Франтаж і флоратыпія: Алена Брагінец расказвае, чаму дзеці любяць маляваць

- 13:16АРТ-квартал, Новости

Самавыяўленне праз мастацтва — адзін з самых яркіх спосабаў заявіць аб сабе. У гэтым пераканана педагог дадатковай адукацыі кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Штрышок” Любанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Брагінец. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Далікатная справа

Успамінаючы дзяцінства і школьныя гады, Алена Леанідаўна гаворыць, што заўсёды любіла маляваць. Дзяўчынка займалася творчасцю не ў адзіночку: за ёй з задавальненнем паўтаралі яе малодшыя сёстры Наташа і Ліяна.

“Я вучылася ў сярэдняй школе № 1 Любані, — расказвае пра сябе педагог. — У той час ніякіх гурткоў малявання ў нас не было, займаліся мы гэтым дома. Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, вырашыла паступаць у Салігорскае педагагічнае вучылішча, якое якраз адкрылася. З усяго пераліку спецыяльнасцей выбрала дашкольную адукацыю і выяўленчае мастацтва. Выхавальнікі дашкольнай установы — майстры на ўсе рукі, іх вучаць усяму. Асабліва падабаліся заняткі па маляванні, і педагог гэтай дысцыпліны часта мяне хваліла. Ужо тады я падумала, што маляваць — гэта вельмі цікава”.

Пасля вучылішча А.Брагінец па размеркаванні прыехала на радзіму ў Любанскі раён, дзе спачатку працавала ў вясковай школе ў групе прадоўжанага дня, а затым выхавальнікам у дзіцячым садзе.

“Я вярнулася да малявання тады, калі сярэдняя сястра Наталля, якая працавала настаўніцай выяўленчага мастацтва ў сярэдняй школе № 3 Любані, пайшла ў дэкрэтны водпуск, — прыгадвае Алена Леа­нідаўна. — Мяне запрасілі замяніць яе. Акрамя таго, у Наталлі па сумяшчальніцтве была яшчэ работа ў цэнтры творчасці. Калі сястра выйшла на асноўнае месца работы ў школу, я засталася ў цэнтры творчасці, вяла гурткі”.

Маляванне — гэта асаблівая і вельмі далікатная справа. Яна, як і любая творчасць, патрабуе засяроджанасці і поўнага паглыблення ў працэс. Алена Брагінец пацвярджае: сапраўдны шэдэўр з’явіцца толькі тады, калі мастак будзе працаваць, адкінуўшы ўсе думкі, перажыванні і сумненні.

Заняткі для тых, хто толькі прыйшоў займацца ў “Штрышок”, пачынаюцца са штрышкоў і мноства кляксаў. Іх дзеці ро­бяць простымі алоўкамі, і калі шчыра, то гэта таксама патрабуе пэўных навыкаў. Так, першакласнікі вучацца штрыхаваць на працягу месяца, паралельна вывучаючы кампазіцыю, вобразы і сюжэты.

“Такая форма работы займае ў нас месяц, — тлумачыць педагог. — Стараемся нічога не змалёўваць, а прыдумваць усё самастойна, фантазіраваць над зместам і сюжэтам карціны. Пасля таго як авалодалі алоўкам, уво­дзім у практыку гуаш, аква­рэль. Пачатковы блок вучобы — нетрадыцыйныя тэхнікі малявання. Сюды адносяцца маляванне пальчыкамі, васковы жывапіс, маляванне ватнымі палачкамі, губкамі для мыцця посуду і інш.”.

Сапраўдная прыгажосць ат­рым­ліваецца, калі над малюнкам дзеці працуюць, выкарыстоўваючы прыродны матэрыял. У “Штрышку” яны актыўна прымяняюць лісце дрэў, клёнаў, бяроз, каштанаў і з іх дапамогай робяць на паперы хаатычныя штампікі. Пры гэтым у думках трэба трымаць ідэю, якую хочацца адлюстра­ваць.

“Флоратыпія вельмі падабаецца вучням, — запэўнівае настаўніца. — Пасля лісця па чарзе ўводзім у работу графічны матэрыял: алоўкі графічныя, пастэльныя, васковыя. Ёсць вельмі цікавая тэхніка, якая называецца “франтаж” — цісненне. Пад рабочы ліст кладзецца выпуклы прадмет, на якім нешта адлюстравана, і па версе рабочага ліста крэйдай хаатычнымі рухамі ствараецца карціна. Дзецям такая форма работы таксама прыйшлася даспадобы”.

Дзе пачынаецца Радзіма

Пачынаючы з першага года вучобы маленькія мастакі прымаюць удзел у творчых выставах. Алена Леанідаўна адзначае, што гэта неабходны крок: дзякуючы прэзентацыі экспазіцый, школьнікі яшчэ больш усведамляюць значнасць сваёй работы.

“Наш цэнтр не вельмі вялікі, — дадае кіраўнік “Штрышка”. — Праводзіць заняткі мы хо­дзім у школы, дзе пасля ўрокаў у групе прадоўжанага дня займаемся з навучэнцамі. Першапачаткова на маляванне ходзіць многа дзетак, але з цягам часу іх становіцца менш. І гэта зразумела: для таго, каб вызначыцца, чым хочацца займацца, дзіцяці трэба паспрабаваць розныя кірункі. У выніку ў студыі застаюцца толькі сапраўдныя мастакі, якім цікава маляванне і якім камфортна працаваць са мной. Інакш і быць не можа: калі вучням не падабаецца кіраўнік гуртка, наўрад ці ўдасца знайсці кантакт. Гэта трэба разумець кожнаму педагогу дадатковай адукацыі”.

Тыя вучні, якія перайшлі ў сярэднюю школу, самастойна прыходзяць у цэнтр творчасці. Сёння пад кіраўніцтвам Алены Брагінец займаюцца навучэнцы з 6 па 11 клас з розных устаноў адукацыі горада. З малышамі педагог займаецца 2 разы ў ты­дзень па дзве гадзіны, а тыя, каму ўжо споўнілася 11 гадоў, малююць на дзве га­дзіны больш. Калі цэнтр творчасці прымае ўдзел у нейкіх праектах, то колькасць заняткаў становіцца большай: за вызначаны час немагчыма падрыхтаваць паўнацэнную выставу.

“Работа над праектам “Тут мая Радзіма”, які прадстаўлены ў фае, патрабавала многа часу, — тлумачыць настаўніца. — Наша задума — гэта пяць вялікіх планшэтаў, на якіх адлюстраваны прыгожыя і маляўнічыя куточкі Любаншчыны. Каб паспець стварыць карціны, мы малявалі ўвесь свабодны час. Рэалізацыя праекта завяршылася ў чэрвені, таму нават падчас першага летняга месяца дзеці прыходзілі ў цэнтр і дапамагалі ўдасканальваць творы. Напрыканцы навучальнага года, калі толькі далучыліся да праекта, дзеці працавалі ў класе самастойна. Яны ведалі, што я вяду заняткі ў іншых групах і прыйду да іх, калі завяршыцца ўрок. А яшчэ нам дапамагала наша выпускніца, якая цяпер вучыцца ў БДПУ. Яна таксама прыходзіла ў “Штрышок”, каб дапамагчы з рэаліза­цыяй ідэі”.

Над ракой Арэсай

Унікальным праектам педагога стала аўтарская мадэль сукенкі “Над ракой Арэ­сай”. Летась Алена Леанідаўна прэзентавала яе падчас абласной калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінабл­выканкама.

“Да гэтага моманту ў нас ніхто не займаўся роспісам па тканіне, — адзначыла настаўніца. — Калі пачула прапанову, адразу загарэлася ідэяй”.

Ад задумы да рэалізацыі — усяго некалькі важных крокаў. Самастойна сканструяваць сукенку і распісаць яе — задача не з лёгкіх. Таму з выкрайкай і пашывам мадэлі Алене Брагінец дапамагала кіраўнік гуртка “Канструяванне і мадэляванне адзен­ня” Ірына Махвіеня. А што рабіць з сэнсавым напаўненнем? Што адлюстра­ваць на сукенцы, каб яна адразу вызначала адметнасць раёна? Над гэтым педагогі і кіраўніцтва Любанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі думалі доўга, а пасля зразумелі, што падказка ля­жыць на паверхні. У нашага песняра Янкі Купалы ёсць паэма “Над ракой Арэсай”, якая і прынесла натхненне любанскім мастакам.

“Першая частка творчай работы — стварэнне шопера да сукенкі, — знаёміць з дэталямі педагог. — На ім выяўлена вокладка першага выдання паэмы. Каб дабавіць антуражу, тканіне для шопера надалі жоўтае адценне. Вызначыцца, што хачу ба­чыць на сукенцы, мне дапамаглі ў бібліятэцы, дзе адшукалі фота­здымкі першапачатковай рэдакцыі твора”.

Сукенка атрымалася з выявай ракі Арэ­сы і старой вёскі Камуны, аб якой расказвае пясняр.

“Часу на стварэнне сукенкі было не многа — усяго 10 дзён, — дзеліцца педагог. — Да работы над ёй прыцягнулі нашу выхаванку Ангеліну Бяляўскую, якая выступала ў якасці мадэлі. Малявалі мы па тканіне ў разабраным выглядзе. Каб зрабіць усё прыгожа і дасканала, вывучалі інфармацыю аб тым, колькі слаёў фарбы патрэбна, як яе замацаваць і г.д. Кожны афарбаваны кавалачак замацоўвалі прасам. У выніку на тканіне атрымлівалася трывалая выява, якую можна нават мыць у пральнай машыне. Калі гатовы твор быў прадстаўлены на калегіі, мы ўбачылі, што паказалі іншыя цэнтры творчасці. І вельмі ганарымся тым, што змаглі знай­сці для сваёй сукенкі такую незвычайную ідэю — увасобіць на тканіне паэму, якая адлюстроўвае ўсю прыга­жосць Любанскага краю. Мы не імкнуліся стаць лепшымі, а проста хацелі пака­заць, чым знакаміты наш невялікі горад. Сукенка “Над ракой Арэсай” стала другім значным праектам для нашага цэнтра пасля планшэтаў, прысвечаных роднаму краю”.

Метад малявання па тканіне стаў адным з самых любімых у выхаванак “Штрышка”. Дзяўчаты, якія пераймаюць майстэрства ў Алены Леанідаўны, з задавальненнем размалёўваюць шоперы, самастойна прыдумваючы для іх сюжэт.

“Маляванне па тканіне — гэта вельмі цікава і незвычайна, — расказвае выхаванка цэнтра Ангеліна Бяляўская. — Нам падабаецца працаваць і на альбомных аркушах, планшэтах. Але работа з шоперамі — гэта асобнае захапленне. Стварыўшы сумку сваімі рукамі, прыдумаўшы для яе малюнак, ведаеш, што такога шопера больш ні ў кога ў горадзе няма, ён унікальны”.

Акрамя шопераў, у “Штрышку” ствараюць цікавыя сюжэты на футболках і джынсах: калі і імкнуцца да індывідуальнасці, то не толькі ў чымсьці адным.

“За год работы я зразумела, што не трэба баяцца эксперыментаў, — падсумоўвае Алена Брагінец. — Творчасць — гэта ўнікальная прастора, якая дапамагае рэалізоўваць самыя смелыя рашэнні. І менавіта гэтаму — быць смелымі ў сваіх жаданнях і не баяцца перашкод — мы вучым дзяцей”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА