На 5 дзён Брэст сабраў удзельнікаў І Міжнароднага маладзёжнага форуму гарадоў-пабрацімаў. Мерапрыемства, арганізаванае ў рамках праекта “Брэст — культурная сталіца Беларусі” і Года моладзі, адбылося па ініцыятыве Брэсцкага гарвыканкама і гарадскога камітэта БРСМ.
У горад над Бугам прыехалі маладзёжныя дэлегацыі з Разані, Санкт-Пецярбурга, Ніжняга Тагіла і Калінінграда (Расія), Луцка і Івана-Франкоўска (Украіна), Бяла-Падляскі (Польшча), Кувордэна (Галандыя), Вайнгартэна і Равенсбурга (Германія). З гэтымі гарадамі заключаны дамовы аб партнёрскіх адносінах. Сёння ў Брэста іх 33.
Праграма форуму атрымалася надзвычай насычанай. Госці азнаёміліся з культурным і турыстычным патэнцыялам прыгранічнага рэгіёна: наведалі ўнікальны помнік архітэктуры і абарончага дойлідства другой паловы ХІІІ стагоддзя Камянецкую вежу, нацыянальны парк “Белавежская пушча”, гісторыка-мемарыяльны комплекс “Сядзіба Нямцэвічаў” і мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, а таксама пабывалі ў музеі гісторыі Брэста, археалагічным музеі “Бярэсце” і на сучасным картынгавым стадыёне.
Для работы з гасцямі, якія пражывалі на тэрыторыі Міжнароднага маладзёжнага валанцёрскага цэнтра абласнога ўпраўлення МНС, быў задзейнічаны валанцёрскі атрад з ліку будучых перакладчыкаў — студэнтаў факультэта замежных моў БрДУ імя А.С.Пушкіна. Валанцёры прадстаўлялі актыў маладзёжнага руху Брэста.
— Форум — добрая пляцоўка для абмену вопытам работы з моладдзю, — адзначыў на сустрэчы з дэлегацыямі старшыня Брэсцкага гарвыканкама А.С.Рагачук. — Акрамя таго, мерапрыемства дазваляе наладзіць міжкультурны дыялог з прадстаўнікамі моладзі іншых краін, выпрацаваць доўгатэрміновыя міжнародныя праекты. Прыемна адзначыць, што з многімі рэгіёнамі, прадстаўленымі на форуме, склаліся даўнія сяброўскія адносіны, наладжаны трывалыя культурныя і эканамічныя сувязі. За час правядзення мерапрыемства, якое павінна стаць штогадовым, яго ўдзельнікі не толькі ўстановяць кантакты, але і акрэсляць далейшыя перспектывы супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыкі.
А.С.Рагачук азнаёміў гасцей з сацыяльна-эканамічным і культурным развіццём Брэста.
— Задача гарадской улады заключаецца не толькі ў падтрымцы ўсіх цікавых і карысных маладзёжных ініцыятыў, але і ў стварэнні належных умоў для паспяховай самарэалізацыі моладзі, — заўважыў кіраўнік горада. — Пры прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў улада заўсёды абапіраецца на меркаванне моладзі. Гарадскі маладзёжны актыў з’яўляецца баявым, ініцыятыўным і мэтанакіраваным. Упэўнены, ён закладзе новыя традыцыі, якія дапамогуць зрабіць жыццё горада больш яркім і цікавым.
Падчас сустрэчы са старшынёй гарвыканкама госці цікавіліся айчыннай сістэмай адукацыі, работай па навядзенні парадку на вуліцах і інш. А.С.Рагачук адзначыў, што расходы на адукацыю з’яўляюцца прыярытэтнымі ў гарадскім бюджэце, а ў навядзенні парадку на зямлі і ў добраўпарадкаванні Брэста актыўна ўдзельнічаюць актывісты БРСМ.
Удзельнікі форуму прэзентавалі маладзёжны рух сваіх рэгіёнаў, расказалі пра рэалізацыю розных грамадска значных і адукацыйных праектаў. Асаблівую цікавасць у гасцей выклікаў вопыт Беларусі ў валанцёрскім руху, грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі і арганізацыі яе другаснай занятасці. Не застаўся без увагі і праект “100 ідэй для Беларусі”.
Завяршыўся форум навукова-практычнай канферэнцыяй “Мір дзеля жыцця на зямлі”, прысвечанай 70-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.