Экзатычнае падарожжа на факультатыве. Як зацікавіць вучняў біялогіяй

- 14:30Образование, Портфолио

Серада. Апошні ўрок. Настрой непрацоўны. Хутка трэніроўка. Але факультатыў пра падарожжы. Куды адправімся на гэты раз? “Давайце ў цёплыя краіны”, — чуваць прапанову з апошняй парты.

“Добра, — пагаджаецца настаўнік, — хочаце экзотыкі? Будзе вам экзотыка”. І лёгкім рухам рукі ён дастае з-пад свайго стала вялізнага смаўжа. Так пачынаецца віртуаль­нае падарожжа ў свет экзатычных жывёл і свет экалагічных праблем. Сёння з вучнямі на занятках насельнікі цёплых краін — смоўж ахаціна і акса­лотль.

Дзіўны смоўж адпраўляецца ў пластмасавы кантэйнер, дзе для яго прыгатаваны пачастунак — зялёнае мяккае лісце салаты. Ён абследуе тэрыторыю, толькі зрэдку флегматычна рэагуючы на ажыўленне, што пануе навокал. Яго памеры зачароўваюць: у прыродзе ён можа дасягаць 20—30 см. Вымяраем лінейкай паўзучы цуд. Пакуль яшчэ маленькі — усяго толькі 11—12 сантыметраў. Але ў нашай мясцовасці смаўжа з ракавінай больш за дзесяць сантыметраў таксама сустракаеш не кожны дзень. Таму ўся ўвага — да нашага госця і да аповеду настаўніка. Плаўныя, павольныя рухі малюска, якія амаль гіпнатызуюць, крыху прытарможваюць актыўных даследчыкаў прыроды.

Настаўнік, усміхнуўшыся, працягвае расказваць:

— Ахаціна — не проста дзіўны малюск. Ён сімвалізуе адну з сучасных экалагічных праблем. Гэтыя смаўжы, якіх вязуць па ўсім свеце як хатніх гадаванцаў, становяцца небяспечнымі для розных экасістэм. У краінах з цёплым кліматам такія хатнія гадаванцы, трапляючы ў дзікую прыроду, могуць хутка размнажацца і выцясняць мясцовыя віды. Напрыклад, на астравах у Ціхім акіяне яны сталі сапраўднай бядой для мясцовых раслін.

— Атрымліваецца, смоўж — гэ­та не толькі экзотыка, не толькі цікавы гадаванец, але і праб­лема? — зацікаўлена пытаецца непаседлівы Мікіта.

— Іменна так, — адказвае настаўнік. — Прырода вельмі далікатная. Як лёгка яна стварае дзіўныя віды, гэтак жа лёгка яны могуць знікнуць. Таму мы павінны быць асцярожнымі і адказнымі ў сваіх дзеяннях. Але вернемся да нашага госця. Ахаціна не толькі выклікае трывогу ў эколагаў, але і карыстаецца папулярнасцю ў касметолагаў. Так-так, слізь, якую выдзяля­юць некаторыя віды смаўжоў, спецыялісты выкарыстоўва­юць у вытворчасці сродкаў па догля­дзе скуры.

Клас са здзіўленнем гля­дзіць на смаўжа, які павольна паўзе. Яго плаўныя рухі нібы адлюстроўваюць мудрасць прыроды, нагадваючы аб важнасці гармоніі і беражлівых адносін да навакольнага свету.

 З суседняга слоіка з вадой на дзяцей уважліва гля­дзіць маленькімі вочкамі дзіўная хвастатая істота з характэрнымі нарасцямі замест вушэй і з усмешкай ва ўвесь твар. І гэта не мульцяшны Лунцік, а рэальны не­звычайны жыхар мексіканскіх азёр — аксалотль. Ён не толькі прыцягвае ўвагу шасціклашак сваім вычварным выглядам, але і ўражвае суперздольнасцямі. Гэта не дарослае земнаводнае, а лічынка-пераростак, якая можа жыць у такім стане шмат гадоў, яшчэ і размнажацца. Гэты персанаж умее адгадоўваць пашко­джаныя органы і страчаныя часткі цела, напрыклад, лапкі ці хвост. Ну чым не казачны дракончык?

— А чаму аксалотлі такія рэдкія?— пытаецца Даша з першай парты.

— Добрае пытанне, — усміхаецца настаўнік. — У дзікай прыродзе іх засталося вельмі мала. Прычыны тыя ж, што і ў многіх знікаючых відаў: забруджванне вадаёмаў, разбурэнне натуральнага асяроддзя пражывання і ўмяшанне чалавека.

Мексіканскія азёры, дзе яны жывуць, моцна пацярпелі ад чалавечай дзейнасці. Таму зараз аксалотляў можна сустрэць галоўным чынам у няволі, у навуковых лабараторыях і ў акварыу­містаў. Іх вывучэнне дапамагае вучоным зразумець, як можна аднавіць экасістэмы і як можна прымяніць унікальныя здольнасці аксалотляў у медыцыне, напрыклад, для аднаўлення тканак у хворых людзей.

— Дык што, яны і нам могуць дапамагчы адгадоў­ваць канечнасці, як у фантастычных фільмах?— са здзіўленнем перапытвае Жэня.

Настаўнік смяецца:

— Ну, пакуль гэта здаецца фантастыкай, але даследаванні ў гэтай галіне актыўна вядуцца. Вучоныя спрабуюць разгадаць сакрэты гэтых дзіўных істот.

Заняткі завяршаюцца, але пытанні не спыняюцца. Дзеці зацікаўлена абмяркоўваюць, як цесна звязаны экзатычныя жывёлы і праблемы экалогіі, як дзеянні чалавека ўплыва­юць на навакольны свет. Нехта ўжо строіць планы на­быць акварыум з аксалотлем, а хтосьці хоча завесці сабе смаўжа — пакуль толькі вінаграднага. А нехта сур’ёзна задумаўся аб тым, наколькі важная ахова прыроды.

Калі званок апавяшчае заканчэнне факультатыву, настаўнік падсумоўвае:

— У свеце так многа дзіўных істот і загадак. Падарожнічаючы, мы не толькі адкрываем новыя месцы, але і вучымся ца­ніць свет, які нас акружае. Няхай кожная наша паездка, нават віртуальная, нагадвае нам пра тое, як важна клапаціцца пра планету. Бо экзотыка — гэта не толькі прыгажосць, але і адказнасць.

Дзеці збіраюцца і, абмяркоўваючы пачутае, накіроўваюцца да выхаду. Дзень скончыўся на незвычайнай ноце, нагадаўшы аб важнасці ведаў не толькі пра далёкія краіны, але і пра экалагічны баланс, ад якога залежыць будучыня нашай планеты.

Такія моманты на ўроках — гэта не проста новыя веды, а сапраўднае адкрыццё для дзяцей, якое дазваляе ім адчуць чараўніц­тва прыроды і яе бязмежную разнастай­насць!

Андрэй ПАХОМЕНКА,
настаўнік біялогіі Чавускай абласной сярэдняй школы Магілёўскай вобласці

Фота аўтара