У Брэсце прайшла гарадская гульня сярод школьнікаў па фінансавым арыентаванні. Арганізатарамі гульні, якая праводзілася ўпершыню, выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка Беларусі па Брэсцкай вобласці пры падтрымцы рэгіянальных прадстаўніцтваў шэрага вядомых банкаў краіны.
— Гульня праводзілася не толькі з мэтай папулярызацыі эканамічных ведаў і павышэння фінансавай дасведчанасці вучняў, але і для пашырэння іх кругагляду, развіцця ў дзяцей навыкаў арыентавання ў гарадскім асяроддзі, азнаямлення са славутымі мясцінамі Брэста, пошуку і падтрымкі таленавітай моладзі, — расказала намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі І.В.Чоўжык. — Гульня спалучала ў сабе праверку ведаў і ўменняў вучняў у галіне фінансавай дасведчанасці, гісторыі і культуры Брэста, абвешчанага сёлета культурнай сталіцай краіны. Спалучэнне фінансава-асветніцкай і краязнаўчай мэты зрабіла гульню незвычайнай і па-сапраўднаму цікавай.
Гульня заключалася ў рашэнні спецыяльных заданняў па банкаўска-эканамічнай тэматыцы, распрацаваных 4 банкамі па ўзгадненні з галоўным упраўленнем Нацыянальнага банка Беларусі, праходжанні маршруту па славутых мясцінах горада і пошуку адказаў на шэраг краязнаўчых пытанняў. У рамках гульні яе ўдзельнікі пабывалі ў музеі гісторыі Брэста і музеі выратаваных мастацкіх каштоўнасцей.
У гульні прынялі ўдзел 4 каманды з ліку вучняў 8—11 класаў сярэдніх школ №№ 18 і 28, ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна і Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава.
Па выніках трохгадзіннага спаборніцтва лепшымі знаўцамі фінансавых пытанняў і гісторыі горада сталі вучні Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава. Іншыя ўдзельнікі былі адзначаны ў розных намінацыях. Акрамя дыпломаў, школьнікі атрымалі каштоўныя падарункі ад банкаў.
— Вельмі прыемна, што вучні падчас гульні паказалі надзвычай высокую падрыхтоўку, парадавалі эрудыцыяй і падарылі супрацоўнікам банкаў шмат станоўчых эмоцый. Хочацца спадзявацца, што ў будучыні некаторыя з удзельнікаў гульні прыйдуць працаваць у банкаўскую сферу, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Беларусі па Брэсцкай вобласці І.І.Пацоўскі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.