Школьнік з Гродна падчас адпачынку ў лагеры “Юнацтва” стаў пераможцам абласнога конкурсу малюнкаў “Мая памяць аб Перамозе” і выйграў паездку ў Брэсцкую крэпасць для ўсяго класа. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Разам з Янам Бязменам падчас навучальнага года адправяцца ў мемарыяльны комплекс сямікласнікі сярэдняй школы № 38 Гродна.
— Па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама і дзяржаўнага прадпрыемства “Гроднааблкінавідэапракат” у конкурсе прынялі ўдзел выхаванцы стацыянарных аздараўленчых лагераў вобласці ва ўзросце 12—14 гадоў. А падвядзенне вынікаў было прымеркавана да выхаду ў пракат вельмі кранальнай стужкі “Беларусьфільма” “Мемарыяльныя комплексы Беларусі”, — адзначыла начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Ненартовіч.
Нацыянальны праект у анімацыйнай форме ўяўляе сабой альманах з пяці фільмаў: “Няспраўджаныя мары”, “Буйніцкае поле”, “Ала”, “Прарыў”, “Аперацыя “Баграціён”. Над ім працавала творчая група, у складзе якой было пяць рэжысёраў. З адным з іх сустрэліся і юныя адпачывальнікі лагера “Юнацтва”.
— Кожны з пяці 10-мінутных эпізодаў расказвае, як выглядаюць мемарыяльныя комплексы, дзе знаходзяцца, якім падзеям прысвечаны. Дзякуючы анімацыі, пастараліся стварыць найбольш метафарычны, вобразны і пранізлівы аповед пра няпростыя падзеі мінулага, — расказаў кінарэжысёр Канстанцін Андрушачкін.
Звяртаючыся да дзяцей, ён асабліва адзначыў, што сёння яны сталі ўдзельнікамі вялікай агульнанацыянальнай прэм’еры. А таксама дадаў, што альманах расказвае толькі пра пяць мемарыяльных комплексаў і, верагодна, у праекта будзе працяг.
У тым, што ён знайшоў водгук у сэрцах дзяцей, можна не сумнявацца. Падчас прэм’ернага паказу стужкі ў лагеры “Юнацтва” ў зале была абсалютная цішыня. Шмат хто з дзяцей у гэты дзень упершыню даведаўся пра помнік дзецям — ахвярам вайны ў складзе мемарыяльнага комплексу “Чырвоны Бераг” у Гомельскай вобласці і пра развітальны ліст Каці Сусанінай з просьбай адпомсціць за свой боль у няволі і смерць маці…
— Творчая работа нашага адпачывальніка глыбока кранула ўсіх у лагеры і пакарыла сэрцы членаў журы абласнога конкурсу. Наогул, дзеці актыўна ўключыліся ў гэтую работу і падрыхтавалі больш за 20 работ. Усе яны вельмі дастойныя, — падзялілася дырэктар абласнога аздараўленчага лагера “Юнацтва” Таццяна Кейзер.
Ужо на працягу дзесяці гадоў кожнае лета тут напоўнена галасамі дзяцей. Сёння ў лагеры адпачываюць больш за 100 хлопчыкаў і дзяўчынак. Працуюць з імі каля 20 педагогаў, дзякуючы якім летні адпачынак дзяцей напоўнены яркімі і цікавымі падзеямі, карысным вольным часам.
У лагеры “Юнацтва” дзецям прапаноўваюць часова памяняць тэлефон на кепку. Кепкі аднаго колеру для ўсяго атрада з лагатыпам “Юнацтва” — падарунак для ўсіх адпачывальнікаў. А час для гаджэтаў — усяго каля гадзіны, каб паспець падзяліцца ўражаннямі з блізкімі.
— Лепшая ацэнка нашай работы — водзывы адпачывальнікаў і іх бацькоў, — працягвае Таццяна Кейзер. — Пасля завяршэння першай змены адзін з бацькоў звярнуўся з просьбай набыць пуцёўку за поўны кошт яшчэ на адну змену.
Але тут якраз той выпадак, калі попыт перавышае прапанаванне. Пуцёўкі разляцеліся як гарачыя піражкі, і гэта пра многае гаворыць.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара