На выхадных у маляўнічых ваколіцах Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Вязынка”, што ў Маладзечанскім раёне, прайшлі спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні Рэспубліканскай спартакіяды сярод дзяцей і моладзі.
Cпаборніцтвы з’яўляюцца традыцыйнымі і ладзяцца з мэтай фарміравання ў моладзі спартыўна-турыстычных навыкаў, папулярызацыі і далейшага развіцця спартыўнага арыентавання, далучэння навучэнцаў да сістэматычных заняткаў фізічнай культурай і спортам, вызначэння наймацнейшых спартсменаў для ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных турнірах. Згодна з умовамі, спаборніцтвы праводзіліся як асабіста-камандныя на сярэдняй і спрынтарскай дыстанцыях для юнакоў (1400— 4100 м) і дзяўчат (1200—3100 м). Усяго за медалі змагаліся 280 чалавек ва ўзросце ад 12 да 20 гадоў.
Арганізатары спаборніцтваў (Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства) кожны раз стараюцца выбіраць новыя мясціны для іх правядзення. Аднак мінулы раз удзельнікам настолькі спадабаліся ваколіцы Вязынкі, што сюды вырашылі вярнуцца і восенню 2021 года. Толькі гэтым разам выкарыстоўваліся іншыя карты, бо дыстанцыі праходзілі па новых маршрутах. І, канечне, спартыўная праграма сумяшчалася з культурнай. Не пабываць у Вязынцы і не наведаць музей-сядзібу класіка нашай літаратуры — недаравальна як для філолага, так і для спартсмена. Навучэнцы не толькі паказалі свае фізічныя якасці і спартыўныя дасягненні, але і ўзбагаціліся культурна.
Адной з галоўных адметнасцей спаборніцтваў стала надвор’е. З моманту іх урачыстага адкрыцця, якое прайшло ў суботу 18 верасня, і да моманту закрыцця і ўзнагароджвання прызёраў (19 верасня) бесперапынна ішоў дождж. “Надвор’е выпрабоўвала нас на трываласць, — дзеліцца загадчык аддзела турызму і спартыўнага арыентавання РЦЭіК Марыя Леанідаўна Голубева. — У плане ўмоў надвор’я гэта былі самыя складаныя на маёй памяці спаборніцтвы. Пры гэтым юныя спартсмены былі радаснымі, на фотаздымках усміхаюцца. Наогул, калі спартсмен выходзіць на дыстанцыю, то пасля старту ён забывае пра дождж, канцэнтруецца толькі на пераадоленні маршруту, імкнецца як мага хутчэй дасягнуць фінішу. Толькі пасля гэтага ў яго узнікае адчуванне надвор’я. Але юнакі і дзяўчаты адразу накіроўваліся ў аўтобусы, дзе іх чакаў гарачы чай і бутэрброды”.
У агульнакамандным заліку лепшымі сталі прадстаўнікі Мінскай вобласці, 2-е месца ў сталічных спартсменаў, трэцяй стала каманда Брэсцкай вобласці. Больш падрабязна з пратаколам спаборніцтваў можна азнаёміцца на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Наступныя спаборніцтвы па бегавым арыентаванні, як плануецца, пройдуць у красавіку ў ваколіцах Бабруйска. А да гэтага нас чакаюць не менш відовішчныя старты на лыжным арыентаванні.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва РЦЭіК.