Перадаць святочны настрой душы можна вытанчанай музыкай, узвышанымі паэтычнымі вобразамі… А юныя мастакі, аматары дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на занятках у Ганцавіцкім раённым цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці вучацца выяўляць пачуцці ў фарбах. Вопытныя педагогі дапамагаюць ім спасцігаць сакрэты майстэрства і асвойваць розныя мастацкія, рамесніцкія прыёмы. Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» заглянуў у некаторыя майстэрні і пазнаёміўся з педагогамі, плёнам іх працы.
Не сакрэт: кожны з нас бачыць свет па-свойму. Адзін і той жа нацюрморт альбо просты гладыш на мальберце ў розных мастакоў набывае адметны вобраз. Гэтак і тэма хрысціянскага Уваскрэсення Хрыстова, па-народнаму Вялікадня, ззяе рознымі фарбамі на выставе, якая ўпрыгожыла да свята мастацкую майстэрню. Там праводзіць заняткі педагог дадатковай адукацыі Марына Скурат. Знаёмячы з цэнтрам, яго дырэктар Алена Ленкавец ахвотна прадстаўляе калегу, з гордасцю дадае: вучні Марыны Уладзіміраўны паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах нават на рэспубліканскім і міжнародным узроўні.
З народным каларытам

«Адчуваеце радасць у нашых карцінах?.. Вось так мы рыхтуемся да свят!» — з усмешкай сустракае гасцей гаспадыня майстэрні. Сама яна — не мясцовая, каханне прывяло ў Ганцавічы з багатага на таленты Івянца. Таго, тлумачыць ахвотна, дзе робяць смачныя цукеркі, дзе моцныя традыцыі ганчарства, мастацкай керамікі, ткацтва. З павагай да народных традыцый сёння ўжо на Палессі працуе Марына Скурат.
«Вось тут мы прывіваем дзецям любоў да мастацтва, прытым выкарыстоўваем і мясцовыя напрацоўкі майстроў: каб не забываліся юныя творцы на вытокі нашай культуры», — паказвае майстэрню Марына Уладзіміраўна. З радасцю засяроджвае ўвагу на работах, у якіх адчуваецца пераемнасць, каларыт народнага мастацтва. Заўважае, што любому педагогу — як бальзам на душу, калі ў выхаванцаў атрымліваюцца ўдалыя, арыгінальныя карціны.
Папярэдне яна патлумачыла дзецям, што свята Вялікдзень — беларуская народная традыцыя, Уваскрэсенне Хрыстова — хрысціянская, а Пасха — больш глыбокая, старазапаветная традыцыя ў яўрэйскага народа, якая ў пару хрысціянства набыла новыя рысы. Зрэшты, розныя элементы, абрады, вобразы гэтага свята цесна спалучаны ў сённяшняй беларускай рэальнасці, прычым тое бачна і ў карцінах юных мастакоў. Большасць — з яркімі, светлымі, радаснымі фарбамі. «Ва ўсіх творах пазітыўны настрой. Дзеці вучацца ў колерах перадаваць узвышаны стан душы», — гаворыць Марына Скурат.
Любоў да мастацтва ў яе была з дзяцінства, і дзяўчынкай да яго цягнулася, бо івянецкая зямля такая, а таленавітыя людзі там падтрымліваюць дух творчасці. Вучылася пасля школы ў Магілёўскім архітэктурным каледжы, дзе грунтоўна выкладалі таксама і жывапіс, гісторыю мастацтва — тое ўсё ў Ганцавічах вельмі спатрэбілася. Восьмы год працуе ў цэнтры. Далучаны да мастацтва, крыху іншага, і муж, які працуе з агнём і металам: электразваршчык.
А ў яе майстэрні ў найбольшай пашане жывапіс. Дзеці спрабуюць маляваць і па тканіне, але ў тым ёсць свае нюансы. «У асноўным гуашшу пішуць: накладваем яе шчыльна — і маем насычаны колер, нібы алейны жывапіс, — пасвячае ў сакрэты майстэрства Марына Скурат. — А гэтую экспазіцыю зрабілі да Вялікадня-Уваскрэсення Хрыстова. Яна зменная: каб рух заўсёды быў і дзеці адчувалі, бачылі збоку, на фоне іншых свае работы ў выставачным фармаце. Уявіце сабе: некаторыя бацькі толькі ўбачаць творы — і знаходзяць тое, што менавіта іх дзеці малявалі. Так што і дарослым такая форма экспанавання прыемная».
Углядаючыся ў творы, заўважаем: у цэнтры дзеці даволі ўмела працуюць з колераперадачай, ценямі. Ва ўсялякім разе, ёсць удалыя нацюрморты, жанравыя карціны з элементамі нягрубага пераймання-капіравання народных прыёмаў — іх далікатнай стылізацыяй. Адчуваецца ў карцінах вясковы каларыт, а не халодны акадэмізм. Па ўсім відаць, юныя мастакі паглыбляюцца ў нацыянальныя вобразы, архетыпы, умеюць бачыць някідкую прыгажосць палескага побыту. Адчуваюць аўру прадметаў народнай культуры і разумеюць: на звычайным гладышы ёсць налёт часу, запісана свая цікавая гісторыя. Тое ж бачым і ў вобразах калядоўшчыкаў ці валачобнікаў, карцінах Велікоднай тэматыкі. А значыць, з душой працуе таленавіты педагог — і вучні ў яго таленавітыя. Марына Скурат тлумачыць: сярод выхаванцаў ёсць ахвотнікі паступаць у навучальныя ўстановы мастацкага профілю. Ім у цэнтры дапамагаюць рыхтавацца, рабіць эскізы, і гліняныя гаршкі — заўсёды пад рукой, каб маляваць з натуры.
Вядома ж, многія студыйцы — а ёсць ідэя назваць іх аб’яднанне малявання творчай студыяй «Пэндзлік» — удзельнічаюць у спаборніцтвах. Адна з работ, якую паказвае педагог, была на конкурсе «Арт-навацыя». «Марына Уладзіміраўна з выхаванцамі пастаянна ўдзельнічае ў конкурсах. Творы займаюць прызавыя месцы, у тым ліку на рэспубліканскім узроўні. У прыватнасці, у «Каляднай зорцы» і «Арт-навацыі» — нашы прызёры: юныя ганцавіцкія мастакі», — адзначыла дырэктар цэнтра Алена Ленкавец.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара








