Усё-такі праўду кажуць, што, каб напоўніцу асэнсаваць нейкую значную падзею, трэба паглядзець на яе хоць з нейкай часавай адлегласці. З моманту ўрачыстага закрыцця Рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі “F.-ART.by-2015” мінула роўна два тыдні, і сёння, сапраўды, можна ўсвядоміць усю значнасць гэтай падзеі, падвесці канчатковыя вынікі. Тым больш паразважаць на самай справе ёсць пра што — гэта выразна засведчыў круглы стол “Рэспубліканскі фестываль “F.-ART.by-2015” як арганізацыйна-творчы рэсурс у сістэме выхаваўчай работы са студэнцкай моладдзю”, які адбыўся 10 снежня ў Музеі гісторыі горада Мінска.
Многія ўдзельнікі той дыскусіі (кіраўнікі структурных падраздзяленняў устаноў вышэйшай адукацыі, якія забяспечваюць работу з замежнымі студэнтамі, спецыялісты Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці, начальнік упраўлення па справах моладзі Наталля Іванаўна Пшанічная, арганізатары фестывалю з ліку супрацоўнікаў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі) адзначалі, што сёлета “F.-ART.by” набыў небывалы раней размах. Вось толькі некаторыя ўражальныя лічбы. У перыяд з 17 лістапада па 9 снежня ў рамках фестывалю адбылося 97 міжуніверсітэцкіх мерапрыемстваў, у якіх узялі ўдзел больш за 10 000 студэнтаў. Фестываль ахапіў 44 установы вышэйшай адукацыі краіны, прычым, што цікава, да розных фестывальных акцый актыўна далучыліся не толькі замежныя, але і беларускія студэнты.
Неаднойчы падкрэслівалася актуальнасць дэвіза фэсту: “Дыялог моладзі свету — у свеце творчасці і стварэння”. Адсюль, зыходзячы менавіта з гэтага дэвіза, выразна праглядаецца звышзадача фестывалю — фарміраванне сацыяльнага пазітыву ў маладзёжным асяроддзі. А ўжо ў рамках гэтай звышзадачы “F.-ART.by” мае на ўвазе цэлы спектр істотных момантаў — такіх як полікультурная адукацыя, падтрымка маладзёжных ініцыятыў, стварэнне аптымальных умоў для рэалізацыі творчага патэнцыялу студэнтаў, выяўленне інавацыйных і эфектыўных форм арганізацыі вольнага часу моладзі і інш.
З цікавымі паведамленнямі на круглым стале выступілі дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка (“Стратэгічныя прыярытэты творчага ўзаемадзеяння замежных і беларускіх студэнтаў”), намеснік дэкана факультэта даўніверсітэцкай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Васільевіч Жук (“Адаптацыя замежных студэнтаў першага года навучання сродкамі сацыякультурнай дзейнасці”), дэкан медыцынскага факультэта замежных навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзімір Вітольдавіч Давыдаў (“Полікультурная адукацыя і выхаванне моладзі ў працэсе пазавучэбнай дзейнасці факультэта”), начальнік аддзела падтрымкі і рэалізацыі маладзёжных праектаў і ініцыятыў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алена Станіслаўвана Пацько (“Праектная дзейнасць як адна са стратэгій выхаваўчай работы з беларускімі і замежнымі студэнтамі”), начальнік упраўлення выхаваўчай работы Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Віктар Сяргеевіч Місюк (“Прынцыпы культуратворчасці, пераемнасці і талерантнасці як аснова ўзаемадзеяння з замежнымі і беларускімі студэнтамі”).
Якімі ж канкрэтна праектамі стаў адметны Рэспубліканскі фестываль творчасці замежных студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі “F.-ART.by-2015”? Гэтае пытанне сёлета гучыць вельмі прынцыпова, бо, насамрэч, многія надзвычай арыгінальныя ініцыятывы ў рамках фестывалю 2015 года былі рэалізаваны ўпершыню. Так, ініцыятывамі гэтага фестывальнага сезона сталі персанальныя выставы дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці студэнтаў “Грані творчасці”, канцэптуальны аўдыявізуальны праект “Гармонія бясконцасці”, конкурс відэаінтэрв’ю “20 першых: пакаленне паспяховых”, конкурс інавацыйных міжуніверсітэцкіх праектаў і інфармацыйна-метадычных матэрыялаў “Наш час — ініцыятыва”, відэаальтэрнат “Творчасць як дыялог свету”, інтэрактыўная акцыя Vade mecum. Толькі ў апошнім праекце з такой сімвалічнай назвай, якая з лацінскай мовы перакладаецца як “Ідзі са мной”, прынялі ўдзел больш за паўтары сотні замежных і беларускіх студэнтаў. Разнастайнасць створаных імі фотапаштовак з выявамі іх краін і суправаджальнымі тэкстамі проста неверагодна ўражвала!
Былі ў сёлетняга фестывалю, безумоўна, і свае канкрэтныя героі-ўдзельнікі. Як, напрыклад, не ўспомніць тут прадстаўніка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта нігерыйца Андру Тулаха, які прымусіў захапляцца сабой яшчэ падчас канцэрта на адкрыцці фестывалю, а да ўсяго стаў пераможцам конкурсу відэаінтэрв’ю “20 першых: пакаленне паспяховых”! Або кітайскіх студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Яна Сісі, Чжоу Цзяня, Ду Фена, Таа Панфэ, Яа Іда і Цяня Юе, якія пад кіраўніцтвам свайго выкладчыка, загадчыка кафедры дэкаратыўна-прыкладной творчасці, прафесара Рыгора Шауры стварылі выбітную серыю мастацкіх твораў!
Патэлефанаваўшы днямі загадчыку аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алене Сяргееўне Лаўрыновіч як адной з непасрэдных арганізатараў фестывалю “F.-ART.by”
і аўтараў канцэптуальных фестывальных праектаў, я запытаўся ў яе проста: “Сёлетні фестываль закончыўся. А што далей?” І ў адказ пачуў крыху нечаканае: “Не, фестываль
“F.-ART.by” па самой сваёй сутнасці закончыцца не можа. І справа нават не толькі ў тым, што канкрэтна фестывальны месяц — гэта толькі пік самых разнастайных мера-прыемстваў, якія праводзяцца з замежнымі студэнтамі на пастаяннай і бесперапыннай аснове. Справа яшчэ і ў тым, што фестываль “F.-ART.by” мы разглядаем як суцэльнае і вельмі важнае, кажучы па-руску, СО-БЫТИЕ — менавіта сумеснае быццё студэнтаў у часе і прасторы. І калі мы разумеем, што гэтыя два вектары — часу і прасторы — сыходзяцца ў адзін і калі побач стаяць людзі, якіх віртуальна раздзяляюць дзясяткі тысяч кіламетраў і культурных сэнсаў, але тым не менш яны цудоўна разумеюць і адчуваюць адно аднаго, калі яны разам спяваюць “Ты — гэта я, а я — гэта ты”, калі словы афрыканскай, дакладней кажучы, зулускай песні “Сіяхамба” становяцца зразумелымі ўсёй вялікай зале Гарадской ратушы… сапраўды, разумееш усю значнасць гэтага СО-БЫТИЯ. Калі ж гаварыць непасрэдна пра вынікі Рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі
“F.-ART.by-2015”, то гэта нават не столькі колькасныя ці якасныя паказчыкі, хоць, безумоўна, яны не могуць не ўражваць. Але найперш вынік фестывалю, яго звышсэнс — гэта магчымасць будучыні, гэта рэальнасць узаемадзеяння, увасобленае ў дэвізе “Дыялог моладзі свету — у свеце творчасці і стварэння”. А што далей? У далейшым мы, натуральна, будзем прыдумляць новыя конкурсы, падагульняць і вывучаць вопыт сёлетняга фэсту, рабіць высновы… Галоўнае, што мы можам сёння сцвярджаць з упэўненасцю, канцэпт наступнага фестывалю 2017 года складуць словы-дзеянні — ДАЙВІНГ і СЁРФІНГ. Інакш кажучы, мы дакладна будзем пагружацца і слізгаць. Якім чынам? Пакажа час”.
Мікола ЧЭМЕР
P.S. Падрабязная інфармацыя пра вынікі правядзення Рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі “F.-ART.by-2015” і пералік яго пераможцаў і прызёраў размешчаны на вэб-партале творчай моладзі Беларусі artviva.by.