Экспазіцыі музеяў устаноў адукацыі адлюстроўваюць 80 гадоў мірнага развіцця Беларусі

- 11:15Новости

Якую гісторыю могуць расказаць экспанаты, даведаліся ў музеях устаноў адукацыі.

З першых вуснаў

Народны комплексны музей “Гісторыя Заронаўскага краю” захоўвае прадметы, перададзеныя ў фонды педагагічнай сям’ёй Аляксандра і Антаніны Гушчанка.

Для мясцовых жыхароў іх імёны дарагія і шаноўныя. Абодва з пакалення пасляваенных настаўнікаў, выдатнікі народнай асветы, якія прысвяцілі жыццё школе і вучням.

— Антаніна Аляксандраўна нарадзілася ў 1928 го­дзе, зведала жахі акупацыі, — расказвае захавальніца музея Людміла Нікіціна. — Пасля вызвалення Віцебшчыны ў школу ёй давялося ісці пераросткам. Затое дзяўчына добра ўсведамляла, наколькі важна атрымаць адукацыю, а яе запаветнай марай было ­стаць настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Мару яна спраўдзіла, прычым напрацавала “залаты” педагагічны стаж працягласцю ў паўстагоддзя. Гэтую чарніліцу з імянным надпісам юнай Антаніне ўручылі як лепшай вучаніцы.

Дарэчы, замест чарніла тады выкарыстоўвалі свежавыціснуты сок чырвонага бурака. Напісанае вельмі хутка высыхала і потым дрэнна чыталася, аднак іншых варыянтаў не існавала. Яшчэ прыстасоўвалі вугольчыкі. Не такія ўжо, якімі ў партызанскіх лясных школах пісалі, а карпатліва абструганыя, тоненькія. З паперай таксама была вялікая праблема: даставалі дзе маглі. Антаніне пашанцавала ў нямецкім бункеры адшукаць блакнот. Прыстасавала знаходку для канспектаў. Вось, глядзіце: паверх запісаў на нямецкай мове — старанна выведзеныя вучнёўскай рукой правілы беларускай граматыкі і арфаграфіі, звесткі па батаніцы. Фактычна сімвал таго часу. Элементарных рэчаў не было, нават адзення, абутку не хапала на ўсіх. Але ў дзяцей было вялікае жаданне вучыцца. І, канечне, у настаўнікаў — вучыць.

Выхавальніца дашкольнай адукацыі Настасся Нікіціна

На жаль, Антаніны Аляксандраўны ўжо няма побач з намі. Аднак засталіся яе бясцэнныя ўспаміны, старанна занатаваныя вучнямі і калегамі. Многа часу і сіл у 50—60-я гады мінулага стагоддзя забірала праца на прышкольным агародзе. У школьнай гаспадарцы і трусоў гадавалі, мяса потым здавалі ў нарыхтоўчую кантору. А колькі смяротных “падарункаў” пакінула вайна ў заронаўскай зямлі, колькі дзяцей знаходзілі снарады ці патроны, кідалі ў вогнішча з цікаўнасці і гінулі, станавіліся інвалідамі! Было б значна больш, калі б паміж дзецьмі і бядой не станавіліся настаўнікі. Яны не проста вялі прафілактычныя гутаркі. Калі даведваліся пра пагрозлівую знаходку — без разваг беглі ратаваць вучня, часта з рызыкай для ўласнага жыцця.

— Аляксандр Якімавіч Гушчанка — афіцэр у адстаўцы і настаўнік гісторыі, з 1956 па 1993 год узначальваў калектыў Заронаўскай школы, — працягвае знаёмства Людміла Нікіціна. — Сямейны дуэт актыўна займаўся краязнаўчай справай. Разам Аляксандр і Антаніна Гушчанка напісалі кнігу пра гісторыю сваёй установы адукацыі. Школы ўжо няма, а ва ўспамінах яна жыве. Ляціць час, многае страчваецца і забываецца, але праз музейныя прадметы мы можам данесці нашым дзецям і дарослым наведвальнікам дакладную інфармацыю, як ішло адраджэнне нашых мясцін пасля вайны. Аляксандру Якімавічу гэтай вясной споўнілася 95 гадоў. Фактычна гэты чалавек — унікальная жывая часцінка нашага музея. Безумоўна, пашана з нашага боку да старэйшага калегі велізарная. У гонар яго 90-годдзя мы з музейным дзіцячым актывам пасадзілі на тэрыторыі сельсавета 90 дрэў. А сёлета да дня нараджэння ўстанавілі ля будынка музея імянную лаўку, зробленую прадстаўніком раённага дэпутацкага корпусу Аляксандрам Астроўскім. Калі ўнук прывёз нашага Якімавіча, той пасядзеў і сказаў: “Добра!”

Цікавы факт: штогод да 1 верасня, Дня настаўніка і 22 красавіка, калі нарадзіўся Аляксандр Гушчанка, у яго доме збіраюцца ўсе педагогі, якія жывуць у аграгарадку, былыя вучні прыходзяць. Спяшаюцца, каб абмеркаваць надзённае і самае хвалюючае, у нефармальнай атмасферы абмяняцца ідэямі і вопытам, запытацца парады ў ветэрана педагагічнай працы. Аляксандр Якімавіч звыкла і ўрачыста аб’яўляе: “Педсавет адкрыты!”

 Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара

 Мінулае ў кроснах

Адно з цэнтральных месцаў у экспазіцыі “Ткацтва” краязнаўчага музея “Спадчына” Маларыцкай раённай гімназіі займаюць кросны.

Кожны раз, праводзячы экскурсію, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Аксянюк з асаблівым замілаваннем і пяшчотай расказвае пра цікавы экспанат і яго гісторыю, з задавальненнем паказвае бёрды, матавіла, сноўніцу, церніцу, набіліцы, навоі, ставы, уток, пранік і трапло, тлумачыць, для чаго яны выкарыстоўваліся.

Кросны раней належалі маці педагога. Колькі за імі было выткана матчынымі рукамі палатна! Ды і сама Ірына Пятроўна ў дзяцінстве вучылася рабіць тканыя вырабы. З радасцю хадзіла на панажах, прапускала паміж нітоў чаўнок, умела снавала… Бывала, так захопіцца творчым працэсам, што страчвала адчуванне часу. Зрэшты, уменне ткаць было абавязковым для кожнай сялянкі. Нездарма асноўную частку пасагу дзяўчыны складалі менавіта тканыя вырабы. Прасці, ткаць і вышываць раней у Беларусі павінны былі ўмець нават княжацкія дочкі.

— Кросны з’явіліся ў нашай сям’і яшчэ ў даваенны час, — расказвае Ірына Аксянюк. — У 1925 годзе бабуля выходзіла замуж за майго дзеда. Яе бацька, які славіўся ў наваколлі як майстар па вырабах з драўніны, у пасаг зрабіў кросны. У мужавай сям’і гадаваліся 7 дзяцей, таму ­ткаць даводзілася шмат.

Кросны ацалелі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а пасля ліхалецця сталі адной з самых патрэбных рэчаў у гаспадарцы. Час быў цяжкі. Не было грошай, каб набыць адзен­не. Выратоўвалі кросны. Ткацкай справе маму педагога навучыла свякроў.

— Ткаць не так і складана, — гаворыць Ірына Аксянюк. — Сапраўднае майстэрства ў гэтай справе — навіць ніткі, якія спачатку трэба спрасці і наматаць на матавіла, а потым па пэўнай схеме, у залежнасці ад таго, што і як будзе ткацца, правесці іх праз ніты і бёрды. Сапраўдная навука! Праўда, ёй мама не вельмі хацела навучыць нас з сёстрамі, бо баць­ка заўсёды настойваў, каб мы вучыліся добра ў школе, паступілі ў інстытут, а не сядзелі за кроснамі. Тым не менш ткаць мы ўмелі ўсе: трэба было дапамагаць маме. З 6-гадовага ўзросту ўжо сама намотвала ніткі на ціўкі, а з 12-гадовага — добра ткала “з нуля”. Мама выдатна ткала ўсё: і абрусы, і ручнікі, і ходнікі, і коўдры з рознымі ўзорамі, і палатно. Да гэтага часу ў кожнай з нас ёсць вырабы, вытканыя матуляй.

На кроснах яна ткала да апошняга. Калі яе не стала, кросны разабралі. Каб заха­ваць памяць пра матулю, Ірына Аксянюк забрала кросны з бацькоўскага дома і перавезла ў краязнаўчы музей.

Расказваючы пра іх падчас экскурсій, педагог далучае вучняў да мінулага, вытокаў народнай культуры, стваральнай працы продкаў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара

Камсамол, маладосць

Аналагаў Мінскаму раённаму музею камсамола, дзіцячых і маладзёжных грамадскіх ініцыятыў, які створаны ў каладзішчанскай сярэдняй школе № 2, сярод устаноў адукацыі краіны няма.

Музей унікальны не толькі сваім зместам, але і ідэямі, якія рэалізуе. Экспанаты збіралі жыхары Мінскага раё­на, педагогі і навучэнцы школы. Сёння ў экспазіцыі захоўваецца больш чым 200 аб’ектаў і артэфактаў памяці.

“У нашым музеі некалькі экспазіцыйных раздзелаў, — расказвае кіраўнік музея настаўніца гісторыі Ганна Мельнік. — Першы называецца “Камсамол — мой лёс”. Ён знаё­міць наведвальнікаў з ключавымі датамі гісторыі зараджэння камсамольскага руху, а таксама асноўнымі этапамі выхавання савецкай моладзі”.

Сярод здабыткаў першай залы многа арыгінальных прадметаў. За ўсімі імі — цікавыя гісторыі. Адной з такіх выставачных адзі­нак з’яўляецца картачка члена УЛКСМ, якая належыць Таццяне Рубянок. Як правіла, адпаведныя картачкі на рукі не выдавалі, але за тое, што Таццяна Пятроўна актыўна працавала ў камсамоле, для яе зрабілі выключэнне. У дакуменце пазначаны яе біяграфічныя даныя, звесткі аб працоўнай і камсамольскай дзейнасці. У камсамол Т.Рубянок уступіла ў 1970 годзе, калі ёй было 14 гадоў.

“Для таго каб трапіць у арганізацыю, мы здавалі экзамен у райкаме партыі, — дзеліцца ўспамінамі Таццяна Пятроўна. — Залічвалі ў тым выпадку, калі правільна адказвалі на ўсе пытанні. У 1978 годзе мяне выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі Віцебскага абласнога савета прафсаюзаў, які аб’ядноўваў 14 галіновых абкамаў прафсаюза. На гэтай пасадзе знаходзілася 4 гады, пакуль не пайшла ў дэкрэтны водпуск”.

З успамінаў былой камсамолкі, удзельнікі арганізацыі часта праводзілі турыстычныя злёты, хадзілі ў паходы па родным краі, а таксама актыўна працавалі. Кожную вясну хлопцы і дзяўчаты дапамагалі падшэфнай гаспадарцы прыбіраць поле ад камення, летам ездзілі на сенакос, а восенню збіралі лён, вязалі снапы і адпраўлялі іх на камбінат для далейшай перапрацоўкі. У дзень сельскай гаспадаркі, які адзначаўся напрыканцы кастрычніка, маладыя камсамольцы ездзілі ў падшэфную гаспадарку і выступалі для яе работнікаў з канцэртам.

“Наша маладосць была вельмі цікавая, — зазначае Т.Рубянок. — Два гады назад ад­даць картачку члена УЛКСМ у музей падказала мая нявестка, якая працуе настаўніцай хіміі ў каладзішчанскай сярэдняй школе № 2. Яна расказала, што ва ўстанове адукацыі якраз стварылі музей камсамола, дзіцячых і маладзёжных грамадскіх ініцыятыў. Я вырашыла, што гэта правільна, бо пра гісторыю і мінулае дзецям трэба расказваць на жывых прыкладах”.

А вось свой камсамольскі білет Таццяна Пятроўна трапятліва беражэ: ён для яе — вялікая каштоўнасць, сімвал патрыятызму.

“Камсамольскі білет — гэта частка майго юнацтва і жыцця, — прызнаецца былая камсамолка. — Часта ўспамінаю тыя часы, а калі становіцца сумна, дастаю свой архіў, пераглядваю рэчы і ганаруся, што была часткай той гісторыі, якую мы стваралі разам”.

 Наталля САХНО

За доблесную працу

Навучальны год для сярэдняй школы № 1 Ліды завяршыўся асабліва значнай нотай. Установе адукацыі былі перададзены ўзнагароды дуэта педагогаў Івашыных — Мікалая Уладзіміравіча і Вольгі Дзмітрыеўны.

Дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды Сяргей Фанасаў з дочкамі дуэта педагогаў Івашыных Тамарай Піменавай і Людмілай Праваторавай

Са школай іх звязвалі больш за 80 гадоў сумеснага педагагічнага стажу і значная частка асабістай сямейнай гісторыі.

— Наша школа была пабудавана яшчэ ў 1928 годзе. Прычым першапачаткова яна была спраек­тавана такім чынам, што не­пасрэдна тут размяшчалася кватэра кіраўніка ўстановы адукацыі. Мікалай Уладзіміравіч узначаліў педагагічны калектыў у 1950 го­дзе і адзін час жыў са сваёй сям’ёй менавіта тут, — з першых хвілін захапляе гісторыяй экспаната дырэктар школы Сяргей Фанасаў.

Дочкі двух педагогаў, кожны з якіх удастоены звання “Заслужаны настаўнік БССР”, Тамара Піменава і Людміла Праваторава даўно жывуць у Мінску. Але кожны год імкнуцца пагасціць у Лідзе. Менавіта ў будынку школы прайшлі іх дзіцячыя гады, і цалкам справядліва, што ўстанову адукацыі сёння яны завуць роднай.

— Даўно падтрымліваем з імі сувязь і кожны раз падчас такіх візітаў адзначалі, што памятныя здымкі з сямейнага архіва ці якія-небудзь асабістыя рэчы педагогаў маглі б стаць значнай часткай адной з экспазіцый нашага музея. Атрымаць у дар узнагароды нашых калег-папярэднікаў, у тым ліку і нагрудныя знакі “Заслужаны настаўнік БССР”, знакі “Выдатнік народнай асветы” і ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР для нас вельмі каштоўна і значна, — працягвае Сяргей Фанасаў.

Толькі Мікалая Уладзіміравіча Івашына — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны — з установай адукацыі звязваюць 44 гады працоўнага стажу. Пасля заканчэння ў 1947 годзе гістарычнага факультэта Мінскага педінстытута 31 год ён узначальваў калектыў 1-й школы Ліды. Яшчэ дзесяць гадоў пасля гэтага нагадваў вучням, наколькі важна ве­даць сваё мінулае падчас урокаў гісторыі.

— Мікалай Уладзіміравіч — знакавая асоба для нашай установы адукацыі. Падчас яго кіраўніцтва ў школе было закла­дзена нямала добрых традыцый. У 1966 годзе быў створаны пакой баявой славы, з якога пачаў свой адлік наш сённяшні музей. Менавіта пры Мікалаю Уладзіміравічу былі адкрыты тэматычныя кабінеты фізікі і радыёэлектронікі. Дзеці тут паглыблена вывучалі фізіку, і іх вынікі гучалі не толькі ў межах БССР. Не раз вучні станавіліся пераможцамі ўсесаюзных алімпіяд, — гаворыць кіраўнік установы адукацыі.

Па ўспамінах сучаснікаў, Мікалай Уладзіміравіч валодаў мастацтвам аб’ядноўваць людзей і настройваў кожнага члена сваёй каманды педагогаў ніколі не спыняцца на дасягнутым. Наколькі эфектыўна гэта ў яго атрымлівалася, лепш за ўсялякія словы гавораць факты — пяцёра настаўнікаў тады невялікага педагагічнага калектыву мелі званне “Заслужаны настаўнік БССР”. І ў іх ліку галоўная апора і падтрымка неабыякавага кіраўніка — жонка Вольга Дзмітрыеўна. 41 год побач з Мікалаем Уладзіміравічам яна працавала ў школе настаўніцай англійскай мовы. Акрамя ўжо згаданых узнагарод, яе дзей­насць была адзначана медалём “За доблесную працу”.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі

Духоўныя скарбы

Арыгінальнымі экспанатамі багаты музей праваслаўя сярэдняй школы № 12 Жлобіна.

Вучаніца Надзея Фешчанка беражліва трымае дараносіцу

Па словах настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Ірыны Аляксеенка, адзін з найбольш каштоўных — дараносіца.

— Мяркуем, экспанат адносіцца да XIX — пачатку XX стагоддзя, выкананы са звычайнага металу і серабра. Ён прызначаўся для захоўвання і перанясення Святых Дароў і выкарыстоўваўся для ажыццяўлення таінства прычасця па-за храмам, — расказвае Ірына Іванаўна. — Дараносіца мае выгляд невялікага храма, а яе паверхня ўпрыгожана разьбянымі выявамі. У свой час рэліквія належала протаіерэю Канстанціну Манько і знаходзілася ў храме Святой Жываначальнай Тройцы Жлобіна. У 2021 годзе ў рамках VII абласных Пакроўскіх адукацыйных чытанняў благачынны цэркваў Жлобінскай акругі протаіерэй Аляксей Сматрыцкі наведаў музей праваслаўя і перадаў дараносіцу.

Яна з’яўляецца вялікай каштоўнасцю і паказчыкам высокага ўзроўню культуры праваслаўя беларускага народа. У музеі таксама беражліва захоўваецца ўнікальная з’ява культуры Гомельшчыны, прыклад традыцыйнага народнага іканапісу — абраз іконы Маці Божай “Замілаванне”.

— У 2015 годзе ў музей перадалі ікону Маці Божай, якая раней знаходзілася ў доме жыхаркі вёскі Буда Хойніцкага раёна Еўдакіі Герасімаўны Бяндзяга, адселенай пасля ­чарнобыльскай катастрофы. Меркаваны ўзрост сямейнай рэліквіі — не менш за сто гадоў, — працягвае Ірына Іванаўна. — Гэты абраз мае сваю гісторыю. Сям’я Бяндзяга — Еўдакія Герасімаўна, яе муж і двое сыноў — у першай палове ХХ стагоддзя былі высланы ў Котлас — невялікае мястэчка на поўдні Архангельскай вобласці. Вярнуліся адтуль толькі маці і сын, які ў далейшым загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У доме ў вёсцы Буда, дзе жыла жанчына, пасля пажару цудам уцалела толькі тая частка жылля, дзе стаяла ікона. Пасля смерці Еўдакіі Герасімаўны яе сваякі перадалі на захоўванне ў школьны музей ікону, якая суправаджала жанчыну ў самыя цяжкія перыяды яе жыцця, давала ёй сілы. Ікона, безумоўна, мае не толькі мастацкую каштоўнасць, але і маральную.

 Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з архіва Ірыны Аляксеенка

Унікальныя падручнікі

У музеі гісторыі развіцця адукацыі Магілёўскай вобласці шмат цікавых рэчаў. Ёсць і зусім унікальныя. Сярод іх — буквар для дарослых 1945 года.

Дзіна Лусцянкова знаёміць з унікальнымі падручнікамі

Адным з аўтараў незвычайнага буквара стала ўраджэнка Пры­дняпроўскага краю Ганна Севярнёва, якая мае званне заслужанага настаўніка. У даваенны час Ганна Кузьмінічна настаўнічала ў школах Бялыніцкага раёна, а пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны была метадыстам Міністэрства асветы і рэдактарам вучэбна-педагагічнай літаратуры дзяржаўнага выдавецтва БССР.

— Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сістэма адукацыі актыўна адраджалася. Пэўнай праблемай стала навучанне непісьменнай моладзі, якая ўжо выйшла са школьнага ўзросту. Пад куратарствам Ганны Кузьмінічны быў распрацаваны падручнік, які дазваляў маладым людзям хутка асвоіць ­пісьмо і навучыцца чытаць. Распаўсюджванне буквар атрымаў не толькі ў беларускіх вячэрніх школах для дарослых. Вучыліся па ім і ў іншых рэспубліках Савецкага Са­ю­за, — расказала загадчык музея Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Дзіна Лусцянкова.

Усяго Ганнай Севярнёвай былі выпушчаны дзясяткі пад­ручнікаў. У асноўным дапаможнікі па навучанні малодшых школьнікаў беларускай мове і літаратуры. Складала Ганна Кузьмінічна і метадычныя парады для педагогаў.

— У нашых музейных экспазіцыях ёсць і яшчэ шэраг знакавых выданняў. Гэта падручнікі па прыродазнаўстве, геаграфіі і рускай мове для глуханямых дзяцей. Іх аўтар — заслужаны настаўнік выдатнік адукацыі Міхаіл Манышаў. Міхаіл Мікалаевіч прайшоў усю вайну, удзельнічаў у абароне Магілёва, вызваленні Польшчы, Прагі, узяцці Берліна. У мірныя гады вярнуўся да педагагічнай дзейнасці. Працуючы ў Мсціслаўскай спецыяльнай школе-інтэрнаце, задаўся мэтай напісаць вучэбныя дапаможнікі, адаптаваныя для навучэнцаў, якія маюць праблемы са слыхам і маўленнем, — адзначыла Дзіна Уладзіміраўна.

Падручнікі Міхаіла Манышава сталі сапраўдным педагагічным прарывам. Яны атрымалі шырокае распаўсюджванне, былі перакладзены на розныя мовы народаў СССР. Дапаможнікі і зараз працягваюць выкарыстоўваць у школах не толькі Беларусі, але і іншых краін.

— Заслужаным настаўнікам у музеі прысвечаны тэматычны стэнд. Сабраны гісторыі плённай стваральнай працы звыш 580 яркіх педагогаў. Выношваем ідэю аб’яд­наць гэтыя апавяданні ў адзі­ную кнігу, — падкрэсліла Дзіна Лусцянкова. — Кожны з заслужаных настаўнікаў пакінуў запамінальны след у айчыннай сферы адукацыі. Іх жыццёвы шлях, самаадда­насць прафесіі — прыклад для пераймання маладому пакаленню.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара