каля дома-музея Янкі Купалы. Прывіталі ўдзельнікаў і пажадалі ім поспехаў старшыня Беларускай федэрацыі арыентавання Аляксей Лабчэўскі, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Жур і загадчык дома-музея Янкі Купалы Лілія Норка.
Удзельнікі спаборнічалі на дзвюх дыстанцыях. Першую — сярэднюю — пераадольвалі 19 верасня. Для розных узроставых груп прадугледжваўся розны кіламетраж. Дыстанцыя патрабавала засяроджанасці і высокай хуткасці прыняцця рашэнняў, бо любая памылка магла прывесці да пройгрышу. 20 верасня адбыўся старт на доўгай дыстанцыі, дзе спартсменаў чакалі складаная карта, разнапланавы рэльеф, густы лес. Неабходна было быць вельмі ўважлівым, каб не заблудзіць. “Так атрымалася, што лепшыя ўдзельнікі ў сваіх узроставых групах у першы дзень даказалі сілу і здольнасць арыентавацца на розных дыстанцыях. У прынцыпе, амаль адны і тыя ж пераможцы на абедзвюх дыстанцыях”, — гаворыць загадчык аддзела турызму і спартыўнага арыентавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Марыя Голубева.
Нягледзячы на тое, што спаборніцтвы праходзілі на свежым паветры, прысутныя выконвалі правілы бяспекі ў сувязі з каранавірусам. Суддзі былі ў медыцынскіх масках, на старце рабілі шырокі калідор, каб захоўваць адлегласць у 1,5 метра паміж удзельнікамі, два дні дзяжурыла брыгада хуткай дапамогі. Ніякіх сур’ёзных траўм не было, толькі невялікія драпіны. “У нас сабраліся лепшыя дзеці, самыя моцныя арыенціроўшчыкі, якія ўжо маю ць вопыт выступлення на розных спаборніцтвах, ведаюць, што жыццё даражэйшае за любыя перамогі, таму клапоцяцца пра сваю бяспеку і бяспеку саперніка. Гэтыя спаборніцтвы праходзілі ў радаснай атмасферы, бо ўсе стаміліся сядзець дома, дзецям хацелася паспаборнічаць і атрымаць новыя спартыўныя ўзнагароды”, — дзеліцца Марыя Леанідаўна.
У выніку перамагла каманда Мінскай вобласці, другое месца заняла каманда Мінска, а трэцяе — Гомельскай вобласці.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Марыі ГОЛУБЕВАЙ.