”Мудры не той, хто ведае многае, а той, чые веды карысныя”, — гаварыў Эсхіл. Ён жыў у V стагоддзі да нашай эры. Як бачым, пра тое, што сёння мы называем новым тэрмінам “функцыянальная дасведчанасць”, людзі ведалі даўно, думаю, нават да Эсхіла. А вось як гэтую дасведчанасць развіваць, з чаго пачынаць — настаўнікам і бацькам можа быць не вельмі зразумела. Таму прапануем азнаёміцца з ідэямі ўдзельнікаў тэматычнага праекта “Педагагічная асамблея”, якія падрыхтавалі цікавыя практыка-арыентаваныя матэрыялы на гэтую тэму. Маленькая падказка: пачынаць трэба з умення чытаць. Дакладней, чытаць і разумець.
У кожнай школы ёсць свая аўра, свой непаўторны імідж. Імідж Філатаўскай сярэдняй школы імя С.А.Лавянецкага Круглянскага раёна ствараўся плённай працай многіх настаўнікаў на працягу амаль 110 гадоў. Намаганні сучаснага педагагічнага калектыву накіраваны на раскрыццё інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў, а таксама на аказанне дапамогі ў вызначэнні іх прафесійнага шляху. З гэтай мэтай у школе функцыянуе профільны клас педагагічнай накіраванасці, а ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца” старшакласнікі асвойваюць прафесіі сталяра і трактарыста-машыніста. Вялікая ўвага ўдзяляецца ўдасканаленню форм выхаваўчай работы. Таленавітыя, адданыя сваёй справе настаўнікі вучаць дзяцей не толькі заваёўваць дыпломы, але і быць добрымі, працавітымі, дапамагаць людзям, шчыра любіць сваю краіну. Вучні з ахвотай працуюць на прышкольным участку, ствараюць дызайнерскія праекты па аздабленні тэрыторыі, клапоцяцца пра ветэранаў вайны ў складзе валанцёрскага атрада, карпатліва збіраюць экспанаты для школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. У сакавіцкім нумары прапануем вашай увазе, паважаныя чытачы, матэрыялы з вопыту вучэбна-метадычнай і выхаваўчай работы філатаўскіх настаўнікаў.
“Дзеці з дысгарманічным тыпам адоранасці” — тэма чарговага выпуску праекта “Бацькоўскі сход”. Чаму добры вучань, алімпіяднік часам не ўмее разагрэць сабе ежу, зашнураваць красоўкі, прыбраць у пакоі? Што рабіць бацькам, каб дапамагчы сваім “нестандартным” таленавітым дзецям стаць хаця б крыху больш прыстасаванымі да рэальнага жыцця? Пра гэта разважае кандыдат педагагічных навук Алена Сівашынская і дае парады настаўнікам і бацькам па псіхалагічнай і практычнай падтрымцы дзяцей з дысгарманічным тыпам адоранасці.
Наша краіна рыхтуецца да вялікага свята — 80-годдзя Перамогі, і ў сакавіцкім выпуску “Народнай асветы” вы знойдзеце матэрыялы, прысвечаныя гэтай актуальнай тэме. Так, патрыятычная гульня “Героі даўно адгрымелай вайны” накіравана не толькі на актуалізацыю ведаў вучняў пра Вялікую Айчынную вайну, але і на фарміраванне пачуцця гордасці за свой народ, выхаванне павагі да яго гераічнага мінулага. Сучасная моладзь павінна добра ўсведамляць, што такое мужнасць, адданасць, вернасць. Што такое мірная, стваральная праца. Што такое жыццё.
Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар