Экалагічны “Млын моды”

- 12:26Культура

Днямі ў Мінску адбыўся фінал ХХХ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды — 2021”. На ім былі прадстаўлены 54 калекцыі ад 68 маладых дызайнераў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама работы 18 фатографаў. Усе ўдзельнікі прадэманстравалі сваё бачанне “ўсвядомленай моды”, “разумнага спажывання”, нацыянальных традыцый і digital-напрамкі. Нагадаем, fashion-форум арганізаваны Міністэрствам адукацыі і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Калекцыя “Тайфун” Т.Кавалёвай і Л.Латышавай.

Модны phygital

Сваё прывітанне ўдзельнікам “Млына моды — 2021” накіраваў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка, які, у прыватнасці, адзначыў: “Гэты нацыянальны конкурс штогод мае сваю тэматычную накіраванасць і сацыяльную значнасць, ён арыентуе моладзь на выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі, развіццё фантазіі і майстэрства, садзейнічае раскрыццю інтэлектуальных і творчых здольнасцей юных дызайнераў, мастакоў, фатографаў. Сусветная fashion-індустрыя пастаянна мае патрэбу ў такіх кадрах, іх свежым поглядзе на свет і чалавека ў ім. Наш фестываль заўсёды ідзе ў нагу з часам. Пацвярджэнне гэтага — прысвячэнне юбілейнага сезона ўсвядомленай экалагічнай модзе, бо менавіта яе выбірае новае пакаленне. Канкурсанты ў сваіх праектах дэманструюць асноўныя прынцыпы такой моды, нечакана і творча выкарыстоўваючы экалагічныя матэрыялы. Вялікая роля ў гэтым належыць навучальным установам нашай краіны, якія рыхтуюць высокакваліфікаваных спецыялістаў для лёгкай прамысловасці. “Млын моды” за 30 гадоў набыў пазітыўны імідж не толькі ў Беларусі, ён зарэкамендаваў сябе надзейным творчым партнёрам на міжнароднай fashion-арэне. І кожны год фестываль упэўнена даказвае: мы маем права па-сапраўднаму ганарыцца маладымі беларускімі дызайнерамі”.

Выкарыстанне натуральных тканін і прыёмаў рацыянальнага крою, зварот да нацыянальных традыцый і сучаснага напрамку digital садзейнічала з’яўленню новага віду паказаў — phygital (аб’яднанне фізічных паказаў і digital-трансляцый), і ўсё гэта змаглі пабачыць гледачы падчас фіналу ў сталічнай канцэртнай зале Prime Hall. Варта адзначыць, што сёлета працягнута супрацоўніцтва з лічбавай платформай VOKA, дзякуючы якой прафесіяналы fashion-індустрыі і аматары моды больш чым са 100 краін свету змаглі ацаніць творчасць маладых беларускіх дызайнераў.

Калекцыя “Аркан на Сірока” М.Чуднікавай і Д.Ёрш.

— “Млын моды” стварае вядомасць, гэта конкурс для пачаткоўцаў, але заўтра іх імёны могуць загучаць на ўвесь свет, — падкрэсліў загадчык аддзела моды і дызайну НЦМТДіМ Ігар Іваноў. — Сёлета наш фестываль праходзіць у фармаце phygital, рэфрэнам гучыць тэма ўстойлівай моды, таксама мы захавалі фальклорны кірунак і нацыянальныя традыцыі, дабавіўшы да іх такі сучасны напрамак, як digital. У гэтым годзе прадстаўлена ўся краіна і вельмі шмат навучальных устаноў і з сістэмы дадатковай адукацыі, і з прафесійна-тэхнічнай, і з вышэйшай школы — геа­графія вельмі шырокая. Ацэньвае іх традыцыйна аўтарытэтнае журы на чале са старшынёй “Беллегпрама” Таццянай Лугіной. Праўда, у склад нашай пастаяннай судзейскай калегіі ўвайшоў новы дызайнер — Аляксандра Крупнова з Санкт-Пецярбурга, якая ў гала-канцэрце прадставіла сваё digital-шоу Crupnova”.

Традыцыйна ўдзельнікамі фестывалю-конкурсу сталі дызайнеры, мадэлі, фатографы, стылісты, цырульнікі, візажысты, якія дэманстравалі сваё майстэрства ў намінацыях: “Школа моды”, “Майстар моды”, “Фота”, “Мадэль-дэбют фестывалю-конкурсу”, “Топ-мадэль фестывалю-конкурсу”, “Міс-мадэль Беларусі”, “Містар-мадэль Беларусі” і “Майстар стылю”.

Фінальныя мерапрыемствы юбілейнага “Млына моды” сёлета былі расцягнуты на тры дні. 7 чэрвеня адбылося адкрыццё выставы конкурсных работ у намінацыі “Фота”, 8-га ў дзелавым фармаце прайшоў адукацыйны дзень, у якім удзельнічалі вядучыя спецыялісты не толькі з нашай краіны, але і з Расіі, Швецыі, Італіі і Кітая. А 9 чэрвеня былі прадэманстраваны дызайнерскія калекцыі і ўзнагароджаны пераможцы і прызёры.

Так, у намінацыі “Лепшая калекцыя для дзяцей” перамагла Таццяна Іоська (Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” Мінска) з калекцыяй “Этнічныя матроны”, у намінацыі “Лепшая калекцыя адзення для падлеткаў” — Таццяна Кавалёва і Любоў Латышава (Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі) з калекцыяй “Тайфун”, у намінацыі “Лепшая мужчынская калекцыя” — Кірыл Урбан (Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт) з калекцыяй “Што ты курыш?”, а ў намінацыі “Лепшая жаночая калекцыя” — Дзіяна Ёрш і Маргарыта Чуднікава (Баранавіцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сферы абслугоўвання) з калекцыяй “Аркан на Сірока”. У намінацыі “Майстар моды” лепшым стаў мінчанін Уладзіслаў Якоўчык з калекцыяй Re shirts, а ў намінацыі “Фота” 1-е месца аддалі Вераніцы Куляшковай (Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт) з фотапраектам Clear Aura.

Авангарднасць, экстравагантнасць, крэатыўнасць

У юбілейным “Млыне моды” мадэльеры аддавалі перавагу экалагічнасці і беражліваму стаўленню да прыроды, таму ў многіх калекцыях прачытваецца любоў да беларускіх краявідаў, у тым ліку дзякуючы выкарыстанню натуральных тканін. Напрыклад, Аляксандр Кашпей, які з’яўляецца кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Дом вулічнай моды” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” Мінска, прадставіў калекцыю “Ланд­шафт”. Яе ідэя, па словах дызайнера, зарадзілася падчас пандэміі, калі граніцы былі закрыты і беларусы сталі больш актыўна вандраваць па родным краі. “Наша Беларусь — гэта невялікія ўзгоркі, раўніны, шмат рэк і азёр. У маёй калекцыі шмат зялёнага колеру, які сімвалізуе лясы і палі. Шэры колер — дарогі, на якіх я часта сустракаю дарожных рабочых, аранжавы колер іх спецадзення таксама прысутнічае ў мадэлях, — расказаў Аляксандр. — Прызначана калекцыя для падлеткаў і мола­дзі, якія любяць актыўны лад жыцця, ніколі не сядзяць на месцы і заўсёды гатовы вучыцца новаму. Але галоўнае — маё адзенне практычнае. Да таго ж мой Дом моды — заснавальнік новага на­прамку батл-мадэлінгу, які вельмі блізкі да спартыўнай моды. На сённяшнім фэсце мы прадэманстравалі не толькі адзенне, але і здольнасці мадэлей, якія змаглі выказацца ў танцы”.

Яшчэ адна калекцыя, прысвечаная прыгажосці беларускай прыроды, называецца “Югэн”. У перакладзе з японскай мовы, як патлумачыла яе стваральніца — дэбютантка “Млына моды” Ганна Лыкава з Галавінскай сярэдняй школы Гомельскага раёна, гэта азначае “таямнічая прыгажосць”. У Ганны атрымалася вытанчаная, лёгкая калекцыя сукенак пяшчотна-пастэльных колераў з фаціну, бавоўны, віскозы, касцюмных тканін, на якіх галоўным прынтам сталі кветкі і птушкі.

Зараз ва ўсім свеце актыўна змагаюцца з перанасычэннем рынку fashion-індустрыі, робячы акцэнт на перапрацоўцы матэрыялаў і іх другасным выкарыстанні. Святлана Князева са сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” галоўнай фішкай сваёй калекцыі “Кароль вужоў” зрабіла элементы касцюмаў, перашытыя са старых рэчаў бацькі, брата, сяброў. “Я зрабіла апсайклінг паношанай вопраткі і дала ёй другое жыццё. Сёння гэта выхад з сітуацыі, каб не перагру­жаць планету вытворчасцю новага адзення”, — па­тлумачыла дызайнер. Дарэчы, гэтая калекцыя Святланы заняла 2-е месца ў намінацыі “Лепшая мужчынская калекцыя”. Аднак сёлета яна прадставіла дзве калекцыі, другая называецца “Сапоцкін” і прызначана для падлеткаў. “Сапоцкін — гэта маленькі гарадок побач з Гродна, які знакаміты сваім Музеем пісанкі. У гэтай калекцыі я сумясціла дэкор пісанкі — размалёўку яек, падлеткавую вопратку спартыўнага плана і крыху агароднай тэматыкі, бо я прапагандую аграфітнес. У гэтай калекцыі таксама выкарыстаны перапрацаваныя абрэзкі з іншых калекцый, аздобленыя прынтамі. Гэта якраз тое, што любіць сучасная моладзь: ярка, маляўніча і карысна. У маім адзенні можна і на спатканне, і на агарод, і падарожнічаць — усё насібельна, спартыўна і камфортна”, — расказала дызайнер.

Варта адзначыць, што крыніцай натхнення для фіналістаў “Млына моды — 2021” сталі самыя непрадказальныя рэчы і па­дзеі, галоўнае — паглядзець на іх пад правільным вуглом. Так, чацвёртакурснік Ігар Плятнёў з Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта расказаў, што ідэя калекцыі “Салёныя слёзы” ўзнікла пасля таго, як на дачы ён убачыў старыя металічныя банкі для сыпучых прадуктаў, на адной з якіх было напісана “Соль”, вось менавіта яна і лягла ў аснову розных прынтаў. “Мае калекцыі — гэта правакацыя на подыуме. На гэты раз я паказаў, напрыклад, камізэльку з хлебам — такая міні-паходная версія, якая паказвае, што ежу можна насіць не толькі ў кантэйнерах. Ёсць яшчэ касцюм “Блізняты”, які складаецца з трох рук, трох ног і двух галоў — гэта своеасаблівы экшн, сёлета такога ніхто не прыдумаў. Зразумела, што мая калекцыя створана выключна для подыума”, — дадаў юнак.

А вось Сяргею Курохціну з Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага шматпрофільнага ліцэя (які на мінулагоднім “Млыне моды” прадстаўляў калекцыю “Франкенштэйн” і заняў з ёй 1-е месца) ідэю стварэння калекцыі “Рэч” падказаў у тым ліку аднайменны персанаж з мультфільма “Сямейка Адамс”. “Сённяшняя калекцыя — гэта своеасаблівы працяг “Франкенштэйна”, да якога я дадаў персанажа Рэч. Магчыма, гучыць неяк па-дзіцячы, але калі ў свядомым узросце перагледзець серыял, то можна зразумець, наколькі сур’ёзна там узнімаецца тэма нармальнасці грамадства. Да таго ж у фільме паказваецца дружная сям’я, дзе любяць адно аднаго”, — акцэнтаваў увагу дызайнер, які сёлета заняў 3-е месца ў намінацыі “Лепшая мужчынская калекцыя”. У гэтай жа намінацыі 2-е месца журы прысу­дзіла навучэнцу Магілёўскага дзяржаўнага кале­джа мастацтваў Антону Мажарыну. Ён другі год запар змог пакарыць іх сваёй новай калекцыяй TAKADA, якая глядзелася ярка і пазітыўна, хоць нагодай для яе стварэння стала трагедыя. Калекцыя прысвечана памяці аднаго з найвялікшых дызайнераў сучаснасці — Кензо Такада. У выніку атрымалася калекцыя, дзе шмат раслінных прынтаў.

Дызайнера Таццяну Іоська настолькі ўразіла этніка, розныя славянскія сілуэты, традыцыйныя рускія і беларускія касцюмы, што яна паспрабавала перадаць гэта ў сваёй калекцыі “Этнічныя матроны”. “Мая калекцыя для дзяўчынак малодшага школьнага ўзросту, але яна даволі грубая, грувасткая, манументальная і выглядае дарослай — гэта зроблена для таго, каб падкрэсліць, што дзяцей можна апранаць не толькі ў штосьці прыгожанькае і лялечнае, але і ў сур’ёзнае адзенне”, — пракаменціравала Таццяна.

Мінчанка Алена Пагірніцкая сваю выключна подыумную жаночую калекцыю After History прысвяціла роду Радзівілаў, закрануўшы гістарычную тэму беларускага барока. А майстар вытворчага навучання Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа народных мастацкіх промыслаў Надзея Нікуліна сваім мужчынскім “Легіёнам” даносіць думку, што чалавек не мае права асуджаць іншага, пакуль не “пройдзецца ў яго абутку”. Мікіта Кохан з Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці паказаў сваё разуменне “Яблыка разладу”. “На стварэнне маёй выключна подыумнай жаночай калекцыі мяне натхніла чалавечая зайздрасць, з якой, на жаль, мы часта сутыкаемся ў жыцці, — адзначыў Мікіта. “ Бо свой “смачны” жыццёвы кавалак спрабуе ўрваць кожны, але не ва ўсіх гэта атрымліваецца, тады і ўзнікае гэтае негатыўнае пачуццё. Да таго ж яблычны сілуэт, акруглы і бясформенны, лёг у аснову маіх сілуэтаў”.

Яшчэ адзін сёлетні дэбютант — Мікіта Захарчук, студэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта — на стварэнне сваёй калекцыі Sweet Look натхніўся… ніколі не здагадаецеся — звычайнай цыбуляй. “Яе разрэз адлюстраваны ў складках і ў колеры. Яшчэ я дабавіў яркія прынты ў стылі 60—70-х гадоў. Усе мае мадэлі адзення выкананы са складак і ўсяго толькі аднаго разрэзу квадрата 1,5 × 1,5 м. Такі метад называецца муляжыраванне, пры яго дапамозе атрымліваецца ствараць мадэлі практычна без рэшткаў, што адпавядае сёлетняй заяўленай тэме разумнага спажывання.

Увага! Высокая мода!

Калі падагульніць, то ХХХ “Млын моды” зноў атрымаўся яркім, экстравагантным і незабыўным. Было прадэманстравана больш за паўсотню неверагодных калекцый з несумяшчальнымі фасонамі і экалагічнымі тканінамі, напрыклад: клёшнымі штанамі, манахромнымі белымі, чорнымі і чырвонымі сукенкамі, жакетамі, аздобленымі сотняй шпілек і… хлебам, пінжакамі са старымі гадзіннікамі замест брошак, уборамі з чароўнымі птушкамі, фантастычнымі істотамі і нават жоўта-залацістымі вужамі… — усяго не пералічыць! На жаль, на адной газетнай паласе немагчыма пазнаёміць вас з усімі канкурсантамі. Але, паверце, кожны дызайнер і кожная калекцыя вартыя ўвагі, а іх неверагодныя мадэлі можна разглядаць гадзінамі, спрабуючы самастойна зразумець, што хацеў сказаць аўтар той або іншай дэталлю, прынтам, элементам, прычым гэта тычыцца як выключна подыумных калекцый, так і цалкам насібельных, якія, дарэчы, можна смела запускаць у мас-маркет. Таму застаецца дадаць: калі і вам хочацца быць у трэндзе, не адставаць ад модных тэндэнцый і ведаць, у якім кірунку рухаецца як айчынная, так і сусветная fashion-індустрыя, то сачыце за навінамі “Млына моды”. Як толькі адзін fashion-форум завяршаецца, амаль адразу пачынаецца наступны, таму што яго адборачныя туры і адукацыйныя мерапрыемствы адбываюцца на працягу ўсяго года.

Напрыканцы ж хочацца павіншаваць юбіляра — фестываль-конкурс “Млын моды” — з яго 30-годдзем і пажадаць яму заставацца стабільна якасным, надалей развівацца і адкры­ваць усё больш новых імёнаў, якімі па праве будзе ганарыцца ўся краіна!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.