Дзмітрый Парцянка: «Хацелася б, каб нашы выпускнікі вярталіся ў родны раён на работу. Гэта наша мэта»

- 13:36Планерка

Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” разам з кіраўніком аддзела адукацыі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці Дзмітрыем Парцянкам заглянулі ў лета, пагаварылі пра ролю спорту ў жыцці педагога і прыгажосць роднага краю.

Ва ўсіх установах адукацыі раёна зараз пераходны перыяд: навучальны год заканчваецца, хутка летні сезон — і ў Дзмітрыя Данілавіча настрой на сур’ёзную работу.

На самай справе, для мяне лета — час нават больш напружаны, чым навучальны год: трэба арганізаваць для дзяцей карысныя канікулы, усё спланаваць, падрыхтаваць установы адукацыі да наступнага года, — гаворыць ён. — Адпачываць няма калі, мы, можна сказаць, у вечным руху — і летам, і зімой. Актыўна рыхтуемся да аздараўленчага сезона: за лета плануем аздаравіць каля 40% школьнікаў раёна. Прыняць дзяцей гатовы лагеры розных профіляў: спартыўныя, экалагічныя, матэматычныя, ваенна-патрыятычныя. У гэтым годзе ў нас з’явяцца лагеры па профілі нацыянальнага адраджэння. У вёсцы Вітунічы традыцыйна адкрыецца кругласутачны лагер “Бярозка”. Адпачыць сюды прыязджаюць дзеці як з нашага, так і з суседніх раёнаў. Лагер працуе ў чатыры змены, плануем за сезон прыняць больш за 200 чалавек. У “Бярозцы” малады, актыўны і крэатыўны педкалектыў, мы ўжо закупілі для лагера вулічныя трэнажоры, спартыўны інвентар.

Вялікую ўвагу ў раёне ўдзяляюць і летнім працоўным брыгадам, студэнцкім атрадам, індывідуальнаму працаўладкаванню дзяцей.

— Стараемся, каб месца знайшлося ўсім дзецям, якія маюць жаданне папрацаваць, — адзначае Дзмітрый Парцянка. — Акцэнт робім на тых, хто патрабуе асаблівага кантролю. Працоўныя месцы для школьнікаў прапаноўваюць некалькі сельгаспрадпрыемстваў — для кожнага асобна ці ў складзе працоўных атрадаў. Тэхнічны персанал у лагер “Бярозка” таксама набіраем з ліку школьнікаў. На базе Бягомльскага лясгаса ў нас будуць працаваць два студатрады па пасадцы дрэў, праполцы і іншых палявых работах. Дарэчы, колькасць заявак у гэтыя атрады ўжо перавышае колькасць месцаў. Папулярнасць такой работы зразумелая: гэта і добры заробак, і цікава арганізаваны свабодны час, ды і проста магчымасць задаволіць жаданне папрацаваць. Некаторыя кажуць, што сучаснае пакаленне непрацавітае, акрамя камп’ютара, нічым не цікавіцца. Гэта зусім не так! Мне вельмі прыемна назіраць вялікую колькасць дзяцей і моладзі, якія хочуць быць занятымі карыснай справай.

Улетку докшыцкія школьнікі адправяцца ў паходы, у тым ліку шматдзённыя і катэгарыйныя. У раёне пройдуць разнастайныя конкурсы і фестывалі. Напрыклад, днямі ў Бягомлі адбыўся фестываль тэатральнага мастацтва “Залюстрэчча” для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: маленькія акцёры паказалі свае пастаноўкі па матывах вядомых казак.

Дарэчы, сам Дзмітрый Данілавіч з педагагічнай сям’і. Ён гаворыць, што прафесію настаўніка выбраў дзякуючы захапленню спортам.

Мая маці, Роза Іванаўна Васілеўская, больш за 40 гадоў працавала ў Докшыцкай сярэдняй школе. Тады гэтая школа была адзіная ў горадзе, — успамінае кіраўнік аддзела адукацыі. — Яна была спачатку настаўніцай, потым намеснікам дырэктара. Я і сам скончыў гэтую школу, клас у нас быў вельмі дружны, мы дагэтуль сустракаемся з аднакласнікамі. У класе ў нас было шэсць залатых медалістаў. Кожны раз падчас сустрэч мы з удзячнасцю ўспамінаем нашых педагогаў. Лічу, мы сябруем менавіта дзякуючы ім: яны навучылі нас быць добрымі таварышамі. Амаль усе з нас пасля выпуску атрымалі вышэйшую адукацыю, знайшлі сябе ў жыцці. Яшчэ ў дзяцінстве я зразумеў, што стану настаўнікам, толькі выбіраў — гісторыі ці фізкультуры. І выбраў апошняе, бо вельмі захапляўся спортам. А на факультэце фізвыхавання Віцебскага дзяржаўнага педінстытута, які я ў выніку і скончыў, была вельмі добрая трэніровачная база. Спорт у маім жыцці заўсёды ідзе поруч з адукацыяй: я працаваў у нашым раённым аддзеле спорту і турызму, быў настаўнікам фізічнага выхавання, намеснікам дырэктара ў спартыўнай школе. З’яўляюся кандыдатам у майстры спорту па лёгкай атлетыцы, люблю хадзіць на лыжах, шмат езджу на веласіпедзе, збіраю грыбы. Дарэчы, ужо ў гэтым вясновым сезоне набраў першых смаржкоў.

У кабінеце Дзмітрыя Данілавіча шмат спартыўных кубкаў. І гэта, заўважае ён, толькі тыя, што былі атрыманы за апошніх некалькі гадоў.

Гэтыя ўзнагароды належаць не толькі мне, але і ўсяму нашаму аддзелу адукацыі. Супрацоўнікі ў нас спартыўныя: традыцыйна кожны год прымаем удзел у раённым спаборніцтве “Беларуская лыжня” і перамагаем, — з гордасцю расказвае кіраўнік. — Наогул, стараемся ўдзельнічаць ва ўсіх відах раённых спартакіяд: і па шахматах, і па настольным тэнісе, і па плаванні.

Лічу, спорт у жыцці настаўніка, як і кожнага чалавека, адыгрывае вядучую ролю. Як бы мы спраўляліся з прафесійным стрэсам, калі б не магчымасць увечары праехацца на веласіпедзе ці адправіцца на выхадныя ў паход?

Спорт — гэта і неад’емная частка жыцця школы ў шосты школьны дзень і ў вучэбныя дні. У нашым раёне тры ўстановы адукацыі прымаюць удзел у раённым праекце “Гуляем у футбол”. Нашы першакласнікі паедуць у Віцебск на футбольны фестываль. Вялікую ўвагу ўдзяляем спартыўнаму выхаванню дашкалят ва ўсіх дзіцячых садах раёна: з самага маленства прывіваем ім любоў да фізкультуры. Нашы дзеці вельмі блізкія да прыроды, а яна ў нас такая прыгожая! На гербе горада адлюстраваны дзве ракі: на нашай тэрыторыі размешчаны вытокі Бярэзіны і Віліі. Прычым бягуць яны ў розныя бакі: адна — у Балтыйскае мора, другая — у Чорнае. Рэкі, азёры, густыя лясы — наш край прывабны і для жыцця, і для працы. І дзе б я ні быў, сэрца маё тут. Мне давялося пабываць і за мяжой, асабліва захапіла мяне велічная прырода Нарвегіі з яе фіёрдамі, горнымі ландшафтамі. Але ж толькі вяртаючыся ў свой раён, я адчуваю роднае цяпло. Хацелася б, каб і ўсе нашы выпускнікі вярталіся сюды на работу. Гэта наша мэта, і яна, я лічу, дасягальная.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара