Уласцівасці лекавых траў і раслін — у тэорыі і на смак — ацанілі вучні сярэдняй школы № 37 Магілёва. Пра неардынарны падыход да правядзення тыдня хіміі, біялогіі і геаграфіі расказвае карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
”Зялёная аптэка” адкрылася ў школе ў суботу, тым самым загадзя пачаўшы тыдзень хіміі, біялогіі і геаграфіі. Галоўнымі яе ініцыятарамі сталі шасцікласнікі.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Мікалаеўна Жвалевіч расказала:
— У межах тыдня мы з вучнямі школы праводзілі розныя мерапрыемствы, падчас якіх знаёміліся з лекавымі травамі Беларусі. Цэнтральнай была канферэнцыя, прысвечаная лекавым раслінам, якія растуць на тэрыторыі Беларусі. У ёй навучэнцы паралелі шасцікласнікаў расказалі, як правільна нарыхтоўваць лекавыя расліны, як гатаваць адвары і настоі траў, ад якіх хвароб кожны з іх прымяняецца і як з іх дапамогай можна праводзіць прафілактыку. Дзеці зрабілі флаеры з рэцэптамі лекавых збораў і дзяліліся імі з усімі жадаючымі. Акрамя таго, яны згатавалі фітачаі, адвары, морсы і частавалі адно аднаго і навучэнцаў іншых класаў. Прапаноўвалі прадэгуставаць і розныя віды варэння — з малін, журавін, брусніц і інш. Навучэнцы ўсіх класаў далучыліся да іх у якасці і кулінараў, і дэгустатараў. Акрамя таго, у школе прайшлі тэматычныя выставы, віктарыны, конкурсы, афармляліся насценгазеты.
Марына Сяргееўна Князева, настаўніца хіміі і біялогіі, дадала, што ў суботу шасцікласнікі наведалі выставу “Прырода роднага краю” ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р.Раманава. Дзеці вывучалі гісторыю развіцця прыроды на тэрыторыі Беларусі са старажытных часоў, знаёміліся з біялагічнай разнастайнасцю Беларусі і Магілёўскага рэгіёна, слухалі спевы розных відаў птушак, якія жывуць на беларускіх балотах, палях і лясах, даведаліся аб відах, занесеных у Чырвоную і Чорную кнігі Беларусі. Замацаваць атрыманыя веды ім дапамог турнір па “МЕМО”. Гэта настольная гульня з заданнямі пра жывёл планеты і прыродныя славутасці Беларусі.
Сямікласнікі перанесліся ў эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў і падчас гульні “Геаграфічныя адкрыцці” выявілі ў сваіх камандах наймацнейшых Магеланаў і Калумбаў. Акрамя таго, яны адправіліся ў займальнае віртуальнае падарожжа па самым гарачым кантыненце планеты “Не хадзіце, дзеці, у Афрыку гуляць!”. Праваднікамі па Афрыцы для іх выступілі выбітныя знаўцы геаграфіі з 9 “Б” класа Настасся Шарамет і Ксенія Драчыкава. Дзеці даведаліся шмат цікавага пра гэты мацярык, гісторыю адкрыцця і даследаванні на яго тэрыторыі.
“Увага, увага! Інфармацыя для гурманаў. Калі вам надакучылі амары, вустрыцы, маракуя і кіноа, то мы чакаем вас на нашай выставе “Апетытная біялогія”, — заклікалі ў Telegram-чаце навучэнцаў школы васьмікласнікі.
Для выставы яны распрацавалі меню вытанчаных страў, інгрэдыенты для якіх лёгка знайсці ў лесе, на лугах і палях нашай краіны. Пра сакрэты гатавання салатаў з крапівы, трыпутніку, дзьмухаўцоў, амлету з крапівой, мятнага ўзвару і іншых страў школьнікі даведваліся ў сваіх бабуль і прабабуль.
У 8-х класах прайшла віктарына “Дзе зімуюць ракі?”. Вучні з задавальненнем разгадвалі загадкі, рэбусы, выконвалі іншыя заданні, а пераможцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Завяршыўся прадметны тыдзень квестам “Знаўцы прыродазнаўства”. Настаўнікі падрыхтавалі для навучэнцаў сярэдняга звяна цікавыя заданні, якія тыя выконвалі на станцыях “Біялагічная”, “Хімічная”, “Геаграфічная”, “Экалагічная”, “Здаровы лад жыцця”.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота Марыны КНЯЗЕВАЙ